У Гародні прэзентавалі „Выбранае” Тамаша Грыба

У Гародні прэзентавалі „Выбранае” Тамаша Грыба


У Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адбылася прэзентацыя кнігі „Выбранае” Тамаша Грыба. Першая прэзентацыя прайшла ў Гародні, бо менавіта тут нейкі час жыў гэты дзеяч БНР.

Укладальнікамі кнігі з’яўляюцца Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Чаму менавіта з гэтай асобы запачаткавана новая серыя „Бібліятэчкі Бацькаўшчыны”, тлумачыць Наталля Гардзіенка:

– Тамаш Грыб унікальная і, па-майму, не заслужана забытая на нейкі час асоба ў нашым нацыянальным руху. У 90-х гадах, калі пачалося адраджэнне, калі пачалі адкрываць гісторыю 20-30 гадоў, імя Тамаша Грыба нібыта загучала, але цягам гэтых 25-ці гадоў так і не было выдадзена ніводнай кнігі, дзе была б сабраная ягоная спадчына.

Ягоныя творы, ліставанне прадстаўляюць інтэлектуальную спадчыну БНР, якая, на думку Наталлі Гардзіенкі, павінна вярнуцца ў Беларусь. І асабліва яна актуальная цяпер.

– Ацаніць ягоны ўнёсак у нацыянальную філасофію, гісторыю, паліталогію, бо ён пісаў вельмі на розныя тэмы, было досыць складана. Разуменне несправядлівасці і прывяло да выдання гэтай кнігі. І гэтая кніга як раз дэманструе тое, наколькі гэта быў сапраўды цікавы чалавек свайго часу. Наколькі ён, як мне здаецца, адэкватна ацэньваў тыя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі. Вельмі непрыхільна ставіўся да тых беларускіх дзеячаў, які заігрывалі з Польшчай.

Кніга мае амаль пяцьсот старонак. Памёр Тамаш Грыб у 1938 годзе ў Празе, не захацеўшы вярнуцца ва ўжо тады Савецкую Беларусь.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа аўтара

Source: Радыё Рацыя