Мае нашаніўцы

Петрушкевіч Ала


Вобраз старца ў п’есе Янкі Купалы «Раскіданае гняздо»

У ацэнцы драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» наша літаратуразнаўства ўжо даўно схілілася да вызначэння яе сутнасці як твора рамантыка-сімвалічнага, глыбока філасофскага, дзе ўздымаюцца адвечныя праблемы дабра і зла, шчасця і нядолі, пошукаў будудчыні, дзе аўтар паказаў мноства шляхоў, якія выбіраюць для сябе беларусы [1]. Вядомы і той рэальны грунт, які выспеліў гэты твор, адсюль — ягоны «моцны рэалістычны пласт» (П.Васючэнка).

П’еса вылучаецца і тым, што сярод вобразаў-персанажаў нельга выдзеліць галоўнага, у кожнага — свая асабістая, і ў той жа час тыповая, надзвычай балючая жыццёвая драма, у кожнага — свой выбар, свой шлях. І ў гэтым плане вобраз Старца, які з’яўляецца ў п’есе толькі два разы, на яе пачатку і ў фінале, ёсць гэткім жа значным, як і тых герояў, з якімі сустракаемся праз увесь твор. Старац якраз і ёсць жывым увасабленнем таго нялёгкага шляху — жабрацтва, на які ўрэшце становіцца маці Марыля з малодшымі дзецьмі, але і спрадвечнай народнай мудрасці, носьбітам хрысціянскіх ідэяў дабра, трываласці, даравання.

Старац — гэта і ягоны сацыяльны статус, і адначасна — імя. Імя, дадзенае ад нараджэння, даўно ўжо страчанае праз бясконцыя вандроўкі. Яно засталося дзесьці ў мінулым, ужо быццам і не рэальным, дзе засталіся сям’я, хата, зямля. Няма той супольнасці, дзе б неабходна было вылучаць яго сярод іншых, называць па імені. Ён не звязаны з іншымі людзьмі тымі шматлікімі сувязямі, якімі звязаны кожны, хто мае працу, сям’ю, дом. Старац як бы па-за ўсім гэтым, таму яму непатрэбны асабісты знак — імя. І ў гэтым плане ён — вольны. І ад імя, і ад людзей. Але — залежны ад іх міласэрнасці і спагады, бо «усяляк бывае… Хто хлебам, хто каменнем, а кожны нечым ды кіне» [2, с.208]. Тут Купала абыгрывае біблейскае: «Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?» (Мацвея, 7х9). Ці не адсюль — тыя беды, што адбываюцца з светам і людзьмі, якія адкінулі высокі маральны закон, дадзены чалавецтву праз Біблію?

Старац пачынае п’есу, яму дадзена першае слова. І гэтае слова — «так». Не адмаўляе, сцвярджае. Слова не толькі спрадвечнай беларускай згоды, але і сцверджання свайго. Што ж сваё ужо тут, у першай рэпліцы, сцвярджае герой? Усёпераможную сутнасць дабра: «Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе» [2, с.205]. Праўда, пры адной умове: «Ніколі не трэба здавацца». Таму ніяк нельга пагадзіцца з тым, што філасофія Старца — філасофія ўдаванага заспакаення, улагоджвання, цярпімасці» [3, с.199]. Бо якраз супраць гэтага — цярпімасці да няпраўды, духоўнага гвалту — скіраваны адзін з самых палымяных ягоных маналогаў, што гучыць як «магутны маніфест» (Дз.Санюк), у якім звяртаецца да моладзі («Нам, старым, іншае рэч: мы не жывём, а толькі дажываем» [2, с.258]), тых, хто стаіць на парозе сваёй будудчыні, хто выбірае свой шлях, хто мае сілы: «Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавеча! Ганьба таму!» [2, с.258]. Шматкроць паўторанае, глыбока прачутае, выгукнутае з усёй сілай пачуцця (клічная інтанацыя) «Ганьба таму!» — хіба гэта не ёсць шчырай і ўпэўненай падтрымкай тым, хто здольны «нечага шукаць, нечага дабівацца». Мяркуем, несправядліва лічыць, што гэта — «яго павучальныя тырады — фікцыя, падманны рыгарызм, звычайны папулізм, разлічаны на слабых духам людзей…» [3, с.199]. Маналог разлічаны на падтрымку найперш Сымона, сына Зяблікаў, які шукае сваё, хай нават памыляецца, але — не сядзіць склаўшы рукі і не жадае іх апусціўшы пакорна ісці ўслед за маці. «Старцу — як сцвярджае Дз.Санюк, — блізкае імкненне Сымона да дабра і шчасця, калі герой хоча змяніць несправядлівае грамадства з яго воўчымі законамі» [4, с.108].

Відаць, і сам Старац калісьці шукаў іншых шляхоў, каб гэтак жа смела і адчайна бараніць сваё. Але, пэўна ж, жыццё ўзяло яго «ў свае лапы». І калі ён гаворыць, што «не такія яшчэ дужыя і смелыя здаюцца на яго ласку і няласку», то, пэўна, згадваючы і сваё.

«Я сам быў маладым!» — гэта не проста згадка пра адляцеўшую маладосць. Гэта сцверджанне далучанасці, хай і ў мінулым, Старца да справаў тых, хто, як ён кажа, імкнецца «не папусціцца». Падкрэслім, «адвага наша — адно… Не твая, а — наша. Не адлучае сябе, колішняга, а ў душы і цяперашняга, ад маладых, смелых і адважных.

Падказваючы Сымону, павучае яго мудра, імкнучыся схіліць да роздуму. Большасць даследчыкаў якраз і падкрэсліваюць мудрасць героя як адну з самых уласцівых яму рысаў: «Старац — купалаўскае ўвасабленне адвечнай мудрасці» (А.А.Лойка), «мудрэц з народнага асяроддзя» (Дз.Санюк), «з мудрай разважлівасцю выслухоўвае ўсе навіны» (П.Васючэнка), «Старац, дасведчаны чалавек, нясе людзям векавую народную мудрасць» (А.В.Сабалеўскі). Сама мова героя, перанасычаная прыказкамі, фразеалагізмамі, сведчыць пра яго сапраўды народную мудрасць.

Тактоўнасць, уменне выслухаць суразмоўцу, павага да думкі іншых, — хай нават цалкам супрацьлеглай ягоным поглядам, — хіба гэта адзнакі «ідэалогіі ўступніцтва, мяккасці» (В.Максімовіч)? Прымаючы думку іншых, ён не змяняе сваёй, паважаючы выбар іншых, застаецца ізноў жа пры сваім.

Чаму Старац ужо ў першым сваім маналогу «расхвальвае» сваё жабрачае жыццё: «Жыву сабе і гора ніякага не знаю. Торбачкі за плечы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе, як ні ў чым не бывала, па дарожках-пуцявінках» [2, с.205]. Ці сапраўды, як сцвярджае П.Васючэнка, «ідэалізуе сваё становішча жабрака, вечнага вандроўніка, … каб суцешыць Зяблікаў, прымірыць іх з вымушаным выбарам»? Ці, як лічыць В.Максімовіч, «герой выглядае вялікім ідэалістам, самападманнікам, калі празмерна ідэалізуе сваё становішча жабрака, вечнага вандроўніка»? Як падаецца, нельга цалкам прыняць першага доваду, бо з гэтай «ідэалізацыяй» упершыню мы сустракаемся, паўторымся, ужо ў першым маналогу п’есы, калі жывым быў яшчэ гаспадар і жабрацтва Зяблікаў было яшчэ не гэткай пэўнай перспектывай. Тым больш нельга прыняць другое. Занадта мудры, разважлівы наш герой, каб падманваць сябе. За гэтым ягоным маналогам бачыцца нам і прыхаваная скруха, і тая ж магутная самаіронія, смех скрозь слёзы, якою дасканала валодаў Купала, скарыстаўшы ўжо ў першым сваім надрукаваным вершы «Мужык». Наіўную фразу юнага яшчэ Данілкі: «Вось табе дык добра, дзедка,: з адной хаты выкінуць, дык у другую пойдзеш», — пакідае без адказу: кожнаму павінна быць зразумела, як гэта добра.

Так, Старац прымае жабрацтва для сябе, бо ўсяго толькі «дажывае», а не жыве на белым свеце. Іншых жа на гэты шлях не кліча (такіх заклікаў у п’есе няма), але не адмаўляецца ўзяць з сабою, калі героі ўжо падрыхтаваны да такога няпростага кроку. Гэтак, як не адмаўляе нікому ў малітве: «Я за ўсіх малюся». Таму нельга згадзіцца з А.А.Лойкам: «І першы, і другі (Старац і Незнаёмы) гавораць на раскіданым сялянскім гняздзе адно і тое ж: агітуюць» [1, с.201]. Старац якраз і не агітуе. Падказвае, радзіць, аналізуе, прыгадвае, прадказвае. Бо галоўнае ў ягонай філасофіі жыццёвай мудрасці — не перашкаджаць чалавеку выбраць свой шлях і самому прайсці па ім. «Чалавек мусіць сам, без прынукі і націску, рабіць свой выбар іначай значнасць гэтага выбару абясцэньваецца» [1, с.142], — слушна даводзіць П.Васючэнка. Больш за тое, «калі чалавек выбраў нават служэнне злу — то на гэта яго права і яго воля. І нельга насіллем павярнуць чалавека да дабра, бо гэта толькі выкліча за сабой зло яшчэ большае... Старац ніколі не будзе адбіраць волю ў чалавека, які сцвярджае сваю самастойнасць праз пошукі невядомага, так як гэта робіць Сымон» [4, с.108].

Ці можна сцвярджаць, што «Старац пазбаўлены не толькі духоўнай радзімы, але, як аказваецца, і радзімы увогуле», як піша пра тое В.Максімовіч і працягвае: «Так яму зручней». Герой, як нам падаецца, з вялікай скрухай згадвае, што і сам — «з такога гнязда». З раскіданага, зруйнаванага. Ці была ў тым ягоная віна? Гэтак жа, як віна кожнага з сям’і Зяблікаў. Гэта вялікая бяда, няшчасце, трагедыя для земляроба — страта ўласнай зямлі, хаты. Тое гняздо, радзіма, жыве ў памяці Старца, у ягоным сэрцы, таму няшчасце Зяблікаў яму зразумелае герою: «Гняздо раскідалался, і птушкі разбегліся якая дзе-куды. Ведаю, ведаю! Сам я з такога гнязда» [2, c.254]. У чым жа зручнасць? Нічога не мець — значыць, нічога не страціць? Ці можна літаральна ўспрымаць словы Старца: «Добра мне так. Смачна ем, спакойна сплю. Ведаю, што не абкрадзе мяне злодзей, не аграбіць разбойнік» [2, с.255]. Хіба гэта не смех скрозь слёзы? І хіба нельга верыць у ягоную шчырасць, калі герой, спачуваючы Зяблікам, кажа: «Дрэнна, вельмі дрэнна… Свайго не меўшы, — трэба легчы спаць не еўшы» [2, с.205]. Пэўна, гэтак «лёгка», не еўшы, і даводзілася неаднойчы класціся спаць нашаму герою.

Старац добра разумее, што «сіла людская не заўсёды на дабро ідзе». Гэтым папярэджвае ад культу сілы, «ад празмернай актыўнасці ў сваіх дзеяннях, калі, — як піша З.Санюк, — губляецца ясная перспектыва і знікае ўсялякая мяжа паміж дабром і злом» [4, с.108].

Тое ж, што Старац «не здольны… паспачуваць шчыра, па-сапраўднаму», В.Максімовіч перакрэслівае сам, вышэй гаворачы пра «жаданне зразумець кожнага і адгукнуцца на яго боль, і здольнасць захапіцца чалавекам і пашкадаваць яго, … шчыра жадаючы дабра абяздоленым і прыніжаным» [3, с.199]. Аўтар артыкула вяртаецца да ўжо адкінутага параўнання-супастаўлення вобразу Старца з горкаўскім Лукой з п’есы «На дне», якое актыўна выкарыстоўвалася ў мінулыя часы савецкага літаратуразнаўства.

Для маці Марылі Старац — чалавек блізкі, зразумелы. І лёс ягоны гэткі ж, як у іхняй сям’і. Колісь меў і зямлю, і гняздо. Ён не нейкі, невядома адкуль прышлы, без роду і племені — незнаёмы. Таму і ісці за ім, сваім чалавекам, хай нават у свет, у жабракі — не так страшна.

Шлях жабрацтва асабліва выразна паўстае перад асірацелай сям’ёй пасля самагубства Лявона. Марыля шые торбы. Адбываецца гэта якраз у сярэдзіне п’есы, у трэцім акце. Шые, прычытаючы. А прычытанне тое — як на хаўтурах. Бо, рыхтуючыся да жабрацтва, развітваецца з ранейшым ладам жыцця, хавае, як у магілу, свае ранейшыя спадзяванні. У яе маналогу — нараканне на долю-долечку, на бяду, якая гэтак раптоўна звалілася на няшчасную сям’ю. Мова рытмізаваная, скарыстаны поўторы, словы з памяншальна-ласкальным значэннем. Маці Марыля галосіць на праўдзівай магіле — сваім зруйнаваным гняздзе: «Не судзіла долечка скарыстаць з свайго дабрыца, як усе добрыя людзі карыстаюць. Падумаць толькі! Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі… па Грамніцах кросны паставіла… колькі сценак наткала… На кашулі сабе, нябожчыку і дзеткам ткала. Звалілася бяда, і ўсё пайшло марна: заместа кашуль — торбы шыю! Эх! эх! Сабе і дзецям — жабрацкія торбы» [2, с.232].

Відаць, маці ўжо ўнутрана падрыхтавана да жабрацтва. Пэўнага рашэння яшчэ няма. (Пра тое ж і Зоська: «Мы яшчэ не жабракі, мамка!») А торбы шые. Бо заўсёды беларусы былі практычнымі, запаслівымі, прадбачлівымі, імкнуліся падрыхтавацца і да добрага, і да благога. Марыля шые торбы гэтак, як беларускія жанчыны спрадвеку рыхтавалі сабе строі ў апошні шлях, каб не перакладаць гэты клопат на іншых, каб застала бяда знянацку. Вось ужо сапраўды: «Не заракайся ад турмы і ад сумы». Шые на ўсялякі выпадак. На вельмі нават верагодны выпадак. І калі торбы пашытыя, то яны абавязкова некалі прыдадуцца. Гэта як стрэльба, што ў пачатку п’есы вісіць на сцяне, а ў канцы — павінна выстраліць. Шлях жабрацтва для найбольш неабароненай часткі сям’і — прадвызначаны. Маці ведае гэта: «Не сягоння, то заўтра, пазаўтра будзем імі» (жабракамі).

Актуальна, як прароцтва, гучаць словы Страца: «Аб торбах не павінны забывацца нават і тыя, што на пасадах сядзяць» [2, с.261].

Зяблікі збіраюцца жабраваць толькі тады, калі ўжо невыносна болей заставацца. Калі гняздо разбурана дашчэнту, калі з боку маёнтка шугае полымя. Страшная, чорная восеньская ноч. Вар’яцкія гавэнды Зоські дадаюць і без таго жудаснай карціне сыходны, апакаліптычны настрой. Усё ахутана цемрай, жахам, безвыходнасцю. Хіба не мае рацыі Старац: «Скаранне Божае валіцца на гэтую зямлю няшчасную… Вялікім горам і зніштажэннем кожны тут куток ваш напоўнен»? [2, с.260]. Адчуванні герояў — адпаведныя: «Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху» (Данілка), «Сілачкі мае не хапае далей тут гібець» (Марыля). Так, тут ужо — не жыццё. Гібенне. Смерць. Іншага выбару для іх — старой, хворай, змарнаванай нялёгкай доляй кабеты і малых дзяцей — няма. Жабрацтва — выйсце ў безвыходнасць.

Няхай нават жабрацтва «ў нечым сімвалізуе тут разняволенасць» (П.Васючэнка), але гэтая разняволенасць — для маладога мастака, які прагне новага, нязведанага, для Данілкі. Не для маці Марылі, гаспадыні, жанчыны паважанага веку.

Жабрацтва здольна разбэсціць чалавека, ператварыць яго ў раба, праз пастаяннае прыніжэнне (згадаем вобразы жабракоў з драматычнай аповесці М.Гарэцкага «Антон» ці з паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка»), няздольнасць ды і няўменне інакш зарабляць на хлеб, калі нараджэнне здаровага, без яўнага калецтва, дзіцяці лічыцца бядой, якую ж трэба выправіць, што вядзе да абсурдных, пачварна-жудасных учынкаў (як у апавяданні З.Бядулі «Ашчаслівіла»).

Ці змогуць гэтыя аднесеныя ветрам беларусы сабрацца на сваім вялікім сходзе, знайсці калісьці сваю новую зямлю? Надта ўжо няпэўная перспектыва ў іх шляхах. Зрабіцца жабраком, страціўшы ўсё, лёгка. А вось праз жабрацтва, якое павінна хоць бы захаваць жыццё, ці здольны будуць юныя беларусы стаць на свае ногі, стаць гаспадарамі, з маленства просячы міластыню? Тым больш страшным і няпэўным выглядае іншы шлях, куды ідуць Сымон і Зоська — шлях скрозь цемру, дзе могуць тварыцца, як кажа Незнаёмы, «вельмі і вельмі страшэнныя рэчы».

У канцы п’есы Сымон з Зоськай знікаюць у цемры, а Старац выводзіць Марылю з малодшымі дзецьмі з гэтай страшнай ночы. Ён ідзе наперадзе. І ў літаральным, і ў пераносным сэнсе: ягоная бяда — жабрацтва — прыйшла да яго раней. Ён навучыўся жыць з ёю. І ў гэтым для яго — чалавека, які дажывае — выратаванне. Але для тых, хто стаіць перад будучыняй — выпрабаванне. І вельмі нават небяспечнае. Выпрабаванне на тое, каб не страціць у бясконцых вандроўках сябе, не стаць проста старцамі на сваёй зямлі. Жабракі, пэўна, напачатку вымушана, а пасля ўжо неяк машынальна ўсё скіроўваюць на адно — як напоўніць свае торбы. Чалавек траціць вельмі важную часцінку сваёй душы, перастаўшы ўспрымаць прыгожае як самакаштоўнасць, калі ўсё, нават найдалікатныя сімвалы красы — кветкі — прышпільваюцца да торбы — каб болей кідалі. Гэта вялікая небяспека: адмова ад красы, як спажытку духоўнага дзеля спажытку матэрыяльнага.

Рознавектарныя шляхі беларусаў, сыход са сваёй зямлі — ці не ёсць гэта пачаткам канца? Куды падаліся беларусы са свайго раскіданага гнязда? Ці не шукаюць яны свайго ў чужым? У забароненым за саветамі вершы «Перад будучыняй» (1922), Я.Купала ўздымаў тыя ж пытанні пра гістарычныя шляхі беларусаў, са скрухай пісаў пра духоўнае і матэрыяльнае жабрацтва, няздольнасць стаць гаспадарамі на сваёй зямлі:

З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у свет — скрозь неўпапад…

Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.

Літаратура:

1. Гл. Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч.2. — Мн., 1989. — С.196; Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы: Вопыт сучаснага прачытання. — Мн., 1994. — С.126.

2. Купала Я. Поўны збор твораў у 9 т. Т.7. Драматычныя паэмы і п’есы. — Мн., 2001.

3. Максімовіч В. Па шляху абнаўлення // Полымя. — 2003. — № 4.

4. Санюк Дз. Сілы смерці і нябыту // Першацвет. — 1993. — № 1.