Чаму віцебскім уладам муляе вока гістарычная ахоўная зона?

Чаму віцебскім уладам муляе вока гістарычная ахоўная зона?


Ужо некалькі год віцебскіх чыноўнікаў не пакідае ідэя збудаваць на Плошчы тысячагоддзя новы Палац шлюбаў.

Спачатку там планавалі ўзвесці гмах са шкла і бетону, але потым аўтарам праекту давялося пайсці на хітрасць, каб абыйсці заканадаўства. Паколькі гэтая тэрыторыя мае статус гістарычнай каштоўнасці, то на ёй нічога нельга будаваць.

А рэканструяваць – можна, таму аўтары праекту спрабуюць выдаць патэнцыйны “новабуд” за аднаўленне старадаўняга будынка. Старшыня абласной арганізацыі БНФ Канстанцін Смолікаў звярнуўся ў Следчы камітэт, каб ініцыятыву прыхільнікаў будаўніцтва прызналі незаконнай:

– Гэта незабудаваная тэрыторыя, дзе раней знаходзіліся сцены і роў Ніжнага замка горада Віцебска, падмуркі дамініканскага касцёла і кляштара. Гэта тэрыторыя павінна баць даследавана, і нельга ў такія сціслыя тэрміны яе забудоўваць.

Гаворка пра сціслыя тэрміны зайшла таму, што Палац шлюбаў збіраюцца ўключыць у інвестыцыйную праграму на наступны год, на які ў Віцебску запланаваны абласныя “Дажынкі”.

Адпаведна, горад атрымае дадатковае фінансаванне. Але грошы было б мэтазгодна накіраваць зусім на іншыя аб’екты, лічыць каардынатарка аргкамітэту па стварэнні БХД Таццяна Севярынец:

– Гэта добры рамонт у кардыялагічным шпіталі – там са столі валяцца прусакі, там ламаюцца ложкі пад хворымі! Інфекцыйны шпіталь для дарослых – у такім самым стане, як і кардыялогія. Мы звярталі ўвагу на гэта яшчэ два гады таму, і нам абяцалі, што зробяць ужо вось-вось. Але вось – гэта ідэя збудаваць палац!

Таццяна Севярынец заклікала гараджан запісвацца на прыёмы да гарадскога кіраўніцтва і выказваць яму свае прэтэнзіі, што да размеркавання грошай. Канстанцін Смолікаў вядзе перапіску з уладамі вобласці і пракуратурай, каб у Віцебску адмовіліся ад ідэі будаўніцтва ў гістарычнай зоне. Урэшце, у новым Палацы шлюбу няма вострай патрэбы хаця б таму, што месцаў для ўрачыстых цырымоній і так хапае, як і сапраўдных помнікаў архітэктуры, якія даўно варта адрэстаўраваць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя