У Менску пачаў працу VII з’езд беларусаў свету

У Менску пачаў працу VII з’езд беларусаў свету


Стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, а таксама ўзаемадзеянне з беларускім замежжам стануць галоўнымі тэмамі VII з’езда беларусаў свету, які пройдзе 15-16 ліпеня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау. Арганізатар з’езда — міжнароднае грамадскае аб’яднанне „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”.

Вядома, што на з’езд дэлегавана больш за 300 прадстаўнікоў замежнай дыяспары і беларускіх НДА. Запрашэнне на форум атрымалі прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, дзяржаўных органаў улады, акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты.

Падрабязней з Менска – наш карэспандэнт:

– Ужо пачалася нарада з’езда. У Менск прыехалі дэлегаты з 18 краін свету. Сярод удзельнікаў з’езду я бачу ў зале міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Людзей шмат. Не так даўно толькі скончылася рэгістрацыя ўдзельнікаў. Дакладнымі лічбамі я пакуль што не валодаю, але зала дэлегатаў поўная.

РР: Можа, раней ты сачыў за беларускімі афіцыйнымі СМІ, і тое, што сёння міністр замежных спраў прымае ўдзел у з’ездзе, сведчыць пра тое, што змяняецца стаўленне ўладаў да беларускай дыяспары, беларусаў замежжа? Бо дагэтуль яно было, мякка кажучы, нездавальняючае. Гэта кажу я як беларус замежжа.

– Так, пагаджуся цалкам, што, беручы пад увагу пацяпленне ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і краінамі Захаду, відавочна, адбіваецца на тых кроках, якія робяць беларускія ўлады ў бок беларускай дыяспары. І сапраўды ёсць надзеі, што гэтыя сувязі паміж Беларуссю і беларускай дыяспарай будуць толькі паглыбляцца. А тое, што міністр замежных спраў бярэ ўдзел у сёмым з’ездзе – гэта паказчык таго, што ўлада ўсё ж робіць крокі насустрач. Адзінае пытанне: як гэтыя крокі можна ацэньваць? Тут пакажа час.

РР: Ты на месцы. Скажы, які настрой дэлегатаў? Ці з аптымізмам глядзяць на гэты з’езд, на гэтую падзею ў будучыні?

– Зразумела, што людзі з узнёслым настроем. Многія даўно не бачылі адзін аднаго. Адчуваецца аптымізм і ёсць спадзяванні ў дэлегатаў, што гэты з’езд можа паўплываць на тое, што сувязі з беларускай дыяспарай будуць паглыбляцца. З’езд мае прыняць доўгатэрміновыя дакументы. І тое, што ў сёмым з’ездзе беларусаў свету бяруць удзел прадстаўнікі афіцыйнай улады, дае надзею на тое, што гэта не будуць толькі пустыя словы.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Улі Шубзды


Źródło: Радыё Рацыя