Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага

Гісторыя газэтаў "Бацькаўшчына" й "Беларус" (1947—2000)

Юрэвіч Лявон


Бацькаўшчына

Пасьля капітуляцыі Нямеччыны пытаньне ўласнае прэсы стаяла ня менш востра. Гэтак, «Беларускія Навіны»2 ў артыкуле «Заданьні беларускай эміграцыі» пісалі: «Сяньняшняя наша эміграцыя знаходзіцца абсалютна без друкаванага беларускага слова. У Амэрыцы, дзе найвальней, чымсь ва ўсякай іншай частцы сяньняшняга сьвету, стаіць справа з друкам, з паперай, маглі б надаслаць сваю прэсу, свае газэты ды праз агалошаньні ў іх памаглі б зьвязацца многім нашым новым эмігрантам са сваімі роднымі, сваякамі, прыяцелямі ў Амэрыцы» 3.

Сапраўды, у 1945 г. друку бадай не было — наўрад ці да яго можна залічыць рукапісныя выданьні накладам у адзін-два асобнікі. У 1946 г., тым больш у 1947—1948 гг. друкаваных лісткоў, бюлетэняў, часапісаў паболела: «Адгалоскі» (Нямеччына, выд. Мікола Панькоў. 1945 — наклад 1—2 асобнікі); «Ahladиyk» (Нямеччына, выд. М. Панькоў. 1946 — 3—8 ас.); «Беларускі Скаўт» (Ватэнштэт, выд. Хведар Ільляшэвіч. 1946— 150—300 ас.); «БІС» (Міхэльсдорф, выд. Юрка Віцьбіч. 1946— 20—30 ас.); «Ведамкі» (Рэгенсбург, выд. Антон Адамовіч, Аляксей Вініцкі. 1946 — 100—200 ас.); «Зь Беларускага Жыцьця ў Аўстрыі» (Зальцбург, выд. Алесь Салавей, Уладзімер Дудзіцкі. 1946 — 75 ас.); «Рух» (Ватэнштэт, выд. Станіслаў Станкевіч. 1946 — 250 ас.); «Шляхам Жыцьця» (Ватэнштэт, выд. Хведар Ільляшэвіч. 1946 — 200—500 ас.); «Шыпшына» (Міхэльсдорф, выд. Юрка Віцьбіч. 1946 — 200—600 ас.); «Adradћeсnie» (Рэгенсбург, выд. Янка Чарнэцкі, Станіслаў Грынкевіч, Юры Попка. 1947 — 250 ас.); «Беларуская Воля» (Гарміш, выд. Яўхім Кіпель, Сымон Жамойда. 1947 — 100—200 ас.); «Беларуская Праўда» (Льеж, выд. Уладзіслаў Рыжы-Рыскі. 1947 — 500 ас.); «Ганец» (Міхэльсдорф, выд. Алесь Бута. 1947 — 100 ас.); «Голас Беларусоў» (Грунвальд—Шлезьвіг, выд. Сяргей Хмара. 1947— 100—150); «Апошнія Весткі» (Ватэнштэт, выд.: Хведар Ільляшэвіч. 1948 — 350—500 ас.); «Беларускі Веставы Лісток» (Заўльгаў, выд. Віктар Войтанка. 1948 — 100 ас.); «Вясна» (Мітэнвальд, выд. Мікалай Сардэчанка. 1948 — 100 ас.); «Дзіда» (Міхэльсдорф, выд. Антон Даніловіч. 1948 — 200—300 ас.)4.

Рукапісныя выданьні рабіў М. Панькоў — «Алярм», «Атава», «Выгнанец», «Далі», «За Волю», «Кагарка», «Мэта», «Нарач», «Раздарожжа», «У Паходзе»; насьценную газэту «Беларуска» выпускала ў Парыжы Ніна Раса (Абрамчык) 5. Зразумела, наклады ў падобных газэтаў і часапісаў былі мізэрныя, і значная частка зь іх ня ўлічаная ў бібліяграфіі Кіпеляў. Бальшыня выданьняў былі рататарнымі — «Беларус на Чужыне» (Лёндан, a. Аляксандар Надсан), «Праваслаўны Беларус» (Білефэльд, выд. Кастусь Якуб-Птах), «За Еднасьць» (Заўльгаў, Янка Макарэвіч), «Летапіс» (Фленсбург, выд. Леанід Галяк). Толькі лічаныя зь іх — такія як «Божым Шляхам» (Парыж, выд. a. Леў Гарошка), «Сакавік» (Остэргофэн, Антон Адамовіч) — былі друкаваныя. Неабходна таксама зазначыць, што немалая колькасьць часапісаў пасьля першага нумару болей ня выйшла.

Асноўную частку сярод пэрыёдыкаў займалі часапісы, што тлумачыцца варункамі эміграцыі. Выданьне газэтаў вымагала сталага фінансаваньня й штату супрацоўнікаў, тады як часапісы друкаваліся не ў залежнасьці ад пэрыядычнасьці, а па меры знаходжаньня грошай і збору матэрыялаў.

Былі прычыны й чыста тэхнічнага характару, абумоўленыя памерамі «часапіснага» ліста. Рататар быў дапасаваны да пэўнага памеру, і газэту нельга было выдаваць на ім. Апроч таго не ставала кірылічных шрыфтоў, а для рататару можна было друкаваць на кірылічнай машынцы.

Новыя эмігранцкія выданьні ня мелі сваёй перадгісторыі, і ўсе пачыналі з заваёўваньня сабе імя, чытацкай увагі, а значыць і фінансавай дапамогі. «Бацькаўшчына» была толькі адным з цэлага шэрагу выданьняў, і ёй трэба было прайсьці цяжкі шлях, перш як стаць галоўнай газэтай эміграцыі.

Адметнасьць эміграцыйнай пэрыёдыкі — у параўнаньні зь беларускімі савецкімі друкамі і з акупацыйнымі — у ейнай шматпартыйнасьці пры агульным нацыянальным характары. Гэта ня толькі разнастайныя выданьні БНР ці БЦР, але й друкі Беларускага Вызвольнага Фронту, Беларускага Вызвольнага Руху, Саюзу Беларускіх Патрыётаў, Беларускага Нацыянальна га Цэнтру, Беларускай Незалежніцкай Партыі, Беларускага Антыбальшавіцкага Фронту, Рэвалюцыйнага Нацыянальнага Руху, Нацыянальнага Блёку Абароны Незалежнасьці й Непадзель насьці Беларусі, Дэмакратычнай Беларускай Групы, шматлікія «незалежніцкія» й «незалежныя» часапісы. Стацца агульнаю газэтаю, якая б усіх аб'ядноўвала, было таксама няпроста.

Сытуацыя з ДП-прэсаю была тоеснаю для розных нацыянальных грамадзтваў, але колькасьць друкаў і іхны наклад былі розныя. Вось троху параўнальнай статыстыкі: эстонцы ў 1945—1950 выдалі 34 розныя газэты й часапісы, літоўцы — 142, палякі — 125, украінцы — 232 назовы6.

Агульны наклад найбольш важных часапісаў і газэтаў з 1945 да 1950 гг. дасягнуў 65 082 000 асобнікаў 7: ІІ

Зьяўленьню «Бацькаўшчыны» ў паваеннай Нямеччыне папярэднічала паўстаньне некалькіх арганізацыяў. Адна зь іх — Беларускі камітэт на Амэрыканскую зону, заснаваны 6 чэрвеня 1945 г. у Рэгенсбургу. Мэтай новапаўсталай арганізацыі было аказаньне дапамогі эмігрантам, што апынуліся пад пагрозаю прымусовага вяртаньня ў СССР. Камітэт таксама вёў працу і па адукаваньні амэрыканскіх акупацыйных уладаў, у якіх не было ведаў ні пра гісторыю Беларусі, ні пра ейны тагачасны паняволены стан. Яны нават ня ведалі, дзе знаходзіцца на мапе Беларусь. З адукацыйнай мэтай Камітэтам пісаліся розныя мэмарандумы й гістарычныя даведкі. Падобная дзейнасьць натуральным чынам прыцягвала да сябе адпаведных людзей, і неўзабаве ў Камітэце, што складаўся з трох пакояў — канцылярыі, кабінэту старшыні й пакою для наведнікаў — можна было спаткаць Францішка Кушаля й Натальлю Арсеньневу, Яна Станкевіча, Міхася Міцкевіча, Аўгена Каханоўскага (Калубовіча), тых людзей, што неўзабаве запачаткуюць газэту «Бацькаўшчына» й стануць ейнымі рэдактарамі, аўтарамі, выдаўцамі. Афіцыйныя асобы Камітэту, абраныя на сходзе ў ліпені 1945 г.: фактычны арганізатар і старшыня Камітэту, былы бурмістар Аляксандар Русак — пазьнейшы кіраўнік прадстаўніцтва БЦР у ЗША, Аляксей Вініцкі, Васіль Кендыш9 — таксама доўгі час будуць працаваць у газэце адміністратарамі або скарбнікамі.

Тым часам у Нямеччыне кардынальна мянялася сытуацыя з друкам. Першыя публікацыі ў лягерах для перамешчаных асобаў — ДП (displaced persons) зьявіліся ў 1945 г. і існавалі безь якіх-кольвечы юрыдычных базаў, палягаючы адно на лібэральных амэрыканскіх дэмакратычных прынцыпах. Зрэдку дазвол на публікацыю выдавалі вайскоўцы ці чыноўнікі з ЮНРРА10. Але ў хуткім часе ўсе зразумелі, што сытуацыя выходзіць з-пад кантролю: усё больш друкавалася публікатак, за зьместам і скіраванасьцю якіх улады прасачыць проста не пасьпявалі, а пры неабходнасьці пакараньня не маглі знайсьці адказнага.

Пачатковым крокам у стварэньні прававой базы ДП-друку стала адмысловая пастанова кіраўніцтва ЮНРРА ў кастрычні ку 1946 г. У дакумэнце, у прыватнасьці, зазначалася, што кожная нацыянальная група ў амэрыканскай зоне будзе мець ня больш за чатыры газэты й два часапісы, уводзілася сыстэма ліцэнзіяў, якія меліся выдавацца амэрыканскімі ўладамі. Выданьні, што ня мелі падобнай ліцэнзіі, мусілі самаліквідавац ца. Першая ліцэнзія была выдадзеная 12 траўня прадстаўнікам шэрагу нацыянальнасьцяў: эстонцам, палякам, украінцам, летувісам, латышам, уцекачам зь Югаславіі.

Зразумела, у новых умовах нацыянальныя арганізацыі ДП мусілі аб'яднацца дзеля ўзаемадапамогі й выпрацоўкі агульнае стратэгіі. Гэтак паўстала іншая арганізацыя, што паспрыяла зьяўленьню газэты; ёю стаўся заснаваны 27 лютага 1947 г. Саюз Свабоднай Прэсы (Verband der Freien Presse), узначалены ўкраінцам Раманам Ільніцкім.

Ва ўстаноўчым сходзе ўзялі ўдзел 45 прадстаўнікоў ад 22 выданьняў — украінцы, літоўцы, эстонцы, латышы, палякі, харваты, сэрбы. Беларусы прысутнічалі ад самага пачатку, але афіцыйна далучыліся толькі ў 1948 г. Мэты Саюзу былі практычныя: дамагацца справядлівага падзелу ліцэнзіяў на друк і паперы, якая выдавалася акупацыйнымі ўладамі, выданьне падручнікаў, пытаньне падаткаў, устанаўленьня юрыдычнага статусу самога Саюзу й ДП-публікацыяў (далёка не заўсёды заснавальнікі выданьняў мелі афіцыйны дазвол. У такіх выпадках на тытульнай бачыне публікаткі пазначалася «На правох рукапісу»). Зразумела, ішло й пра палітычную каардынацыю працы. Асаблівае значэньне дадавала сходу прысутнасьць на ім амэрыканскіх уладаў, перад якімі ставіліся пытаньні прызнаньня правоў журналістаў ДП роўнымі ў правох з журналістамі Нямеччыны й вольнай прэсы сьвету.

Сход таксама пастанавіў кожныя паўгоду зьбірацца на агульныя кангрэсы 11. Беларуская дэлегацыя прыяжджала на іх зь лягеру ў Остэргофэне, прызначанага ў лістападзе 1946 г. як лягеру для беларусаў, што адбылося дзякуючы захадам тагачаснага старшыні Камітэту В. Кендыша. Тою самаю восеньню беларусы атрымалі ў Мюнхэне ліцэнзію на выданьне газэты «Бацькаўшчына».

Самай першай ліцэнзіі не захавалася, але, відавочна, яна ня надта розьнілася ад выдадзенай у 1949 г., атрыманьню якой папярэднічалі наступныя працэдурныя запросіны:

Headquarters International Refugee Organization.

Area No. 7. 193, Ingolstadterstrasse, Munich.

APO 407 US Army

7th January 1949

Subject: Publishing Permit

To: Mr. Wladimir Bortnik

DP Camp B-140

Munich/Felmoching

1. This headquarters has received from Headquarters EUCOM, Civil Affairs Division, a copy of «Authorization for United Nations Displaced Persons Publication» to be issued to you if you intend to continue to Publish «Backauscyna» weekly Whiteruthenian Newspaper during the year 1949.

2. It is requested that you call at this office before 1st February 1949 and bring with you your old 1948 authorization together with a letter in three (3) copies certifying that you intend to continue the publication of your periodical during 1949. Your new authorization will be given to you upon receipt of the above.

3. If you do not intend to continue your publication it is respectfully requested that your old 1948 authorization be surrendered to this office with a statement to that effect prior to 1st February 1949.

4. Failure to comply with paragraphs two and three above will result in a report to that effect being made to the Munich Military Post Commander for transmission to the Civil Affairs Division of EUCOM.

Earl Blake Cox, Area Director.

Па выкананьні ўсіх неабходных фармальнасьцяў беларуска му актыву выдавалася ліцэнзія:

Headquarters European Command, Civil Affairs Division.

Authorization for United Nations Displaced Persons Publication.

Date authorized: 1 January 1949, Date of Expiration: 30 June 1949, Authorization No. UNDP 225. Authorization is granted for publication as specified below:

Publicator: Wladimir Bortnik, DP Camp B-140 Munich/Feldmoching;

Title: Backauscyna (The Fatherland);

Language: Whiteruthenian. Type: Newspaper.

Circulation: 3500 copies. Frequency: Weekly.

Printer: G.Jakob, 3a PutrichstraSe Munich.

No. of pages: 6 pages weekly. Population served: 17,500.

The paper necessary for publication supplied by IRO.

Immediately upon publication 3 copies of each edition will be mailed to: Civil Affairs Division, EUCOM, APO 403, Heidelberg; 2 copies to the S-5 of the Military Post responsible for the area in which the publication is published; and 1 copy to Reference Library Office of Adjutant General, OMGUS, APO 742, Berlin.

Violation of the provisions of this authorization to publish as specified here on or violation of provisions of Section I, Circular 100, Headquarters European Command, will result in the cancellation of authorization.

For the director: Reaford L. Robinson, Captain GSC, Asst. Control Officer, Heidelberg 04668.

I the undersigned Legal Counsellor do hereby certify that this is a true and faithful copy of the English original.

Osterhofen/Ndb., 19th of February 1949.

No. 398/49/421

Mgr. Mikolaj Kuncevic, Legal Councellor12.

Першы нумар газэты, карэктаваны Лявонам Савёнкам па дарозе ў Марбург на зьезд студэнтаў, быў выдрукаваны ў друкарні Бібікава накладам 2 000 асобнікаў. Нумар датаваны 31 кастрычніка 1947 г.

Назоў газэты, напэўна, прапанаваў Антон Адамовіч. У часапісе «Сакавік» ён, пад псэўданімам К. Каліновец, у артыкуле «Бяз Бацькаўшчыны зь Беларусяй… Да праблемы «Бацькаўш чыны» ў нашай паэзіі й сучаснасьці» пісаў: «Слова «Бацькаўшчына» прыйшло ў нашую літаратурную мову зь сялянскага ўжываньня народнае мовы. У гэным ужываньні яно абазначала найперш тую собскасьць, галоўнaе, тую зямлю, што пераходзі ла ў спадчыну ад бацькоў дзецям. Ня можна быць зусім пэўным у тым, ці мела гэтае слова ў народнай мове значэньне агульнанацыянальнае тэрыторыі. Баржджэй за ўсё, гэтае другое, пашыранае значаньне стварылася ўжо ў літаратурнай мове, зрэшты, тым самым шляхам, як і ў шмат якіх іншых літаратурных мовах, як бы тое ні было, і ў першым, вузейшым, і ў другім, пашыраным сваім значаньні слова «Бацькаўшчына» азначае сабою зямлю, тэрыторыю як нешта зусім канкрэтнае, матэрыяльнае» 13.

Сугучныя думкі былі выказаныя ў праграмным рэдакцыйным артыкуле першaга нумару:

Чаму — «Бацькаўшчына», калі мы — на чужыне? — пэўна, спытаюцца некаторыя. А хто-ніхто можа паставіцца да гэтага і з рэзэрвай з пабойваньнем навет. (…)

І ўсё-ткі мы важымся сяньня напісаць тут на сваім сьцягу толькі гэтае адно-адзінае слова — «Бацькаўшчына». І ўсё-ткі мы важымся цьвердзіць, што ня мае права чалавек, дый ня можа проста, адвярнуцца ад свае Айчыны, разарваць зь ёй усё, як ня могуць, ня ў стане навет адвярнуць і адлучыць яго ад яе ніякія ў сьвеце гвалты, ніякія зялезныя заслоны й запоны.

