Някляеў сядзеў у камэры з вашывымі бамжамі і перажыў гіпэртанічны крыз


11 траўня выйшаў на волю паэт, палітык Уладзімер Някляеў. Яго затрымалі 6 траўня каля дому, як патлумачылі АМАПаўцы, за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 17 лютага і адвезьлі на Акрэсьціна адбываць 5 сутак арышту.

Як сказаў Свабодзе Ўладзімер Някляеў, сядзець яму давялося ў камэры з бамжамі, у якіх былі вошы. Да таго ж літаратара пазбавілі магчымасьці пісаць — далі паперу, але не далі асадку ці аловак.

Уладзімер Някляеў прызнаецца: думаў, што перажыве гэты 5-суткавы тэрмін лягчэй. Калі яго забіралі 6 траўня каля дому, на руках у Някляева быў бальнічны ліст — ён яшчэ не адышоў ад гіпэртанічнага крызу. Пасьля крызу пры канцы сакавіка ў Берасьці ў яго было яшчэ два крызы, у красавіку паэт двойчы ляжаў у шпіталі. Але, нягледзячы на бюлетэнь, Някляева забралі ў турму на Акрэсьціна. АМАПаўцы сказалі, што ў іх загад.

Калі яго прывезьлі ў ЦІП, Някляеў запатрабаваў паперу, каб напісаць скаргу, што яго ўзялі хворага, нібыта ён крымінальнік і ўяўляе небясьпеку для грамадзтва. Яму сказалі: «Потым напішаце» — і павялі ў камэру.

Сшытак перадалі, асадку — не

«Жонка Вольга яшчэ раней за ежу перадала мне сшытак і асадку. Але мне аддалі толькі сшытак без асадкі. Я запытаўся: „А чым пісаць?“ — „А гэта вы самі прыдумаеце“, — быў адказ. І гэта вельмі падарвала мне нэрвы. Калі забіралі, я быў міралюбіва настроены, маўляў, што зробіш, буду пісаць пяць дзён. А тут такая падлянка. Я дамагаўся, каб далі асадку, штодня на кожнай праверцы пытаўся: „Назавіце прычыны, па якіх мне забаронена займацца тым, чым я займаюся ўсё жыцьцё, і чаму вы забіраеце пяць дзён з майго жыцьця і ператвараеце іх у бессэнсоўнасьць?“ Адказу не было. Казалі — маўляў, „пытаньне разглядаецца“. Я разумеў, што гэта не яны самі прыдумалі. Відавочны зьдзек: „Недзе ты прызнаны пісьменьнік, ляўрэат, а ў нас ты ніхто, ты зэк. Кашу еж“. Галоўнае — ня даць ні думаць, ні пісаць. Еж кашу, і ўсё.

Чацьвёрты крыз за месяц — у турме

Я ж пасьля 2010 году жыву на таблетках, а тут у мяне тры крызы запар. Вельмі складана пасьля гэтых крызаў нармалізаваць ціск. Але на наступны дзень мне ўжо не далі магчымасьці выпіць пігулкі ад ціску. Я спрабаваў патлумачыць, што гэта больш сурʼёзная справа, чым проста страта прытомнасьці, што, дарэчы, і адбылося. А 8 траўня ў мяне зноў адбыўся крыз. Але ў адрозьненьне ад Берасьця, дзе спалохаліся і накіравалі мяне ў шпіталь, тут толькі ўвечары выклікалі хуткую і сказалі: „Мы самі яго купіруем“. Гэтым разам неяк абышлося...

Я проста назіраю заканамернасьць, як яны са мной абыходзяцца, і складаецца ўражаньне, што прадумана гэта робіцца: забіраюць, садзяць, не даюць прымаць лекі і назіраюць, што будзе. Не хачу праводзіць паралелі, але так было з Генадзем Карпенкам: давялі да крызу, а потым вазілі па горадзе, шукаючы, дзе яму дапамогуць. Можна па-рознаму разабрацца з тымі, хто не даспадобы: можна так, як з Ганчаром, а можна так, як з Карпенкам. Можна давесьці да „летальнага выніку натуральным чынам“.

Дарэчы, на прагулку першы раз вывелі толькі на чацьвёрты дзень».

На Акрэсьціна сыстэма адбудаваная так, што апазыцыянэры паміж сабой не перасякаюцца ні на прагулках, ні на пастраеньні, ні на пераклічках. Таму пра Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля ды іншых, якія там жа адбываюць 15 сутак за акцыю 1 траўня, Някляеў нічога ня чуў. Дый цяпер «палітычных», як правіла, саджаюць у камэру да бамжоў, алькаголікаў ды іншых маргінальных элемэнтаў, кажа Ўладзімер Някляеў.

«Вошы ўверх ня скачуць», — дзяжурны турмы на Акрэсьціна

«Сёньняшні кантынгент ЦІПу — бамжатнік з прастытуткамі, разбаўлены „адмарозкамі зь пятай калёны“. Прычым нашых усіх хлопцаў садзяць да бамжоў, і я з бамжамі сядзеў.

Шчыра скажу, мне было вельмі шкада гэтых людзей бяз дому, бяз працы, бо ты адседзіш і пойдзеш дахаты. А гэтыя людзі — як цені, яны такія затурканыя, калі на іх крычыць дзяжурны, яны сьціскаюцца і лезуць пад нары.

Прывялі аднаго бамжа са сьметніцы, ён увесь у вошах. Кінулі яго на верхнія нары, вошы сыплюцца зь яго ўніз. Урэшце я дагрукаўся ў дзьверы да дзяжурнага: „Зрабіце хоць што-небудзь, пражарку, ці што“. А мне адказваюць: „Перакладзіце яго ўніз“. Я пярэчу: „Якая розьніца? Ён увесь вашывы“. „Вошы ж уверх ня скачуць“, — адказвае мне дзяжурны. Калі я вяртаўся ад доктаркі, пачуў, як тая казала адной бамжысе, якая паскардзілася на вошай: „Я цябе зараз бэнзінам абалью і спалю, пудзіла!“ Так што ў санітарна-гігіенічным сэнсе сытуацыя выглядае жахліва».

Несанкцыянаваны мітынг у турэмным калідоры

«На разьвітаньне я зладзіў несанкцыянаваны мітынг на другім паверсе каля 13-й камэры, растлумачыўшы, хто ёсьць супрацоўнікі ЦІПу і што ёсьць гэта сыстэма. Яны спрабавалі гэты мітынг спыніць, але я давёў яго да канца. Так што, думаю, яны могуць яшчэ скласьці пратакол за несанкцыянаваны мітынг на Акрэсьціна і яшчэ за яго пасадзіць».

Тым часам Уладзімеру Някляеву ўручылі позву ў Ленінскі суд на 17 траўня — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 1 траўня. Уручаючы позву, міліцыянты сказалі гэтым разам чакаць «трайнога тарыфу», то бок 15 сутак.

Крыніца: Радыё Свабода