Беларусь падпіша дзве Канвенцыі па абыходжанні з уцекачамі

Беларусь падпіша дзве Канвенцыі па абыходжанні з уцекачамі


У 2020 -м годзе Беларусь як суб’ект міжнароднага права падпіша дзве Канвенцыі, якія датычаць абыходжання з уцекачамі і асобамі без грамадзянства.

Адмысловая служба пры Абʼяднаных Нацыях, якая займаецца тэматыкай асобаў без грамадзянства і ўцекачоў, правяла сумесна з грамадскай арганізацыяй «Развіццё» дзве сустрэчы: з гарадзенскімі журналістамі і студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта.

Пра важнасць падпісання канвенцыі кажа Цімафей Саладкоў, дарадца па праўных пытаннях прадстаўніцтва праўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі:

– Далучэнне да двух міжнародных дамоваў – Канвенцыі ААН па пытаннях без грамадзянства 1954 года аб статусе апатрыдаў і 1961 аб скарачэнні без грамадзянства – важны крок, паколькі дазваляе не толькі быць удзельнікам агульнай сістэмы міжнародных стандартаў па аказанні дапамогі і абароне асобам без грамадзянства, але ў тым ліку дапамагае ўдасканаліць сістэму аказання дапамогі гэтай катэгорыі, якая існуе. Трэба заўважыць, што Беларусь знаходзіцца на развітым узроўні, тым не менш, канешне ж, застаюцца некаторыя моманты, якія патрабуюць дадатковай прапрацоўкі.

На сустрэчы ў Гародні быў прадстаўнік праўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жан-Іў Бушардзі. Паводле звестак, цяпер у Беларусі пражывае каля 6300 асобаў без грамадзянства, а таксама 316 асобаў са статусам уцекачоў. Агулам асобаў, якія падпадаюць пад кампетэнцыю праўлення вярхоўнага камісара Абʼяднаных Нацыяў па справах уцекачоў, у Беларусі дзевяць тысячаў чатырыста сорак восем.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя