Вайцюшкевіч прэзэнтаваў альбом у Варшаве

Вайцюшкевіч прэзэнтаваў альбом у Варшаве


«У нашых снах» – гэты альбом, напоўнены каханьнем і надзеяй», - кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Вядомы беларускі музыкант Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў у Варшаве свой новы альбом «У нашых снах». Праект, прасякнуты атмасфэрай, каханьня, настальгіі й ціхага аптымізму, стаў падсумаваньнем 10 гадоў супрацоўніцтва Зьмітра Вайцюшкевіча і паэта Ўладзімера Някляева. Сам Уладзімер Някляеў на прэзэнтацыі сумеснага праекту прысутнічаць ня змог. На прэзэнтацыі альбому «У нашых снах» у польскай сталіцы пабываў Аляксандар Папко.

Альбом Зьмітра Вайцюшкевіча і Ўладзімера Някляева «У нашых снах» – настальгічны, іранічны, крыху сумны, але абнадзейваючы. У яго ўвайшлі як песьні, вядомыя з папярэдніх альбомаў – «Танга з ружай», «Наша песьня», «Варанок» – так і новыя творы. На дыску музыка суседнічае зь вершамі, якія чытае Ўладзімер Някляеў.

На прэзэнтацыі альбому «У нашых снах» у Варшаве вершы павінен быў чытаць сам аўтар. Аднак прыехаць ён ня змог. Паэта, які зусім нядаўна быў пакараны арыштам за ўдзел у акцыях пратэсту, у Беларусі чакае новы суд – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Фармальна ён ня мае права выяжджаць зь Беларусі да 17 траўня. А 17 траўня яго чакае чарговы суд. Усё ж-такі, Уладзімер Пракопавіч – гэта чалавек сталага веку. Я ня думаю, што пасьля нядаўняй пяцідзённай «адсідкі» яму варта рызыкаваць, каб быць высаджаным з цягніка ўначы ў Берасьці й зноў апынуцца ў нейкім карцэры.

Галоўнай тэмай новага альбому Вайцюшкевіча й Някляева зьяўляецца каханьне: ад хуліганістага юнацкага, да жарснага дарослага й пяхотнага ды настальгічнага каханьня сталага чалавека.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Мы з Уладзімерам Някляевым абодва рамантыкі. Мы жанатыя мужчыны, але ўсё роўна, калі ты творчы чалавек – ты знаходзісься хаця б ва ўнутраным пошуку. Мы адгукваемся на прыгажосьць, задумваемся, чым зьяўляецца каханьне. І гэтая музыка дае магчымасьць пажыць у сьвеце пачуцьцяў. Самае цэннае ў жыцьці, нават напрыканцы яго – гэта дакрануцца да эмоцыяў. Гэтыя эмоцыі, я спадзяюся, ёсьць у гэтым дыску.

Прысутнічае ў альбоме й мужчынская тэма. «Беларускі мужчына хістаецца на вятрах лёсу», – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч. Ён стараецца зрабіць жыцьцё лепшым, але паўсюль натыкаецца на перашкоды, якія ламаюць яму крылы. Беларускі мужчына няшчасны, але ён прагне й заслугоўвае каханьня – кажа выканаўца.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Мужчынская тэма ў альбоме, перш за ўсё, таму, што мы мужчыны. Паўжартам і ўсур’ёз людзі задаюць пытаньне: а чаму ў беларускім грамадзтве няма мужчынаў-лідараў? Шмат мужчынаў губляе надзею, сьпіваецца, памірае. А песьня дае магчымасьць падумаць пра гэта, абмеркаваць у больш дасьціпнай форме.

Нягледзячы на настальгічныя матывы, якія гучалі ў песьнях, канцэрт у Варшаве атрымаўся пазытыўным. У альбоме «У нашых снах» адчуваецца іронія й надзея.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Калі прыгадаць жыцьцё творчых людзей 50 ці 70 гадоў таму – то яно было кароткім. За верш, песьню, вольныя думкі, якія мы тут выказваем, можна было загрымець вельмі далёка ці ўвогуле растацца з жыцьцём. Так што ў параўнаньні з імі, мы яшчэ шчасьлівыя. Калі лічыць усё безнадзейным, то як жыць далей? Надзея, гэта тое нямногае, што нам застаецца ў любой сытуацыі. Трэба верыць, любіць і спадзявацца.

Новы альбом Зьмітра Вйцюшкевіча і Ўладзімера Някляева быў ужо прадстаўлены ў Беластоку, Гданьску, Кракаве, а таксама ў Вільні. Аўтары плянуюць правесьці прэзэнтацыі ў Кіеве й Маскве, дзе літаратурнае асяродзьдзе добра ведае Уладзімера Някляева й Зьмітра Вайцюшкевіча. А вось у Менску прэзэнтаваць новы дыск будзе нашмат цяжэй – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Баюся, што прэзэнтаваць альбом у Менску будзе немагчыма. На мяне цяпер глядзяць прыкрыўшы вочы, а вось асоба Уладзімера Някляева пакуль вельмі моцна раздражняе ўлады.

Альбом «У нашых снах» замыкае песьня «Красуня-вясна», якую Ўладзімер Някляеў напісаў у 2011 годзе, калі знаходзіўся пад хатнім арыштам. Падчас канцэрту Зьміцер Вайцюшкевіч прысьвяціў яе маладым людзям, якіх арыштавалі па «справе патрыётаў». «Спадзяюся, што вясна настане й для іх», – сказаў музыка. Артыст спадзяецца, што гэты зварот вязьні пачуюць.

Зьміцер Вайцюшкевіч: Нейкія сыгналы яны ж атрымліваюць. Ім пішуць лісты. Усе тыя, хто займаецца грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі, адчуваюць на ўласнай скуры, што такое сядзець, плаціць вялікія штрафы, адчуваць сябе ва ўласнай краіне нікім і нічым, таму што міліцыянэры ў судах, судзьдзі й чыноўнікі да самага верху вядуць сябе, мякка кажучы, фальшыва. Я спадзяюся, што гэты голас будзе пачуты.

Чарговы дыск песень у выкананьні Зьмітра Вацюшкевіча зьявіцца ўжо восеньню. На ім будуць творы, выкананыя пад акампанэмэнт Варшаўскага скрыпічнага квартэту.

Аляксандар Папко

Каб лепш адчуць атмасфэру канцэрту Зьмітра Вацюшкевіча, раім праслухаць гукавы файл.

Фота
  • Фота 1/6
  • Фота 2/6
  • Фота 3/6
  • Фота 4/6
  • Фота 5/6
  • Фота 6/6

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё