Канферэнцыя „Традыцыі і сучаснасць беларускай дзяржаўнасці”

Канферэнцыя „Традыцыі і сучаснасць беларускай дзяржаўнасці”


Міжнародная навуковая канферэнцыя „Традыцыі і сучаснасць беларускай дзяржаўнасці ў 100-ю гадавіну смерці Івана Луцкевіча” пачала сваю працу ў Беластоку.

Мерапрыемства сабрала навукоўцаў з Польшчы, Беларусі і Латвіі. Галоўным арганізатарам канферэнцыі з’яўляецца Беларускае гістарычнае таварыства. Кажа старшыня таварыства, прафесар універсітэта ў Беластоку Алег Латышонак:

– Стагоддзе і БССР – другой беларускай дзяржаўнасці, і стагоддзе Івана Луцкевіча. Я падумаў, што добра было б прысвяціць гэта яму, паколькі замала пра яго гаворыцца, як пра пачынальніка беларускай дзяржаўнасці. Падыскутуем пра карані беларускай дзяржаўнасці, пра тое, якой традыцыі беларуская дзяржава мае прытрымлівацца. Пра сітуацыю, у якой беларуская дзяржава нараджалася ў 1918 годзе. І пра гістарычную палітыку сучаснай беларускай дзяржавы.

Другі дзень канферэнцыі будзе цалкам прысвечаны братам Луцкевічам, кажа Алег Латышонак:

– Я вельмі цешуся, што адгукнуліся на гэтую прапанову вучоныя і з Беларусі, і нават з Латвіі. Так што будзе міжнародная канферэнцыя. На пятніцу запланаваны адмысловы блок, прысвечаны Івану і Антону Луцкевічам, прагучаць даклады пра іх дзейнасць, і адбудзецца адкрыццё выставы, падрыхтаванай Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча «Іване, жыві…». Гэтая выстава ўпершыню была паказана ў Вільні. Цяпер яе можна будзе паглядзець у Беластоку. І спадзяюся, яна паедзе па Беласточчыне. Канферэнцыя праходзіць ў Цэнтры праваслаўнай культуры 28 і 29 лістапада. Вернісаж выставы, прысвечанай Івану Луцкевічу, адбудзецца там жа, 29 лістапада а 12.00.

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя