Актывістаў з Горадні будуць судзіць за здымкі ў «Фэйсбуку» зь бела-чырвона-белым сьцягам


Здымкі Сяргея і Вольгі Верамеенкаў зь бела-чырвонымі сьцягамі і надпісамі «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!» міліцыя расцаніла як несанкцыянаваны пікет. Суд над Верамеенкамі прызначаны на 25 траўня.

Сяргея і Вольгу Верамеенкаў, паводле складзенага пратаколу, міліцыянты вінавацяць у правядзеньні пікетаваньня, якое выявілася ў дэманстрацыі бела-чырвона-белага сьцяга.

Сябра партыі БХД гарадзенец Сяргей Верамеенка, ня ўтойвае, што разьмясьціў здымкі ў «Фэйсбуку» на знак салідарнасьці з Васілём Паляковым, які адбываў у Гомелі 15 сутак арышту за бела-чырвона-белы сьцяг.

Ён лічыць, што складаньне пратаколу і тым больш прыцягненьне да адказнасьці за здымкі — загад «зьверху», як гэта некалькі гадоў таму было з гарадзенскімі праваабаронцамі.

— Па-першае, фатаздымак ня можа лічыцца пікетам. Па-другое, я выкладваў фота ў «Фэйсбук» пасьля кампутарнай апрацоўкі, праводзіў іх мантаж, і ўсе элемэнты — пэйзаж, сьцяг, надпіс, якія відаць на здымку, у мяне былі паасобку. Міліцыянты павінны даказаць, што гэта было інакш, што я стаяў у гэтым пікеце і г.д.

Вольга Верамеенка абураная выклікам у міліцыю і складаньнем пратаколу, яна кажа, што справу міліцыянты высмакталі з пальца.

— Калі я сфатаграфую свайго ката са сьцяжком і выстаўлю ў інтэрнэт, то гэта таксама будзе лічыцца пікетам? У нашым горадзе нехта фатаграфуецца і з расейскім, і кітайскім, і польскім, і літоўскім сьцягам, то што, гэта таксама пікетаваньне? Тады паводле гэтага артыкулу можна прыцягваць кожнага турыста, які фатаграфуецца ў нашым горадзе.

Сяргей Верамеенка перакананы, што міліцыянты атрымалі чарговы загад «зьверху» на тое, каб скласьці пратаколы за здымкі.

— Яны ні пра што з намі ня хочуць гаварыць, бо выконваюць загад, а не прытрымліваюцца законаў. Ніхто зь іх нават ня мог патлумачыць нам, што такое пікет паводле заканадаўства. Мы зачытвалі ім азначэньне з закону, і іхныя абвінавачваньні, паводле складзенага пратаколу, абсалютна не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству.

Васіль Палякоў, намесьнік старшыні гомельскай арганізацыі АГП, быў затрыманы 1 траўня за бела-чырвона-белы сьцяг, узьняты падчас мітынгу, які быў дазволены гарвыканкамам, і асуджаны на 15 сутак. Увесь гэты час 48-гадовы палітык трымаў галадоўку.

Гарадзенец Сяргей Верамеенка, сябра БХД, на знак салідарнасьці зь ім зрабіў здымкі зь бела-чырвона-белым сьцягам і апублікаваў іх у інтэрнэце.

Крыніца: Радыё Свабода