Моладзь БНФ патрабуе правесьці трыбунал над камунізмам

Моладзь БНФ патрабуе правесьці трыбунал над камунізмам


Гэта адказ на акцыю маладых камуністаў #Я_СССР.

Моладзь БНФ патрабуе правесьці трыбунал над камунізмам і забараніць гэтую ідэалёгію на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта адказ на акцыю маладых камуністаў #Я_СССР.

На днях Моладзь БНФ запусьціла акцыю #Я_Беларусь, якая набрала папулярнасьць ня толькі сярод беларускай моладзі, але таксама сярод прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі камуністычнай партыі РБ, якія правялі мітынг «Мы – СССР» і запусьцілі акцыю сэлфі #Я_СССР.

«Яны публічна выступілі за адраджэньне краіны, якой не існуе ўжо 25 гадоў, і за зьнішчэньне Рэспублікі Беларусь – нашай Радзімы і Айчыны нашых продкаў. Нам вельмі дзіўна, што дзяржаўныя органы Беларусі не палічылі патрэбным зьвярнуць увагу на гэты правакатыўна антыдзяржаўны чын», – гаворыцца ў заяве Моладзі БНФ.

«Гэта паказвае ідэйную нястойкасьць маладых камуністаў, адсутнасьць крытычнага мысьленьня, а таксама палітычную шызафрэнію. «Здавалася б, што гэта наша маленькая перамога і ў галовах гэтай падманутай моладзі з боку маргінальных камуністаў пачаліся зьмены, але ж мы бачым пагрозу ў існаваньні такіх арганізацый. Зразумела, што большасьць сябраў гэтай арганізацыі зьяўляюцца звычайнымі прыстасаванцамі і пры першай жа магчымасьці зьменяць свой курс, але ж іх варʼяцкія ідэі могуць пабачыць нармальныя, адукаваныя і адэкватныя жыхары нашай краіны», – піша Моладзь БНФ.

«Камуністычная партыя Рэспублікі Беларусь мэтанакіравана падманвае беларусаў і асабліва беларускую моладзь, адмаўляць факт існаваньня рэпрэсій супраць уласнага народу, падмяняюць гісторыю і будуюць сваю палітыку не вакол Рэспублікі Беларусь, а вакол не існуючай дзяржавы пад назвай СССР». У сувязі з гэтым Моладзь БНФ патрабуе правесьці трыбунал над камунізмам і забараніць гэтую ідэалёгію на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У далучаным гукавым файле размова з лідарам Моладзі БНФ Юрыем Лукашэвічам.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё