У Менску ёсьць унікальная магчымасьць паглядзець небанальнае беларускае кіно

У Менску ёсьць унікальная магчымасьць паглядзець небанальнае беларускае кіно


Зрабіць гэта можна ў рамках праекта “Сваё кіно: любім і глядзім”.

Бліжэйшы паказ 22 сакавіка ў 19.00 у менскім АРТкінатэатры.

“Мы паставілі за мэту паказваць навінкі беларускага кінамастацтва, якія яшчэ ніхто ня бачыў”, - гаворыць адна з арганізатарка праекта, дырэктар Цэнтра сучаснай культуры “Бягучая чарапаха” Натальля Бружнік і дадае, што на паказах кожны знойдзе “сваё кіно”.

Натальля Бружнік расказвае, што ў 2015 годзе яна са сваім партнэрам Леанідам Каляценям трапілі на кінафэстываль “Bulbamovie”. Там паявілася ідэя паказаць фэстывальныя фільмы ў рэгіёнах. Упершыню паказы былі рэалізаваныя ў 2015 годзе, у наступным годзе, пасьля чарговага “Bulbamovie”, паказы ў рэгіёнах паўтарыліся.

Н. Бружнік: На працягу гэтых двух гадоў мы зразумелі, што людзям цікава. Яны прыходзяць, глядзяць, задаюць пытаньні. У некаторых месцах нават сфармавалася свая публіка. Усё ж фэстываль адбываецца раз год. Таму ў нас паявілася думка: чаму б не стварыць праект, які б паказваў беларускае кіно кожны месяц. У ідэале нам хацелася мець нейкі дзень у тыдзень, цяпер гэта адбываецца ў серады, таму назавем яго “беларуская серада”, каб у гэты дзень мы паказваць менавіта беларускія стужкі. Мы хацелі паказваць ня проста фільмы, якія ёсьць у інтэрнэце, ці вядомыя фільмы. Мы хацелі паказваць навінкі.

Да праекта далучыўся кінакрытык, журналіст Антон Федарэнка, які дапамог стварыць сьпіс фільмаў для паказаў у рамках праекту.


“Сваё кіно: любім і глядзім” стартавала 1 лютага. 22 сакавіка ў 19:00 у менскім «АРТкiнaтэатры» (пр-т Дзяржынскага, 104, ст.м. «Пятроўшчына») адбудзецца паказ праграмы дакумэнтальнага кіно «Жаночы погляд»: фільм Аляксандры Маркавай «Апошняя дата» (2016) і фільм Юліі Ралко «Орша... Мінск... Орша...» (2016). Абедзьве аўтаркі – гэта студэнткі Акадэміі мастацтваў.

Чаму гэтая праграма асабліва цікавая?

Н. Бружнік: Тое, што сярод рэжысэраў ёсьць жанчыны, нікога не зьдзіўляе. Аднак іх падыход месцамі бывае іншы, чым у мужчын. Пэўныя рэчы яны бачаць па-іншаму. Магчыма, укладваюць больш эмоцый, чым рацыянальнасьці. Некаторым можа падацца, што гэта цалкам іншы пункт гледжаньня. Для мяне ўсё ж самае важнае ў тым, якімі тэмамі яны займаюцца. Абедзьве дзяўчыны закранаюць балючыя актуальныя пытаньні.

Аляксандра Маркава спрабуе размаўляць пра вечную тэму, пра сьмерць. Для гэтага яна выбірае вельмі непадобных да сябе герояў. Адзін – вядомы скульптар, другі – мужчына, які займаецца магільнымі памятнікамі, трэці – сьвятар, які працуе ў турмах.

Фільм Юліі Ралко «Орша... Мінск... Орша...» расказвае пра маладога хлопца, які ў свае 20 гадоў выехаў са свайго горада, у якім знаходзіцца чатыры турмы і пануе вельмі спэцыфічная абстаноўка. Гэта прадстаўнік новага пакаленьня, на якое будуць рабіць стаўку. Якое яно?


Паказы адбываюцца раз у месяц, у канкрэтную сераду. На паказах можна паглядзець нешта новае, цалкам нетыповае. Арганізатарам цікавыя як гульнявыя, так дакумэнтальныя стужкі, таксама анімацыі. Ня мае значэньня, ці гэта дэбютная праца маладога рэжысэра, ці гэта праца прафэсіянала. “Кіно насамрэч вельмі рознае, у кожнага яно сваё. Адсюль і назва праекта. У нашым праекце кожны можа знайсьці сваё кіно”, - гаворыць арганізатарка праекта, дырэктар Цэнтра сучаснай культуры “Бягучая чарапаха” Натальля Бружнік.

Поўную размову з госьцем слухайце ў далучаным гукавым файле.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё