Галерэя «Ў» можа знікнуць


Адно з атмасферных месцаў Менску можа неўзабаве знікнуць. Будынак, у якім месціцца культавая сталічная Галерэя «Ў», могуць знесці разам са старым тралейбусным паркам. Гарадскія ўлады выставілі на продаж тэрыторыю ў межах праспект Незалежнасці – праспект Машэрава – вуліца Чырвоная – вуліца Кісялёва.

«Пры дакладным разглядзе карцінкі мы зразумелі, што лініі, якія прадугледжваюць знос будынкаў, праходзяць па культавым месцы, і галерэя пазначаная як будынак, што ідзе пад знос», – распавядае ўдзельнік кампаніі «Генплан – для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў.

У галерэі з гэтай нагоды пакуль не хвалююцца, бо яшчэ восем гадоў таму, засяляючыся ў памяшканне былога пункту прыёму шклатары, ведалі, што калі-небудзь яго маюць знесці.

Арт-дырэктарка галерэі Ганна Чыстасердава мяркуе, што будынак ужо даўно запісаны ў гісторыю культуры Менску: «Усе ведаюць што тут быў пункт прыёму шклотары і прыўкрасны раман Артура Клінава «Шклотара» распавядае не толькі пра гісторыю галерэі, а і непасрэдна пра ўсё, што адбывалася тут раней, у васьмідзясятыя-дзевяностыя».

Галерэю «Ў» адкрылі ў кастрычніку 2009-га. За час яе існавання тут адбыліся сотні мастацкіх выставаў, прэзентацыяў, сустрэчаў з пісьменнікамі. І сама галерэя зрабілася часткай іміджу гораду, лічыць Ганна: «Мне вельмі прыемна, што ў спісе наведвання большасць гасцей Менску ці турыстаў ставяць нашую пляцоўку на першае месца, і мы вельмі шмат для гэтага працуем».

Эканамічная сітуацыя ў краіне не вельмі спрыяльная для навабудаў, зазначае арт-дырэктарка, скончыць бы старыя будоўлі. Тым не менш, пляцоўка ў цэнтры гораду – кавалак для інвестараў даволі ласы, таму актывісты лічаць сітуацыю з магчымым зносам даволі сурʼёзнай. Кіраўніцтва ж галерэі ставіцца да магчымага перасялення аптымістычна і спадзяецца атрымаць прапановы памяшканняў, якія пасавалі б да стварэння арт-прасторы.

Іншыя тэмы:
У Менску на вуліцы Зыбіцкай адкрыўся «Дом ван Гога».
«Dance Walking Vitebsk» – танцавальны флэшмоб у абласным цэнтры на Дзвіне.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук belsat.eu

Крыніца: Белсат