Праваабаронцы: ўлады хочуць мінімізаваць акцыі 25-26 сакавіка

Праваабаронцы: ўлады хочуць мінімізаваць акцыі 25-26 сакавіка


За ўдзел у “Маршы недармаедаў” асуджаныя 52 асобы. Амаль усе яны асуджаныя на 12 – 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Удзельнікаў акцыі абвінавачвалі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Гэта беспрэцэдэнтны ціск з боку ўладаў за апошнія гады ўмоўнай адлігі, калі ўдзельнікам пратэстаў давалі толькі штрафы, кажа прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка.

– Безумоўна пачну з таго, што мы назіралі гэтую акцыю, яна была мірная, і не было ніякіх падставаў для затрыманняў. Тое, што людзей так брутальна затрымлівалі, збівалі, і тое, што прысудзілі такія вялікія тэрміны, не паведамлялі, дзе людзі знаходзяцца, не давалі дакладных спісаў, паказвае, што гэта палітычная разнарадка. Людзей садзяць выключна з мэтай, каб мінімізаваць пратэсты, асабліва на 25-26 сакавіка.

Паводле звестак праваабаронцаў, пасля “Маршаў недармаедаў” па ўсёй Беларусі было затрымана больш за 50 асоб. Некаторых адпусцілі праз некалькі гадзін, але на большую частку склалі пратаколы правапарушэнняў. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі без апазнавальных знакаў актыўна ўжывалі грубую фізічную сілу і нават слезацечны газ.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Радыё Рацыя