Мае нашаніўцы

Петрушкевіч Ала


Нашаніўцы ў трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”: вобразы і прататыпы

Сярод шматлікіх лірычных адступленняў у трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” заўсёды кідалася ў вочы надзвычай кранальнае, як просьба прабачэння ці даравання, якім пачынаецца ХVІІ раздзел апошняй часткі: “Амаль паўвеку прайшло з таго часу, калі мае “валачобнікі”, а з імі і я, хадзілі ў Панямонь з велікоднымі візітамі і павіншаваннямі. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца тут, ужо няма на свеце. І калі я сягоння трывожу іх памяць, то мне робіцца сумна: быць можа, не так сказаў пра іх, як гэта было ў сапраўднасці, часамі, можа, недарэчы пасмяяўся або не ў меру зганьбіў каго. Яны не напішуць мне і не прыйдуць да мяне, каб сказаць: “Ты адступіў ад праўды, бо мы не такія, як ты нас паказваеш”. Калі б яны былі жывыя, дык мы паразумеліся б і прыйшлі да згоды. А так я магу толькі сказаць: “Прабачце! Я ж хацеў і хачу аднаго — праўды”[1].

Але ці мог сабе дазволіць у тым часе нават ён, вялікі Якуб Колас, пісаць адну толькі праўду? (Згадайма, над заключнай часткай трылогіі аўтар працаваў з 1948-га па 1954-ы год).

Аўтар спасылаецца на вельмі вялікі як для чалавечага жыцця адрэзак часу — “амаль паўвеку” — з-за чаго быццам бы нешта забылася. Але ж чалавечая памяць мае гэткую даволі парадаксальную ўласцівасць: тое, што было ў дзяцінстве, юнацтве, што кранула душу, памятаецца часам лепей, чым штосьці сягонняшняе.

Падаецца, працытаванае вышэй, — не столькі да “валачобнікаў, на адрас якіх не сказана нічога благога, колькі да іншых асобаў, ні адной з якіх у тым часе ўжо не было між жывымі. Да тых, хто ствараў першыя легальныя беларускія газеты, хто ўзначальваў сацыял-дэмакратычны рух, хто быў на чале Адраджэння Беларусі. Па назве “унікальнай у сваёй народнасці” (А.А.Лойка) газеты “Наша ніва” названы і ўвесь гэты перыяд (пачатак ХХ ст. ) беларускай гісторыі, літаратуры. Яны ж — стваральнікі гэтай газеты — нашаніўцы. У трылогіі намаляваны вобразы, прататыпамі якіх былі Аляксандр Уласаў, Іван і Антон Луцкевічы.

Але найперш — пра саму “Нашу ніву” ў творы. Згадайма ізноў жа: усё, што было звязана з гэтай газетай у часе напісання аповесці шальмавалася, ганьбавалася, а яшчэ часцей — замоўчвалася як буржуазна-нацыяналістычнае. Таму, відаць, Колас ні разу не падаў не толькі назвы “Наша ніва”, але і — “Наша доля”. Замест назваў — “першая беларуская газета”, “беларуская газета”, ці — “газета”. На жаль, і ў трылогіі, як і ў літаратуразнаўчых, гістарычных працах савецкага часу, “Наша доля” супрацьпастаўлена “Нашай ніве”: дэмакратычная — ліберальна-буржуазная. Затое Колас не прамінуў нагадаць, у якіх няпростых варунках выходзілі і адна, і другая газеты: “Кожны нумар газеты падпадаў пад рэпрэсіі царскіх чыноўнікаў і цэнзуры. Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі... Замест забароненай пачала выходзіць газета больш памяркоўная, з ліберальна-буржуазным ухілам. Аднак і гэтую рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі і белымі плямамі” (591).

Калі пры першай сустрэчы Лабановіч пытае рэдактара пра назву, той адказвае: “Мы яшчэ не ахрысцілі яе” (589). Не проста “назвалі” ці “далі назву”, а — “ахрысцілі”. Як пра жывую істоту. Згадайма, нашаніўскі паэт М.Арол у лісце да рэдактара-выдаўца наконт сваёй кнігі “Лірнік” гэтак жа — “ахрысціць”. У тым часе, калі імя давалася пры хрышчэнні, гэтаму надаваўся асаблівы сэнс: Небам асвечана, да жыцця вечнага далучана.

Лабановіч шчыра радуецца, што ўрэшце і беларусы маюць сваю газету, вітае яе ўсім сэрцам, і гэта, бясспрэчна, — пачуцці самога аўтара, што засталіся нязменнымі з тых незабыўных часоў: “Для мяне гэта такая радасць, такое шчасце, што я баюся нават верыць у тое, што газета такая можа выйсці... Я не раз думаў, што для беларускага народа даўно патрэбен такі часопіс, які моваю народа, матчынаю моваю, зварачаўся б да яго са словам праўды”. (587).

Якуб Колас праўдзіва адлюстраваў і тое, як інтэлігенцыя, вітаючы выхад газеты, спрыяла распаўсюджанню яе сярод сялянства, і як адгукнуўся беларускі люд на ўпершыню прачытанае сваё роднае слова: “Усё гэта было так нова, так нязвыкла. Найбольш сардэчны водгук на з’яўленне беларускай газеты пачуў ён ад сялян свайго сяла Мікуцічы, куды знарок хадзіў пачытаць людзям напісанае іх простым, родным мужыцкім словам. І сам Лабановіч стаў гарачым і адданым прыхільнікам і прапагандыстам свайго роднага слова, на якім друкавалася газета”. (590).

З нашаніўцаў на старонках трылогіі мы найперш сустракаемся з рэдактарам-выдаўцом Уласюком Мікітам Аляксандравічам, прататыпам якога і быў рэдактар “Нашай нівы” амаль ад пачатку ейнага выхаду да 1914 г. Аляксандр Уласаў. Арыштаваны органамі НКУС у 1939 г., засуджаны на 5 гадоў, згінуў у савецкіх лагерах паводле афіцыйных звестак 11 сакавіка 1941 г. “Адзін з самых вялікіх беларусаў ХХ ст. — жыцьцялюб..., рэдактар першай праўдзіва народнай у Беларусі газэты “Наша ніва”, эканаміст, асьветнік, сэнатар, чалавек, які разам са сваімі аднадумцамі дамагаўся для Беларусі незалежнасьці, вольнасьці”[2], — гэтак пісаў пра Аляксандра Уласава ў чарговую гадавіну ягонай гібелі пісьменнік Уладзімір Содаль.

Стасункі між Я.Коласам і А.Уласавым былі надзвычай плённымі. У біяграфічнай нататцы пра А.Уласава Г.В.Кісялёў падае наступнае: “У 1906 на нелегальным настаўніцкім з’езде ў Мінску пазнаёміўся з Я.Коласам, адразу ацаніў і падтрымаў яго талент. Пасля наведваў паэта ў мінскай турме, клапаціўся пра выданне яго твораў, мяркуюць, што ён быў укладальнікам яго першага зборніка “Песні-жальбы”[3].

Зразумела, па-рознаму намалявана тая першая сустрэча ў мастацкім творы і ва ўспамінах А.Уласава, у ягоным артыкуле, змешчаным у часопісе “Калосьсе” да 20-х угодкаў з пачатку творчасці народнага песняра.

Той з’езд адбываўся “на дачы на Камароўцы”. З добрай доляй гумару А.Уласаў апісвае тое ўражанне, што зрабіў на яго малады паэт. — “Хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларускія вершы фабрыкуець? — Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не саўсім забіты сэмінарскай трафарэтнай вучобай”[4].

Далей А.Уласаў называе Коласа “жамчужным зернем”, згадвае, як у часе сяброўскай вячэры “хлапец пераабразіўся, вочы яго зьзялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы сьпявалі ў яго. Мы ўсе зразумелі, што перад намі — узыходзячая зорка беларускай паэзіі”.

Той нелегальны настаўніцкі з’езд аўтар трылогіі называе “патайной нарадай”, дзе вялася размова пра “барацьбу з самадзяржаўем”. З’яўленне рэдактраў выклікала ўвагу прысутных. Вось як апісаны рэдактар беларускай газеты: “Чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. На выгляд яму можна было даць гадоў за трыццаць... Ні да якой партыі ён не належаў, называў сябе незалежным хутаранінам, хоць цалкам падзяляў праграму беларускай сацыялістычнай грамады” (582).

Шлях, на які скіраваны Уласюк, — гэта культурна-асветніцкая праца. Сярод іншых вылучаецца здольнасцю дасціпна, з гумарам вытлумачыць сутнасць тых рознагалоссяў, што ўзніклі ў часе дыскусіі. Ягоны аповед пра капусныя галоўкі, што, праўда, не “дужа спадабаўся прысутным”, аднак жа ўхвальвае Лабановіч: “Удалы прыклад прывялі вы — аб капусце” (589).

Наогул, тая першая сустрэча Лабановіча з Уласюком — гэта сустрэча блізкіх па духу людзей, якім ёсць пра што пагутарыць, якія жывуць адной справай, кіруюцца адной мэтай: “Служыць беларускаму народу, змагацца за яго грамадскія і нацыянальныя правы, абуджаць яго свядомасць” (589). Размова доўжылася “далёка за поўнач”. Уласюк паўстае гэткім актыўным, дзейсным і разам з тым дабрадушным, жартаўлівым, увесь час смяецца, за кожнай фразай паўтарае сваё заўсёднае “Што?” , якое, аднак, адказу не патрабуе.

З кожнай сустрэчай Уласюк падаецца ўсё менш прывабным. Лабановіч як бы вымушаны па-новаму разгледзець рэдактара, для чаго і партрэтная характарыстыка падаецца яшчэ раз, быццам гэта сустрэча — упершыню: “Высокі, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі. Відаць, перад адзяваннем рэдактар чапляў на вусы навуснікі, а канцы іх, туга нацягнуўшы, завязваў на патыліцы і так хадзіў з гадзіну, каб прыдаць вусам пажаданы для іх выгляд. Уся постаць рэдактара, манера трымацца з людзьмі, капялюш і адзенне сведчылі аб тым, што ў яго быў загадзя надуманы намер рабіць на людзей уражанне, пусціць ім у вочы пыл для большай павагі. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў не малое значэнне. У гутарцы з маладзейшымі людзьмі ён трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, не падобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Пры кожным трапным сказе ці выслоўі сам смяяўся паважным басавітым смехам” (635). У яго, аказваецца, і “рука цяжкая”, і вочы адводзіць убок. Вобраз рэдактара прыніжаецца, чалавек падаецца наскрозь штучным, фальшывым, страчвае тую прывабнасць, што ўзнікае ў чытача ў часе першай сустрэчы. Манернасць, “франтаватасць”, дагледжаныя вусы, належны выгляд якім, “відаць”, надаюць навуснікі — усё гэта не спрыяе з’яўленню прыемнага ўражання ад вобліка героя.

І ўрэшце, зусім карыкатурным падаецца гэты вобраз у часе ранішняй сустрэчы на кватэры. Аўтар “распрануў” свайго героя. Гэткі не зусім этычны прыём: апісвае рэдактара ў часе ягонага “ўрачыстага” выхаду: “Высунуўся Мікіта Аляксандравіч, босы, у адной толькі ніжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала чыгунную тумбу. Нельга было без смеху глядзець на гэтую амаль голую фігуру. Пад носам Уласюка красаваліся навуснікі, канцы якіх былі завязаны на патыліцы” (642).

Пышныя чорныя вусы — “відаць”, скарыстаны навуснікі — і ўрэшце — у навусніках і начной кашулі — гэткую “эвалюцыю” праходзіць апісанне адметнай партрэтнай дэталі ў творы. А між тым, згадайма фотаздымкі Якуба Коласа тых часоў: гэтак жа акуратна дагледжаныя вусы. Пэўна, ведаў, як карыстацца тымі навуснікамі. А якім элегантным выглядаў Янка Купала. Акуратнасць, старанны догляд за сваёй знешнасцю — ці можна лічыць гэта аб’ектам насмешкі?

Аднак жа самую “знішчальную” характарыстыку рэдактару Якуб Колас не ўкладвае ў вусны Лабановіча. Яе “прамаўляе” вельмі непрыемная асоба, панямонец Баўдзей: “Рэдактара Уласюка называў ён абмежаваным прасцяком” (648). Гэта гэткая ж лухта, як і тое, што непатрэбна ні беларуская мова, “калі ёсць дасканалая, развітая руская мова, якую беларусы добра разумеюць”, ні беларуская газета, ні школа, ні тэатр. Недарэмна ж Лабановіч “у злосці” называе гэта “панямонскім баўдзействам” (649).

Думаецца, вельмі няпроста было Якубу Коласу ў гэткім выглядзе маляваць вобраз свайго “першага рэдактара” (С.Белы)[5].

Пэўна ж, памятаў ён зусім іншае: адведзіны ў астрозе, працу ў беларускай школцы, што была арганізавана ізноў жа Уласавым (“Ён быў першым беларускім вучыцелем першай беларускай школы”). Згадваліся, напэўна, і тыя прачулыя словы, што напісаў пра яго першы рэдактар: “Браце Якубе! Можа, прачытаўшы гэта, Ты ўспомніш нашу залатую моладасьць і моладасьць беларускага адраджэньня і наш стары “губернскій горад” Менск. Можа, пішучы аб Табе, я, адышоўшы ад актыўнай работы, стары, ужо ня ўмею трымаць нос па ветру і не ўсім дагаджу: ня прывык я гэтае рабіць... Прайшоў Ты праз жыцьцё, зрываючы, як і маё пакаленьне, мала кветак і многа церняў і турмы. Для мяне ўсё-ж гэта гонар, што я першы Цябе расшукаў — не праз абвесткі ў газетах, а праз лапцяватых мужыкоў! Я — твой хросны бацька...”[6]

Якуб Колас па запрашэнні Уласава шэсць тыдняў у 1907 г. адпрацаваў у “Нашай ніве”. Ягоны герой упершыню уваходзіць у рэдакцыю, як у храм, перажывае, відаць тое ж, што і калісьці сам аўтар: “Нясмела, з некаторым хваляваннем і нават страхам, пераступіў Лабановіч парог дома, дзе была рэдакцыя” (634). Агульнавядома, у якіх цяжкіх матэрыяльных варунках праз амаль увесь час знаходзілася рэдакцыя. І Я.Колас піша пра тое: “Для выдання газеты спецыяльных грошай няма, ... працуюць больш з-за ідэі, чым з-за ганарару” (638). І сапраўды, усе, для каго Адраджэнне Беларусі сталася справай жыцця, працавалі дзеля гэтай ідэі і гэтак жа, як і Лабановіч, любілі сваю газету: “Люблю яе. Люблю ўжо таму, што гэта першая беларуская газета. А самае важнае тое, што яе ахвотна чытаюць простыя людзі, для якіх яна прызначаецца” (641).

“Душою “Нашай нівы”, яе “рухавіком...”, “генератарам” яе ідэй, якія ішлі ў народ і вярталіся ў газету, ... былі найперш браты Іван і Антон Луцкевічы... Іван... усё жыццё ахвяраваў дзеля стварэння Беларускага Музея — яркіх фрагментаў калісьці жывой, але стагоддзямі раскрадзенай культуры. Яго брата Антона прафесійным палітыкам зрабіла жыццё, лёс Бацькаўшчыны. Па сваім прызванні і таленце гэта быў даследчык, эстэтык, публіцыст, літаратурны крытык, лектар і настаўнік”[7], — гэткую, абсалютна праўдзівую характарыстыку дае братам Луцкевічам У.Конан.

На жаль, у тым часе пра ніякую праўдзівую інфармацыю аб гэтых дзеячах Адраджэння нельга было і марыць. Таму гэтыя асобы, выведзеныя праз вобраз Яся і Стафана Ліскоўскіх (адназначна зразумелае гаваркое прозвішча), паўстаюць гэткімі “слізкімі”, “хітрымі”, “няшчырымі” русафобамі, чые погляды скіраваны на захад (якая крамола!), у чые вусны ўкладзены гэткія “знішчальныя” фразы: “Не з азіяцкай жа Расіі ідзе культура!” (643). І таму, канешне ж, “мяжа, што разлучала іх з Лабановічам, засталася непяройдзенай” (644). Але, ізноў жа, самая непрывабная характарыстыка гэтых герояў сыходзіць не ад Лабановіча, а ад таго ж Баўдзея: “Яны проста — іезуіты, са шляхецкаю афарбоўкай. Іх трэба асцерагацца, ... умеюць залезці чалавеку ў душу з тым, каб што-небудзь апаганіць у ёй” (648).

Пэўна ж, нават сама згадка пра гэтых асобаў (згадаем, Іван Луцкевіч памёр ад сухотаў 20 жніўня 1919 г., Антон быў арыштаваны ў Вільні ў 1939 г., асуджаны за “кантррэвалюцыйную” дзейнасць на 8 гадоў, загінуў 23 сакавіка 1942 г.) у часе напісання трылогіі была крамолай. Ці не ўпершыню па іх смерці ў беларускай літаратуры было (хоць гэтак) напісана пра іх і пра “Нашу ніву”.

Літаратура:

1 Я.Колас. Збор твораў у 14 Т. Т. 9. Мн.: Маст літ., 1975. (Далей — цытаты па гэтым выданні, у дужках — старонка).

2 Содаль У. Ізноў Мігаўка ці Апошнія сведкі // Наша ніва. 10 лістапада. 2001. — С. 6.

3 Кісялёў Г.В. Уласаў Аляксандр // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 т. Т. 6. Мн.: Бел. энцыклапедыя, 1995. — С. 121.

4 Уласаў А. Якуб Колас і “Наша ніва” // Калосьсе, 1936. № 5. — С. 297.

5 Белы С. Першы рэдактар Коласа // Літаратура і мастацтва. 18 снежня. 1987. — С.16.

6 Уласаў А. Якуб Колас і “Наша ніва”. — С.297.

7 Конан У. Філасофія і эстэтыка нацыянальнага Адраджэння // Крыніца, 1999. № 4-5. — С.27-28.