Як змяніць сваё жыццё, калі яно ўжо не радуе?

Як змяніць сваё жыццё, калі яно ўжо не радуе?


Пра медытацыю і ёгу размаўлялі ў Глыбокім падчас сустрэчы з браслаўчанінам Галляшом Сялявам. Журналіст і грамадскі актывіст выступіў перад наведвальнікамі курсаў «Мова нанова».

Галляш падзяліўся сваім вопытам у сферы ёгі, распавёў, як змянілася яго жыццё, калі ён пачаў медытаваць, і пра тое, што яго падштурхнула да медытацыі, а таксама сыграў на варгане.

Як кажа Галляш Сялява, яму спадабалася тое, што глыбачане зацікавіліся тэмай сустрэчы і задавалі шмат разнастайных пытанняў наконт медытацыі:

– Мне падаецца, што кожны зразумеў гэта так, як ён захацеў і змог зразумець. І адносна цікавасці… Я не лічу, што кожны павінен там сядзець у «позе лотаса» і чытаць мантры. Медытацыя – гэта проста, калі ты ўсвядомлена жывеш, калі ты аб’ектыўна ўсё ўспрымаеш, калі ты не прывязаны ні да чаго. Вось неяк так.

Таксама наведвальнікі курсаў паспрабавалі медытаваць. Прынята лічыць, што ў выніку заняткаў медытацыяй нярэдка паляпшаюцца фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, вылечваюцца некаторыя хваробы, павышаецца вынослівасць арганізма, умацоўваецца імунітэт, развіваецца эстэтычны густ, выяўляюцца экстрасэнсорныя магчымасці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя