Мае нашаніўцы

Петрушкевіч Ала


Біблейскія матывы ў ранніх паэмах Янкі Купалы

БІБЛЕЙСКІЯ МАТЫВЫ Ў РАННІХ ПАЭМАХ ЯНКІ КУПАЛЫ

Да ранніх паэмаў Янкі Купалы традыцыйна адносяць творы рамантычна-баладнага зместу, якія па часе былі створаныя некалькі раней за драматычныя ці фальклорна-рамантычныя паэмы: “Зімою”, “Нікому”, “Калека”, “У Піліпаўку”, “За што?”. У іх, як зазначыў літаратуразнаўца А.А.Лойка, “была … адна вельмі прыкметная для ўсёй беларускай літаратуры пачатку ХХст. навізна – незвычайнасць герояў і абставін, у якія яны ставіліся”[1, c.140].

Гэтыя паэмы нячаста становяцца аб’ектам даследавання літаратуразнаўцаў як менш вартасныя за іншыя творы Купалы паэмнага жанру. Але, відавочна, мае рацыю купалазнаўца Дз.Санюк, калі сцвярджае, што “вельмі незаслужана забыты даследчыкамі раннія паэмы Купалы, дзе сэрца аўтара як бы на далоні, дзе ўвесь паэт – будучы. Такая аголенасць эмоцыі і пачуцця, такая трагічная скіраванасць думкі, што здзіўляешся проста” [2, с.150].

Сюжэт літаральна ўсіх гэтых твораў пазначаны трагізмам. Пакуты герояў, што вядуць да іх смерці, асвечаныя часта матывам усёдаравання, звыштрывання, вялікай пакоры Небу, што вызначыла гэтыя пакуты. Біблейскі матыў беднага Лазара выразна прасочваецца на вобразе галоўнага героя паэмы “Калека”, няшчаснага сіраты Куксы, пра лёс якога даведваемся з ягонага ж аповеду ці, дакладней, праўдзівай споведзі. Якія толькі страты не выпалі на ягоную долю. Але ён не пусціў у сваё сэрца злосці, не ачарсцвела яно, а захавала вялікую спагаду і нават пяшчоту да кожнага, чыю душу крануў смутак. Хрысціянскі зварот да бліжняга як да роднага брата гучыць ужо ў самым пачатку паэмы, калі герой заўважае самоту ў вачох маладога чалавека:

- Што з табою, браце мілы?
Чаму хмуран ты не ў меру?
Дзяцюк гэткі повен сілы!
Як тут даць, здаецца, веру? [3, с26]

З-за уласных нягодаў калека, што страціў нават сваё імя, атрымаўшы зняважлівае – Кукса, не адгарадзіўся ад свету, здольны паспачуваць, добрым словам суцешыць кожнага, паспагадаць у няшчасці. Аўтар называе свайго героя ўбогім ( «убогі, Куксай званы»). Ён якраз з тых убогіх, што праз свае пакуты пазначаны вялікай ласкай і будуць мець валадарства нябеснае.

На прыкладзе паэмы «Калека», як слушна адзначае Дз.Санюк, «разглядаецца адна з самых істотных праблем трагічнай светабудовы, калі жаль і спагада ўвасабляюць дабро. Герой твора сімвалізуе сабою сусветную тугу і трагічны смутак. Ідэя глыбокай спагады, узятая ў сваёй ўсеагульнасці і незалежна ад душэўных станаў, і ёсць тая праўда і справядлівасць, вышэй за якую няма і быць не можа» [4, с.9].

Той жа матыў беднага Лазара сустракаем і ў паэме Янкі Купалы «У Піліпаўку», дзе кожная падзея, як упэўнены героі, адбываецца з Божай волі: раптоўная хвароба маладога хлопца Сымона, які быў адзінай надзеяй-падпорай бацькоў на старасці, спадзеў на выздараўленне, звязаны з нечаканым з'яўленнем доктара ў сялянскай хаце:

Ўжо не чакае сямейка дабра,
Аж тут, як воляю Боскай,
Доктар адзін па дарозе з двара
Ехаў, заехаў і ў вёску. [3, с.42]

Гінуць абодва героі паэмы: сын і бацька, што імкнуўся выратаваць сына, купіць у горадзе лекі. Бацька замярзае, страціўшы ў завірусе дарогу. Смерць героя ўспрымаецца як выратаванне ад няшчаснай долі, ад спрадвечных зямных пакутаў пра такі цяжкі хлеб штодзённы, якім жыве селянін. Клапатлівай маткай паўстае тут мяцеліца, у вусны якой Купала ўкладвае праўдзівую калыханку ля пасцелі роднага дзіцяці:

Спі, мой Сцяпанка, дзіцятка маё,
Я тут тваёй ужо паняй!
Гэткай пасцелі не меў за жыццё,
Ў гэткай – і конь твой і сані. [3, с.44]

У паэме “У Піліпаўку” галоўныя героі “паказаны ў той момант, калі жыццёвая катастрофа – ужо непасрэдна іхні лёс. Купала аб’ядноўвае адначасна канечнае і бясконцае, калі быццё канечнага і ёсць быццё бясконцага. Першае з іх – аснова другога нават тады калі яно ўвасабляе сабой нябыт. Гэта чыста лагічная формула трагічнага выражае дыялектыку самога жыцця, калі мастак не можа паказаць шчаслівага зыходу падзей” [4, с.9].

Біблейскі матыў граху і пакарання магутна прагучаў у ранняй паэме “Адплата кахання”, асноўны сэнсавы матыў якой – нікому: нікому не дасталася прыгажуня паненка Зося Лаўчынская, а толькі сырой зямлі. Смяротны грэх забойства ўчынены братам Зосі панам Лаўчынскім, у аснове чаго – абражанае пачуццё шляхецкага гонару, саслоўнай пыхі. Гэткім чынам пан Лаўчынскі пратэстуе супраць кахання ягонай сястры да сялянскага хлопца Янкі Лявончыка. Ужо праз гучанне імёнаў галоўных герояў Янка Купала падкрэслівае сацыяльную няроўнасць, тую мяжу-прорву, што раздзяляе іх: “Янук, сын мужыцкі, а Зоф’я, шляхцянка” [ 3, с.34].

Зняважаны шляхецкі гонар рухае панам Лаўчынскім, вядзе яго да смяротнага граху:

Як можна? Шляхцянка – род панскі, косць з косці,–
З мужыцкай крывёю змяшаціся хоча!
На свет паказаці не будзе як вочаў.
Той Янка, хамула, паненку абыме…[3, с.35]

Стан героя блізкі да вар’яцтва. Ён не знаходзіць сабе месца, у сэрцы палае чорны агонь нянавісці, злосці. У вобліку гэтага чалавека увасабляецца само бязмежнае зло, якое патрабуе выйсця:

Страшэннаю помстай палае блюзнерца,
Як ноч на пакровы, – сам чорны і сэрца;
Не бачыць ён свету, ні праўды, ні Бога,
Не хоча ўжо знаці нікога, нічога,
Ўсё ходзіць па хаце, шалее са злосці. [3 , с.35]

Як вырак, як прысуд, падсказаны злой сілай, у душы героя вырастае помста: “Смерць яго ўперад з зямлі гэтай прыме”.

Само Неба пратэстуе супраць гэтага крывавага граху, імкнучыся адвесці бяду, вярнуць грэшніка, які ступіў на страшны, бязбожны шлях:

А хмары па небе ішлі і стагналі
І як бы бязбожніку грозна крычалі:
Апомніся, грэшны, вярніся дадому!
Аб гэтым ноч-маці не скажа нікому [ 3, с.35]

Герою як бы даецца шанец, яго яшчэ раз, апошні, папярэджваюць, просяць вярнуцца. Але ён не выкарыстоўвае гэтага шанцу, ідзе да канца ў сваім жахлівым рашэнні. Помста – разбуральнае пачуццё, што губіць чалавечую душу. Пан Лаўчынскі пакараны невыноснай пакутай: душэўныя мукі не даюць яму спакою:

Ці ж добра, ці ж лёгка? Эй, пане, эй, мсцівы!
Што Янка у пуні згарэў нешчаслівы?[ 3, с.38]

Таемны голас, што без супынку гучыць у скалечанай грахом душы пана Лаўчынскага, – гэта голас сумлення. Хоць ён, і сапраўды, тыран, але гэты голас гучыць несціхана. Вобраз ахвяры, маладога хлопца, і ягонай няшчаснай маці, якая праз гэтую невыносную страту вымушана стаць жабрачкай, паўстаюць прад вачыма пана. Ды ўсё ж аднойчы ўчынены грэх, як сцвярджае аўтар, губіць чалавечае сумленне, пазбаўляе забойцу ўсялякай спагады, становіцца першым звяном у ланцугу смяротных грахоў:

Але грызць сумленне ці ж можа тырана?
Раз толькі надумаўся збродню ўчыніці,
Ахвяру праз помсту са свету згубіці,
То пэўна, што плакаць па збродні не будзе:
Не будзе йсці роўна, хто раз ужо зблудзе. [3, с.38]

Купала параўноўвае пана Лаўчынскага са зверам, бо страціў той сваю чалавечую сутнасць, загубіў праз страшны грэх душу. Таму і пакараны страшнай карай – вар'яцтвам.

Матыў непазбежнасці расплаты, пакарання за грэшнае жыццё гэтак жа яскрава адлюстраваны і ў паэме «Нікому», сэнсава блізкай да паэмы «Адплата кахання», дзе таксама выразна гучыць матыў нікому:

Хоць згнію ў астрозе
Ці ў віры на дне, –
Няхай жа не будзе
Ні пану, ні мне! [3, с.23]

Такое рашэнне прымае герой паэмы сялянскі хлопец Тамаш, ратуючы чалавечую, жаночую годнасць сваёй нарачонай прыгажуні Алены, ужо жонкі, якую з вясельнай бяседы імкнецца забраць панская хеўра, карыстаючы з ганебнага права першай шлюбнай ночы, узаконенага за прыгонам. Трагічнае ў гэтых паэмах «праз ярка выражаны сацыяльны канфлікт набывае характар гістарычна канкрэтнай катэгорыі, дзе палярызацыя антаганічных сілаў відавочная. Паэт імкнецца пераадолець межы чыста гістарычнага бачання свету і выйсці на шырокую прастору духоўнай экзістэнцыянальнай праблематыкі» [4, с.10].

Высокая духоўнасць чалавека, прадстаўніка спрадвечнага роду беларусаў-земляробаў, ягонае трыванне, пакора, а ў хвіліны вялікага гвалту і ўменне паказаць сваю моц, выстаяць супраць зла і сёння прываблівае ў ранніх паэмах Янкі Купалы, з якіх пачынаўся ўзыход да класічных твораў паэтычнага эпасу.

Літаратура:

1. Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч.2. Мн.: Выш. шк., 1989. – 480с.

2. Купала Янка. Поўны збор твораў: У 9 т. Т. 6. Паэмы, пераклады. Мн.: Маст. літ., 1999. – 430 с.

3. Санюк Дз. Эстэтыка творчасці Янкі Купалы. Мн.: Бел. Кнігазбор, 2000. – 212 с.

4. Санюк З.К. Трагічнае ў дакастрычніцкай творчасці Янкі Купалы. Аўтарэферат на спашуканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук. Мн. – 23 с.