У Воршы адбыўся першы фэст Караткевіча

У Воршы адбыўся першы фэст Караткевіча


Ён распачаўся ў Смалянах за некалькі кіламетраў ад Воршы. Краязнаўца Віктар Мяжэвіч правёў для гасцей і ўдзельнікаў фэсту экскурсію мястэчкам, у якім неаднаразова бываў Уладзімір Сямёнавіч. Наведалі ўдзельнікі і магілу Тамаша Зана.

Доктар філасофіі Ірына Дубянецкая знайшла супольнае ў Зана з Караткевічам:

– Караткевічавая сувязь. Караткевіч не ўтвараў ніякіх арганізацыяў, а вакол яго таксама віравала жыццё. Караткевіч таксама быў гэтым пунктам атракцыі, ён таксама выпраменьваў, выпраменьваў настолькі моцна, што, сапраўды, ён узяў краіну адну, а пакінуў другую – іншую зусім. Вось дзесьці падобнае, што Зан.

Затым была аршанская частка фестывалю з наведваннем музея Уладзіміра Караткевіча, дома пісьменніка на цяперашняй вуліцы яго імя, помніка і літаратурнымі чытаннямі ў кавярні «Замкавая».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім падкрэслівае значнасць постаці Караткевіча для сучасных беларусаў:

– Я думаю, што Караткевіч павінен быць у кожнай хаце, у душы кожнага беларуса, на паліцы і не толькі. Таму што ён адзін з тых пісьменнікаў, якія ненавязліва, але ўсёй сваёй унутранай перакананасцю, усім сваім талентам любіў Беларусь навечна.

У 2020 годзе будзе адзначацца 90-годдзе з Дня нараджэння пісьменніка. Арганізатары сёлетняга фэсту, сярод якіх Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, вандроўная кнігарня і рэгіянальны партал orsha.eu, плануюць правесці на юбілей больш маштабны фестываль.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя