У Гародні выступілі „Віктар Сямашка і Кумпанія”

У Гародні выступілі „Віктар Сямашка і Кумпанія”


У Гародні прайшоў канцэрт музыкі і паэта Віктара Сямашкі ў Цэнтры гарадскога жыцця. Свой канцэрт аўтар назваў „Наросхрыст”, ён уключае меладэкламацыю і імправізацыі. Гэты адметны кірунак сучаснага музычнага мастацтва прыйшлі падтрымаць прыхільнікі.

Удзельнікі праекта – зборная беларускіх музык-імправізатараў. Падчас імпрэзы Віктар чытаў свае вершы пад музыку і спантанныя музычныя кампазіцыі. Кажа Віктар Сямашка:

– Люблю такія ўтульныя, хатнія памяшканні, таму што і музыка наша не стадыённая. І людзей не шмат прыходзіць на нашыя выступленні. На іх прыходзяць самыя абраныя. Мы добра чуем адно аднаго, тут не трэба шмат апаратуры, усё вельмі проста і змястоўна.

Гэты музычны кірунак мае невялікую аўдыторыю. Але адданую. Падчас мерапрыемства праводзілася віктарына для слухачоў, якую арганізавала кампанія „Будзьма Беларусамі”. Пераможцы атрымалі сувеніры.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня


Фота аўтара

Крыніца: Радыё Рацыя