«Каму так ня церпіцца», — Сьвятлана Алексіевіч адрэагавала на зьвесткі пра сваю сьмерць


Свабода зьвязалася з нобэлеўскай ляўрэаткай. Яна знаходзіцца ў Сэуле, зь ёю ўсё ў парадку.

«Ой божачкі, каму ж гэта так ня церпіцца? — знаходзіць у сабе сілы на жарты Сьвятлана Алексіевіч. — Не, насамрэч гэта глупства. Я цяпер у Сэуле, так што не турбуйцеся, усё добра.

Мяне цяпер больш турбуе тое, як дапамагчы жанчыне-інваліду з Гомелю, якую высяляюць з кватэры. Хацела б узяць гэта пад кантроль, бо, мяркуючы па ўсім, у яе хочуць забраць жылплошчу, ужо суд ідзе. Я дам грошы, бо не хачу, каб яе выкінулі на вуліцу. А ўвогуле прыходзьце пры канцы месяца на сустрэчу да нас у клюб, прыедзе Валодзя Сарокін, потым цудоўны францускі рэжысэр, будзе цікава».

На расейскіх рэсурсах стала імкліва распаўсюджвацца навіна пра сьмерць Сьвятланы Алексіевіч. Яна не адпавядае рэчаіснасьці.

Фальшывая навіна пайшла з твітэру, які нібыта належыць міністарцы замежных спраў Францыі, гэты фальшывы акаўнт быў створаны 21 гадзіну таму.


Крыніца: Радыё Свабода