Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць

Брэхт Бэртальт


Сцэна 7

Кантора трэста "Цвятная капуста".
А р т у р а У i, Э р н э с т а Р о м а, Д ж у з э п э
Д ж ы в о л а, Э м а н у э л е Г i р ы i а х о ў н i к i.
Група дробных г а н д л я р о ў-з е л я н ш ч ы к о ў слухаюць
прамову Артура Уi.
На памосце побач з У i сядзiць хворы старац Д о г с б а р а.
На заднiм плане-- К л а р к.

У i (крычыць)
Шантаж! Забойства! Гвалт! Рабунак! Рэкет!
На вулiцах у ясны дзень страляюць!
Законапаслухмяныя бацькi
Iдуць сабе ў мунiцыпалiтэт
I сярод дня забiтыя! I як жа
На тое рэагуюць нашы ўлады?
Нiяк! Пачцiвыя кiраўнiкi
Тайком свае сумнiўныя гешэфты
Ўпраўляюць, а сумленных грамадзян
Качаюць у гразi!

Д ж ы в о л а
Увага!

У i
Ганьба!
Калi ўжо кожны робiць тое, што
Ягоны эгаiзм яму падкажа,
Дык гэта значыць толькi, што у нас
Усе супроць усiх. А гэта -- хаас!
Напрыклад, я стаю i мiрна бульбу
Сваю людзям у лаўцы прадаю
Цi мiрна свой грузавiчок з капустай
Вяду, аж тут, бач, нехта ўжо не мiрна,
Уломiцца у лаўку i крычыць
Мне: "Рукi ўгору!", цi страляе нават,--
Якi ж бо гэта мiр? Аднак тым разам,
Я ведаю, што людзi не ягняты,
Дык я прыму рашуча засцярогi,
Каб людзi гэтыя не лезлi ў лаўку,
Каб не даводзiлася мне раз-пораз
Стаяць па стойцы "рукi ўгору", каб
Я мог разумна рукi прыкладаць,--
Ну, скажам, персiкi перабiраць.
А як што чалавек такi ў натуры,
Што з добрай волi рэвальвер не кiне,--
Ну, скажам, так ён хораша глядзiцца,
Цi, скажам, балбатун якi з управы
Яго, такога, больш уважыць. Не, брат,
Хваробу! -- я не стрэлю, стрэлiць iншы.
Вось вам i логiка! Дык што ж рабiць?
А я скажу вам што! Па-першае:
Сябры, што вы рабiлi ўсе дагэтуль,--
Кату пад хвост, не робяцца так справы!
Сядзець лянiва ў лаўцы каля касы
I спадзявацца, што мiне вас лiха,
Не ведаць еднасцi, сварыцца марна,
Не маючы надзейнай абароны,
Каб кожны гангстэр мог на вас напасцi,--
Сябры, не пойдзе так. Дык вось: найперш --
Адзiнства. Вось што трэба. I ахвяры.
Спытаеце ў мяне: нашто ахвяры?
Чаму? На абарону лавак грошы?
А мы не хочам! Мы сваю кiшэнь
Найболей любiм! На абарону трыццаць
Працэнтаў? Вы жартуеце! Не хочам!
Была б яна бясплатна, абарона,--
Тады няхай, мы не супроць яе!
Сябры мае, не так яно ўсё проста,
Бясплатны толькi сыр у пастцы i
Бясплатна можна толькi памiраць.
Сябры, усё ў жыццi каштуе грошай.
Ахова -- гэтак сама. Мiр, спакой,
Бяспека -- грошы. У жыццi -- усё так.
Бо так было, так ёсць i вечна будзе.
I вось рашылi мы -- сябры i я:
Яны ўсе тут, i там яны, знадворку--
Прыняць усiх вас пад сваю апеку.

Джывола i Рома апладыруюць.

Вы бачылi, што мы па-дзелавому
Рашаем гэту справу, перад вамi
Сам мiстэр Кларк, вядомы аптавiк.

Рома выводзiць наперад Кларка. Некаторыя гандляры апладыруюць.

Д ж ы в о л а
Я, мiстэр Кларк, я ад iмя прысутных
Вiтаю вас. Трэст "Цвятной капусты"
Прымае план Артура Уi i
Вам гэта робiць гонар. Шчыра дзякуй
Вам, мiстэр Кларк!

К л а р к
Ледзi джэнтльмены!
Мы, трэст "Цвятной капусты", з засмучэннем
Глядзiм, як цяжка вам збываць тавар.
Ўсё дорага, вы на парозе краху.
Чаму ж? Таму, што грузчыкi, шафёры,
Кладаўшчыкi разбэшчаны чужымi
Уплывамi i з кожным божым днём
Плацi iм больш i больш. Нам трэба iх
Скруцiць, каб не дыхнулi-- Уi гэта
Вам забяспечыць.

П е р ш ы г а н д л я р
А калi плацiць
Iм менш i менш, дык хто ж тады купляць
Тавар наш будзе?

У i
За пытанне дзякуй!
I на яго адказваю: нам сёння
Пры ўсiм жаданнi выкраслiць рабочых
Не выпадае, бо пакупнiкi--
Яны. Я колькi ўжо разоў казаў:
Сумленна працаваць -- не брыдка, праца--
Дае прыбытак. Праца -- неабходнасць.
А гэта значыць, што асобна ўзяты
Рабочы мне -- каштоўны! А калi
Пачне з падобнымi сабе ўступаць
У змовы i з сваёй свiнячай мордай
У справы совацца, ў якiх не петрыць,
Напрыклад, як сабе прыбыткi цiснуць,
Тады кажу я: стоп, а цi не годзе!
Хто ты такi? Рабочы? Ну й -- рабi!
Страйкуеш? Не працуеш? Ну, тады
Ты болей не рабочы, небяспечны
Суб'ект, i я звяду з табой рахункi.

Кларк апладыруе.

А каб у вас сумненняў не было,
Каб давяралi нам, тут сярорд вас
Ёсць чалавек, якога з поўным правам
Мы маем за узор вялiкай, чыстай
Маральнасцi i праўды, гэта наш --
Славуты Догсбара.

Гандляры апладыруюць гучней.

Мiстэр Догсбара,
У гэты час я з асаблiвай сiлай
Адчуў, як абавязаны я вам
Прызнаннем вечным. Воляй неба мы
Спалучаны. Хай маладзейшы я,
Я сцiплы сын кварталаў Бронкса, вы ж
Мяне абралi сябрам, нават сынам,--
I колькi жыць Бог дасць,-- я не забуду.
(Бярэ абвiслую руку Догсбара i энергiчна трасе яе.)

Д ж ы в о л а (напаўголасу)
Узрушлiва! Адзiнства бацькi й сына!

Гiры (выходзiць наперад)
Зеляншчыкi! Ад сэрца шэф гаворыць!
Вось бачу я, пытаннi ў вас наспелi.
Давайце, людцы! Больш, смялей! Бо мы,
Мы не ямо таго, хто нам не вораг.
Я, ведаеце, рэжу праўду-матку
У вочы. Лiшнiх слоў я не люблю,
I не трываю крытыканства, што
Усё счарнiць спрабуе ў лютай злосцi
I толькi звесцi можа у тупiк.
А вось цвярозыя разлiкi, як
Зрабiць нам лепей тое, сёе, гэта, --
Такое выслухаць заўсёды рады.
Давай, гiзуйце!

Гандляры маўчаць.

Д ж ы в о л а (ялейна)
I не шкадуйце нас! Бо гандаль мой
Вы ведаеце!

П е р ш ы а х о ў н i к
Хай жыве Джывола!

Д ж ы в о л а
Ну як, надзейная ахова -- цi
Шантаж, забойствы, гвалт, рабунак, рэкет?

П е р ш ы г а н д л я р
Вы знаеце, ў мяне спакойна ўсё,
Пакуль нiхто мне лаўку не грамiў.

Д р у г i г а н д л я р
Маю таксама.

Т р э ц i г а н д л я р
I ў мяне спакойна.

Д ж ы в о л а
Неверагодна!

Д р у г i г а н д л я р
Кажуць, што нядаўна
Была ў пiўнушках заварушка, нешта,
Пра што казаў нам тут Артура Уi,--
Там куфлi бiлi, вылiвалi спiрт
За тое, што не заплацiлi iм,
Ды, дзякуй богу, ў гандлi зелянiнай
Усё нармальна.

Р о м а
А забойства Шыта?
А смерць касiра Боўла? Дык-- нармальна?

Д р у г i г а н д л я р
А што, хiба ўсё гэта адбылося
Ў капусным гандлi?

Р о м а
Не, хвiлiначку!

Рома адыходзiць да Уi, якi пасля сваёй прамовы сядзiць са змучаным i абыякавым выглядам. Сказаўшы некалькi слоў Уi, ён падклiкае Гiры, Джывола таксама бярэ ўдзел ў абмене рэплiкамi; усе гавораць шэптам. Потым Гiры падклiкае аднаго ахоўнiка i iмклiва выходзiць разам з iм.

Д ж ы в о л а
Высокi сход! Паведамляю вам,
Што пэўная асоба захацела
Пры вас усiх сказаць сваю падзяку
Артура Уi.

Ён адыходзiць углыбiню сцэны i вяртаецца разам з ярка нафарбаванай i апранутай жанчынай -- Д о к д э й з i; Яна вядзе за руку дзяўчынку. Усе трое спыняюцца перад Уi, той устае.

Прашу вас, мiсiс Боўл.
(Звяртаецца да гандляроў.)
Так, мiсiс Боўл, касiрава ўдава,
Што з параходства Шыта,-- ён учора,
Спяшаючыся выканаць святы
Свой абавязак, iшоў ва ўправу
I быў забiты нейкiм невядомым.
Прашу вас, мiсiс Боўл!

Д о к д э й з i: Спадару Уi, перажываючы вялiкае гора, якое апанавала мяне ў сувязi з гнюсным забойствам майго няшчаснага мужа, якi iшоў дзеля выканання свайго грамадзянскага абавязку ў гарадскую ўправу, не магу не выказаць вам маёй найглыбейшай падзякi. Падзяку гэтую я выказваю з нагоды прысылкi вамi кветак мне i маёй маленькай дачушцы ва ўзросце шасцi гадоў, якая так нечакана засталася без бацькi. (Звяртаючыся да сходу.) Спадарства сход, я ўсяго толькi няшчасная ўдава, i мне хацелася б сказаць толькi, што, не будзь спадара Уi, я сёння качалася б дзе-небудзь пад плотам,-- гэтыя свае словы я гатовая заўсёды паўтарыць. Спадар Уi, мая маленькая дачка ва ўзросце пяцi гадоў i я, мы нiколi не забудзем гэтага.

Уi працягвае Докдэйзi руку i бярэ дзiця за падбародак.

Д ж ы в о л а
Брава!


У i
Выказваю вам шчыра спачуванне,
Вам, мiсiс Боўл, з нагоды страты.
Трываць забойцаў i бандытаў нельга...

Д ж ы в o л а (гандлярам, якiя намерылiся сысцi)
Сход не зачынены яшчэ. Вам зараз
Наш сябар Грынвул Джэймс асвецiць памяць
Нябожчыка жалобнай песняй, потым
Збяром ахвяры на карысць сям'i
Няшчаснай Боўл. Джэймс -- барытон.

Адзiн ахоўнiк выходзiць наперад i спявае саладжавую песню, у якой часта паўтараецца слова "ачаг" . Увесь гэты час гангстэры яўна захоплены музыкай -- адзiн апусцiў галаву на рукi, iншыя, заплюшчыўшы вочы, адкiнулiся на бiлцы крэслаў i г.д. Рэдкiя воплескi пасля песнi раптам перапыняюцца выццём палiцэйскiх i пажарных сiрэн. Вялiкае акно на заднiм плане чырванее.

Р о м а
Пажар! Гарыць у порце!

Г о л а с
Дзе?

А х о ў н i к
Хто з вас
Гандляр, сэр Хук?

Д р у г i г а н д л я р
Ну, я! А што такое?

А х о ў н i к
Ваш склад гарыць.

Гандляр Хук iмклiва выбягае. Некаторыя бягуць следам.
Астатнiя кiдаюцца да акна.

Р о м а
Стой! Заставайся тут!
Нiкуды не выходзiць!
(Ахоўнiку.)
Там падпал?

А х о ў н i к
Няма сумнення. Там знайшлi канiстры
З бензiнам, бос.

Т р э ц i г а н д л я р
Канiстры неслi тут!

Р о м а (раз'юшана)
Хто? Дзе? Хто можа нас абвiнавацiць?!

А х о ў н i к (тыча гандляра ў бок рэвальверам)
Ну, што? Праносiлi канiстры? Што?
Ну, паўтары!

I н ш ы я а х о ў н i к i (астатнiм гандлярам)
Ты бачыў? Ты? А ты?

Г а н д л я р ы
Я -- не. -- I я не бачыў. -- Не. Я -- не!

Р о м а
Вось бачыце!

Д ж ы в о л а (паспешлiва)
Той самы чалавек,
Якi тлумачыў нам зусiм нядаўна,
Што ўсё спакойна ў гандлi зелянiнай,
Цяпер сам бачыць: склад яго гарыць,
Падпалены бандытам. Хiба вы
Не бачыце? Вы што, усе аслеплi?
Гуртуйцеся, i пераможам зло!

У i (крычыць)
Далёка ўсё зайшло ў Чыкага ў нас!
Затое ўсе напэўна ўразумеюць:
Ратунак наш -- жалезная рука.