Лявон Вольскі перазапісаў і намаляваў “Тры чарапахі”


Вядомы хіт “Тры чарапахі” атрымаў новую аранжыроўку і адмысловае лірык-відэа, да якога Лявон Вольскі ўласнаруч напісаў усе тэксты і намаляваў ілюстрацыі.

Аўтар аранжыроўкі – нарвежскі саўндпрадусар Снорэ Бергеруд, вядомы па апошніх сольных альбомах Вольскага.

“Мы даўно граем на канцэртах гэты варыянт “Трох чарапахаў” і трэба было зафіксаваць яго. Для лірык-відэа спачатку проста хацелі напісаць тэкст, а потым з’явілася ідэя дадаць у яго яшчэ і малюнкі. Рабілася ўсё хутка, але весела, і гэты настрой добра пасуе песні”, – каментуе Лявон Вольскі.

Што з гэтага атрымалася, можна паслухаць і ўбачыць у відэа, створаным пры падтрымцы партнёрскай праграмы MediaCube Network.

Такую ж назву – “Тры чарапахі” – атрымаў свежы міні-альбом Лявона Вольскага, у які разам з загалоўнай песняй патрапілі яшчэ два перазапісаныя разам хіты N.R.M. яго аўтарства: “Лёгкія-лёгкія” і “Паветраны шар”. Рэліз дасяжны на ўсіх галоўных лічбавых пляцоўках.

Будзьма беларусамі!

 

Крыніца: Будзьма беларусамі!