Бо Бацькаўшчына — гэта ня толькі зямля бацькоў і бацькоў бацькоў, аж углыбкі сівых пакаленьняў. Бо Бацькаўшчына — гэта найперш уся спадчына гэных пакаленьняў, увесь духовы набытак іх, пераказаны з роду ў род і ня дзеля таго, каб яго занядбаць, ці зусім выкінуць, ці схаваць, закапаць у зямлю назаўсёды, а якраз на тое, каб пашыраць і павялічваць, памнажаць і пераказваць далей нашчадкам. І гэтая Бацькаўшчына не ў зямлі, а ў людзях першым і галоўным чынам. Яна ў нас саміх, у нашых душах, і ад Яе ня можам адцурацца, «як рукі, як вока», як няхітра пяець аб гэтым адна нашая просьценькая, дзіцячая можа навет, а глыбока-праўдзівая нацыянальная песенька.

Так, запраўдная Бацькаўшчына — гэта найперш людзі, гэта й мы таксама14 .

БНРаўскага кірунку газэта, заснаваная ў самы разгар канфлікту крывічоў—зарубежнікаў, не была прынятая ва ўсіх беларускіх лягерах. Адну з найбольш моцных апазыцыйных груповак складаў лягер Міхэльсдорф, дзе Юрка Віцьбіч выдаваў «БІС» («Беларускую Інфармацыйную Службу»15 ). Прыкладам палемікі ёсьць урывак з артыкула «Няхай жыве наш Міхэльсдорф», падпісаны Віцьбічавым псэўданімам Міхась Крыніцкі: «Нас зусім ня дзівіць тая хлусьня, якой прасякнуты кажны радок крывіцкае газэткі «Бацькаўшчына», прызначаныя ёю для Беларускага лягеру Міхэльсдорф. Нас не зьдзіўляе таксама тая нянавісьць, якую адчувае да Міхэльсдорфу «ледахтар» вышэйадзначанае пашквілянцкае газэткі, што байкатуецца сёньня ўсімі беларускімі лягерамі за вылучэньнем Oстэргофэну» 16. ІІІ

Архіваў часоў заснаваньня газэты не захавалася; не пакінулі ўспамінаў людзі, што мелі непасрэднае дачыненьне да гэтага. Адзінай крыніцай гісторыі газэты ёсьць яна сама, асабліва прынагодныя нумары — так і выдадзены да дзесяцігодзьдзя «Бацькаўшчыны», дзе былі выдрукаваныя ўспаміны Васіля Кендыша:

Першым ліцэнзіянтам газэты стаў, на прапанову Беларуска га Нацыянальнага Камітэту, Аляксандар Калодка, ад якога ў 1948г. я пераняў ліцэнзію ў сувязі зь ягоным выэміграваньнем у Аўстралію. Пасьля атрыманьня ліцэнзіі неабходна было арганізаваць тэхнічныя магчымасьці друку ды забясьпечыць справу фінансавую, якая не прадстаўлялася ружова. Галоўнае рэдактарства газэты ўзяў на сябе сп. Ант. Адамовіч — і гэтая адна з праблемаў была найхутчэй разьвязаная. Паколькі ў Рэгенсбур гу друкаваліся ўжо газэты іншых нацыянальнасьцяў, дык і мы ў першую чаргу пачалі шукаць там друкарскіх магчымасьцяў. Напасьледак па шматлікіх пошуках удалося знайсьці асобу, якая згадзілася выдрукаваць газэту корпусным друкам. Такім спосабам удалося выдаць тры першыя нумары. Наш прадпрыемца ня меў зарэндаванага лінатыпу, набор рабіў патаемна ў ваднэй друкарні, а друкаваў у другой і напасьледак адмовіўся зусім ад друкаваньня нашае газэты.

Тады ініцыятыву разьвязаньня друкарскіх магчымасьцяў прыняў я на сябе й пачаў шукаць друкарні, дзе можна было б узяць у арэнду лінатып для нашае газэты. Гэтая справа заняла шмат часу ды вялікую колькасьць падарожжаў. Наведаў усе друкарні, якія былі ў гарадох на прасторы ў граніцах гарадоў Рэгенсбург—Мюнхэн—Штраўбінг—Пасаў. Нарэшце ўдалося знайсьці такую друкарню ў горадзе Дынгольфінг з арэндай лінатыпу выключна для нашага друку. Іншай цяжкасьцю было знайсьці лінатыпістага, які мог бы складаць кірылічным друкам. Спачатку прыйшлося сьцягваць лінатыпістых з Рэгенсбур гу, якія набіралі для расейцаў газэты й кнігі, але ніхто зь іх не хацеў наймацца на сталую працу, і таму № 1 (4) «Бацькаўшчы ны» набіралі аж тры лінатыпістыя: Прахада, Клімянок і Караванны. Для наступнага нумару нам удалося знайсьці лінатыпістага ўкраінца Чайкіўскага з Ашафэнбургу й заключыць зь ім умову. Гэты лінатыпісты кажны тыдзень прыяжджаў з Ашафэнбургу ў Дынгольфінг і складаў там газэту. Дзякуючы таму, што Чайкіўскі аказаўся добрым кваліфікаваным лінатыпістым, нам удалося ў кароткім часе, бо на працягу 8 месяцаў, выдаць: 25 нумароў «Бацькаўшчыны», разам 793 000 экз.; брашуру Н. Недасека 17 «1917—1947» — 2000 экз.; брашуру Н. Недасека «1918—1948» — 25 000 экз.; літаратурна-грамадзкі часапіс «Сакавік» — № 1 — 2 000 экз., № 2 — 2 000 экз.; аповесьць Юстапчыка 18 «Каханы горад» — 2 000 экз.; «Белую кнігу» — 2 000 экз.; зборнік вершаў А. Салаўя «Сіла гневу» — 1 200 экз.

Матэрыяльныя сродкі атрымліваліся з датацый Беларуска га Нацыянальнага Цэнтру ды ахвяраў беларускіх эмігрантаў, параскіданых па шматлікіх лягерах Нямеччыны. Праблема грошай на той час пераважала ўсе іншыя.

Непасрэднымі першымі працаўнікамі рэдакцыі былі галоўны рэдактар сп. Ант. Адамовіч, рэдактар др. Ст. Станкевіч, машыністка спн. Ірэна Вініцкая (цяпер Арцюх), кіраўнік Выдавецтва сп. Уладзімер Кабушка, бухгальтар спн. Ірына Чарнэцкая (цяпер Гайдэль) вучань-набіральнік сп. Аляксандар Мяцеліца й працаўнік рэдакцыі сп. Д. Пэнда. Кажны тыдзень можна было пабачыць, як я із спсп. Пэндам і Мяцеліцай несьлі на сваіх плячох па 1 000 экзэмпляраў газэты з друкарні ў Дынгольфінгу да станцыі ды із станцыі ў Остэргофэне ў наш лягер, дзе месьцілася рэдакцыя, робячы разам 5—6 кілямэтраў. Але фізычны цяжар лёгка пераносіўся дзякуючы маральнаму задавальнень ню з робленае карыснае нацыянальнае работы.

Ніхто з работнікаў не атрымліваў ніякае грашовае зарплаты, а звычайным нашым абедам у друкарні быў кусок чорнага хлеба, не заўсёды памазаны тлушчам, ды кубак чорнае кавы ў нямецкай кафэйнай. На абед у нямецкіх сталоўках трэба было мець мясныя карткі, якіх у лягерах мы не атрымоўвалі. Мне асабіста й рэдактару Адамовічу неабходна было быць 3—4 дні ў тыдзень у друкарні.

Кошты друку ў Дынгольфінгу значна панізіліся. Калі за № 1 і № 2 у Рэгенсбургу трэба было плаціць па 1 800 нямецкіх марак корпусным друкам (каля 40 000 знакаў), за № 3 колькасьцю 3 000 экз. 2 400 марак, дык у Дынгольфінгу кошты друку выносілі 1 600 марак пэтытным друкам (каля 80 000 знакаў). Наагул у гэтым пэрыядзе былі найтаньнейшыя кошты друку, бо калі прыраўнаць да тагачаснага курсу амэрыканскага даляра, дык адзін нумар газэты нам абыходзіўся ўсяго 6 даляраў.

У сярэдзіне 1948 г. у Нямеччыне наблізіўся час грашовае рэформы, і нам усім было ясна, што нашая газэта пасьля грашовае рэформы ня будзе мець магчымасьці сталага выхаду, ня маючы запасовага капіталу й даплыву нямецкіх марак. Так яно й сталася. Пасьля выхаду чародных чатырох нумароў пасьля рэформы газэта прыпыніла на нейкі час свой нармальны выхад19.

Эканамічны бок — фінансавае забесьпячэньне газэты — бадай самы важны ў жыцьці выданьня, якое выходзіла дзякуючы выключна ахвярнасьці эмігрантаў, што ахвяроўвалі ня толькі грошы, але й цыгарэты й мыла.

Ужо ў першым нумары ў зацемцы «Ад выдавецтва й рэдакцыі» выказвалася падзяка за падтрымку і матэрыяльную дапамогу Саюзу Ліцэнзіятаў Прэсы Лягераў для Перамешчаных Асобаў Амэрыканскае Зоны Нямеччыны, Беларускаму Цэнтральнаму Дапамаговаму Камітэту й Беларускаму Камітэту на Амэрыканскую Зону, асаблівая падзяка — жыхарам лягеру Міхэльсдорф, Раману Ільніцкаму, Міколу Кунцэвічу 20. Утрэцім нумары паведамлялася пра першыя ахвяраваньні з францускае і ангельскае зонаў — ад Янкі Макарэвіча 21 і Ўладыслава Батуры, якія даслалі па 50 марак22. Рубрыка «Наш Фонд» у чацьвёртым нумары засьведчыла, што ахвяраваньні ішлі фактычна з усёй Нямеччыны і нават з-за мяжы: Канада, Рым, Лёндан, ЗША. Адмыслова адзначалася праца скаўтаў па зборы ахвяраваньняў: «Але асабліва хочацца нам тут адзначыць трох, можа наймалодшых, ды разам із тым найшчадрэйшых нашых ахвярадаўцаў — скаўтаў зь Міхэльсдорфу, сяброў Запрудніка Янку, Кіпеля Вітаўта й Цьвірку Ўладзімера 23, кажны зь якіх злажыў па 100 н. м. у фонд нашае газэты»24 .

Грашовую рэформу 1948 г. газэта перажылаа: перапынак у выданьні нумароў доўжыўся ўсяго месяц. Але атмасфэра ў рэдакцыі была напружаная, пра што сьведчаць лісты Антона Адамовіча да Міколы Панькова:

Дарагі Сябру!

Вось нарэшце я маю крыху часу на ліст, хоць ня маю другога, яшчэ патрэбнейшага за час, — настрою. А гэта таму, што мы ўвайшлі ў поўны бадай крах у газэтнай і наагул выдавецкай галіне. Фінансавы стан змусіў нас зусім прыпыніць усялякае выданьне. «Палавічны» — на 2 балонкі — нумар «Бацькаўшчыны» тымчасам апошні. Зламаны ўжо й «Сакавік» — «аварыйны» нумар на 36 балонак, друкам будзе таксама апошні, але й таго друкар тымчасам друкаваць ня хоча, пакуль не пакрыем даўгі. Пэрспэктывы: «Бацькаўшчына» — не вышэй за маленькі «Амтсблат» лацінкай у Остэргофэне, зь нерэгулярнай пэрыядычнасьцяй, а то й зусім — рататар; «Сакавік» — дык напэўна рататар. На іншае фінансы не дазваляюць дый не дазволяць. Кідаемся, б'ёмся лобам у сьценку, ды што зробіш — ніхто ніколі не прабіваў яшчэ яе гэткім спосабам. Часам зусім апушчаюцца рукі, часам паўстаюць зманныя й мізэрныя надзеі на нейкія цуды ці звышвычыны нейкае дабрачыннасьці — ды ўсё марна. Гінуць нам, відаць, гэтак «у цьвеце год». (…)

Весткі пра зарубежніцкі рух даволі дакладныя. Праўда, Кіпелевае «Волі»25 яшчэ не відаць, ці можа толькі ў нас не відаць? «Вызваленьне» 26 затое шчыгіляе дазволам, няпраўна выстаўленым дробнай ІРАўскай сошкі (справу гэтую рушылі, мо й заткнуць гэтую памыйніцу; у францускай зоне заткнулі «За еднасьць», прычым Шудзейка 27 пасядзеў два тыдні ды й яшчэ судзіцца мае за нелегальнае палітычнае выдавецтва). Віцьбіч вылез найперш у «Вызваленьні» як Ігнат Тур — крыху давялося выдаць яму ў «Змаганьні» 28. Гэтага й трэ было спадзявац ца— ніякага дзіва й ніякі сабака тут не закапаны, бегае на волі без ланцуга, брэша й кідаецца, як і дасюль. Чародны «БІС» ёсьць у нас із рэкордным у подласьці Касяковага пяра пашквілем на Абрамчыка. У прадмове Віцьбіч дэкляруе «два вокі за вока, два зубы за зуб». Аднак справа, мусіць, магла б скончыцца толькі на парахунку гадавых галоваў. (…)

Каб адцягнуцца, спрабуе Юстапчык пісаць далей «Каханы горад». Нашрайбаваў ужо сяк-так чатыры першыя разьдзелы. Пішацца ўсё роўна, як у Палестыне — то вайна, то замір'е, то «но», то «тпру». Размахваецца на нешта груваздкае, гаргарскае. Задавальненьня ад агульнага няма, толькі ад некаторых паасобных дробных мясьцінак. Уварваўся новы герой — вар'ят, звар'яцелы паэта-маладняковец («натуршчык» — школьны сябра, маладняковец Віктар Казлоўскі, запраўды звар'яцелы ад страху сесьці ў падвал НКВД). Пагражаў навет вырасьці ў галоўнага героя, аднак даў яму па шапцы й паставіў на месца, хоць наагул клопат зь ім, як із кожным вар'ятам. (…)

Што ж бо яшчэ? Хіба, што ўсё тым часам будзе. Гэтак «неахвота нічога рабіць», як пісала колісь Арсеньнева, і думаць «неахвота». «Ахвота» нейкае нірваны ці што, ці проста ванны. Магчыма, гэта рэакцыя на паўгоду апошніх напружанай недасоннай працы. Спаць! «Рыбка, спаць хачу я, спаць» — добрыя радкі ёсьць у Гаруна. Апатыя, апешаласьць. Баржджэй бы перажыць гэтую «мёртвую паласу», адно ці зьменіць яе «жывая»? Хто яго ведае, і над гэтым задумвацца «неахвота» 29.

Паглыблены ў змаганьне з БЦР, Адамовіч успрымаў закрыцьцё акупацыйнымі ўладамі беларускіх, але іншапартыйных газэтаў (і нават увязьненьне выдаўцоў) адно як перамогу й ня бачыў у падобнай дзейнасьці нічога асуджальнага. Зусім у іншым сьвятле пабачыліся тыя самыя мэтады, калі ён змушаны быў саступіць рэдактарства «Бацькаўшчыны» Стасю Станкевічу.

Дарагi Сябру!

Мусіў бы вельмі прасіць прабачэньня за такое доўгае непісаньне. Але тая вялікая й неспадзяваная прыкрасьць, якую давялося ў гэтым часе перажыць, магла б аж надта быць за такое прабачэнь не, каб давесьці яе да ведама кожнага мала-мальскі парадачнага чалавека (ня кажучы ўжо пра патрыёту, грамадзяніна й г. д.).

Прыкрасьць гэтая так вялікая і яшчэ да канца не перажытая (дый ці можа калі-небудзь перажыцца да канца), што й цяпер пісаць аб ёй вельмі цяжка, цяжка разварушваць гэтыя, тым балей, сьвежыя яшчэ раны. Мо лепш будзе расказаць усё пры спатканьні. Тымчасам скажу коратка, што ідзецца аб вышпурэньні мяне з выдавецтва і ад яго, што было праведзена Манькоўскім 30, Ст. Станкевічам, Тамашчыкам 31 і К° ды на такім нізкім, асабіста-амбіцыйным і нат матэрыялістычным грунце, чаго нат і спадзявацца, прынамся ад некаторых з гэтых людзей, нельга было. Тая зацемка «Ад Рэдакцыі» 32, на якую зьвярнулі ўвагу й Вы як на «выношаньне сьмецьця» — толькі драбнічка ў цэлым ланцугу, патоку паскудзтва, якім стараліся «аформіць» усю гэтую справу. Калі раскажу Вам аб іншых рэчах, пабачыце самі, з кім мусіў бы я «працаваць і змагацца побач» і то яшчэ за вялікія ідэалы.

Дык давялося пакінуць сваё месца ў гэтым «побач», каб хоць на сабе ня мець дрэні. Давялося зрачыся рэдактарства й «Бацькаўшчыны», і «Сакавіка», і Міністэрства прапаганды. Іначай зрабіць нельга было, і калі пры спатканьні раскажу Вам усё — пэўны, прызнаеце мне рацыю.

Цяпер жыву мірным остэргофэнцам, настаўнікам гімназіі, у якой выкладаю нямецкую і ангельскую мовы, чым, пэўна, найлепш выкарыстоўваюцца мае сьціплыя здольнасьці для нашае нацыянальнае справы. Жаліцца ж каму-небудзь і прасіць падтрыманьня не дазваляе характар. Дый навошта? Стаяць ізноў побач з такой поскудзяй? А выкінуць яе — мала што й застанецца, колькасьць усё ж адыграе ролю. Абдумваю магчымасьці працягваць далей сваю лінію — крывіцкую без усякіх дзьвюхкосьсяў — нейкім іншым шляхам, зь нейкімі іншымі людзьмі. Крыху гаварылі мы ўжо аб гэтым з Пануцэвічам, калі быў ён тут, у прынцыпе, пагадзіліся цалкам. Пагаворым яшчэ з Вамі пры спатканьні. Шляхі, пэўна, знойдуцца, шляхі чыстыя й простыя, за якія не давядзецца чырванець перад гісторыяй 33.

Крывіцкая ідэя Адамовіча — Крывіччына, што стала першым буйным падзелам беларусаў у лягерах ДП, не паўстала проста як бог з машыны; яна нарадзілася з ваеннае статыстыкі, дзе беларусы, як і ўкраінцы, рахаваліся як нацыі, што маюць нутраны этнічны падзел. Гэты факт быў не на карысьць беларусам: ён пагражаў ня толькі магчымасьцю вяртаньня на радзіму, але й значна менш сур'ёзным паглядам новых акупацыйных уладаў на нацыю, ейныя патрэбы ва ўласных лягерах, квотах на выезд. Апроч таго, беларусы запісваліся ня толькі ўласна беларусамі ды беларусамі СССР, але й расейцамі, палякамі, украінцамі . Таму была відавочная патрэба аб'яднаньня нацыі— як канчатковая задача, а тымчасовая — выратаваньне беларусаў з Савецкага Саюзу ад дэпартацыі ды ад запісваньня іх палякамі або расейцамі 34.

Яскравым прыкладам служыць складзеная адміністрацый ным урадам амэрыканскіх зонаў статыстыка насельніцтва ДП-лягераў (на 30 красавіка 1950 г.)35 (гл. Табл. 1).

Але ідэя Крывіччыны не была блізкаю пераважнай большасьці чытачоў газэты — як і само выданьне, што рабілася рэдактарам Антонам Адамовічам — сфармаваным велямудрым «Узвышшам» ды загартаваным публікацыямі ў савецкіх пэрыёдыках. Таму патрабаваўся іншы рэдактар, больш талерантны ў дачыненьнях з аўтарамі ды іхнымі палітычнымі і эстэтычнымі паглядамі й густамі, гатовы ісьці да чытача, а не цягнуць яго да сябе.

У зьвязку з гэтым узьнікае пытаньне, якой была аўдыторыя «Бацькаўшчыны» (а пазьней і «Беларуса»). Кім былі гэтыя чытачы, якімі яны былі? IV

Пагляд дасьледніка беларускае эміграцыі звычайна спыняецца на асобах, на тых, каго можна было б назваць рухавікамі нацыянальнага жыцьця на выгнаньні, часьцей — на пісьменьніках, гісторыках, бібліёграфах і бібліяфілах, што стварае памылковае ўяўленьне пра эміграцыю наагул.

Паваенная эміграцыя — фактычна адзіная масавая хваля зь Беларусі — у большасьці сваёй не была нацыянальна сьведамай элітаю, якая бегла ад савецкага рэжыму да вольнага Захаду на нейкім філязофскім мараплаве. Гэта быў зрэз, адбітак (магчыма, не ва ўсім прапарцыйны) грамадзтва ў Беларусі: тут былі пісьменьнікі й людзі непісьменныя, сьведамыя сваёй нацыяналь насьці й «тутэйшыя»; сярод іх былі настаўнікі, сяляне, вайскоўцы, рабочыя, сьвятары, прафэсары, мастакі, гандляры, калгасьнікі, акторы. Большасьць зь іх, пэўна, ня ведала розьніцы паміж Міколам Абрамчыкам і Радаславам Астроўскім, ня чула пра Вацлава Ластоўскага й не чытала Алеся Гаруна, але трэба было іх заахвоціць чытаць газэту.

Пацьвердзім сказанае колькімі лістамі чытачоў 1948 г. у рэдакцыю газэты з захоўваньнем правапісу.

Добрі Дзень Хочу Вас запытаць Паважана Адміністрацыя чаму вы так высылаеце мне газэты, я палучыў толькі адну газэту адвас, што гето такоіе значіць, чі вы непалучілі може маіх грошэй я выслаў для Вас 5 ДМ і прашу Вас штоб Вы залічылі геты грошы толькі на геты адзін месяц да новаго году, як можно то высылайце две газэты на нидзелю. грошы я выслаў 19-11-48 г. може маеце якіе кнішкі то напішыц мне Жыве беларусь!.

Паважаная Адміністрацыя! Перасылаю Вам адрасы 4 асоб Беларусаў, якія тут сябе лічаць палякамі, каб ім высылаць нейкі час «Бацькаўшчыну» якая ім будзе прыпамінаць хто яны такія, а з другога боку будзе іх кампрамітаваць перад «хлебадаўцамі» палякамі. Калі яны будуць адказвацца прымаць газэту, а будуць адсылаць яе назад, тады ўсё прапала, а калі будуць газэту забіраць, тады па нейкім часе прыпамінайце ім асабіста, што за газэту трэба плаціць. Можа гэтая штука хоць троха зрушыць іх беларускае сумленьне, якое яны стараюцца заглушыць робячы з сябе «польскіх патрыётаў» лепшых ад праўдзівых палякаў. Толькі прашу каб гэта ўсё было ў сакрэце і ніхто апроч Вас аб гэтым не даведаўся бо я магу пасьля мець непрыемнасьці.

Дужа дзякую Братцы Беларусы за вашу блізкасц да нас што вы гедак забоцеся ув всяку літературу и Батцковшину и голас беларусов и за брашуркі 47 і 48 рок. Однак мы так довга мовчалі што нам было не як не зразумела хто гета нас можа знац на решцы нам ведома стало хто дав нашу адресу и цяпер мы рашылі за гета увсе подзякувац вам и застаюся з шырою подзякою 36.

У ідэалізацыі эміграцыі ёсьць немалая заслуга ейных дзеячаў. Разумеючы сапраўдны стан рэчаў, яны хавалі праўду, як хаваў яе Аўген Калубовіч-Каханоўскі, ствараючы свой рапарт пра стан эміграцыі, быццам бы да ведама ўсіх, але свае заўвагі пра недастатковую сьведамасьць эмігрантаў-беларусаў пакідаў выключна да ведама сяброў Рады БНР: «ЗША. Характарысты ка нацыянальна-палітычнае сьведамасьці: За выняткам сьведамае часткі, рэшта старое эміграцыі асымілявалася з расейцамі, палякамі і амэрыканцамі. Значная частка зь іх — прасавецкага й камуністычнага настаўленьня. (…) Аргентына. Сярод старое беларускае эміграцыі ёсьць немалы % нацыянальна сьведамых беларусаў, але пад уплывам расейскае камуністычнае прапаганды яны палітычна здэзарыентаваныя й таму ў сваёй пераважнай большасьці русафільскага й камуністычнага настаўленьня, маюць савецкія пашпарты й мараць аб хутчэйшым павароце на «счастлівую Родіну». Новая эміграцыя — нацыянальна сьведамая, але малаактыўная, галоўна з прычыны недахопу нацыянальнае інтэлігенцыі й грамадзкіх працаўнікоў. (…) Нямеччына. Амаль уся эміграцыя з Другое Сусьветнае вайны. Напалову нацыянальна сьведамая, напалову зрусіфікаваная ці спаляніза ваная»37.

«Бацькаўшчына» здолела ня толькі дайсьці да чытача, але й аб'яднаць яго — пры ўсіх закалотах, падзелах, канфліктах; утварыць з масы ўцекачоў — з Усходняй і Заходняй Беларусі, Вільні й Польшчы — тое, з чаго паўстане беларускае замежжа. Лягеры ДП сталі базаю фармаваньня дзяржаўніцкай, нацыяналь най сьведамасьці для пераважнай бальшыні паваеннае хвалі эміграцыі, найперш для моладзі. Даступнасьць і даходлівасьць газэты выклікалі зваротную рэакцыю чытачоў. Яны пачалі дасылаць з самых розных асяродкаў брытанскай, нямецкай, францускай, амэрыканскай зонаў свае допісы. А гэта дае падставу назваць «Бацькаўшчыну» летапісам паўсядзённага жыцьця беларусаў ад самага пачатку эміграцыі.

Старонкі газэты захавалі дэталі падзеяў, сьледу якіх няма ні ў адным архіве, не захавалася ў памяці сучасьнікаў, больш нідзе не занатавана. Дасьледнік знойдзе тут жывую інфармацыю пра кожны лягер ДП, дзе атабарыліся беларусы: пра арганізацый ныя справы38 й пра зьнявагу беларусаў чыноўнікам IRO Ф. Янкоўскім у лягеры Альтэнштэт 39; пра тое, як амэрыканскія зьбіральнікі народных песьняў зрабілі фанаграмы беларускіх песьняў40 і пра выданьне ананімнай брашуры «Хто такія крывічы» 41 ў лягеры Бакнанг; пра заснаваньне нацыянальнага руху ў лягерах Бамбэрг42 і Бібэрах43 ; падрабязнасьці жыцьця ў Гановэры 44 і Заўльгаў 45. Толькі ў гэтым летапісе льга прачытаць запісы пераважна безыменных ці схаваных пад мянушкамі (да страху перад Саветамі, перад прымусовым вяртаньнем дадалася боязь суседзяў па лягеры) аўтараў пра сумесныя з украінцамі канцэрты ў Зэедорфе 46, пра бядотнае становішча жыхароў лягеру ў Інгальштаце 47, пра «беларусізацыю» лягеру ў Люізэтбэргу (Шлезьвіг-Гальштайн) 48, пра пабудову помніка ўдзельнікам Слуцкага Паўстаньня ў Альпах — у лягеры Лютэнзээ ля Мітэнвальду 49. Тут каштоўная інфармацыя да гісторыі скаўтынгу ў лягерах Майнлейс 50 і Маервік51 , школьніцтва ў Розэнгайме 52.

І гэта адно пра меншыя асяродкі. Куды больш інфармацыі пра такія важныя для беларусаў лягеры, як Ватэнштэт, Віндышбэргердорф, Міхэльсдорф, Остэргофэн, Рэгенсбург, Шлясгайм. Бібліяграфія з «Бацькаўшчыны», датычная іх, заняла б не адну бачыну.

Паступова газэта рабілася самым прафэсійным дарадцам пры пабудове новага жыцьця; яна паведамляла пра магчымасьці эміграцыі ў Аргентыну й што самотныя жанкі могуць ехаць у Аўстралію 53, папярэджвала аб новых савецкіх інструкцыях для ДП і дзейнасьць савецкай рэпатрыяцыйнай місіі54, абмяркоўва ла законапраект пра дапушчэньне 200 тысячаў ДП у ЗША55. Тут друкаваўся нават свой уласны юрыскансультант 56.

У газэце быў утвораны адмысловы разьдзел — «Справы ДП», дзе побач з хронікаю жыцьця друкаваліся зьвесткі аб прафэсійных курсах IRO, раілася, што неабходна зрабіць перад выездам у Аргентыну, а што — перад ЗША, як атрымаць пазыкі, дзе здабыць пашпарты. І — галоўнае — рэгулярна паведамлялася, якая краіна колькі тысячаў чалавек згадзілася прыняць у новым месяцы.

Разам з такімі жыцьцёваіснымі зьвесткамі рэдактар і аўтары газэты не забываліся на неабходнасьць нацыянальнай адукацыі чытача, з нумару ў нумар нагадвалі: запісвацца беларусамі, не выракацца свайго57.

Вяртаючыся да канфлікту Антона Адамовіча з новым рэдактарам Станіславам Станкевічам, трэба прызнаць, што ягоную сутнасьць, як і недагавораныя ў лістох акалічнасьці «зьмены ўлады», у міжчасе аднавіць няма магчымасьці за нястачаю адпаведных дакумэнтаў. Магчыма, не абышлося тут і без суперніцтва: А. Адамовіч прэтэндаваў на першую ролю ўва ўсіх справах, датычных да літаратуры, а Станкевіч, хоць і саступаў у веданьні падсавецкае літаратуры, усё ж меў моцную тэарэтычную падрыхтоўку. Да таго ж Станкевіч быў лепшым арганізатарам і ўмеў знайсьці падыходы да людзей.

Адзін з пунктаў канфлікту, як выглядае, датычыўся й выразных (як для беларускага нацыяналіста) прапольскіх паглядаў С. Станкевіча 58:

Дарагі Сябру!

(…) З Вашым артыкулам у «Бацькаўшчыну» так: спытаны першы раз п'янаваты Стась, неяк мяшаючыся, сказаў, што ў яго няма (а я ўжо прасачыў, што ён быў); спытаны другі раз назаўтра, яшчэ п'янейшы (цьвярозым цяпер і блізу не бывае), адказаў, што ёсьць, але ня пойдзе, і тут жа пастараўся, як кажуць, «замять это дело». Ну, я яго й не «разьмінаў» — усё было ясна, а гавару цяпер зь ім наагул вельмі мала — няма аб чым дый няма як.

Каб Вы «зразумелі ўсё», як пішаце, — трэба спатканьне, бо ўсяго «не апішаш пяром» (і таксама ўжо «ня высячаш тапаром»). Сплялася тут і палітыка, і эканоміка, і «асабісьціка», калі так сказаць. Тымчасам скажу адно, што ня варта яшчэ траціць ахвоту й зьнясільвацца, як Вы пішаце. Здаецца, што нас чакае змаганьне на два франты, змаганьне пад сьцягам Двупагоні (вось чаму яны яе так ненавідзяць!), двупагоннае змаганьне на два франты — і супраць масквафільства-зарубежніцтва, і супраць палянафільства (рэч куды танчэйшая, зарукаваная глыбока псыхалягічна, усякімі «фэдэралізмамі», прыкрытая Лёнданамі й варшаўскімі фінансаваная й г. д. — складаная й хітрая штучка!)— супраць тых «сяброў» 59.

Лісты Антона Адамовіча да Міколы Панькова, як і цэлы шэраг іншых дакумэнтаў, належаць да сфэры так званага літаратурнага побыту (англамоўны адпаведнік the poetics of everyday behaviour60), вызначанага Юр'ем Лотманам як «асобныя формы побыту, чалавечых адносінаў і паводзінаў, народжаныя літаратурным працэсам, і якія складаюць адзін зь ягоных гістарычных кантэкстаў» 61.

Наколькі важна вывучэньне падобных адносінаў і паводзінаў, дакумэнтаў — непараўнальна больш шчырых і вострых за афіцыйныя (у пэўнай ступені тут назіраецца канфлікт: друкаваныя крыніцы — архіўныя) — для вывучэньня гісторыі выдаўніцтва, літаратурнага руху, самой літаратуры, эміграцыі?

Амэрыканскі гісторык Хэльлер, які дасьледуе штодзённасьць з пункту гледжаньня human condition, трактуе яе як рэальнасьць у сабе, што складаецца з правілаў і нормаў звычайнай мовы й ейнага ўжытку; правілаў і законаў для выкарыстаньня аб'ектаў, створаных людзьмі; правілаў і нормаў чалавечых узаемаадно сінаў (customs)62.

Адной з формаў літаратурнага побыту ёсьць рэдакцыя газэтаў, з рэдактарам і супрацоўнікамі, узаемадачыненьнямі паміж імі, бязь веданьня й разуменьня якіх нельга спазнаць ні фэномэну самой газэты, ні надрукаваных у ёй тэкстаў, наколькі б самадастатковымі яны ні падаваліся; са складанай сыстэмай герархіі — як унутры газэты, гэтак і навонкі, сярод іншых пэрыядычных выданьняў і самае эміграцыі. І чым вышэйшае месца ў агульнаэміграцыйнай герархіі займала пэўная газэта, тым больш сур'ёзным інструмэнтам улады яна зьяўлялася — магчыма, сымбалічным для прадстаўнікоў іншых дыяспараў, але вельмі канкрэтным для гэтае канкрэтнае грамады. «Бацькаўшчына», а пазьней і «Беларус» займалі ў той герархіі найвышэйшыя прыступкі.

Такое высокае становішча «Бацькаўшчыны» ў жыцьці замежжа давала ёй права ў значнай ступені фармуляваць заданьні эміграцыі:

Нягледзячы на тое, што не заўсёды нашыя суродзічы могуць ехаць у тыя краіны, куды яны хацелі б, і нягледзячы на тое, што сам падход да вэрбоўкі нашых людзей на эміграцыю часта зьяўляецца для нас крыўдным і абразьлівым, калі галоўнай падставай прыняцьця кандыдата зьяўляецца ня толькі ягоны сямейны стан і сьцісла абмежаваны век, але навет адпаведная сіла мускулаў, то ўсё ж такі факт астаецца фактам — ладная колькасьць нашых людзей ужо выехала, і шмат спасярод астаўшыхся, а мо й бальшыня мае ўсе дадзеныя хутка разьвітацца зь негасьціннай Нямеччынай і тымі цяжкімі, ненармальнымі й дэмаралізуючымі ўмовамі жыцьця, у якіх трэба было знаходзіцца на працягу некалькіх апошніх год у лягерах ДП. Бо трэба сказаць адкрыта, што сказармаванае лягернае жыцьцё, поўнае самых элемэнтарных недастаткаў, часта недапушчальныя ў культурным сьвеце бытавыя ўмовы, бязьдзейнасьць, а галоўнае — няпэўнасьць свайго будучага лёсу й страх перад тым, каб узноў не папасьці ў крывавыя абоймы «любімага бацькі», вельмі адмоўна адбіліся на псыхічным і маральным стане ўсяе масы перамяшчэнцаў. (…) Кажны спасярод апошніх павінен глыбака ўсьведаміць сабе, што найвялікшым ягоным абавязкам на чужыне ёсьць захаваньне таго найдаражэйшага скарбу, які ён вынес із сваёй роднай хаты на Бацькаўшчыне — сваёй беларускай нацыянальнасьці. Захаваць жа сваю нацыянальнасьць зможам лёгка тады, калі, нягледзячы на вялікія прасторы, што нас будуць дзяліць, захаваем між сабою цесную арганізацыйную сувязь. (…) Як ужо ня раз зазначалася, мы зьяўляемся палітычнымі эмігрантамі ў сьціслым значэньні гэтага слова. Гэты палітычны характар прыдае нам ня гэтулькі тое, із-за якіх прычынаў пакінулі мы нашую Бацькаўшчыну, сколькі тое, чаму мы не захацелі да яе вярнуцца. А прычыны, што нас паўстрымалі ад павароту, зьяўляюцца выключна палітычнага характару. І наш побыт на чужыне ёсьць наяўным задакумэнтаваным перад сьветам нашага пратэсту супраць нялюдзкіх гвалтаў і крывавага тэрору бальшавіцкіх акупантаў і з другога боку — маніфэста цыя перад тым жа сьветам нашае нацыянальна-вызвольнае ідэі. Таму, як звычайна гавораць аб сабе і эмігранты іншых нацыянальнасьцяў, кажны беларускі эмігрант павінен быць сяньня амбасадарам сваёй Бацькаўшчыны сярод народаў сьвету63. V

Цягам двух з паловай гадоў (студзень 1949 — жнівень 1951) «Бацькаўшчына» выдавалася нерэгулярна. Пра гэты пэрыяд — час заняпаду і ягоныя прычыны, пра жыцьцё рэдакцыі і эмігрантаў-ж урналістаў — зьвестак на бачынах газэты ня знойдзеш— было не да рэфлексіяў. Нават, за рэдкім выняткам, большасьць імёнаў супрацоўнікаў газэты нічога ня скажа дасьледні кам: Уладзімер Бортнік, Браніслаў Дубоўскі, Уладзімер Лазар, Даніла Клінцэвіч, Аляксандар Лук'янчык, Стэфан Музін, Ян Лукашэвіч, Лонгін Шэматыла, Васіль Грышчук, Юзэфа Брэчка, Юрка Харытончык, Ліля Вярбіцкая.

У гэтым выпадку дапаможа ліставаньне. Яно, як пісаў Ян Пятроўскі ў лісьце да Юркі Віцьбіча, «прыватнага характару, у супроцьстаўленьні да ўсякага віду друкаў мае сваю апрычонасьць у тым сэнсе, што тое, што друкуецца ў нашай і іншай прэсе, хоць і гаворыць пра многае, тым ня меней усяго не адсланяе. І ў гэтым аспэкце нашае «прыватнае» ліставаньне зьяўляецца свайго роду дапаўненьнем неафіцыяльнае запісанае гісторыі. Слова «прыватнае» я бяру ў двукосьсі адумысна, бо фактычна нічога няма на сьвеце, што раней ці пазьней не было б выяўленым» 64.

Ліст Віталя Кажана65 да Часлава Будзькі66 :

Сёньня атрымалі Ваш ліст з дня 22.01.1949 і мне, як адміністратару «Бацькаўшчыны», прыходзіцца [даць] больш дакладны адказ, што раблю з ахвотай.

1. Што пачка была разарваная, магчыма, віна й нашай экспэдыцыі, аднакш я кожны раз асаблівую ўвагу зьвяртаю ёй, каб добра пакавалі, а ад нядаўняга часу загадаў ім, каб большыя пачкі абвязвалі шнурком. Экспэдыцыя складаецца з нашых людзей зь беларускай групы лягеру «Шлязгайм» к[аля] Мюнхэну, так што мы ня маем сталага нагляду за іх работай, бо сядзім у Остэргофэне.

2. Чаму ня выйшла «Бацькаўшчына» за 16.01.1949? Толькі адна прычына ў гэтым, а менавіта: фінансавыя цяжкасьці. Матэрыялу ў газэту апошнім часам хапае, і рэдактару часам трэба ламаць галаву, што адкінуць, бо месца малавата. Гэты факт вельмі прыгожы, а дзякуючы таму, што пачалі больш сыстэматычна даходзіць матэрыялы з усіх бакоў, што раней было рэдкасьцю. Рэдактар (др. Ст. Ст.) трымаецца вельмі добра й шмат працуе. (Раней час да часу працягваў хварэць на ведамую «хваробу» 67).

3. Цана газэты. Запраўдная сума — цана газэты, улічваючы ўсе расходы, даходзіць да 350 ДМ. Паколькі нам ведама, што плацяць іншыя газэты, дык мы можам сьмела сказаць, што мы плацім найменш. Напрыклад, мы за гадзіну лінатыпу да гэтага часу (да Нр. 1—45) плацілі толькі 6 ДМ, цяпер плацім 7 ДМ. Усе іншыя газэты плацяць 9—10 ДМ. За друк 2 000 паасобнікаў плацім 70 ДМ. Наборшчыка маем вельмі добрага (зрусіфікаваны ўкраінец), калі пачаткова рабіў газэту за 25 гадзін, цяпер робіць за 20 гадзін. Да гэтага паштовыя маркі да 50 ДМ, паездкі ў Мюнхэн да 30 ДМ. Наборшчык бярэ 50 ДМ (хоча 60—70). І гэта разам дае 340 ДМ, да гэтага заўсяды даходзяць тыя ці іншыя дробныя, але неабходныя адміністр[ацыйна]-канцыля рыйныя расходы, і так разам да 350 ДМ.

4. Які даход? У Нямеччыне расходзіцца да 730 паасобнікаў (факт што мала), да рэформы разыходзілася да 1200). За граніцу высылаем да 1030 (тое самае й да рэформы). Цяпер у Нямеччыне ёсьць каля 100 падпісчыкаў, якім высылаецца «гратіс» 68— розныя рэдакцыі, іншанацыянальныя камітэты… Платных падпісчыкаў мала больш 500. А колькі ёсьць такіх, якія плацяць-жалься Божа! Дапусьцім, усе заплацяць, дык мы атрымаем ад нумару максымум 150 ДМ. А як заграніца? Eсьць толькі адзін асяродак, які дзякуючы ахвярнасьці адзінак разьлічваецца з намі вельмі акуратна, — гэта Канада, дзе працуе Пітушка Я.69 і Акула К. Аб іншых асяродках ня варта й пісаць. Праўда, трэба аддаць справядлівасьць Англіі, якая да куплі дому таксама разьлічвалася, а цяпер слаба. Таксама «Дванаццатка», як заўсёды, у парадку. Цяпер мы пастанавілі асабліва атакаваць «заграніцу». Маем надзею, што рэзультат будзе, толькі ў гэты час можам зрабіць перапынак. Нумар з дня 30.1.49 выдалі з трудом, і я думаў, што наступны ўжо ня зможам выдаць, аднакш так-сяк і гэты выдадзім, хаця яшчэ не хапае пары марак. Задоўжанасьць рабіць ня будзем, лепш перапынак, бо інакш ня зможам стаць потым нa ногі.

5. Што да цаны 50 фэнігаў, якую паставілі для заграніцы, тут не вялікая трагедыя. Няхай яны нам плацяць па 30 фэнігаў, але акуратна, дык і ўжо будзе выхад.

6. 10% зьніжка — калі пасылаем больш 5 паасобнікаў, дык гэта ў асноўным нашыя сьведамыя людзі, і яны, напэўна, не захочуць на нас «зарабляць».

7. Знайсьці грашовую дапамогу ад якойсь арганізацыі вельмі цяжка. Галоўная кватэра ІRO старалася атрымаць, асабліва для газэт меншых нацыянальных груп, ад амэрыканцаў грашовую падтрымку, аднакш апошнія адмовілі. Гэтая справа яшчэ будзе парушацца акурат заўтра на прэс-канфэрэнцыі, на якую нашыя ўжо паехалі.

Зразумела, што каб мы змаглі дабіцца большай колькасьці падпісчыкаў, дык выхад быў бы прасьцейшы, аднакш і тут шмат перашкод, хаця беларусаў шмат. Гэтую справу кранём у наступным нумары, аднакш на вялікія рэзультаты не чакаем.

Выходзячы з гэтага ўсяго, ёсьць ясным, што газэта можа ўтрымацца толькі пры супольнай ахвярнасьці ўсяго сьведамага грамадзянства.

Маю надзею, што гэтыя досыць дакладныя даныя дадуць Вам запраўдны вобраз аб жыцьці й цяжкім жыцьці нашага выдавецтва «Бацькаўшчын а».

Пры ўсёй пэдантычнасьці аўтара ліста, ён ня даў ды й ня мог даць сапраўднага вобразу жыцьця рэдакцыі газэты. Бо, акрамя нямецкае грашовае рэформы, акрамя адсутнасьці фінансавай дапамогі з боку амэрыканцаў, нават нягледзячы на блізу катастрафічны стан з падпіскаю, прычынаў было больш. Прычынаў нутраных. Іхную сутнасьць раскрывае пратакол IV Звычайнага Зьезду Сяброў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, што адбыўся 13—14 сакавіка 1949 г. у Остэргофэне. Старшынём БНЦ быў С. Станкевіч, і ва ўступным слове ён спрабаваў пераканаць прысутных у неабходнасьці мець толькі адну газэту, якая б аб'ядноўвала эміграцыю і на якую б ішлі агульныя сродкі: «Адзіная беларуская газэта ў Нямеччыне ня можа існаваць, а побач з гэтым існуе праект залажыць асобную газэту ў Францыі. Тое самае можна сказаць і адносна «Беларуса на Чужыне»70 , які шмат каштуе, але не адзначаецца нічым асаблівым» 71.

Чацьвёртым пытаньнем на Зьезьдзе стаяла пытаньне прэсы й выдавецтва:

Ст. Станкевіч: Я не зьўляюся кваліфікаваным журналістам, а ўзяўся за рэдагаваньне газэты толькі таму, што спэцыялістых няма. «Бацькаўшчыну» я вяду ад верасьня 1948 г., а пераняў неахвотна, пад гра[ма]дзкім націскам. Пераймаючы газэту, я меў намер зрабіць яе больш прыступнай, парушаць у ёй больш беларускіх праблемаў, а менш міжнародных — лічу, што гэта асягнута. Хацеў прыцягнуць больш аўтараў, і гэта зь цягам часу асягнута. Гаварыць наагул аб выдавецтве можна шмат, але кожнае выдавецтва пацягвае за сабою кошты, якіх у нас няма. Газэта цяпер перажывае грашовы крызіс. Першы крызіс быў пасьля грашовае рэформы, а цяперашні выкліканы падвышэньнем цаны нямецкай маркі. Справа прадстаўляецца крытычна, і трэба паставіць усё на ногі, каб утрымаць газэту. У сувязі з тым, што мне стаўляюць розныя закіды, асьветчываю, што буду рэдагаваць газэту толькі ў тым выпадку, калі атрымаю ад сяньняшняга сходу вотум даверу.

М. Панькоў: Стараючыся ўтрымліваць «Бацькаўшчыну», трэба, аднак, не забывацца і аб рататарным друку, які таксама адыгрывае ў сяньняшнім нашым жыцьці немалую ролю.

Я. Станкевіч: Справа ня ў тым, якою тэхнікаю друкавана. Справа ў тым, што роўня шмат якіх выдавецтваў вельмі слабая й падабаецца толькі іх аўтарам. Трэба гэта крытыкаваць. Калі будзем выдаваць добрыя часапісы, дык слабыя ня вытрымаюць на рынку канкурэнцыі. «Бацькаўшчына» мае тую загану, што не зьмяшчае літаратурных твораў. Заганаю зьяўляецца таксама тое, што супрацоўніцтва ў нашай прэсе бясплатнае, інакш гаворачы — лепшыя людзі паносяць вялікія кошты.

В. Пануцэвіч: Думкі Я. Станкевіча, на мой пагляд, правільныя, але справа не такая простая. Безумоўна, існуе патрэба ў існаваньні лепшага часапісу, але, на жаль, цяпер пад запытаньнем існаваньне нашае адзінае газэты. Замежныя часапісы трэба падтрымліваць, але не грашыма, а артыкуламі, бо цяпер іхная роўня надзвычай нізкая.

Ант. Адамовіч: Я маю прыкрасьць гаварыць аб «Бацькаўш чыне». Ст. Станкевіч гаворыць, што ён не хацеў пераймаць газэты, а зрабіў гэта пад ціскам грамадзтва. Ён забыў, аднак, сказаць пры гэтым, што гэтую грамадзкую прэсію ён сам жа і арганізаваў. Я пусьціў Станкевіча на сваё месца й хацеў і далей працаваць у газэце, хацеў быць надалей тэхнічным рэдактарам і рэдактарам стылю, бо ведаў, што Ст. Станкевіч ня мае паняцьця аб газэтнай тэхніцы, і стыль ягоны часамі незразумелы. Я ня буду крытыкаваць газэту, бо як былы рэдактар мог бы быць неаб'ектыўны, але агранічуся адно заяваю, што перайшоўшы ў новыя рукі, «Бацькаўшчына» пакацілася ўніз. Ломка яе жахлівая. Карэкта страшэнная. Вонкавы выгляд безнадзейны. Перайшоўшы ў новыя рукі, «Бацькаўшчына» заявіла, што яе ідэалёгія будзе тая самая, але будзе толькі больш зразумелая. Ці так ёсьць у запраўднасьці? Падбор матэрыялаў благі. Перадавіца— гэта яшчэ добра, што прапаганда фэдэралізму. Што гэта за галава паставіла артыкул аб польскіх дзяржаўных канцэпцыях — перадавіцай? Палітычныя весткі ўсюды, дзе ёсьць вольнае месца. Памёр Ільляшэвіч — нэкралёг, памёр Сьвірыд — нэкралёг, памёр Шаўчук, дык пішацца, што ў апошні час яго не зразумела лягерная адміністрацыя, але забыліся, што гэты Шаўчук быў звольнены з працы самім др. Ст. Станкевічам.

Ст. Станкевіч: Хаця сп. Адамовіч асьветчыў, што ў газэту ня вернецца, аднак выступае як адвакат свайго павароту. Закіды Адамовіча няслушныя і абапёртыя на ягоных суб'ектыўных паглядах. Нічога наагул няма благога ў тым, што можа быць перадавіца безь беларускай праблематыкі, але ў тым выпадку, пра які гаворыць Адамовіч, якраз ёсьць беларуская праблематыка, бо гэты артыкул Галяка вяжа якраз польскія дзяржаўныя канцэпцыі зь беларускай справай.

А. Каханоўскі: Трэба агранічыць рататарныя выдавецтвы ў іншых краінах, а на іх месца выдаваць інфармацыйныя бюлетэні, прысьвечаныя мясцовым справам. Мне здаецца, што будзе лепш, калі «Бацькаўшчыну» будзе рэдагаваць не асоба, але рэдакцыйная калегія. Прапаную зьняць зацемку аб тым, што выдае газэту Нацыянальны Камітэт.

Я. Станкевіч: Трэба ўсе эміграцыйныя выданьні друкаваць у найтаньнейшым краі, а такім зьяўляецца Нямеччына. Можна было б высылаць у іншыя краі гатовыя газэты ці гатовыя матрыцы.

П. Манькоўскі: Справа прэсы вельмі цяжкая. На зьезьдзе САБЭ72 мяне выбралі прэсавым рэфэрэнтам, але я ўжо адмовіўся. Неабходна патрэбнай зьяўляецца прэсавая служба, якая каштавала б толькі кошты рататарнага выданьня.

В. Тамашчык: Рэарганізацыя «Бацькаўшчыны» была выкліканая матэрыяльнымі прычынамі, бо была абцяжараная даўгамі. Сп. Адамовіч аб рэарганізацыі гаварыць не хацеў. Як старшыня БНК я атрымліваў лісты, што газэта незразумелая. Я няраз гаварыў аб гэтым Адамовічу, але той адказваў, што я (Тамашчык) аграном і ня маю аб чым гаварыць у справах газэты. Газэта й цяпер недасканалая, але шмат каму цяпер лепш падабаецца. Раней у Остэргофэне разыходзілася «Бацькаўшыны» 60 нумароў, а цяпер толькі 25. Аднэй з прычынаў гэтага зьяўляецца крытыка Адамовіча. Мне здаецца, што гэта нездаровы падыход са стараны сп. Адамовіча.

Ант. Адамовіч: Пакуль у «Бацькаўшчыне» будзе працаваць Ст. Станкевіч, дык мая нага там ня будзе!73

Прыхільнікам Станіслава Станкевіча не ўдалося дамагчыся фактычнага закрыцьця або пазбаўленьня фінансаваньня іншых эміграцыйных выданьняў на карысьць газэты74, затое Зьезд выказаў вотум даверу рэдактару «Бацькаўшчыны»: «за» — 16 галасоў, «супраць» — 15.

Канфлікт суцішыўся адно з выездам Антона Адамовіча ў ЗША, які Станкевіч паспрабаваў скарыстаць на аднаўленьне ранейшых кантактаў:

Паважаны сябра Панькоў! Як бачыце з апошняга нумару «Бацькаўшчыны», я пастанавіў не сядзець бязьдзейна, а заняцца газэтнай справай. Маю цьвёрдую веру, што «Бацькаўшчы ну» мне ўдасца выдаваць сыстэматычна, зразумела, пад умовай, калі нашыя людзі прыйдуць з належнай матэрыяльнай помаччу, як і з помаччу ў галіне супрацоўніцтва ў газэце.

Як прыпамінаю, Вы калісьці байкатавалі супрацоўніцтва ў «Бацькаўшчыне», хочучы гэтым выразіць салідарнасьць із Адамовічам. Але цяпер Адамовіча ўжо тут няма, дык мо гэтая прычына болей ужо не існуе? І іменна дзякуючы таму, што Адамовіча няма тут, «Бацькаўшчына» будзе магчы выходзіць далей, бо гэты чалавек тут і сам нічога не рабіў, і другім нешта рабіць не даваў.

Таму ўважаю за свой журналістычны абавязак зьвярнуцца яшчэ раз да Вас, нягледзячы на ўсё, што было, з просьбаю як супрацоўніцтва ў самой газэце, гэтак і ў галіне арганізаваньня матэрыяльнае помачы для газэты75.

Адначасна з пошукамі аўтараў і фінансаў ішла праца ў пашырэньні сеткі кальпартэраў — распаўсюднікаў газэты, названых у юбілейным нумары «Бацькаўшчыны» «людзьмі вялікае штодзённае справы»76 — вельмі важнага складніка літаратур нага побыту эміграцыі, калі, як пісаў пра іншую, але блізкую зьяву Барыс Эйхенбаўм, «крызіс цяпер перажывае не літаратура сама па сабе, а яе сацыяльнае існаваньне. Зьмянілася прафэсійнае становішча пісьменьніка, зьмяніліся дачыненьні пісьменьніка й чытача, зьмяніліся звыклыя ўмовы й формы літаратурнай працы — адбыўся рашучы зрух у галіне самога літаратурнага побыту, які асьвяціў цэлы шэраг фактаў залежнасьці літаратуры і ейнай эвалюцыі ад умоваў, што склаліся па-за ёю»77.

Як дзейнічала гэтая сетка — у лісьце Аляксея Вініцкага да Аляксандра Лашука (Мюнхэн, 29.04.1953) і ўспамінах Вітаўта Кіпеля:

Перадусім маю гонар давесьці да Вашага ведама, што 15.4гг. мне даручана весьці аддзел пронумэраты й высылкі газэты «Бацькаўшчына» ў Адміністрацыі газэты. Ад сп. Бортніка я атрымаў Ваш ліст ад 20.04.1953 г. у справе кальпартажу Вамі «Бацькаўшчыны» ў Англіі. У лісьце маюцца й Вашыя пажаданьні ў гэтай справе, а таксама й думка аб патрэбе пісьмовае ўмовы, пасьля падпісаньня якое павінна наступіць яе рэалізацыя. З свайго боку я хачу падзяліцца сваймі думкамі: 1. Жаданы Вамі лік экзэмпляраў «Бацькаўшчыны» будзе высылацца ў першую чаргу па выхадзе з друку на пададзены Вамі адрыс. 2.За кальпартаж газэты прызначаецца Вам 40 % яе кошту, а 60% павінны быць штомесячна перасылацца ў касу Адміністрацыі «Бацькаўшчыны» на імя сп. Жучкі ў Лювэн. 3. Цана аднаго нумару газэты — 1 шылінг. 4. Адміністрацыя «Бацькаўш чыны» не бярэ на сябе абавязку паведамляць кальпартэраў, каму высылаецца газэта платна ці бясплатна 78.

Газэту ў Бэльгіі некалькі год рассылалі Зора Кіпель, я [Вітаўт Кіпель] і Міхась Вострыкаў — да свайго выезду [у СССР]. Рассылка выглядала наступным чынам: раз на тыдзень мы трох сыходзіліся ў студэнцкім доме й запакоўвалі газэту. У Бэльгіі была свая картатэка для падпісчыкаў, але амаль штотыдня студэнты, бываючы на правінцыі, прывозілі новыя адрасы. Гэтым новым падпісчыкам газэта высылалася чатыры тыдні бясплатна. Трэба адзначыць, што з рассылкаю газэты было шмат працы: трэба было пільнаваць правільнасьць адрасоў, трэба было заносіць у кнігі паштовыя пераказы (яны прыходзілі на імя Саюзу Беларусаў Бэльгіі), а потым перасылаць новыя пераказы на імя «Бацькаўшчыны». Скажу з дасьведчаньнем: падпіска й рассылка газэты — справа сур'ёзная! 79

Кальпартэрамі газэты ў розны час былі Данат Яцкевіч, Уладзімер Бакуновіч, Мікола Нікан, Аляксей Васіленя, Міхась Мароз, Уладзімер Акавіты, Паляшук (Аўстралія); Кастусь Акула, Алесь Марговіч, Пётра Чопчыц, Мікола Сільвановіч (Канада); Міхась Наўмовіч, Кастусь Булыка, Браніслаў Нагорны, Валянцін Міцкевіч, Уладзімер Каштэлян (Францыя); Браніслаў Даніловіч, Уладзімер Дунец, Мікалай Сардэчанка, Васіль Стома, Зора Савёнак, Вітаўт Кіпель, Эдвард Будзька, Міхась Вострыкаў, Віталь Кажан, Антон Бяленіс (ЗША); Антаніна Бакуновіч, Я. Краўчук (Бразылія); Васіль Лукашык (Швэцыя); Марыяж Каранеўскі (Новая Зэляндыя); Я. Лабейка (Данія); Уладзімер Дудзіцкі, Карзун (Вэнэсуэла ); Высласкі (Парагвай); Турко (Аўстрыя); Натальля Пабалёвэц (Фінляндыя); Курэвіч (Нідэрлянды); Забелло (Турцыя)80 (гл. Табліцу 2).

Ад 1 ліпеня 1953 г. «Бацькаўшчына» друкавалася агульным накладам 1 700 асобнікаў; да гэтага часу наклад быў 2 000 асобнікаў.

Паводле фінансавых кніг газэты81, на 1 верасьня 1951 г. падпісчыкамі было аплачана толькі троху болей за 10 % кошту. Іўсё ж нельга не адцеміць таго факту, што газэта выдавалася бадай выключна за кошт падпіскі ды за ахвяраваньні беларусаў-эміг рантаў. Для расейцаў, напрыклад, што не маглі, згодна з дасьледаваньнем іхных жа гісторыкаў, выдаваць свае часапісы без салідных датацыяў мэцэнатаў або нават урадаў краінаў, якія іх прытулілі, рэч нечуваная 82.

Заснаваньне ў ЗША газэты «Беларус» таксама адмоўна паўплывала на становішча «Бацькаўшчыны» 83. Асобнік «Беларуса» каштаваў 10 цэнтаў, тады як «Бацькаўшчыны» — 1584. Каб не згубіць чытачоў у ЗША, «Бацькаўшчына» мусіла пайсьці на яшчэ большыя выдаткі, зьмясьціўшы наступнае паведамлень не: «За аплачаную падпіску згары ня менш за 6 месяцаў вызначаецца цана за газэту ў 10 амэрыканскіх цэнтаў разам зь перасылкай за 1 экзэмпляр» 85.

Але й гэта не ратавала. Як пісаў А. Вініцкі, «адносна цаны на газэту «Бацькаўшчына» цяжка сказаць нешта канкрэтнае. Вызначаная цана на год $ 5,00 мела на мэце павялічыць лік падпісчыкаў, а найважнейшае тое, каб усе падпісчыкі змаглі заплаціць доўг і заахвоціць іх уносіць аплату згары. Трэба Вам сказаць, што і матэрыяльнае становішча «Бацькаўшчыны» з кажным месяцам пагаршаецца, а ўплывы за падпіску, апрача ЗША і Аўстраліі, амаль ніякія. Канада, напрыклад, дарма чытала, ды яшчэ ў дадатак дармовая й перасылка. Скарацілі ім лётнаю поштаю 25 экз. (на гэтым заашчадзілі на 100 ДМ у месяц за перасылку). Скарацілі й высылку звычайнаю поштаю, а калі не заплацяць доўгу, то з новага году прыйдзецца высылаць ня больш 10 экз. Зразумела, што частыя перабоі ў выданьні «Бацькаўшчыны» зьнеахвочваюць падпісчыкаў і выклікаюць незадавальненьне. На жаль, адміністрацыя «Бацькаўшчыны» пазбыцца гэтых недахопаў ня мае ніякае магчымасьці» 86.

Арыентацыя на ЗША, Канаду, Аўстралію была непазьбеж ная: пачатак 1950-х гг. — пэрыяд масавага выезду ўцекачоў у гэтыя краіны, беларускае грамадзкае жыцьцё ў Нямеччыне замірала.

Матэрыяльны стан газэты заставаўся незайздросны. На момант перадачы справаў В. Кажаном Браніславу Дубоўскаму на 22 кастрычніка 1950 г. ён выглядаў наступным чынам. Стан касы: прыход да № 47 — 575,70 ДМ, расход да № 50 — 569,33 ДМ, сальда — 6,37 ДМ. Наяўнасьць паперы ў Г. Якаба, тагачаснага друкара газэты: рэдакцыйная 1 850 аркушаў, прададзеныя Г. Якабу — 2 500 аркушаў, за якія друкар мае заплаціць 100 ДМ; за прададзеную паперу друкарні Мюнхлбэрг-Аўгсбург (другі й трэці кварталы 1950 г.) належыцца за 2 109 кг 1 493 ДМ. Невядома, ці былі грошы вернутыя.

Час ад часу выказваліся прапановы шукаць паратунак у друку камэрцыйных абвестак, маўляў, гэта б прыносіла дадатковыя фінансы. Адміністрацыя «Бацькаўшчыны» адказвала: «Цяпер адносна абвестак. Да гэтага часу мы тут выключалі гэтую нагоду з трох прычынаў: 1. «Бацькаўшчына» — газэта палітычна-культурнага характару, а таму не хацелася запаўняць ейныя бачынкі рознымі абвесткамі, тым больш камэрцыйнага характару. 2. Дасюль мы ня плацім ніякага падатку, адказваючыся гэта тым, што газэта выдаецца выключна на ахвяраваньні нашых суродзічаў і ня мае на ўвазе «зьбіваць капітал». Калі ж паявяцца абвесткі, дык будзе цяжэй выкруціцца, і нас прымусяць плаціць падатак. 3. Згадзіўшыся зьмяшчаць абвесткі, адміністрацыя павінна мець асобнага чалавека ці сакратара, які мог бы заняцца гэтай справай і зьвязанай зь ёй вялікай карэспандэнцыяй, а таксама змог бы весьці дакладныя фінансавыя кнігі й даваць іх на праверку мясцовым фіскальным уладам. Такі сакратар мусіць быць аплачаны намі, больш таго, згодна нямецкіх законаў мусіць быць таксама забясьпечана намі й ягоная сацыяльная бясьпека. На гэта мы ня маем сродкаў, а ці абвесткі дадуць нам гэтыя сродкі?»87 .

Не называлася яшчэ адна прычына: звычайна патэнцыйныя чужынцы-рэклямадаўцы гублялі жаданьне даваць рэкляму, даведаўшыся пра малы наклад выданьня; бізнэсмэнаў-беларусаў або не ставала, або яны пасьпяхова абыходзіліся без рэклямы.

Губляючы фінансавую й маральную падтрымку (ставілася пад сумнеў сама патрэба выданьня), газэта, тым ня менш, разьвівалася. Гэтак, у нумары за 25 сакавіка 1952 г. зьявілася ілюстраваная бачына для дзяцей «Каласкі», якую рабіла жонка Станіслава Станкевіча Зінаіда. Фактычна, гэта быў самастойны — і адзіны! — часапіс, дзе друкаваліся творы для дзяцей беларускіх клясыкаў, эміграцыйных пісьменьнікаў, пісьменьні каў з БССР, нарысы па гісторыі Беларусі, фальклёр, перакладныя творы. «Каласкі» карысталіся вялікім попытам і ўжываліся для чытаньня ў суботніх школках.

Ад нумару за 25 траўня 1952 г. бадай штомесяц на старонках газэты друкаваўся «Літаратурны дадатак» з мастацкімі творамі і артыкуламі на літаратурныя тэмы, і «Бацькаўшчына», за адсутнасьцю на эміграцыі «чыстага» літаратурнага выданьня, сталася адлюстраваньнем літаратурнага працэсу. І ня толькі таму, што там друкаваліся найлепшыя творы дыяспары, але таму, што газэта здолела аб'яднаць вакол сябе лепшыя інтэлектуальныя сілы, нацыянальную эліту на выгнаньні, якая сваімі артыкуламі, рэцэнзіямі ці простымі допісамі-рэакцыямі на выдрукаваныя творы спрыяла гэтаму працэсу. На старонках «Літаратурнага дадатку» друкаваліся вершы Н. Арсеньневай, М. Багдановіча, К. Вежыньскага (у перакладзе з польскай П. Сыча), А. Вольскага, М. Вярбы, У. Дубоўкі, У. Дудзіцкага, М. Кавыля, П. Карпэнкі-Крыныця (з украінскай пераклаў У. Клішэвіч), У. Клішэвіча, Я. Коласа, Р. Крушыны, Я. Купалы, А. Міцкевіча, А. Салаўя, Я. Юхнаўца, С. Ясеня; проза Антона Адамовіча, М. Багдановіча, Я. Брыля, У. Дудзіцкага, беластачаніна С. Заставіна, Я. Запрудніка, Я. Коласа, Р. Крушыны, В. Ластоўскага, Г. Паланевіча, Б. Помяна (у перакладзе з польскай П. Сыча), С. Пясецкага, А. Саковіч, П. Сыча, У. Сядуры, М. Цэлеша, Я. Шакуна, Я. Юхнаўца, публіцыстыка Ю. Віцьбіча, пародыі Зьмітра Змагарнага, артыкулы, рэцэнзіі А. Адамовіча, С. Станкевіча, К.Мацкевіча, успаміны Р. Крушыны, П. Сыча, Т. Масенкі, Я.Запрудніка 88.

У «Бацькаўшчыне» друкавалася ладна аўтараў і небеларусаў: украінцы, расейцы, французы, ангельцы, гішпанцы, немцы, палякі, летувісы, казакі. Прыкладам, шмат матэрыялу друкавалася аб суседзях: Летуве, Латвіі, Украіне; найчасьцей артыкулы перакладаліся ў беларускую мову сябрамі рэдакцыі, але часта зьвярталіся да студэнтаў (натуральна, ганарараў не плацілі).

Мабыць, самым важным праектам сталася заснаваньне пры газэце аднайменнага выдавецтва, якое пачало працаваць — разам зь БІНІМам — у тым плённым для рэдакцыі й С. Станкевіча 1952 г. Сярод зробленага — «Спадчына» Янкі Купалы (кошт асобніка быў $ 25, $ 11, $ 9, $ 5 — у залежнасьці ад вокладкі й паперы), ягоныя ж «Тутэйшыя» ($ 1), «Раскіданае гняздо» ($0,75); «Новая Зямля» Якуба Коласа ($ 2,25), «Сымон-музы ка» ($ 2,25), «У Палескай глушы» ($ 1,50); «Вянок» Максіма Багдановіча ($ 3 або $ 4, у залежнасьці ад вокладкі), «Матчын дар» Алеся Гаруна ($ 3), «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя ($ 0,75), «Нядоля Заблоцкіх» Лукаша Калюгі ($ 1,10), «Творы» Вацлава Ластоўскага ($ 0,75), «Плыве з-пад Сьвятой Гары Нёман» Юркі Віцьбіча ($ 0,75), «Беларускія казкі» ($ 3 або $ 4, у залежнасьці ад вокладкі), «Ля чужых берагоў» ($ 2,25), «З гісторыі Беларусі» Янкі Станкевіча ($ 0,95), «Дабрасельцы» Аляксея Кулакоўскага ($ 1)89. А. Адамовіч, замірыўшыся з С.Станкевічам, пад псэўданімам Р. Склют пісаў уводныя артыкулы да большасьці выданьняў. Рэдакцыя газэты ня толькі зьбірала самі творы, што было даволі нялёгкаю справаю пры адсутнасьці даступных крыніцаў, ня толькі апрацоўвала іх, рыхтавала да друку, але й брала на сябе справу распаўсюду, дзеля чаго праводзіла «Месячнікі беларускае кнігі».

Неўзабаве сытуацыя ў Нямеччыне кардынальна зьмянілася: краіна зноў прэтэндавала на цэнтар беларускай эміграцыі, што тэарэтычна мусіла станоўча адбіцца й на газэце:

3 сакавіка 1958 г.

Высокашаноўнаму спадару Прэзыдэнту Рады БНР інж. Міколу Абрамчыку.

Копія: спсп. П. Сычу, А. Марговічу, У. Цьвірку, П. Урбану, У.Дудзіцкаму, Ю. Сенькоўскаму і У. Бортніку.

Мэмарыял у справе палажэньня газэты «Бацькаўшчына».

Калі з палавіны 1951 г. заіснавала магчымасьць выдаваць «Бацькаўшчыну» рэгулярна, Вы мне даручылі выконваць функцыі ейнага рэдактара й галоўнага аўтара зьмяшчаных у ёй матэрыялаў, бо ў той час не было нікога іншага ў Нямеччыне, хто мог бы займацца журналістычнай працай. Калі ж у палавіне 1954 г. я перайшоў на сталую працу ў Інстытут Вывучэньня СССР, я некалькі месяцаў быў яшчэ змушаны таксама адзін весьці газэту. Толькі восеньню 1954 г. прыбыло ў Мюнхэн троху абсальвэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту для працы ў радыё «Вызваленьне» і ўспомненым Інстытуце, і тады паўстала магчымасьць зарганізаваць калегіяльную працу над выдаваньнем «Бацькаўшчыны». Прыбылыя ізь Лювэну людзі разам із сп.Сычам дабравольна ўзялі на сябе заданьне ў вольны час ад сваёй заработнай працы як грамадзкую нагрузку супрацоўнічаць у газэце. Прычым мне было даручана й надалей выконваць функцыі галоўнага рэдактара й несьці агульную адказнасьць за выдавецтва.

Гэткі прынцып вядзеньня газэты астаўся й да апошняга часу. На сяньняшні дзень рэдакцыйная група «Бацькаўшчыны», ці, інакш, Рэдакцыйная Калегія, складаецца з наступных сямёх асобаў: Ст. Станкевіч, П. Сыч, А. Марговіч, У. Цьвірка, П. Урбан, У. Дудзіцкі, Ю. Сенькоўскі.

Калектыўная праца над газэтай ужо ад самага пачатку пачала выяўляць і свае адмоўныя бакі. Некаторыя сябры Калегіі адносіліся да працы сур'ёзна й з поўным пачуцьцём узятага на сябе абавязку. Іншыя выконвалі гэтыя абавязкі несур'ёзна: часта не выконвалі ўзятых на сябе канкрэтных забавязаньняў, рэдка й несыстэматычна давалі матэрыялы ў газэту, спынялі, калі задумалі, зусім сваё супрацоўніцтва на доўгія адрэзкі часу (на паўгоду, на год і болей), уносячы гэтым у рэдакцыйную працу элемэнт дэструкцыі й непамерна абцяжарваючы астальных супрацоўнікаў. Іншым адмоўным вынікам такіх дачыненьняў да газэты было тое, што нельга было яе падняць на такую ўзроўню, для якой былі ўсе аб'ектыўныя дадзеныя й магчымасьці.

Уважаючы за недапушчальнае з грамадзкага гледзішча зьявішча невыкарыстоўваньня як сьлед заіснаваных выдавецкіх магчымасьцяў ды адчуваючы на сабе асабіста маральны й фізычны цяжар такога палажэньня, я на працягу некалькіх апошніх год як перад самой Рэдкалегіяй, так і перад Вамі, Спадар Прэзыдэнт, ставіў ультыматыўнае патрабаваньне: або прыняць усе меры, каб палажэньне радыкальна паправілася, або aдысьці мне ад галоўнага рэдактарства газэты. Ані Рэдкалегія, ані Вы, Спадар Прэзыдэнт, ня выказалі намеру шукаць спосабаў рэалізацыі маіх прапановаў. Як інфармавалі мяне некаторыя кампэтэнтныя ў гэтай справе асобы, Вы лічыліся з тым, што эвэнтуаль ныя радыкальныя меры маглі б выклікаць сярод нас непажаданыя непаразуменьні, і ўважалі, што я, дацэньваючы велізарную нацыянальную ролю «Бацькаўшчыны», не пакіну сваёй правы навет пры найгоршых умовах, бо мой адыход мог бы пацягнуць за сабою ліквідацыю ўсяе выдавецкай справы ў Мюнхэне. Вось жа я ў запраўды кіраваўся гэткімі матывамі й рабіў, што мог і як мог, але сваёй працы ня кідаў, нягледзячы навет на неаднаразовыя заявы сп. У. Цьвіркі, што калі б навет я поўнасьцю адышоў ад «Бацькаўшчыны», дык газэта із-за гэтага выходзіць не перастала б.

Гэтае даволі крытычнае палажэньне трывала ўвесь час аж да канца студзеня 1958 г. Пачынаючы ж зь лютага сёлета газэта ўжо апынулася ў катастрафічным палажэньні й знаходзіцца перад загрозай самаліквідацыі. Ранейшае талераваньне безадказнасьці за ейны лёс часткі сяброў Рэдкалегіі й талераваньне недапушчальнага ў нас палажэньня, што многія людзі, пастаўленыя нашымі нацыянальнымі дзейнікамі на заработную плату ў фінансаваных амэрыканцамі ўстановах, уважаюць, што выконваючы вылучна гэтую працу, яны ўжо не забавязаныя да бясплатнай грамадзкай працы, мусіла даць свае вынікі.

Адно прыемна тут адцеміць, што сябры Рэдкалегіі, якія працуюць у Інстытуце Вывучэньня СССР, сумленна адносяцца да ўзятых на сябе абавязкаў у дачыненьні да газэты «Бацькаўшчы на», якая галоўна ім заўдзячвае сваё дасюляшнее выходжаньне. Затое ў ніякім выпадку нельга гэтага сказаць аб бальшыні сяброў Рэдкалегіі, што працуюць у радыё, з вылучнай прычыны якіх наступіў сёньняшні крызіс газэты. Каб ня быць галаслоўным, вось факты.

Нашая праца пры газэце дзеліцца на дзьве часьці: a) працу публіцыстычную; б) працу рэдакцыйную, адміністрацыйную й тэхнічную. Гэтая апошняя часьць працы ў суме забірае ня менш часу за першую.

Што датычыцца публіцыстычнай працы, дык паасобныя сябры Калегіі ў крытычным месяцы лютым (чатыры нумары газэты — 5, 6, 7 і 8) далі наступную прадукцыю:

1. Ст. Станкевіч (артыкулы «Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы», «Аб спатканьні на найвышэйшым узроўні», «Памажыце зрабіць карысную працу», «Жахлівы балянс русіфікацыі», «Да падзеяў на Сярэднім Усходзе») — разам 1 077 друкаваных радкоў.

2. Ю. Сенькоўскі (артыкулы «Бальшавіцкае самахвальства», «Некалькі пытаньняў і заўвагаў Янку Брылю», «Абы плян выканаць», «За мінулы тыдзень») — разам 677 друкаваных радкоў.

3. А. Марговіч («Беларуская літаратура ў супраціве саветызацыі», «З жыцьця беларусаў пад Польшчаю», «Імпрэзы й сьвяткаваньні», «10 год таму «Бацькаўшчына» пісала» — 2 разы) — разам 520 друкаваных радкоў.

4. П. Урбан («Супраць выкрыўленьня сапраўднасьці», «Беларусы — прасьветнікі Маскоўшчыны») — разам 365 друкаваных радкоў.

5. П. Сыч («За мінулы тыдзень» — 3 разы) — разам 278 друкаваных радкоў.

6. У. Цьвірка (артыкул «Адгукніцеся») — 177 радкоў.

7. У. Дудзіцкі — 0 (ноль) друкаваных радкоў.

Што датычыцца рэдакцыйнай, aдміністрацыйнай і тэхнічнай працы, дык яе выконваюць вылучна сябры Калегіі, што працуюць у Інстытуце, а іменна:

1. П. Урбан — вядзе касу й бухгальтэрыю, арганізуе экспэдыцыю, вядзе ўлікі адрасоў, адміністрацыйную карэспандэнцыю, а навет выконвае функцыі кур'ера між рэдакцыяй і друкарняй.

2. Ст. Станкевіч — выконвае агульнае рэдакцыйнае кіраўніцтва, стылізуе й перапісвае значную частку матэрыялаў звонку, вядзе рэдакцыйную карэспандэнцыю, выконвае ўсе працы, зьвязаныя з выдавецтвам кніжак.

3. А. Марговіч — стылізуе й перапісвае бальшыню матэрыялаў, што прыходзяць ад пабочных супрацоўнікаў, робіць пераклады матэрыялаў з чужое прэсы, якія перадрукоўваюцца ў «Бацькаўшчыне».

Вышэй прыведзены пералік наглядна паказвае, які ўклад у супольную выдавецкую акцыю робіць кажны зь сяброў Калегіі. Але гэта яшчэ ня ўсё. Сябры Калегіі з Інстытуту выконваюць свае заданьні заўсёды ў тэрмін, і із-за іх, бадай, ніколі не было затрымкі ў выхадзе газэты. Затое сябры Калегіі з радыё ў бальшыні выпадкаў надсылаюць свае матэрыялы спозьнена, заўсёды прыходзіцца да іх па некалькі разоў у дзень тэлефанаваць у гэтай справе, напамінаць, прысьпешваць і ў сувязі з гэтым нярэдка выслухоўваць праз тэлефон непрыемныя рэчы, што стварае цяжкую нэрвовую атмасфэру.

І вось вынікі такіх мэтадаў працы. Падрад тры лютаўскія нумары «Бацькаўшчыны» (6, 7, 8) прыйшлося ламаць у суботы замест нармальна ў чацьвяргі, пры гэтым запіхаць розным прыпадковым і неадпаведным матэрыялам: зусім бязвартаснымі артыкуламі, якім месца ў рэдакцыйным кошыку, радыёвымі скрыптамі, якія для радыёперадачаў мо і добрыя, але для газэты ў бальшыні сваёй не падыходзяць, паўтараюць застарэлыя зьвесткі, або зьмяшчаць прыпадкова знойдзеныя ў друкарні чужыя клішэ i падобнае. Ломячы газэту ў суботы, рэдакцыя наражаная на лішнія кошты, бo ў гэтыя дні друкарня нармальна працуе толькі да паўдня, а на працу ў пазьнейшых гадзінах налічвае дадатковую плату. Апрача гэтага, газэта тады выходзіць спозьнена й рассылаецца тады ў наступным тыдні заднім чыслом.

Калі такое зьявішча паўтарылася падрад тры разы, я 22 лютага склікаў паседжаньне Рэдкалегіі й паставіў перад ёю наступныя прапановы: 1. У сувязі із апошняй палітычнай роляй «Бацькаўшчыны» (пранікненьне ў Польшчу, а адтуль у БССР) да газэты цяпер прыглядаюцца адпаведныя дзейнікі, за ёй сочаць, робяць для яе свайго роду экзамэн. Дзеля гэтага зьяўляецца неабходным падняць узровень газэты, зрабіць яе больш выразна палітычна, а ўжо проста было б недапушчальным, каб яна выходзіла із спазьненьнем або нерэгулярна. 2. Дзеля гэтага кажны ізь сяброў Калегіі павінен даваць нешта арыгінальнае ў кажны нумар, як правіла, ад якога, зразумела, могуць быць выключэньні, а не наадварот — што некаторыя, як правіла, не даюць нічога, а даюць толькі ў выпадках выключных. 3. Каб забясьпечыць рэгулярны й тэрміновы выхад газэты, матэрыялы для кажнага нумару павінны давацца ў панядзелкі і аўторкі, а як выключэньне — у серады. 4. Спыніць бесьперапынныя тэлефанічныя напамінаньні аб высылцы матэрыялаў.

Усе гэтыя чатыры прапановы на паседжаньні былі адобраныя. Праўда, сп. П. Сыч з прычыны сваёй хваробы быў непрысутны на паседжаньні, але на другі дзень, 23.2.58 я спэцыяльна езьдзіў да яго і ўсё, што было на паседжаньні, яму перадаў. Зь ягонага боку я таксама пачуў адабрэньне парушаных на паседжаньні праектаў.

Вынік гэтага паседжаньня быў такі, што ў наступным тыдні (24.2 — 2.3.58) газэта зусім ня выйшла. Сябры рэдкалегіі з Інстытуту прыгатавалі ў тэрмін звыш дзьвюх трэціх матэрыялаў, патрэбных для аднаго нумару газэты, а сябры Калегіі з радыё не прыслалі даслоўна ніводнага радка.

Прыйшлося перасунуць чаканьне на іхныя матэрыялы на яшчэ наступны тыдзень (3.3 — 9.3.58). І толькі адзін Ю. Сенькоўскі прыслаў у тэрмін адзін артыкул, якога, аднак, было недастаткова, каб закончыць нумар. Прыйшлося ўзноў ісьці на спазьненьне, каб замест чацьвярга ламаць газэту ў пятніцу. Калі ў чацьвер з радыё была атрыманая толькі адна хранікарская зацемка, прыйшлося ўзноў запаўняць газэту прыпадковым матэрыялам ды перастарэлымі абвесткамі й ламаць у пятніцу навет без традыцыйнага ўжо тыднёвага агляду «За мінулы тыдзень».

Усе прыведзеныя факты дастаткова рысуюць палажэньне, якое стварылася і якое дае падставы зрабіць наступныя вывады:

1. Нацыянальная роля «Бацькаўшчыны» як адзінай дасюль рэгулярнай тыднёвай газэты велізарная. А таму дапусьціць ня толькі да яе ўпадку, але й заняпаду зьяўляецца з грамадзкага гледзішча справай непрабачальнай.

2. У Мюнхэне ёсьць усе магчымасьці ня толькі рэгулярна выдаваць «Бацькаўшчыну», але й значна павысіць яе ўзроўню з кажнага гледзішча. Усе нашыя людзі, што працуюць у радыё і Інстытуце й зьяўляюцца параўнальна добра матэрыяльна забясьпечанымі, маюць усе аб'ектыўныя магчымасьці аддаць для газэты некаторую частку свайго вольнага часу й тым самым поўнасьцю ліквідаваць усе недахопы, аб якіх мова ў гэтым мэмарыяле.

3. Калі ў міжчасе не наступіць выразнае палепшаньне палажэньня, я буду змушаны адразу пасьля Вашага павароту з ЗША ўзалежніць сваю далейшую працу ў «Бацькаўшчыне» ад правядзеньня такіх мерапрыемстваў, якія гарантавалі б яе адпаведны ўзровень і рэгулярны выхад.

З глыбокаю да Вас пашанаю галоўны рэдактар «Бацькаўшчыны» др. Ст. Станкевіч 90.

Ліст Станкевіча красамоўна апісвае стан рэдакцыі і самой газэты таго часу, але адзін пункт патрабуе камэнтара. Ён датычыцца пранікненьня «Бацькаўшчыны» ў Польшчу й Беларусь.

Ініцыятыву выявіла рэдакцыя газэты. Напрыканцы 1956 г. ад яе імя быў накіраваны ліст у Беларускае Грамадзка-Культур нае Таварыства (Варшава) з прапановай абмену кнігамі й газэтамі. Неўзабаве прыйшоў адказ, дзе гаварылася, якім сюрпрызам стаўся ліст зь Нямеччыны й што прапанова з радасьцю прымаецца.

З таго часу ў рэдакцыю «Бацькаўшчыны» пачалі рэгулярна прыходзіць ня толькі пасьведчаньні аб атрыманьні пасылак за подпісамі старшыні Юр'я Туронка й сакратара Ніны Паўлевіч, але й падзякі, просьбы аб новых выданьнях з далёкіх ад сталічнай Варшавы месцаў, а ў беластоцкай газэце «Ніва» зьявілася рубрыка «З жыцьця эміграцыі», дзе на падставе матэрыялаў «Бацькаўшчыны» падаваліся зьвесткі з культурнага й грамадзкага жыцьця эміграцыі, часам нават перадрукоўваліся асобныя артыкулы.

У БССР у той час высылалася 50 асобнікаў — галоўным чынам у бібліятэкі, рэдакцыі, некаторым пісьменьнікам. Канкрэтных зьвестак — ці даходзілі газэты да адрасатаў — не было, але ўскосных ставала; тое былі адмоўнага тону паведамленьні ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» й газэце «За вяртанне на Радзіму» пра пісьменьнікаў-эмігрантаў, інфармацыя для якіх бралася з «Бацькаўшчыны». Такім чынам, чытачы ўсё ж маглі даведацца пра існаваньне дыяспары.

Займальны факт, які сьведчыць пра разуменьне значнасьці газэты ў БССР: да аповесьці Макара Пасьлядовіча «Па воўчых сьцежках» газэта «Звязда» змантавала здымку: пісталеты, бутэлька з атрутаю і газэта «Бацькаўшчына».

Сапраўды, нягледзячы на бясконцыя фінансавыя праблемы, на раздоры ў рэдакцыі, на складанасьці са здабыцьцём матэрыялаў, «Бацькаўшчына» стала найбольш значнаю газэтаю дыяспары, сапраўднаю легендаю эміграцыі. Фактычна, на ейных бачынах зьмяшчаліся лепшыя творы палітычнай, гістарычнай думкі беларусаў на выгнаньні, менавіта там прайшла апрабацыю большасьць мастацкіх твораў пісьменьнікаў-эмігрантаў, там друкаваліся творы клясыкаў перад выхадам у вольны сьвет у цьвёрдых вокладках. На ейных бачынах — сьведчаньні пра ўваход новапрыбылых уцекачоў зь Беларусі ў новае жыцьцё; будаваньне замежнай Беларусі — не асобнымі праявамі, а сыстэмнаю структураю: з урадам, навуковымі інстытуцыямі, школамі, культурнымі ўстановамі, парафіямі, нават з уласнаю апазыцыяй. «Бацькаўшчына» захоўвае на сваіх бачынах дакумэнты палітыкі навонкі — рэакцыю на падзеі ў сьвеце, Беларусі, іх прыняцьцё або адмаўленьне. Газэта прайшла разам з эміграцыяй шлях ад рубрыкі «Шукаем сваякоў» да «Жалобнае хронікі», калі былых уцекачоў — муляроў замежнай Беларусі — хавалі іхныя дзеці і ўнукі, грамадзяне вольных краінаў.

Станіслаў Станкевіч рэдагаваў газэту да самага свайго выезду ў ЗША ў 1962 г. Пасьля ягонага ад'езду газэту перанялі Павал Урбан, Уладзімер Цьвірка, Юры Сенькоўскі, але іхная занятасьць на радыё «Вызваленьне» прадказальна вяла да закрыцьця «Бацькаўшчыны»: апошні, 637-мы, нумар выйшаў у сьнежні 1966 г.91.

Зрэшты, быў яшчэ адзін фактар, які спрыяў закрыцьцю газэты: яна аджыла сябе як газэта эміграцыйная , як газэта эмігрантаў . У сярэдзіне 1960-х пераважная большасьць уцекачоў зь Беларусі ня толькі атабарыліся ў чужых краінах, але й пусьцілі карані, вывучыліся, уладкаваліся на працу, нарадзілі дзяцей, якія пайшлі ў школы, каледжы, — словам, былыя эмігранты пераўтвараліся ў амэрыканцаў (ангельцаў, канадыйцаў, аўстралійцаў, французаў) беларускага паходжаньня. А новы сацыяльны статус патрабаваў газэты новага тыпу — не эміграцыйнай , а выданьня этнічнага .

1 З № 1 па № 58 газэта выдавалася ў баварскім Остэргофэне, №№59—62 — у Розэнгайме, ад № 63 (15 верасьня 1950) газэта выдавалася ў Мюнхэне. Ад 25 сакавіка 1949 г. адказным выдаўцом зьяўляўся Ўладзімер Бортнік.

4 Архіў БІНІМу (Нью-Ёрк). Матэрыялы Міколы Панькова. Поўны сьпіс выданьняў — без пазначэньня накладу й зь незаўсёдным згадваньнем выдаўцоў гл.: Belarusian Publishing In The West: A Bibliography. Periodicals…

5 Спадзявайла, Іван. На чыстым аркушы, або фэномэн «рукапіснага друку» // Бацькаўшчына. № 2. 17 лістапада 1947.

6 Ilnytzkyj, Roman. The Free Press of the Suppresed Nations. Augsburg, 1950. P. 62.

7 Тут найперш трэба зьлічваць колькасьць усяго насельніцтва той ці іншай краіны і колькасьць насельніцтва, што знаходзіліся на эміграцыі. Так, беларусаў і эстонцаў аказалася ў паваеннай Нямеччыне прыкладна пароўну — па 70—75 тыс. Але колькасьць агульнага накладу выданьняў гэтых этнічных групаў розная: беларускіх — 451 тыс., супраць 8 млн. эстонскіх пры 1,3 млн. эстонцаў ва ўсім сьвеце — мэтраполіі і на эміграцыі. — Рэд.

8 Ilnytzkyj, Roman. The Free Press… С. 63.

9 Васіль Кендыш (16.03.1908, в. Чарапы, Нясьвіскі пав. — 01.10.2003). Скончыў Клецкую беларускую гімназію (1929). Працаваў мэліяратарам, арганізоўваў беларускі хор і драматычныя гурткі. Па доўгім беспрацоўі атрымаў працу мэліяратара, а па сканчэньні гэтага праекту пераехаў у Пятркоў у Польшчы, дзе дапамагаў дзядзьку ў працы на млыне. Па павароце з акупаванай немцамі Польшчы быў арыштаваны бальшавікамі і інтэрнаваны, але па пэўным часе адпушчаны. Вярнуўшыся дадому, працаваў у Горнаўскай сямігадовай школе настаўнікам, а пасьля дырэктарам. У гэты час ажаніўся з Марыяй Яскевіч, якая таксама працавала настаўніцай у гэтай школе. Пераехаўшы ў Стоўпцы, далей працаваў настаўнікам і скончыў Настаўніцкі інстытут у Беластоку. Браў актыўны ўдзел у працы беларускіх адміністрацый ных структураў падчас акупацыі немцамі нашага краю. Працаваў на розных пасадах у Баранавічах, Нясьвіжы, Клецку. Вясною 1949 г. выехаў у ЗША. Адзін з актыўных арганізатараў беларускага жыцьця і беларускае нацыянальнае царквы. У сьвятары быў рукапакладзены 10 студзеня 1968 г. у Гайленд Парку. На 2-м Саборы БАПЦ (1972 г.) быў абраны сакратаром Кансысторыі. Пазьней ачольваў парафіі Сьв. Маці Жыровіцкае ў Гайлэнд-Парку й сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, дзе заставаўся да 1981 г. У 1990 г. выйшаў на заслужаны адпачынак.

10 ЮНРРА (UNRRA — United Nations Relief and Rehabilitation Administration) — Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў па Дапамозе і Рэабілітацыі, што дзейнічала на тэрыторыі трох акупацыйных зонаў Нямеччыны і Аўстрыі (брытанскай, францускай і амэрыканскай), галоўнай мэтай ЮНРРА была дапамога асобам, што знаходзіліся на тэрыторыі гэтых краінаў, у рэпатрыяцыі на радзіму. — Рэд.

11 Другі кангрэс адбыўся 13 верасьня 1947 г.; трэці — 28 лютага 1948 г. (сакратар — Пётра Манькоўскі); чацьвёрты — 4 верасьня 1948г.; пяты — 5 сакавіка 1949 г. (сакратар — П. Манькоўскі); шосты — 2жніўня 1949 г.; сёмы — 11 студзеня 1950 г.; восьмы — 9 верасьня 1950г.

12 Архіў БІНІМу.

13 Сакавік: Літаратурна-грамадзкі часапіс. 1947. № 1. С. 58.

14 Бацькаўшчына. № 1. 31 кастрычніка 1947.

15 «БІС» выдаваўся з 1946 па люты 1949 г. Выйшла 24 нумары.

16 БІС. № 18. 10 ліпеня 1948.

17 Псэўданім Антона Адамовіча.

18 Псэўданім Антона Адамовіча.

19 Кендыш, Васіль. Як паўстала «Бацькаўшчына» // Бацькаўшчы на. 31 кастрычніка 1957.

85 Бацькаўшчына. № 25 (156). 21 чэрвеня 1953.

25 «Беларуская Воля» (1947—1948), газэта Беларускай Народнай Партыі. Выдаваў Сымон Жамойда, рэдактар — Яўхім Кіпель.

26 «Вызваленьне» (1948), Беларускі дэмакратычна-незалежніцкі тыднёвік.

27 Аляксей Шудзейка (28.02.1913, Мітава, сёньня Елгава, Латвія— 21.12.1969). Вучыўся ў Варшаўскім унівэрсытэце, у 1939 г. мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у нямецкі палон. Празь некаторы час вызвалены, займаў пасаду старшыні Беларускага прадстаўніцтва ў Торуні, затым працаваў дыктарам у беларускай сэкцыі радыё «Вінэта». Па капітуляцыі Нямеччыны жыў у францускай зоне акупацыі. У 1949 г. пераехаў у ЗША, жыў ва Ўолінгтане (Нью-Джэрзі), браў актыўны ўдзел у працы парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры.

28 «Змаганьне» (1948), орган Pэвалюцыйна-Рэспубліканскага Ўсебеларускага Хаўрусу.

29 Ліст Антона Адамовіча да Міколы Панькова (20.07.1948) // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 58. Чэрвень 1988. С. 43—44.

30 Згадвае Барыс Данілюк (успаміны напісаныя адмыслова для гэтай кнігі, захоўваюцца ў прыватным архіве Л. Юрэвіча): «Зь Пётрам Манькоўскім мы пазнаёміліся ўзімку 1946 г. у Мюнхэне, калі я пачаў студыяваць ва ўнівэрсытэце ЮНРРА і далучыўся да дзейнасьці Беларускага (Крывіцкага) Студэнцкага Згуртаваньня. Пётра таксама запісаўся на студыі ў тым унівэрсытэце, здаецца, на права, бо нібыта пачаў вывучаць яго яшчэ перад вайною ў Вільні. Што ён і дзе рабіў падчас нямецкае акупацыі, ня ведаю, бо Пётра ні з кім, у тым ліку і з мною, блізка не сябраваў і пра сваё жыцьцё не апавядаў (П. Манькоўскі ў часе нямецкай акупацыі выкладаў мінэралёгію ў Вялейскай настаўніц кай сэмінарыі. — Рэд.). Паходзіў ён недзе зь Віленшчыны. З увагі на тое, што ён быў троху старэйшым ад нас, мы ставіліся да яго з рэспэктам. Ня памятаю, аднак, хоць я і быў у рэдкалегіі, ці ён пісаў у «Крывіцкі Сьветач» ды ці быў ва ўправе Згуртаваньня, але прамаўляў на сходах. Калі зачыніўся ЮНРРАўскі ўнівэрсытэт, Манькоўскі, здаецца, спрабаваў працягнуць студыі ва Ўкраінскім Вольным Унівэрсытэце, але ў яго, як і ў мяне, нічога ня выйшла.

Пазьней мы ізноў сустрэліся ў 1951 г. у Брукліне, дзе ён неўзабаве пасяліўся разам з Тулейкам і Ніхаёнкам, а іхная кватэра стала штабам дзейнасьці беларускае моладзі. Там мы зь імі ды Галінай і Васілём Русакамі складалі й друкавалі на рататары моладзевы часапіс «Віці». Пазьней кватэрная суполка разышлася, і Манькоўскі адзін наняў сабе кватэру ў Іст-Нью-Ёрку, каля нас. Тады мы зь ягоных выказваньняў аб праменьнях, якія на яго пускаюць з Крамля, зразумелі, што хварэе ён на манію перасьледу. Ці тады, ці троху пазьней ён пачаў называць сябе гісторыкам і казаць, што піша гісторыю Беларусі, але надрукаваў толькі некалькі брашураў, колькі артыкулаў у «Голасе Царквы», рэдактарам якога быў пасьля Міхася Міцкевіча. Ягонае дзівацтва і спрычынілася да таго, што ня мог нідзе ўтрымацца на працы і ўрэшце страціў кватэру ды пасяліўся ў падмосьці (бэйсмэнце) у хаце Аляксандра Міцкевіча. Адтуль ён празь некаторы час перабраўся да сястры ў Нью-Брансўік, дзе быў блізкі да А.Стагановіча. Калі ягоная сястра скончыла жыцьцё самагубствам, ён прадаў ейную хату і, атрымаўшы кватэру ў новым доме, жыў там з пэнсіі (Social Security). Калі нашыя эміграцыйныя «палітыкі» ўчынілі раскол у БАПЦ, Манькоўскі бескампрамісна стаў на баку мітрапаліта Андрэя і ўладыкі Ізяслава, выконваў абавязкі сакратара Кансысторыі.

У 1999-м ці 2000-м яго, хворага, здэзарыентаванага, лекары прымусова паслалі ў псыхіятрычную лячэўню, дзе, пэўна, ня вылечылі, а пераслалі ў так званы nursing home (кшталту дому для старых), дзе 28 студзеня 2002 г. на 86-м годзе жыцьця і памёр. Пра ягоную сьмерць я даведаўся праз пару месяцаў і ня ведаю, дзе ды кім ён пахаваны. Установа, што сталася яму апошнім домам, на нашыя запыты адказу не дае. Таксама вялікая шкода, што ён праз сваю скрытасьць ані мне, ані ўладыку Ізяславу не даручыў апекавацца ягонай даволі багатай калекцыяй беларускіх кніг і немалым архівам. Усё пайшло ў сьмецьце».

31 Уладзімер Тамашчык (Васіль, 15.06.1900, в. Вялікія Азярыны, Гарадзенскі пав., сёньня Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.— 09.06.1970). У часе Першай Сусьветнай вайны быў эвакуяваны ў Омск, дзе скончыў сярэднюю школу (1920). У 1921 разам зь сям'ёй вярнуўся ў Беларусь, адбудаваў з братамi зруйнаваны вайной маёнтак у Дублянах. У 1927 г. арыштаваны польскiмi ўладамi па абвінавачаньні ў антыдзяржаўнай дзейнасьцi i прыгавораны да трох гадоў турмы. З1930г.— у Чэхаславаччыне. Скончыў агранамічны факультэт Праскай палітэхнікі (1934), працаваў асыстэнтам у Праскiм iнстытуце заалёгii. Браў удзел у грамадзкiм беларускім жыцьцi. Пасьля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi на кароткi час вярнуўся ў Дубляны. Пазьней пераехаў у Беласток, працаваў намесьнiкам рэдактара газэты «Новая дарога». З 1944 г.— на эмiграцыi. Зь сярэдзiны 1940-х жыў у Мюнхэне. Абраны старшынём Беларускага Цэнтральнага Камiтэту ў Нямеччыне. Адмоўна паставіўся да пераходу япiскапаў БАПЦ у Рускую Зарубежную Праваслаўную Царкву. Пастрыгся ў манахi пад імем Васiль 23.5.1948 на саборы адноўленай БАПЦ у Канстанцы (Нямеччына). Вышэйшымi герархамi Ўкраiнскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ўзьведзены ў сан япiскапа ў беларускай царкве сьв. Мiкалая ў Розэнгайме (19.12.1949). У 1951 г. скончыў Украiнскую Багаслоўскую Акадэмiю ў эмiграцыi. На сьвятарным Саборы япiскапаў БАПЦ (1951) абраны адмiнiстратарам БАПЦ у ЗША, Канадзе i Эўропе. Пераехаў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, дзе арганiзаваў царкоўна-рэлiгiйны й адмiнiстрацыйны цэнтар япiскапату БАПЦ у Паўночнай Амэрыцы. Удзельнiчаў у беларускiм грамадзка-культурным жыцьцi на эмiграцыi. Некаторы час узначальваў БІНІМ. Быў сябрам БАЗА, быў асабiста знаёмы з прэзыдэнтамi Лінданам Джонсанам (1963—1968) i Рычардам Нiксанам (1969—1974). Садзейнiчаў арганiзацыi новых прыходаў БАПЦ, функцыянаваньню суботнiх i нядзельных школаў беларусаведы. Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку.

33 Ліст Антона Адамовіча да Міколы Панькова (15.10.1948) // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 58. Чэрвень 1988. С. 45—46.

Табліца 1

34 Ідэя Крывіччыны мае даўгую гісторыю. Пачалася яна ад Вацлава Ластоўскага, потым яе падхапіў др. Янка Станкевіч у працы «Беларусь— Крывія ў мінулым» (Менск, 1942). А. Адамовіч, Я. Станкевіч, В. Пануцэвіч адрадзілі яе на эміграцыі.

35 Summary of D. P. Camp Population by Citizenship and by Mil. Posts and Areas. I.R.O. U.S. Zone Head, Headquarters Office of Statistics and Operational Reports. Published 5th June 1950. Based upon reports as of 30th April 1950.

36 Архіў Паўла Урбана (Нямеччына).

37 Каханоўскі, Аўген. Фактычныя дадзеныя аб стане беларускае эміграцыі // Запісы БІНІМ. № 28. Менск, 2005. С. 273—284.

38 Зуб. Па куткох эміграцыі. Нашая перамога // Бацькаўшчына. № 8 (11). 14 сакавіка 1948.

39 Зуб-ня-Зомб. Як із дуба можа вырасьці домб // Бацькаўшчына. №4 (7). 15 лютага 1948.

40 Беларуская песьня ў Амэрыцы // Бацькаўшчына. № 16 (60). 5 кастрычніка 1949.

41 Тамсама.

42 Шавель, А. Наш нацыянальны абавязак (Да нас пішуць) // Бацькаўшчына. № 5 (49). 6 лютага 1949.

43 М. Т. Між суродзічамі ў Бібэраху // Бацькаўшчына. № 2 (5). 31 студзеня 1948.

44 Зь беларускага жыцьця. Беларускі асяродак у Дэльмэнгорст // Бацькаўшчына. № 3 (47). 23 студзеня 1949.

45 Слонімскі. Па куткох эміграцыі. Зьезд у Заўльгаў // Бацькаўшчы на. № 9 (12). 25 сакавіка 1948.

46 Беларуска-ўкраінскі канцэрт. Зь беларускага жыцьця // Бацькаўшчына. № 63. 15 верасьня 1950.

47 Падарожны. Па лягерах і асельлях // Бацькаўшчына. № 45 (275). 6 лістапада 1955.

48 Налібок. Адваёўваем лягеры // Бацькаўшчына. № 4 (7). 15 лютага 1948.

49 Немановіч, У. У памяць Герояў // Бацькаўшчына. № 70. 15 верасьня 1951.

50 У скаўтаў // Бацькаўшчына. № 3. 27 лістапада 1947.

51 Новая скаўцкая адзінка. Па куткох эміграцыі // Бацькаўшчына. № 25 (28). 8 жніўня 1948.

52 У лягеры Розэнгайм. Зь беларускага жыцьця // Бацькаўшчына. №15 (59). 18 жніўня 1949.

53 Эміграцыйныя справы // Бацькаўшчына. № 15 (59). 18 жніўня 1949.

54 Цікун, П. Іхныя штучкі // Бацькаўшчына. № 2 (5). 31 студзеня 1948.

55 Тота. Справы ДП. Як сэнат разважыў і адважыўся // Бацькаўшчына. № 21 (24). 20 чэрвеня 1948.

56 Юрысконсульт. Аб адміністрацыі лягераў ДП // Бацькаўшчына. № 36 (39). 11 лістапада 1948; Юрысконсульт. Дысцыплінарныя камісіі. Карныя распараджэньні ДП // Бацькаўшчына. № 40 (43). 19 сьнежня 1948; Юрысконсульт. Праўная помач ІРО // Бацькаўшчына. № 35 (38). 7 лістапада 1948.

57 Янка. Па куткох эміграцыі. Лепш пазьней, як ніколі. У Францускай зоне // Бацькаўшчына. № 1 (4). 25 сьнежня 1948; Увазе беларускіх ДП // Бацькаўшчына. № 11 (14). 11 красавіка 1948; Станкевіч, Ст. У новых краёх — новыя заданьні // Бацькаўшчына. № 13 (57). 1 чэрвеня 1949; У. С. Канкрэтная праблема // Бацькаўшчына. № 33 (263). 14 жніўня 1955.

58 Пазьней яны моцна выявяцца пры рэдагаваньні вершаў Янкі Купалы для зборніка «Спадчына».

59 Ліст Антона Адамовіча да Міколы Панькова (27.10.1948) // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 58. Чэрвень 1988. С. 47.

60 Greenblatt, Stephen. Towards a Poetic of Culture. «The New Historism» / Ed. by H. Aram Veeser. New York & London: Routledge, 1989. P. 8, 14.

61 Лотман, Юрий. Литературный быт // Литературный энциклопе дический словарь / Под общ. ред. В. Кожевникова. Москва, 1987. С.194.

62 Heller, A. Can Everyday life be Endangered? // Heller, A. Can Modernity Survive. T.J.Press Ltd, Padstow, Cornwall, 1990. P. 46.

63 Станкевіч, Станіслаў. У новых краёх — новыя заданьні // Бацькаўшчына. № 13 (57). 1 чэрвеня 1949.

64 Ліст Яна Пятроўскага да Юркі Віцьбіча. 25.06.1967 г. // Пятроўскі, Ян. Віцьбіч-Стукаліч — Ян Пятроўскі. Факты Мінулых Дзён. Успоміны. USA, Gainsville, Florida, 1999. [Кніга без пагінацыі].

65 Віталь Кажан (09.10.1916, в. Балбекі, сёньня Шаркаўшчынскі р-н Віцебск. вобл. — 17.01.2004). Вучыўся ў польскай афіцэрскай школе, у 1939—1941 гг. настаўнічаў. У жніўні 1942 г. скончыў афіцэрскія курсы ў Менску, камандзіраваны ў Браслаў весьці падафіцэрскія курсы Самааховы. Працаваў у Глыбокім сакратаром, заступнікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы. Зь лета 1944 г. — на выгнаньні. У Бэрліне працаваў у Беларускай Цэнтральнай Радзе. У лістападзе 1944 г. палкоўнік Кушаль прызначыў яго сваім ад'ютантам. 1 сакавіка 1945 г. узяў шлюб зь Яўгеніяй Кароль. Па капітуляцыі Нямеччыны быў заступнікам камэнданта (ліпень 1946 — люты 1948 гг.) лягернай паліцыі ў Шляйсгайме (Баварыя). Пасьля пераезду ў лягер Остэргофэн выконваў абавязкі адміністратара газэты «Бацькаўшчы на», зь лістапада 1948 г. — абавязкі камэнданта лягернай паліцыі. Быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту на амэрыканскую акупацыйную зону Нямеччыны, настаўнікам ангельскай мовы ў беларускім лягеры ў Розэнгайме. З кастрычніка 1949 г. і да самае сьмерці— галоўны скарбнік Рады БНР. З 1950 г. жыў у ЗША (Стамфард, Канэктыкут).

66 Ліст ад 1 лютага 1949 г. быў перададзены В. Кажаном аўтару гэтае кнігі й цяпер захоўваецца ў архіве БІНІМу.

67 Стась Станкевіч быў, як сказаў бы В. Ластоўскі, загарным п'яніцою, што, праўда, не адбівалася на працы рэдакцыі: Станкевіч «абдумоўваў» запоі.

68 Маецца на ўвазе: дармова — сталым супрацоўнікам або рэпрэзэнтацыйныя.

69 Язэп Пітушка (1913 — 25.02.1984). Грамадзкі й вайсковы дзеяч. Браў удзел у стварэньні Згуртаваньня Беларусаў Канады, затым разам з прыхільнікамі Сяргея Хмары стварыў Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне. Пахаваны на могільніку Парк-Лон (Park Lon) у Таронта.

70 «Беларус на чужыне» — штодвухтыднёвік. Выдаваўся ў Лёндане з кастрычніка 1947 па красавік 1950 гг. Гал. рэдактар — Аляксандар Надсан. Выйшлі 42 нумары.

71 Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 31. Лістапад 1985 г. С.144.

72 Сусьветнае Аб'еднаньне Беларускае Эміграцыі.

73 Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 31. Лістапад 1985. С.153—154.

74 Праз два гады па Зьезьдзе Ўладзімер Шыманец зрабіў яшчэ адну спробу цэнтралізацыі прэсы, даслаўшы з Парыжу (30.04.1951), дзе ўзначальваў рэдакцыю газэты «За Волю», у рэдакцыі «Беларускага Эмігранта» (Канада), «Беларуса» (ЗША) й «Бацькаўшчыны» (Нямеч-

чына) ліст наступнага зьместу (Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 31. Лістапад 1985. С.156—157): «Прыемна нам гэта ці не, аднак стаім перад фактам, што аднэй цэнтральнай газэты на эміграцыі нам зарганізаваць не ўдалося. Трэба, значыцца, выкарыстаць гэтую прэсу, якая ёсьць, як належыцца, каб яна нам замясьціла адну тыднёвую газэту. З гэтым адміністрацыя газэты «За Волю» вырашыла зьвярнуцца да сваіх старэйшых сёстраў, каб прыступіць да пэўнага роду сындыкату, калі ходзіць аб кальпартажы газэт.

Сындыкат гэты палягаў бы на вельмі простых прынцыпах: 1. Каб не рабіць узаемнай канкурэнцыі й не марнаваць попусту месца ў газэце, не друкаваць гэтага ж самага матэрыялу. Кожная газэта павінна паставіць умову сваім падпісчыкам, каб не пасылалі аднаго й таго ж самага матэрыялу ў розныя газэты, што нашыя дзеячы вельмі ахвотна чыняць. Гэткім спосабам мы зможам зрабіць усе нашыя газэты ўзаемна дапаўняючыя адна адну, а значыцца, даўшы новы матэрыял. 2. Пры адміністрацыі кожнае газэты ствараюцца кальпартажныя пункты іншых газэтаў, якія будуць імкнуцца падаваць чытачу штотыдзень новую газэту. Гэткім чынам хоць назовы будуць іншыя, чытач будзе мець фактычна штотыдзень сьвежую беларускую газэту. 3. З гэтаю мэтаю ўсе 4 газэты будуць абменьвацца адпаведнаю колькасьцю экзэмпляраў і прадаваць іх на свой рахунак. Гэтак мы ўнікнем нявыгаднай і каштоўнай перасылкі грошай. Абмен павінен адбывацца на падставе двухбакова га дагавору між паасобнымі газэтамі. Мы, з свайго боку, прапануем нумар за нумар. За лішнія нумары газэты трэба будзе даплачваць. 4.Газэты ня будуць рассылацца чытачам бясплатна, бо гэта дэмаралізуе людзей. Кожны, хто хоча чытаць беларускую газэту, павінен прыняць удзел у яе фінансаваньні. Гэткім чынам мы пазбудземся лішняга абцяжарваньня матэрыяльнымі выдаткамі вузкіх групак людзей, пераклаўшы кошт выдавецтва на шырэйшыя слаі. 5. Pэдакцыі павінны азначыць пэрыядычнасьць газэты й сьцісла датрымоўваць тэрміну выданьня. Так, каб чытач прывык да таго, што гэткай даты будзе газэта, і гэта якраз зробіць яго пунктуальным адносна газэты».

З гэтае ідэі, аднак, нічога не атрымалася.

75 Ліст Станіслава Станкевіча да Міколы Панькова (20.09.1950) // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. № 31. Лістапад 1985. С. 156.

76 Бацькаўшчына. № 42—43 (376—377). 31 кастрычніка 1957.

77 Эйхенбаум, Б. Литература и литературный быт. Хрестоматия по теоретическому литературоведению. Тарту, 1976. С. 285.

78 Архіў П. Урбана.

79 Архіў Л. Юрэвіча.

80 Згадвае Вітаўт Кіпель (архіў Л. Юрэвіча): «Да жыцьця газэты «Бацькаўшчына» я мушу падзяліцца адным эпізодам-успамінам, які ў нейкі спосаб адлюстроўвае эпоху пэрыяду 1950-х гадоў, а асноўнае — людзей, якія былі ў беларускім руху. Па ходзе працы над маёй доктарскай тэзай у Лювэне мне трэба было адведаць і пару дзён папрацаваць у мінэралягічнай лябараторыі ўнівэрсытэ ту ў Стакгольме. Там аналізаваліся сьлюды з высокім адсоткам ліція, а веданьне тэхнікі гэтага працэсу было неабходна для мяне. Дабрацца да Стакгольму з Бэльгіі ў 1954 г., калі не было грошай, было ня так і проста, але Зора праз свайго гаспадара, у якога працавала гувэрнанткай, дапамагла мне зьезьдзіць. У Стакгольме ў той час беларусы былі, была й свая арганізацыя, хоць зь імі мне сустрэцца не пашанцавала. А вось газэту «Бацькаўшчына» я пабачыў там — у руках у аднаго з наведвальнікаў праваслаўнае царквы. Зрабіўшы неабходнае, я варочаўся ў Бэльгію праз Капэнгаген, дзе затрымаўся ў сп. Я. Лабейкі, кальпартэра «Бацькаўшчыны» ў Даніі. Ягоны адрас я даведаўся таксама з газэты й быў вельмі прыемна зьдзіўлены, пабачыўшы на ягоных дзьвярах шыльдачку з назовам беларускае арганізацыі. Быў сп. Лабейка земляком майго прыяцеля зь Лювэну, Янкі Жучкі, ад якога я меў рэкамэндацыйны ліст. Майму візыту Лабейка вельмі ўсьцешыўся, падскочыў да мяне— і я пабачыў, што ён без аднае нагі. Сп. Лабейка, заўважыўшы маю зьмяшанасьць, адразу сказаў: «Інваліднасьць цяпер мне не перашкаджае! Я ежджу на матацыклеце й Вас абвязу па ўсім горадзе, а ў пятніцу мы сустрэнемся з усімі беларусамі, якія прыходзяць да мяне па газэту. Гэтак і было: пятніцу й суботу я правёў зь беларусамі дацкае сталіцы, якія сабраліся ў кватэры сп. Лабейкі абмеркаваць новы нумар газэты. На правінцыю, як сказаў мне гаспадар, у той рассылалася каля 30 нумароў. Некалькі aсобнікаў «Бацькаўшчыны» дасылаліся адсюль у Галяндыю».

81 Архіў П. Урбана.

82 Журналистика русского зарубежья XIX—XX в. / Под ред. Г.В.Жиркова. Санкт-Петербург: Изд-во С.-Петербургского университета, 2003. С. 12.

83 «У 1950-х — 1960-х гадох «Беларус» меў канкурэнта — «Бацькаўшчыну», якая мела ў Амэрыцы шмат верных прыхільнікаў, якія, выбіраючы выданьне для публікацыі сваіх матэрыялаў, аддавалі перавагу ёй. Але гэта не хвалявала «Беларуса». Наадварот, ён падтрымваў меркаваньне «Бацькаўшчыны» наконт таго, што беларусы павінны мець палітычную газэту ў Заходняй Эўропе» (Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993. С. 268).

84 Архіў П. Урбана.

Табліца 2

85 Бацькаўшчына. № 25 (156). 21 чэрвеня 1953.

86 Ліст да Б. Даніловіча ад 23 лістапада 1953. Архіў П. Урбана.

87 Ліст Паўла Урбана да Кастуся Акулы. Архіў П. Урбана.

88 Пазней пачаў друкавацца свой «Літаратурны дадатак» і ў «Беларусе» — «Далягляды», на бачынах якога друкаваліся творы А. Барскага, Д. Бічэль-Загнетавай, В. Зуёнка, П. Макаля, С. Панізьніка, А. Пысіна, М. Стральцова ды іншых пісьменьнікаў Беларусі. Так што аб'яднаньне на адной газэтнай плошчы літаратуры дыяспары й мэтраполіі адбылося раней, чым пад «адною вокладкаю», як піша Анатоль Сідарэвіч у рэдакцыйным уступе да «Анталёгіі беларускай паэзіі ХХ ст.» укладаньнем Міхася Скоблы (Мінск: Лімарыус, 2003. С. 27).

89 Лічбы пададзены на канец 1961 г. Кошты ўсталёўвала рэдакцыя, яна ж рэгулярна абвяшчала праз газэту зьніжкі й «Тыдні таннае беларускае кнігі». Гэта працавала досыць добра — пакуль выдаваліся творы клясыкаў ці падсавецкіх аўтараў. Але першая спроба выдрукаваць кнігу эміграцыйнага пісьменьніка скончылася, як пісаў С. Станкевіч, «скандалам»: выдаўшы «Выбраныя творы» P. Крушыны, рэдакцыя, са згоды аўтара, пачала іх распаўсюджваць па $1 за асобнік, але празь некаторы час аўтару падалося, што гэта вельмі танна, і ён запатраба ваў перамяніць кошт на $ 2 — на ўвесь наклад, частка якога да таго часу ўжо была распаўсюджаная. Магчыма, гэта ў пэўнай ступені паслугавала таму, што «Бацькаўшчына», апёкшыся, неахвотна выдавала кнігі ўласных аўтараў.

90 Архіў БІНІМу.

91 «Нават калі эмігранты настала ўладкоўваліся ў розных краінах, «Бацькаўшчына» надалей заставалася інфармацыйным сродкам для ўсіх беларусаў. Яна падрабязна насьвятляла жыцьцё беларусаў у Злучаных Штатах да самага канца 50-х гадоў, калі сувязі газэты з эмігрантамі аслаблі, аж пакуль яна ўрэшце не спыніла сваё існаваньне» (Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША… С. 262—263). Захады захаваць газэту рабіліся надалей. Паказальны ліст Юркі Віцьбіча да Натальлі Арсеньневай ад 15 лістапада 1966 г. (архіў БІНІМу): «Глыбокапаважаная спадарыня Ареньнева! (…) Вельмі прыемна, што дзякуючы сталым клопатам сп.др. Ст. Станкевіча «Беларус» выдаецца цяпер штомесячна. Аднак затое прыкра, калі нашая цэнтральная газэта на чужыне й вэтэран воль-

нага эмігрцыйнага друку «Бацькаўшчына» апошнім часам заняпала. Хіба не паказальна, што цяпер рэдагуецца ейны… чацьвёрты нумар за 1966 г. З атрыманых мной лістоў ведаю, што гэты заняпад тлумачыцца, па-першае, вельмі вузкай матэрыяльнай базай — газэта існуе галоўным чынам за кошт самаабкладаньня мюнхэнскіх суродзічаў, а па-другое, амаль адсутнасьцю належнае падтрымкі яе сваймі творамі з боку нашых літаратараў. Якое ж выйсьце з гэтага кепскага становішча? Перадусім нашыя літаратары мусяць зьвярнуцца да ўсяе эміграцыі з добрым і прачулым зваротам, каб яна матэрыяльна падтрымала «Бацькаўшчыну». Пад гэтым зваротам пажаданыя, як на мой погляд, подпісы — Арсеньнева, Акула, Віцьбіч, Глыбінны, Дудзіцкі, Кавыль, Крушына, Склют, Сяднёў, Цэлеш і Юхнавец. А можа, я каго-небудзь амінуў? Ці, магчыма, аж зашмат асобаў назваў дзеля подпісу? Свой погляд тут нікому, крый Божа, не накідаю, а значыцца падпарадкуюся ў гэтай галіне волі большасьці.

Па-другое, нашыя літаратары мусяць аднавіць сталы кантакт з «Бацькаўшчынай», дасылаючы ёй свае новыя творы. Прыпушчаю, што ў газэце зьявяцца літаратурныя старонкі, або супольныя для некаторых аўтараў, або цалкам прысьвечаныя каму-небудзь зь іх. Пажаданыя таксама юбілейныя старонкі, прызначаныя ў першую чаргу замардаваным расейскім бальшавізмам нашым сябрам. Тыя зь літаратараў, што зьяўляюцца навукоўцамі або журналістамі, у стане падтрымаць «Бацькаўшчыну» сваймі артыкуламі, нарысамі, фэльетонамі і г. д.

На жаль, «Бацькаўшчына» чамусьці не практыкуе перадрук з тамтэйшых выданьняў, што ўжывае цяпер эміграцыйны пэрыядычны друк усіх нацыянальнасьцяў. Даруйце, гэта справа густу, але мне, напрыклад, хочацца аберуч падпісацца пад добрым патрыятычным творам Уладзімера Караткевіча «Баляды камня». Дарэчы, ягонага подпісу — аўтара «Пад сярпом тваім» — няма паміж васьмёх, што падпісалі «Ня вам беларусамі звацца!». А калі ўзяць гэтых самых восем, да якіх стаўлюся зь цеплынёй і пашанай? У іхнае творчасьці ёсьць ладна пэрлаў, зь якімі варта пазнаёміць нашую эміграцыю. Як Вы заглядаецеся на парушанае тут?»

Гл. таксама ліст Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча (Юрэвіч, Лявон. Шматгалосы эпісталярыюм // Запісы БІНІМ. № 29. Нью-Ёрк — Менск, 2005. С. 156).