Ніна Шыдлоўская: «Я зразумела, што адчувалі людзі ў 1937-м»


Шмат у чым, дзякуючы гэтай неверагодна мужнай і прыгожай жанчыне фігуранты "справы патрыётаў" апынуліся на волі. З Нінай Шыдлоўскай мы сустрэліся праз некалькі дзён пасля вызвалення хлопцаў, каб пагаварыць пра тое, навошта яна ўвязалася ў гэту бойку, што яе натхняла, а што бянтэжыла.

Пасля таго, як усе фігуранты «справы патрыётаў» апынуліся на волі, Наста Дашкевіч напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Усе дома. Усе шчаслівыя. І я ведаю тую, хто шчаслівая болей за ўсіх! Ніна, ты арганізавала людзей, падтрымку, кампанію салідарнасці, перамагаючы слёзы свае і блізкіх! Ты дэманстравала неверагодную моц духа, нягледзячы на паўсюдную стому. Такая крохкая і заўсёдна жартаўлівая жанчына, што ўступілася за некалькі дзясяткаў хлапцоў і іх родных! Дзякуй табе ад усіх нас! Ты — прыклад мужнасці, хараства, прафесіяналізму і цудоўнага пачуцця гумару!» 

— Ніна, сапраўды, без цябе хлопцы маглі б атрымаць рэальныя тэрміны. Коштам уласнага здароўя і часу, ты зрабіла шмат, каб зламаць распрацаваны некім сцэнар. Але навошта табе гэта было трэба? Навошта было браць на сябе цяжар змагання за ўсіх?

— Іначай быць не магло. У мяне не было нават часу на роздум. І сёння, калі я задаю сабе пытанне, ці рабіла б усё гэта зноў, ведаючы ўжо ўсё, што было, пра ўсе падводныя камяні, з якімі сутыкнулася, адказваю сабе: рабіла б.

Я цудоўна асэнсоўвала: будуць спрабаваць дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, грамадскія арганізацыі таксама будуць дапамагаць, але, зноў жа, сегментарна (сярод затрыманых частка людзей з «Маладога фронту», частка былых легіянераў, частка наогул не належыць ні да якіх арганізацый). Была небяспека, што на фоне масавых затрыманняў «справа патрыётаў» проста згубіцца.

Асэнсаванне сур’ёзнасці небяспекі прыйшло пасля той фэйкавай улёткі (18 сакавіка ў сацыяльных сетках разышлася фэйкавая ўлётка нібыта ад імя «Белага легіёну» з заклікам да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу. — рэд). Асэнсаванне, што гэта рэальная небяспека зусім іншага ўзроўню. Я не ведала канечне, што рыхтуецца, нават уявіць не магла такога сцэнару, але было проста кожнай клетачкай адчуванне: гэтым разам сітуацыя значна страшней і горш.

Суадносіла, што адбываецца, з сацыяльнай і палітычнай сітуацыяй. Бачыла, што людзей збіраюцца выкарыстаць у палітычнай гульні. І адчувала, што магу дапамагчы. Алгарытм дзеянняў адразу ўзнік у галаве. Першае, што было патрэбна, — публічнасць, шырокі розгалас. Другое — наладзіць сувязь паміж тымі, хто праяўляў ініцыятыву і дапамагаў, паміж сваякамі затрыманых. Трэцяе — інфармаванне міжнароднай супольнасці. Каб усю энергію і высілкі сканцэнтраваць і накіраваць на дапамогу хлопцам.

— Што давала сілы?

— Найперш сілу давала абсалютная перакананасць у невінаватасці затрыманых. А яшчэ эмацыйны напал, сумесь абурэння і нейкай любові ў чыстым выглядзі да тых добрых людзей, якія патрапілі ў страшную рэпрэсіўную машыну. Я — мабыць першы раз у жыцці — зразумела, як маглі сябе адчуваць людзі ў 1937-м. «Справа патрыётаў» — гэта паўтор той сітуацыі ўжо ў ХХІ стагоддзі.

Трэба было як мага грамчэй заявіць, што бяда прыйшла, і нам усім супольна трэба ратаваць не толькі гэтых канкрэтных людзей, але нас усіх. Сітуацыя паказала, што любы чалавек можа трапіць пад рэпрэсіўную машыну, і не можа быць нават намёку на справядлівасць ці законнасць.

— Ты сказала пра падводныя камяні… Што мелася на ўвазе?

— Калі сутыкаешся з падобнай сітуацыяй, то ведаеш: ёсць, так бы мовіць, ворагі, тыя, хто робіць зло, ты ад іх апрыёры не чакаеш нічога добрага. Але калі нешта падобнае робяць людзі са стану сваіх… Гэта выклікае найбольшае неразуменне. У мяне тады не было часу ацэньваць словы, учынкі, бяздзеянне тых ці іншых. Я проста сабе такія факты канстатавала. Зараз не час яшчэ гаварыць шмат пра якія дэталі. Магу толькі сказаць: хай сабе і не самым танным коштам, але мне ўласна за гэты час сталі больш яснымі шмат якія моманты ў дзейнасці некаторых людзей і арганізацый.

— Ты маеш на ўвазе кагосьці канкрэтнага?

— Я вельмі чакала, што змагу на сто адсоткаў абаперціся на нашы праваабарончыя арганізацыі. Таму што сітуацыя абсалютна відавочная: людзей выкарыстоўваюць у палітычнай гульні, гэта палітычная замова, прытым нават не да канца зразумела, ці ўласна нашай дзяржавы. І, з аднаго боку, канечне, вялікі дзякуй той жа «Вясне», якая дала памяшканне для правядзення прэс-канферэнцыі, дапамагала кансультацыямі і не толькі мне, і сваякам.

А, з іншага, моцна здзівіла нежаданне, нават супраціўленне таму, каб адназначна заявіць: людзі затрыманыя па палітычных прычынах. Адсылкі да нейкіх крытэраў у дадзенай сітуацыі — зручнае прыкрыццё, на маю думку. Заўсёды ёсць магчымасць, так бы мовіць, індывідуальнага падыходу. І абурыла, што знаходзіліся тыя, хто дапускаў выказванні: маўляў, дыму без агню не бывае… Было цяжка растлумачыць гэта сваякам затрыманых. Я сама не магла гэта зразумець і тады, і зараз. Мне падаецца, каб ацэнка з боку праваабаронцаў была ад пачатку адназначнай і агучана адразу, то хлопцы б маглі выйсці раней.

— А што палітычныя лідары, ці была ад іх нейкая падтрымка?

— А я не ведаю, можа і была, можа хтосьці з іх пісаў лісты хлопцам, можа хтосьці яшчэ што добрае рабіў. Ведаю толькі, што на самым пачатку Мікалай Статкевіч звярнуўся асабіста да Ангелы Меркель з просьбай узяць пад увагу гэту справу. І ўсё. Яшчэ я ўдзячная Андрэю Дзмітрыеву, які адразу ж прапанаваў дапамогу і ў пэўны крытычны для мяне момант дапамог.

— То бок ніхто больш з партыйных лідараў асабіста табе дапамогу не прапаноўваў?

— Не. Можа напачатку быў не зусім зразумелы мой статус (вядома, што я былая жонка Міраслава Лазоўскага). Але са згоды сваякоў затрыманых я хутка публічна акрэсліла свой статус як грамадскага прадстаўніка сем’яў. І тут ужо была не Ніна Шыдлоўская, якая персанальна за кагосьці перажывае, а прадстаўнік усіх затрыманых. Але ніхто не выходзіў на мяне. Ніхто не звяртаўся ні з прапановамі, ні з парадамі, ні тым больш з дапамогай. Наколькі я ведаю, ніхто нічога падобнага не прапаноўваў і сваякам затрыманых наўпрост. А вось інтэлектуальная эліта, грамадскі сектар зрэагавалі адразу і адназначна, уключыўшыся ў нашу кампанію «Патрыёт — не злачынца».

— З чым, на твой погляд, звязана такая пазіцыя большасці лідараў апазіцыі?

— У мяне такое ўражанне, што шмат у каго дасюль застаецца боязь хоць неяк датыкнуцца да гэтай справы. Я не магу гэтага зразумець. Калі напрыканцы 1990-х дапамога ад тады дзеючага «Белага легіёна» была патрэбная, ніхто нічога не апасаўся. А зараз… Ці гэта з-за правілаў гульні, якія задаюцца нашай уладай, і мала хто з палітычнага ці грамадскага сектару здольны падысці да краю «зоны вольнасці». Страх? Абыякавасць? Не ведаю. Я нават зараз не гатова даць гэтаму ацэнку. Проста канстатую.

Затое і пералік тых, хто разам са мной змагаўся за патрыётаў, таксама вялікі. Я б дужа хацела назваць кожнага і падзякаваць. Але спіс вялікі, таму зараз толькі некаторых назаву, без чыёй дапамогі было б немагчыма. Найперш, Наста Дашкевіч, Алесь Кіркевіч, Павел Юхневіч, Ганна Шапуцька, Зміцер Сасноўскі, усе мае калегі па «Бацькаўшчыне» і Саюзу пісьменнікаў. Суполцы «BY_help» дзякуй асобны. Неверагодна спрацавалі! Таксама я ўдзячная Лятучаму ўніверсітэту і асабіста Уладзіміру Мацкевічу.

