У Беларусі будзе створаны музей Напалеона Орды

У Беларусі будзе створаны музей Напалеона Орды


Музей беларускага мастака і музыкі Напалеона Орды створаць у Варацэвічах, што ў Іванаўскім раёне на базе ўжо існага музейнага комплексу Орды. Сродкі выдаткуе Еўразвяз праз праграму трансгранічнай супрацы “Польшча-Беларусь-Украіна”.

Стварэнне музея мастака - гэта абавязак беларускага боку, які ўдзельнічае ў праекце “Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур у Лосіцэ (Польшча) і Варацэвічах (Беларусь)”. На выкананне працаў даецца год і сем месяцаў з моманту рэгістрацыі праекту. Кантраляваць яго рэалізацыю будзе Берасцейскі аблвыканкам.

Дырэктар музейнага комплексу Напалеона Орды ў Варацэвічах Дзмітры Казак кажа, што ствараць музей будзе лягчэй, чым польскім калегам, бо ўжо ёсць добры падмурак - карцінная галерэя:

- У год мы мы прымае ад 7 да 8 тысячаў наведнікаў у галерэі. Карцінная галерэя складаецца з пяці залаў, тры залы прыстасаваныя пад сталую экспазіцыю, яшчэ адзін пакой мемарыяльны, распавядае пра біяграфію Напалеона Орды і дзве залы прысвечаныя яго творчасці - як мастака, як музыкі. У астатніх дзвюх залах - выставы, якія мы час ад часу змяняем.

Напалеон Орда (1807-1883) вядомы мастак і кампазітар ХІХ стагоддзя. Яго творы адлюстроўваюць багацце земляў ВКЛ. Прымаў удзел у вызваленчым паўстанні 1830-31 гадоў, пасля чаго эміграваў у Заходнюю Еўропу.   

Пятро Савіч,Беларускае Радыё Рацыя

: Беларускае Радыё Рацыя