Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць

Брэхт Бэртальт


Сцэна 3

Пiўнушка пры букмекерскай канторы на 122-й стрыт.
А р т у р а У i i ягоны памочнiк Э р н э с т а Р о м а
з ахоўнiкамi слухаюць радыё -- пра ход скачак.
Каля Ромы -- Д о к д э й з i.

Р о м а
Артура, слухай, што скажу -- адкiнь
Сваю блазноту i дурную скруху
I думкi марныя,-- патрэбны дзеi.
Пра тое толькi i гаворыць горад.

У i (горка)
Што горад мне! Лухта! Нiхто
Мяне не ведае й не помнiць тут.
Не мае горад памяцi. Тут слава
Не вечная. Прайшоў заледзьве месяц,
А ўжо забылiся пра сто налётаў.
I мы забылi ўсё.
(Праглядвае газеты.)
Маўчыць i маўзер,
Маўчыць i прэса. Ўсiх пазабiвай,--
А не скажу, што слоўца надрукуюць.
Не ўчынак варты, варты ўплыў ягоны.
А ён залежыць ад майго рахунка.
Ну ж, карацей, зайшло аж так далёка,
Што ўсiх пашлю к чарцям сабачым.

Р о м а
Хлопцы,
Як грошы скончылiся,-- падурэлi;
Але найгоршае: гультайства iх псуе.
Яны страляюць па тузах вiновых,
А не па людзях. Гэта -- нездарова.
Артура, мне у штаб заходзiць гiдка.
Мне iх шкада. Я iм гляджу у вочы
I сiл не маю абяцаць бясконца.
З гароднiнай прыдумаў ты выдатна,--
Цудоўны рэкет. Што ж мы тут сядзiм!?

У i
Яшчэ не час, цярпi, яшчэ зарана.

Р о м а
"Зарана"-- добра! Ўжо каторы месяц,
Як з трэста выгналi цябе, сядзiш
I толькi план за планам выстаўляеш.
Баiшся трэста ты, за свой хрыбет
Баiшся. А з палiцыяй сустрэча
У банку Гарпера цябе зламала,
Дагэтуль лыткi млеюць.

У i
Там стралялi.

Р о м а
Стралялi у паветра. Ну, i што?

У i
Калi б не тыя двое, сведкi, сёння
Сядзеў бы я ў турме! А суд! Нiякай
Спагады да мяне!

Р о м а
Адной капусты
Замала для стральбы, яна -- не банк.
Пачнём з Дзесятай стрыт -- паб'ём ушчэнт
Вiтрыны крам i газай абальём
Капусту, пасячом, патрушчым мэблю,
Падпалiм крэслы, лаўкi, так i дойдзем
Да Сёмай стрыт. Эмануэле Гiры
Пасля заявiцца да iх у фраку
З гваздзiчкам у пятлiцы i купцам
Ахоўваць iх запрапануе. Дзесяць
Працэнтаў з выручкi -- гатоўкай.

У i
Не.
Мне самаму ахова -- да зарэзу.
Ад палiцэйскiх баранiць мяне--
Патрэба першая, i ад судоў,
А там ужо я ўбараню другiх.
(Змрочна.)
Пакуль суддзю не пакладу ў кiшэню,
Пакуль не возьме грошы ад мяне,
Я -- смецце, пыл. I кожны палiцэйскi
Заб'е мяне, застукаўшы на сейфе.

Р о м а
Тады нам застанеца толькi план
Джыволы. У яго сабачы нюх
I хватка. Кажа: трэст "Цвятной капусты
Гнiлiзнаю прасмерд",-- i мусiць, праўда.
Пра тое плёткi ходзяць з тога дня,
Калi стары Догсбара ўзяў пазычку.
I вось чыкагцы мелюць языкамi,
Што нешта тут нячыста: дзе прычалы?
Куды падзелiся прычалы? Зрэшты,
Сам Догсбара падтрымлiвае трэст.
Стары сваё iмя высока ставiць
I ўблытвацца не будзе у афёры.
А, глянь, да нас сюды iдзе сам Рэг,
Рэг-рэпарцёр! Ну, гэты знае ўсё!

Р э г (нападпiтку)
Хэло, Эрнэста Рома! Уi, хэло!
Што там у Капуi чуваць?

У i
Дзе, дзе?

Р э г
У Капуi. Там войска Ганiбала
Калiсьцi згiнула з пустой раскошы
I ад бяздзеяння.

У i
Iдзi ты к чорту!

Р о м а (Рэгу)
Ну, годзе ўжо! Лепш раскажы нам, Рэг,
Якi кавалак трэсту адвалiў
На гандаль чортавай капустай горад?

Р э г
А вам чаго так галава балiць?
Цi, можа, й вам на ўме капуста тая?
Ўсё ясна! Вам -- пазыка? А Догсбара
Ўсё чыста зладзiць.
(Пераймаючы голас Догсбара.)
"Горад не дазволiць,
Каб заняпаў такi кавалак ладны
У эканомiцы". Мунiцыпальны
Савет аж душыцца ад слёз... Капуста
Расчулiла савет, а браўнiнг твой,
Артура, не расчульвае нiкога.

Усе рагочуць.

Р о м а
Ён не ў гуморы, не дражнi яго!

Р э г
Што ж, разумею. А Джывола, кажуць,
Да Аль Капонэ перабег.

