«Мы вас будзем забіваць». Міліцыя паабяцала застрэліць журналістаў «Белсату»


18 сакавіка міліцыя зладзіла «паляванне» на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

У Кобрыне працаўнікі міліцыі збілі журналіста Алеся Ляўчука і аператарку Мілану Харытонаву падчас затрымання.

Мілана Харытонава змясціла ў сваім «Facebookʼу» фотаздымак міліцыянта, які склаў на яе пратакол.

Здымачная група «Белсату» ехала ў Кобрын з Берасця і была затрыманая ДАІ.

«Калі мы спыніліся, на нас наляцела каля 6–8 асобаў. Яны не прадставіліся. Гэта былі працаўнікі аддзелу па барацьбе з наркотыкамі. Яны пачалі нас выцягваць з аўта, – кажа Алесь. – Разбілі нам усю тэхніку».

У Кобрынскім РАУС міліцыянты склалі на Алеся і Мілану пратаколы за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Працаўнікі міліцыі канфіскавалі ў нашых калегаў разбітую тэхніку і пагражалі забойствам.

«Яны нас паабяцалі забіць», – кажа Алесь.

ЮВ, ДД, belsat.eu

Крыніца: Белсат