Паўстанцкі крыж у цэнтры Берасця

Паўстанцкі крыж у цэнтры Берасця


На каталіцкіх могілках Берасця захавалася магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, вядомага ў Беларусі як паўстанне Кастуся Каліноўскага.

На металічным крыжы аднаго з надмагілляў, якое выпадкова выявіў і прадставіў шырокаму колу грамадства краязнаўца Іван Чайчыц, ёсць узгадка пра паўстанне. Узгадвае Іван Чайчыц:

– У Польшчы ў 1921 годзе працавала французская ваенная місія, якая займалася пошукам пахаванняў французаў. Прычым шукалі магілы не толькі ваенных, але і цывільных асобаў. І вось з такой думкай, што нешта захоўваецца на могілках, я накіраваўся. Французаў я не знайшоў. Але калі я знайшоў крыж, на якім на таблічцы напісана «паўстанцам», я прысеў ад здзіўлення.

Надпіс на крыжовай шыльдзе польскамоўны і гучыць як: “Irena i Franciszek Kornelukowie powstańcy – 1863.r ich syn – Jan i Józefa Kornelukowie”. Пакуль няма інфармацыі пра тое, кім былі гэтыя людзі падчас паўстання, альбо ў цывільным жыцці.

“Аднак нягледзячы на гэта, помнік усё роўна ўнікальны і вось чаму”, – кажа Іван Чайчыц:

– Гэта адзінае пахаванне паўстанцам, вядомае на сённяшні час, на тэрыторыі горада Берасце. І гэта крута.

Іван Чайчыц схіляецца да версіі, што шыльда з надпісам на гэтым крыжы з’явілася ў пачатку ХХ стагоддзя, хоць прамога дакументальнага пацверджання гэтаму няма. Ушанаваць памяць, альбо наведаць надмагілле паўстанцаў Ірыны і Францішка Карнялюкоў можна на каталіцкіх могілках ХІХ ст, што ў Берасці, якія размешчаны на вуліцы Пушкінскай.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя