Алесь Любянчук: У РУУСе напаілі кавай і абвінавацілі ў брыдкаслоўі


Працэс над аператарам Белсата Алесем Любенчуком, які мае афіцыйную акрэдытацыю МЗС Беларусі, распачаўся ў Першамайскім судзе Мінска. Разглядае справу  неаднаразова заўважаны ў палітычных працэсах суддзя Юрый Гарбатоўскі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Нагадаем, у Мінску 31 сакавіка адбыліся ператрусы ў двух офісах "Белсата". У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук, яго завезлі ў Першамайскі РУУС.

У Першамайскім РУУСе Мінска на Алеся Любенчука склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што Любянчук нібыта брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). У той дзень Алеся ўжо збіраліся везці на Акрэсціна, але а 19 гадзіне раптоўна вызвалілі з міліцыі.

Пасля гэтага міліцэйскі пратакол усё ж быў накіраваны ў суд. Зараз Любенчуку пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак.

Падтрымаць журналіста ў суд прыйшлі журналісты і праваабаронцы.

У судзе быў дапытаны Алесь Любянчук, чякі распавёў акалічнасці свайго затрымання 31 сакавіка і складання пратаколу па артыкуле 17.1 КаАП непасрэдна ў РУУСе Першамайскага раёна. Аператар Белсату падцвердзіў, што ніякага брыдкаслоўся не было, была спакойная гутарка і яго нават напаілі кавай, а пратакол быў складзены пасля ягонага апытання па іншай справе ў 17-20. Прычым яму не патлумачылі правы і абавязкі, а таксама не далі магчымасці звязацца з адвакатам і папярэдзіць родных пра сваё затрыманне. Пасля гэтага яго пасадзілі ў камеру і збіраліся везці на Акрэсціна. Але прыкладна ў 19 гадзін адпусцілі.

Паколькі ў суд не з'явіліся сведкі з боку міліцыі - Грыб і Падарэз, суддзя Гарбатоўскі прыняў рашэнне перанесці судовае паседжанне на 15 гадзін 20 красавіка.

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"