Кожная шчарбінка на крэпасці адпавядае рэальнасці: як працуе першы ў Беларусі Музей мініяцюраў


Музей мініяцюраў у Менску – прыватны, яго стваральнік Яўген Данілік працаваў лагістам у Маскве, а цяпер вярнуўся на радзіму, каб здзейсніць мару.

Музей размясціўся каля нулявога кіламетра, у Палацы прафсаюзаў, і мае стаць гэткім пунктам адліку для турыстаў – беларускіх і замежных:

ЯЎГЕН ДАНІЛІК, ДЫРЭКТАР МУЗЕЮ «КРАІНА МІНІ»: «Вельмі крута, калі ты прыйшоў і пабачыў гэта ў мініяцюры, а пасля ты едзеш да славутасці, і ты ўжо зусім іншы, ты маленькі, але ўжо добра арыентуешся, дзе ў замку што знаходзіцца».

Што праўда, некаторыя помнікі ў рэальнасці не такія, як на макеце: Крэўскі замак, які сёння ляжыць у руінах, паказаны ў час яго пабудовы ў 14 стагоддзі. Падрабязна гісторыю распавядзе аўдыёгід або экскурсаводы, якія валодаюць беларускаю, расейскаю, англійскаю і французскай. Таксама можна спампаваць на смартфон дастасаванне з мапамі ды фотаздымкамі. Вядома, перш чым адкрыць музей мініяцюраў на радзіме, Яўген пабываў у шматлікіх такіх у свеце:

ЯЎГЕН ДАНІЛІК, ДЫРЭКТАР МУЗЕЮ «КРАІНА МІНІ»: «Яны носяць больш забаўляльны характар. А я бачу місію «Краіны-міні» найперш адукацыйнай. Для таго каб сюды маглі прыйсці дзеці і педагогі, якія б наглядна паказвалі-расказвалі».

На некаторых макетах разгортваюцца гістарычныя падзеі – вось у Лідскім замку адбываецца рыцарскі турнір. А ў Берасцейскай крэпасці застыў дзень 22 чэрвеня 1941 года:

БАГДАН ХМЯЛЬНІЦКІ, ЭКСКУРСАВОД: «Тут уражвае ступень дэталізацыі, бо макет складаўся паводле трох фотаздымкаў, якія дайшлі да нас з тых часоў з нямецкага боку. І таму кожная вышчарбінка на крэпасці адпавядае рэальнасці».

Звычайныя інструменты, з дапамогаю якіх робяцца макеты. Насамрэч, працэс вельмі складаны – у ім бярэ ўдзел каманда з 25 чалавек: канструктары, дызайнеры, адмыслоўцы ў 3д-мадэляванні, фрэзероўнікі, электрыкі. Пачаць вырашылі з 18 экспанатаў (некаторыя з’явяцца ў найбліжэйшы час), агулам жа плануецца 70. Ахоп – уся Беларусь гістарычна і геаграфічна – ад гарадзенскай сінагогі да магілёўскай Мікалаеўскай царквы, ад старажытнай Каложы да Нацыянальнай бібліятэкі.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»

Крыніца: Белсат