Подпісы за мараторый на смяротнае пакаранне – у Адміністрацыі прэзідэнта


18 тысяч подпісаў за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі перадалі 6 ліпеня праваабаронцы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Подпісы, сабраныя ў межах глабальнай кампаніі Amnesty International, прывезла прадстаўніца гэтай арганізацыі Айша Юнг.

Людзі добрай волі з розных краінаў свету ў сваіх петыцыях заклікаюць беларускія ўлады ў якасці першага кроку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Да перадачы звароту і подпісаў у Адміністрацыю далучыліся праваабаронцы “Вясны”: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

У звароце нагадваецца, што Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Ад пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прыгаворана больш за 400 чалавек, за ўвесь гэты час смяротнае пакаранне было заменена турэмным тэрмінам толькі аднаму асуджанаму. Ад пачатку 2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка. Яшчэ адзін чалавек чакае выканання прысуду — гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які адмовіўся ад падачы апеляцыйнай скаргі.

Чыноўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, хаця і з вялікім незадавальненнем, вымушаны быў зарэгістраваць звароты ад імя Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча і прыняць перададзеныя подпісы. Згодна з заканадаўствам адказ павенен быць дадзены цягам 1 месяца.

Актуальнасць сённяшняй акцыі праваабаронцаў палягае ў тым, што 4 ліпеня ў Мінску прайшоў Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, які прыняў Рэзалюцыю, адзін з пунктаў якой наўпрост звязаны з асуджэннем і адменай смяротнага пакарання:

    “Мы асуджаем прымяненне смяротнага пакарання, якое працягваецца ў дзвюх краінах АБСЕ - Беларусі і ЗША; гэта крайняя форма адмаўлення права на жыццё. У Беларусі смяротнае пакаранне з'яўляецца відам катавання як для асуджанага, так і для яго сям'і. Адсутнасць справядлівага суда і хуткае прывядзенне прысуду ў выкананне, з адкрытым грэбаваннем да разгляду гэтых спраў у Камітэце ААН па правах чалавека, робіць выпраўленне судовай памылкі немагчымым. У ЗША сама працэдура пакарання, паводле сведчанняў, у шэрагу выпадкаў таксама з'яўляецца катаваннем. Былі таксама зафіксаваныя судовыя памылкі пры вынясенні сьмяротных прысудаў. Агідная практыка забойства дзяржавай уласных грамадзян з'яўляецца абразай самой канцэпцыі правоў чалавека. Мы заклікаем абедзве гэтыя дзяржавы неадкладна спыніць гэтую жорсткую практыку і адмяніць яе ў заканадаўчым парадку. Мы таксама выказваем наймацнейшую заклапочанасць нядаўнімі выпадкамі апраўдання прымянення смяротнага пакарання ў вачах грамадства і заклікаў да яе вяртання высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі ў некалькіх краінах АБСЕ”.

Пакуль праваабаронцы рэгістравалі зварот у Адміністрацыі прэзідэнта, побач з будынкам  выпадкова праходзіў дэпутат парламента Швецыі Крысціян Хольм, які таксама горача падтрымаў акцыю і выказаўся за адмену смяротнага пакарання.

    “Па-першае, я выступаю за адмену смяротнага пакарання ва ўсіх краінах без выключэння, у тым ліку і ў Беларусі, – заявіў ён. –  Лічу, што ёсць іншыя віды пакарання для асабліва небяспечных злачынцаў. А па-другое, выступаю за тое, каб судовая сістэма была незалежная і справядлівая, што дазволіць пазбягаць памылак”.

Відэарэпартаж тэлеканала "Белсат"


Крыніца: ПЦ "Вясна"