Д о к д э й з i (моцна п'яная)
Хлусня!
Джузэпэ не чапай!

Р э г
Няўжо, Докдэйзi,
Ты ўсё яшчэ любоўнiца Джыволы?
(Прадстаўляе яе.)
Чацвёртая любоўнiца другога
Памочнiка
(паказваючы на У i)
амаль патухлай зоркi
Чортведама якой велiчынi.
О, горкi лёс!

Д о к д э й з i
Заткнiце падлу храпу!

Р э г
Нашчадкi гангстэрам вянкоў не носяць.
Натоўп герояў вышукае новых.
Кумiр мiнулы вымра i саступiць
Свой трон наступнаму. "О людзi, людзi,
Я ж вас паранiў!"-- "Што, калi?" -- "Было!"--
"Усё загоiлася." -- "А на целе
Праходзяць шнары разам з целам".-- "Што?
На свеце, дзе нiхто не заўважае
Дабра, лiхое ўсё слядоў таксама
Не пакiдае?" -- "Не!" -- "О свет гнiлы!"

У i (гаркае)
Заткнiце храпу падлу!

Ахоўнiкi наблiжаюцца да Рэга.

Р э г (бялее)
Цiха, цiха,
У i, -- я прэса!

Наведнiкi пiўнушкi ўскокваюць.

Р о м а (выштурхвае Рэга)
Ты усё сказаў,
Iдзi, iдзi дамоў, хутчэй!

Р э г
Бывай!

Пiўнушка пусцее.

Р о м а (да Артура У i)
Нервовы стаў ты.

У i
Станеш тут! Прыдуркi,
Як гаўняка, нагой шпыняюць!

Р о м а
Гэта
Таму, што ты перапускаеш iм.

У i (змрочна)
Дзе Г i р ы? дзе юрыст з "Цвятной капусты"?

Р о м а
Казаў, у тры гадзiны будзе тут?

У i
А што за плёткi ходзяць пра Джыволу
i Аль Капонэ?

Р о м а
А так, нiшто. Капонэ быў у лаўцы
Джыволы i купляў вянкi.

У i
Каму?

Р о м а
Прынамсi, не для нас.

У i
Не паручуся.

Р о м а
А не скажы! Ты сёння дужа змрочны.
Нiхто не думае пра нас.

У i
З дзярмом
Лепш абыходзяцца, чым з намi! Здрадзiць
Джывола нам пры першай жа няўдачы.
Калi ж нам пафарцiць, тады ён наш!

Р о м а
А вось i Гiры!

Уваходзяць Э м а н у э л е Г i р ы, з iм бывалы
прахадзiмец Б о ў л.

Г i р ы
Шэф, вось прадстаўнiк
Ад трэста.

Р о м а (Б о ў лу

Ты i ёсць юрыст з "Капусты"?

Б о ў л
Нядаўна быў. Ды тыдзень вось ужо,
Як той стары сабака...

Г i р ы
Ён "Капусту"
I што капустай пахне -- зненавiдзеў.

Б о ў л
Мяне стары Догсбара...

У i (перабiваючы)
Што -- Догсбара?

Р о м а
Якiя у цябе гешэфты з iм?

Г i р ы
Таму я i прывёў яго!

Б о ў л
Мяне
Прагнаў Дагсбора.

Р о м а
З параходства Шыта?

Б о ў л
Так, з параходства Догсбара. Ён там
З пачатку верасня iх новы шэф.

Р о м а
Ды што ты?

Г i р ы
Параходства Шыта ўжо
Належыць Догсбара. Боўл бачыў сам,--
Як акцыi перадалi яму.
Пакет "Цвятной капусты". Уручаў
Сам Батчэр...

У i
Ну i што?

Б о ў л
А тое, што
Ганебна...

Г i р ы
Што, не разумееш, шэф?

Б о ў л
Догсбара дамагаўся ад уладаў
Асiгнаванняў для "Капусты"...

Г i р ы
...тайна
Ва ўправу трэста ўлез!

У i (пачынае нешта разумець)
Ну, значыць -- хабар!
Авой, стары па горла у гаўне!

Б о ў л
Пазыка дадзена была "Капусце",
Але праз параходства. Ну, праз нас.
Я асабiста падпiсаў кантракт
За Догсбара, а не за Шыта.

Г i р ы
Брава!
Вось вам i Догсбара! Усе крычаць:
Сумленны, непадкупны, шчыры, чысты!
А ён -- старая шыльда, вось хто ён!
Старэча беззаганная, чысцюля!

Б о ў л
Мяне турнуў за дробязную трату,
А сам... Старая псiна!

Р о м а
Спакайней!
Не ты адзiн, другiм таксама кроў
Кiпiць, калi такое бачаць. Што
Ты сам пра тое думаеш, Артура?

У i (паказвае на Боўла)
Ён можа прысягнуць?

Г i р ы
Вядома, можа!

У i (раптам выпростваецца)
За iм сачыце! Рома, нам пара!
Вялiкiя чакаюць справы нас!

У i шпарка выходзiць, за iм Э р н э с т а Р о м а i
а х о ў н i к i.

Г i р ы (ляпае Боўла па плячы).
Ты пэўна запусцiў у ход матор
Такi, што нам...

Б о ў л
... няблага пiць барыш?

Г i р ы
Барыш за намi не закiсне!

З'яўляецца надпiс.