Сяргей Макрэнка ўшанаваў памяць вязняў калоніі НКВД

Сяргей Макрэнка ўшанаваў памяць вязняў калоніі НКВД


Шматдзетны бацька з Гомеля Сяргей Макрэнка разам з сям’ёй ушанаваў памяць вязняў калоніі НКВД «Воля» ў мястэчку Хальч Веткаўскага раёна.

Гамяльчук зрабіў палічку для лампадак і кветак, якую прымацаваў на крыж ахвярам камуністычнага рэжыму.

Паводле Сяргея Макрэнкі, вельмі важна аддаць даніну памяці забытым ахвярам, каб страшныя падзеі ХХ стагоддзя не паўтараліся.

– Мне проста захацелася яшчэ раз прыехаць і нейкую даніну памяці аддаць тым людзям, якія зараз, на жаль, невядомыя ні нам, ні каму. Напэўна, і іх сваякі таксама не ведаюць, дзе яны могуць быць пахаваныя. Улічваючы, што такое свята ў нас, як Дзяды, то хаця б хто-небудзь павінен пра іх узгадаць, паставіць лампадку, пакласці кветкі, такім чынам неяк ушанаваць іх.

Калонія НКВД «Воля» ў Хальчы ўзнікла ў 1921 годзе. Існавала гэтая ўстанова, з перапынкам на гады акупацыі часоў ІІ Сусветнай вайны, да 1954 года. Сярод вядомых вязняў – бацька дзеяча антысавецкага супраціву Цімоха Вострыкава, протаіерэй Уладзімір Пастэрнацкі, дзяячка Саюза патрыётаў Беларусі Людміла Краснадубская.

Асаблівасцю калоніі «Воля» з’яўлялася тое, што сярод вязняў ладную частку складалі кабеты з дзецьмі. Памятны крыж на меркаваным месцы пахавання вязняў калоніі быў усталяваны з ініцыятывы журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага ў 2016 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя