Кнігі, часопісы, алавяныя жаўнеры ВКЛ. Беларуская прадукцыя ў Варшаве

Кнігі, часопісы, алавяныя жаўнеры ВКЛ. Беларуская прадукцыя ў Варшаве


У Варшаве ў гэтыя дні праходзіць адна з найбольш вядомых букіністычных імпрэзаў у Польшчы.

28-ы Кірмаш гістарычнае кнігі традыцыйна размясціўся ў Аркадах Кубіцкага – скляпеннях варшаўскага каралеўскага замку.

Сярод больш як сотні стэндаў ёсць таксама і беларускі, які арганізавала фундацыя “Праспект”.

Беларускі выдавец Раман Цымбераў кажа, што побач з гістарычнымі кнігамі можна таксама набыць дзіцячыя казкі і нават алавяных жаўнераў ВКЛ:

– Адмыслова для альбома “Апошнія абаронцы Вялікага княства Літоўскага”, які выйшаў пры падтрымцы клуба “Дынама – Брэст”, які зараз стаў чэмпіёнам Беларусі. Вялікая яму падзяка. Мастак Аляксандар Прыбылоў адмыслова зрабіў сорак планшэтаў жаўнераў і афіцэраў аддзелаў Вялікага княства Літоўскага”.

Сярод фігурак ёсць таксама бюст князя Гедыміна – першы з запланаванай серыі нашых уладароў. Кірмаш гістарычнае кнігі ў Варшаве працягне сваю працу да нядзелі 1 снежня ўключна. Стэнды з выданнямі працуюць штодня ад 10-ай да 18-ай гадзіны.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя