- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хвалюе, не дае спакою галоўная справа майго жыцця. А менавіта: чаму так марудна расце тыраж “Народнай Волі”? Слабыя журналісты? Не. Чаго вартая адна Святлана Калінкіна! А Марына Коктыш, Марыя Эйсмант, Алена Малочка, Георгій Чыгір... Матэрыялы Сямёна Букчына — ці ж не ўзор публіцыстыкі самага высокага ўзроўню? Сапраўдны прафесіяналізм вызначае многіх іншых, хто служыць “Народнай Волі”. Дык у чым, у чым прычына? — Мінуў час, калі людзі масава чыталі газеты, — супакойваюць мяне некаторыя калегі. І дадаюць: — Глядзі, як абваліліся тыражы дзяржаўных газет. Не дапамагае ім нават адміністрацыйны рэсурс. А “Народнай Волі” грэх скардзіцца. У яе, нягледзячы на рэпрэсіі, шалёны ціск з боку ўлад на працягу многіх гадоў, чытачоў цяпер больш, чым у той жа “Звязды” альбо “Белорусской нивы”... Вось-вось і “Рэспубліка”, іншыя дзяржвыданні будуць ззаду. Я не радуюся чужой бядзе. Як і не веру ў тое, што газеты аджываюць. Наш век — век інфармацыі, і яна чэрпаецца з усіх сродкаў — як друкаваных, так і электронных. Рана ладзіць хаўтуры па газетах.