Браслаў рыхтуецца да рок-фестывалю

Браслаў рыхтуецца да рок-фестывалю


У Браславе 1-га і 2-га ліпеня адбудзецца маштабны рок-фестываль. Арганізатары паставілі сабе мэту – сабраць на опэн-эйры лепшых прадстаўнікоў аўтарскай рок-музыкі Беларусі. Двухдзённы канцэрт будзе праходзіць на маляўнічым беразе возера Дрывяты з 15 гадзін да позняй ночы.

На “Магутным Фэсце” адыграе больш за 20 беларускіх гуртоў. Сярод іх гурт Re1ikt, паведаміў яго лідар Алесь Дземідзенка.

– На Браслаўскіх азёрах, вядома, можна зрабіць музычную імпрэзу, дзе можна аб’яднаць рок-музыку і добры вольны час. Гэта класная ідэя. І мне вельмі хацелася б, каб такія фэсты пашыраліся, іх было больш і праводзіліся яны таксама ў незвычайных месцах. Памятаю, мы бралі ўдзел у лепельскім летнім фэсце, які быў таксама класны. Такі адпачынак трэба папулярызаваць у Беларусі і сярод беларусаў, каб яны праводзілі свой час тут, на сваёй радзіме. Тут таксама крута, і неабавязкова ехаць за мяжу.

Акрамя гурта Re1ikt, на рок-фестывалі ў Браславе выступяць таксама гурты The Road Dogs, Yann Zhanchak, Weesp, NewLevel, Tok Rukoo ды іншыя. Апроч музыкі, у праграме фестывалю ёсць катанне на маторных лодках ды розныя зоны харчавання. Таксама ў межах мерапрыемства арганізатары збіраюцца зняць фільм пра беларускую андэрграўндную рок-сцэну. Квіток на 2 дні каштуе 10 рублёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Радыё Рацыя