А яшчэ быў цэлы шквал падтрымкі ад людзей, якія часам нават не называліся і нават не ведалі затрыманых асабіста. І гэта давала неверагодныя сілы і мне, і сваякам перажыць бяду.

Дарэчы, за ўвесь час мне не даводзілася пабачыць хоць кагосьці, хто б паверыў таму шальмаванню патрыётаў, якое пайшло праз БТ і СБ. Мне здаецца людзі ўсё ж пачалі думаць. Да шмат каго нарэшце дайшло: не важна, як ты жывеш, чым ты займаешся, наколькі трымаешся законаў, калі будзе замова, рэпрэсіўная машына можа цябе зачапіць і раздавіць.

Я вельмі ўдзячная шмат якім выданням, найперш «Новаму Часу», «Нашай Ніве», «Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «Белсату» іншым незалежным медыя, якія адгукаліся на мае прапановы, ды і самі шукалі нагоду, каб расказваць пра затрыманых. Бо хлопцы — не медыйныя персоны, пра іх было мала што вядома. А публікацыі дапамагалі фармаваць справядлівае меркаванне і пра «справу патрыётаў» і пра саміх затрыманых.

— Што для цябе было самым цяжкім падчас гэтых месяцаў?

— Мяне вельмі непакоіла, што маглі вырабляць з псіхікай затрыманых. Бо як могуць уздзейнічаць сілавыя структуры на людзей, я ведаю. Тым больш, калі задумана такая гучная справа, а пад яе не існуе пераканаўчых доказаў. Было зразумела, што будуць спрабаваць атрымаць ад хлопцаў хоць што-небудзь любымі спосабамі. А інфармацыі пра гэта не было, і дапамагчы там затрыманым я не магла. Гэта было, бадай, самым цяжкім.

На пачатку таксама было складана працаваць з некаторымі сваякамі, цяжка растлумачыць, чаму нельга маўчаць, чаму трэба рабіць усё супольна і публічна.

А на сёння самае цяжкае — што справа не спыненая, абвінавачванні з 16-ці чалавек не знятыя. Так, хлопцы зараз па сваіх хатах, гэта цудоўна. Але, як далей будзе ісці гэта палітычная гульня, ад чыйго настрою, загаду і бачання выгады будзе залежыць лёс гэтых людзей, мы не ведаем. Хлопцы сталі закладнікамі ў эканамічна-палітычнай гульні пад назвай «Беларусь паміж Усходам і Захадам».

Тое, што зараз адбываецца, мне вельмі нагадвае падзеі 2010 года. Тады Беларусь максімальна пачала кантактаваць з Захадам, але пасля дасюль не зразумелых і алагічных падзей на Плошчы быў зроблены разварот у супрацьлеглы бок. І зараз, як толькі зноў пачалі цяплець стасункі з Захадам, з’явілася «справа патрыётаў».

Не ведаю, ці гэта спецслужбы расійскія, ці гэта нашы пастараліся, але зноў пачаліся спробы сапсаваць кволыя парасткі дыялогавых механізмаў. Гульня працягваецца. Скончыцца сесія ПА АБСЕ, і як далей будуць разыгрываць партыю лёсаў людзей, пакуль не вядома.

Таму вельмі важна, каб увага міжнародных структур да справы патрыётаў не аслабла. Я вельмі ўдзячная і дыпламатычнаму корпусу, і міжнародным структурам, якія працуюць у Беларусі, за цікаваць да справы патрыётаў, за жаданне дапамагчы ў яе вырашэнні. Але — яшчэ раз падкрэслю! — з вызваленнем хлопцаў нічога не скончылася. Гэта толькі перадых. Я б сказала, нават, гэта толькі пачатак. Нельга губляць пільнасць і расслабляцца.

Трэба найперш звяртаць увагу на тое, што справа па артыкуле 287 не спыненая. Патрабаванне пра зняцце абвінавачванняў з усіх фігурантаў павінна гучаць на ўсіх узроўнях. На ўзроўні міжнародных структур, палітычных і грамадскіх арганізацый, а таксама на звычайным людскім узроўні.

Пакуль гэта не адбылося, чужая і страшная гульня працягваецца. І ў такую гульню могуць уцягнуць любога. Ад таго, каб трапіць пад кола рэпрэсій, сёння ніхто не застрахаваны. Хоць мы жывём ужо ў 2017 годзе, а не ў 1937-м.

Крыніца: Новы час