«Постаці» Алеся Ступеня ў Гародні

«Постаці» Алеся Ступеня ў Гародні


«Постаці» гарадзенскага мастака Алеся Ступеня адкрытыя для аматараў жывапісу ў галерэі «У Тызэнгаўза».

У Гародні адбыўся вернісаж гэтага вядомага мастака, які адзначае чарговы этап творчасці маэстра пэндзля, якому неўзабаве споўніцца семдзесят.

Ён, аўтар беларускіх музейных экспазіцыяў у Наваградку і Гародні. цяпер працуе як жывапісец і акцэнтуе сябе як мінімаліст. У кожнай з чатырнаццаці карцінаў, прадстаўленых на выставе, ёсць свой схаваны сэнс. Кажа пра назву сваёй выставы Алесь Ступень:

– Справа ў тым, што, наколькі мне вядома, слова «постаць» мае чатыры значэнні. З іх два падыходзяць да гэтай выставы – постаць – гэта проста фігура і постаць – гэта персанаж мастацкага твору. У мяне тут ёсць постаці як Якуб Ясінскі і проста недзе на палатне знаходзяцца фігуры, у асноўным жаночыя.

Як творцу з нязменным характарам і чалавека сталых каштоўнасцяў характарызуюць мастака ягоныя калегі. Для мастака Алеся Сурава ягоны цёзка мае самую высокую ацэнку:

– Як толькі прыехаў у Гародню, першы, з кім я пазнаёміўся з мастакоў, гэта быў Алесь Ступень. Самы паступовы і прынцыповы гарадзенскі мастак, які не здрадзіў за ўсе гады, колькі я яго ведаю, ні свайму абранаму стылю, ні прынцыповай пазіцыі ўвогуле як чалавека гарадзенскага і беларуса. Ён настолькі стабільны і перакананы ў сваіх поглядах, што шмат каму трэба было б браць з яго прыклад.

З вернісажам і сямідзесяцігоддзем мастака павіншавалі сябры саюза мастакоў Беларусі, а таксама суполка мастакоў польскай меншасці ў Беларусі, сябрам якіх Алесь Ступень з’яўляецца. Выстава Алеся Ступеня ў галерэі «У Тызенгаўза» будзе трываць да 20-га снежня. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя