«Чыноўнікам Мінгандлю не хапае звычайнай нацыянальнай годнасьці»

«Чыноўнікам Мінгандлю не хапае звычайнай нацыянальнай годнасьці»


Падкрэсьліць існаваньне беларускай мовы этыкетках беларускіх тавараў – гэта справа нацыянальнага гонару, а не грошай, кажа экспэрт.

У мінулыя 7 дзён беларускія ўлады інтэнсіўна рыхтаваліся да сьвяткаваньня Дня Рэспублікі, арганізуючы рэпэтыцыі парадаў і апранаючы замежных дыпляматаў у беларускія вышыванкі. У гэты самы час у расейскіх дзяржаўных СМІ ўзьнялася хваля жорсткай крытыкі беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Нобэлеўскую ляўрэатку абвінавацілі ў «закліках забіваць расейцаў» і «фашызьме». Чаму разьвіцьцё нацыянальнай культуры былымі савецкімі рэспублікамі Крэмль лічыць «фашызмам» і ці пасьпяхова ўзмацняюць нацыянальны дух беларусаў беларускія ўлады? На гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Старшынство Менска ў ЦЭІ – вынік паляпшэньня адносінаў з Захадам

22 чэрвеня ў Менску сабраліся прадстаўнікі краінаў Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы. Гэта група з 18 дзяржаваў – ад Італіі па Ўкраіну, – якая супольна разьвівае транспарт, адукацыю, малы й сярэдні бізнэс ды турызм. Ці можна назваць сустрэчу ЦЭІ ў Менску дыпляматычным прарывам? Ці форум у Менску – гэта сьведчаньне «мяккай эўрапеізацыі» Беларусі?

Андрэй Елісееў
: Сустрэча міністраў замежных справаў ЦЭІ – не дыпляматычны прарыў, а чаканая падзея ў сувязі з нармалізацыяй беларуска-эўрапейскіх адносінаў і сёлетняга старшынства Беларусі ў гэтай арганізацыі. Гэтае права пераходзіць штогод ад адной з 18 кранаў да іншай. На добры лад, гэта мусіць адбывацца згодна з алфавітным парадкам, але на практыцы міністры замежных справаў вызначаюць наступную краіну. Так, летась у ЦЭІ старшынявала Босьнія. Уласна, цяжка было б сабе ўявіць, што на 2016-ы год прызначаць Беларусь, бо на сярэдзіну 2015-га, калі прымалася рашэньне, у Беларусі яшчэ былі палітзьняволеныя. Нармалізацыя беларуска-эўрапейскіх стасункаў дазволіла міністрам ЦЭІ вызначыць Беларусь як краіну-старшыню на 2017-ы год, таму сёлета наша краіна прымае некалькі сустрэчаў арганізацыі.

Расейскія прапагандысты помсьцяць Алексіевіч за крытыку Пуціна


22 і 25 чэрвеня расейскі дзяржаўны тэлеканал «Россия» накінуўся з крытыкай на беларускую нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч. Хваля абвінавачаньняў узьнялася пасьля публікацыі інтэрвію, у якім пісьменьніца заявіла, што Ўкраіна слушна пераводзіць адукацыю на ўкраінскую мову і будуе ўласную, адрозную ад расейцаў, нацыю. Алексіевіч разыгралі крамлёўскія пранкеры, Лекскус і Ваван, a расейскія журналісты, у тым ліку прапагандыст Кісялёў, назвалі пісьменьніцу «ультраправай і фашысткай». Чаму крамлёўскія СМІ накінуліся на Сьвятлану Алексіевіч? Чаму расейскія ўлады называюць перавод адукацыі на ўкраінскую мову «фашызмам»?

Андрэй Елісееў: Алексіевіч мае крытычныя погляды што да расейскага кіраўніцтва й ягонай палітыкі, у тым ліку ў дачыненьні да Ўкраіны. Маючы на ўвазе тэндэнцыі на зацісканьне свабоды слова ў Расеі і цкаваньне апанэнтаў улады, нічога дзіўнага ў тым, што расейскія мэдыі накінуліся на пісьменьніцу, няма. Нагодай стала правакацыя аднаго з расейскіх журналістаў, які напрасіўся да Алексіевіч на інтэрвію, а далей панеслася. Што да пераводу школьнай адукацыі на ўкраінскую мову, моўнае пытаньне – гэта адна з асноўных картаў, якую расейскія ўлады і мэдыі выкарыстоўваюць у сваіх нападках на постсавецкія краіны.

Улады адраджаюць вышыванкі, але не беларускую мову

25 чэрвеня міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей апрануў замежных дыпляматаў у беларускія вышыванкі. Напярэдадні Дня Рэспублікі амбасадары разам з сем’ямі прынялі ўдзел у арганізаваным беларускімі ўладамі Дні беларускай вышыванкі. «Добра, што сёньня мы маем магчымасьць вярнуцца да гісторыі, вярнуцца да нашых каранёў, – сказаў Уладзімер Макей. – Я лічу, што наша сёньняшняя сустрэча – гэта таксама ваш уклад у разьвіцьцё беларускай ідэнтычнасьці, у разьвіцьцё беларускай дзяржавы». Ці для стварэньня беларускай нацыі хопіць адной вышыванкі? Ці дастаткова беларускія ўлады робяць для таго, каб беларусы адчувалі сябе асобным паўнавартасным народам і хацелі мець уласную дзяржаву?

Андрэй Елісееў: Беларускія ўлады з аднаго боку баяцца абудзіць нацыянальны дух, а з іншага – спрабуюць падкрэсьліць пэўную беларускую адметнасьць. Пакуль чыноўнікі раз у год апранаюць вышыванку і некалькі разоў у год прамаўляюць па-беларуску, веданьне нацыянальнай мовы сярод маладога пакаленьня катастрафічна пагаршаецца. Узмацніць дзяржаўнасьць і сурʼёзна папулярызаваць нацыянальную гісторыю можна праз адпаведную сыстэму адукацыі, і акурат тут вялікая бяда. Усё меней школьнікаў вучацца па-беларуску, а нават у фармальна беларускамоўных школах адукацыйны працэс часта дзьвюхмоўны, у краіне па-ранейшаму няма ніводнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай выкладаньня.

Інтарэсы чыноўнікаў Мінгандлю – вышэй за нацыянальныя?


26 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Згодна зь імі, вытворцы не абавязаныя наносіць на этыкеткі тавараў інфармацыю на беларускай мове. Варта нагадаць, што ў Эўразійскім эканамічным зьвязе, куды ўваходзіць Беларусь, расейская мова павінна прысутнічаць на этыкетках абавязкова. Ці прывядзе гэта да таго, што беларуская мова ўвогуле зьнікне са спажывецкага рынку, а на таварах зь Беларусі – адзіных у Мытным зьвязе – ня будзе надпісаў на нацыянальнай мове?

Андрэй Елісееў: Гэта яшчэ адно пацьверджаньне абыякавай моўнай палітыкі беларускіх уладаў. Інтарэсы асобных бізнэсаў і погляды асобных прадстаўнікоў улады пастаўленыя вышэй за ўласна нацыянальныя інтарэсы. Як сказала чыноўніцы Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня й гандлю Ірына Барышнікава, нейкія прадстаўнікі бізнэсу выступілі супраць, кажучы, што ўнясеньне адпаведных паправак у заканадаўства не будзе своечасовым. Цікава, калі ж іхняе ўнясеньне будзе своечасовым – праз 50 гадоў беларускай дзяржаўнасьці, ці можа тады, калі беларуская мова зусім зьнікне з ужытку?! На добры лад, гэта справа нацыянальнага гонару – падкрэсьліць існаваньне беларускай мовы хай сабе на эўразійскім спажывецкім рынку.

Размаўляў Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё