Дабрачынная прэзентацыя кнігі „Краёвая ідэя ў беларускай гісторыі”

Дабрачынная прэзентацыя кнігі „Краёвая ідэя ў беларускай гісторыі”


Кніга „Краёвая ідэя ў беларускай гісторыі” будзе прэзэнтавана аўтарам, гісторыкам Алесем Смалянчуком у аўторак, 14-га сакавіка, у гарадзенскай этна-краме „Цудоўня”.

Гэты навуковы зборнік артыкулаў, які адлюстроўвае магчымы альтэрнатыўны шлях паўстання дзяржавы на абшарах былога Вялікага княства Літоўскага ў пачатку 20-га стагоддзя. Ідэолагі Краёвай ідэі бачылі дзяржаву, у якой нацыя будавалася не на этнічным грунце, а на палітычным.

Кажа аўтар:

– Краёвая ідэя – гэта спроба стварыць з гістарычнай Літвы такі геапалітычны, палітычны суб’ект. Можна сказаць, дзяржаву ў межах гістарычнай Літвы. Для рускай супольнасці гэта было абсалютна непрымальна. Гэта быў такі нацыяналізм ліберальны, у гэтай ідэалогіі не было месца нацыянальнаму эгаізму. Што б з гэтага выйшла далей – цяжка сказаць. Таму што тут пэўная заканамернасць нацыянальнага развіцця гэтага рэгіёну Цэнтральна-Усходняй Еўропы, тут ўсё ж такі ўзнікла паэтрэба ў іншым нацыянальзме, каб кожны народ ішоў сваім шляхам.

Усе грошы, якія будуць атрыманыя за продаж кніжкі на прэзентацыі пойдуць на дабрачынную дапамогу для Матвея Забаўскага, сямігадовага хлопчыка, якому патрабуецца трансплантацыя коснага мозгу. Сустрэча пройдзе а 19-00 гадзіне, 14-га сакавіка ў этна-краме „Цудоўня” на вуліцы Вялікая Траецкая, 14.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Радыё Рацыя