Гісторыі адлічаных актывістаў: Крысціян Шынкевіч


У межах супольнай кампаніі "Дамо рэпрэсіям урок" па абароне студэнтаў, адлічаных з навучальных устаноў за сваю грамадска-палітычную дзейнасць, праваабарончай арганізацыяй Libereco, ПЦ "Вясна" і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў створаны шэраг відэарасповядаў удзельнікаў пратэстных акцый, якія ў лютым і сакавіку 2017 года адбыліся ў розных гарадах Беларусі.

Адзін з тых, каго не абмінулі рэпрэсіўныя захады ўладаў – студэнцкі актывіст Крысціян Шынкевіч.

Крысціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы на Дзень Волі 25 сакавіка на офісе ПЦ “Вясна” падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, але потым адпусцілі.

На наступны дзень, 26 сакавіка, яго затрымалі зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і далі штраф памерам 20 базавых велічынь.

Пасля гэтых падзей, 28 сакавіка, актывіст даведаўся, што яго заднім днём адлічылі з БДПУ – на загадзе рэктара стаяла дата 24 сакавіка. Афіцыйная прычына - «невыкананне абавязкаў навучэнца». Аднак Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць.

На Сhange.org размешчаная петыцыя “Дапамажыце беларускім студэнтам аднавіцца ва ўніверсітэтах”, якая заклікае за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць. Апошнія адлічэнні звязаныя з удзелам студэнтаў у пратэстных акцыях, якія ў лютым і сакавіку 2017 года хваляй пракаціліся па Беларусі. Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам - Сяргею Абламейку (БДУ), Аляксандру Жуку (БДПУ), Анатолю Сікорскаму (БДМУ), Ганне Сэндэр (БрДУ імя Пушкіна) і Канстанціну Бандарэнку (МДУ імя Куляшова).

Далучайцеся да кампаніі – падпішыце петыцыю!

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"