Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць

Брэхт Бэртальт


Сцэна 2

Рэстаран Догсбара. Д о г с б а р а i яго с ы н спалоскваюць
шклянкi.
Уваходзяць Б а т ч э р i Ф л э й к.

Д о г с б а р а
Дарма вы тут! I вашы прапановы,
Усе, як рыба здохлая, смярдзяць.

Д о г с б а р а-с ы н
Не хоча бацька.

Б а ч т э р
Ну, тады не трэба.
Забудзь пра iх, стары. Як не, дык не.

Д о г с б а р а
Усё лухта, усё падман! Прычалы...
Не будзе iх!

Д о г с б а р а- с ы н
Не хоча бацька.

Б а т ч э р
Добра,
Пра тое годзе.

Д о г с б а р а
Гарадская каса --
Не мiска супу, каб усякi соваў
Туды сваю нявымытую лыжку.
Ды, чорт вазьмi, ваш бiзнес хоць куды!

Б а т ч э р
А што казаў я, Флэйк? Вы -- песiмiст!

Д о г с б а р а
Быць песiмiстам -- здрада! Не губiце
Сябе напуста. Гандляваць капустай--
Святая справа. Бо яна -- як хлеб.
Як мяса. Хлеб i мяса з зелянiнай
Патрэбны людзям. Вось, падай я iм
Сухi бiфштэкс без калiва гарнiру,
Катлету без гарошку, без пюрэ --
I прападу тады я без клiентаў.
Сёй-той, бывае, муляецца, крэкча,
Баiцца лiшняе пераплацiць,
Нiяк не важыцца купiць касцюм...
А на гароднiну заўсёды знойдзе
Ён дзесяць цэнтаў. Так што, хлопцы, дружна!
Не бойцеся! Смялей! Напору болей!

Ф л э й к
Цябе паслухаеш, стары, i лёгка
На сэрцы робiцца.

Б а т ч э р
Пацеха й годзе --
Што Догсбара такi упарты, цвёрды,
Калi заходзiць пра капусту. Мы ж,
Мы да цябе прыйшлi не проста так.
Пазыка нам не трэба, за пазыку
Не бойся, нам зусiм другое трэба.
Ты будзеш толькi рады, Догсбара.
У чэрвенi якраз было, ты помнiш,
Дзясяткi два гадоў таму назад,
Калi, аддаўшы лепшыя гады
На росквiт наш, пайшоў ад нас служыць
Ты гораду Чыкага. I не стаў бы
Наш горад тым, чым ёсць ён сёння. Толькi ж
I трэст не быў бы тым, чым ёсць, калi б
Яму памог Чыкага! I я вельмi рады,
Што нашы справы шчыра ты прымаеш.
Бо мы рашылi урачыста дату
Адсвяткаваць i даказаць табе,
Як мы цябе, стары, высока цэнiм,
Цябе i ўсе твае паслугi трэсту.
Чым даказаць? Табе падносiм пачак,
На дваццаць тысяч акцый. Вось, прымi
Пакет кантрольны акцый параходства.
(Кладзе на стол пакет акцый.)

Д о г с б а р а
Што гэта, Батчэр?

Б а т ч э р
Догсбара, скажу
З усёю шчырасцю: у нас у трэсце
Чуллiвых душ не дужа шмат; але,
Калi мы ўчора твой адказ пачулi,
Адказ без хiтрыкаў i цырымонiй,
На просьбу iдыёцкую пазыку
Нам удзялiць, тут i пазналi мы
Старога друга, добрага Дагсбора.
Прызнацца сорамна! -- у многiх слёзы
На вочы нагарнулiся. "Так,--
Сказаў адзiн (не бойся, Флэйк, iмя
Ягонага не назаву),-- пайшлi,
Дальбог-дальбог, мы гiбельнай дарогай!"
Паўстала паўза, Догсбара, i вось
Тут нарадзiлася i прапанова.

Д о г с б а р а
Флэйк, Батчэр, што ўсё гэта азначае?

Б а т ч э р
Ну, як што? Як што?-- Наша прапанова!

Ф л э й к
I ты прымi яе, стары. Вось ты
Стаiш тут перад намi, ўвасабленне
Сумлення грамадзянскага i цноты...
Ты, шклянкi мыючы, змываеш бруд
I з нашых душаў, Догсбара! А ты ж
Не багацейшы за сваiх клiентаў.

Д о г с б а р а
Не ведаю, што вам сказаць.

Б а т ч э р
А ты маўчы --
Бо ты сумленны чалавек. Вазьмi
Пакет, табе спатрэбiцца. Ты знаеш,
Нячаста нам сумленна грош даецца.
Вось i сынок твой тут... Пра сына думай!
Вядома, гонар даражэй за чэк,
Але ж i грошы рэч! Вазьмi пакет!
Мы верым, што нiякiх крыўд не будзе.

Д о г с б а р а
А параходства, Шыт?

Ф л э й к
Зiрнi ў акно.

Д о г с б а р а (каля акна)
Я дваццаць год гляджу на параходства...

Ф л э й к
Пра гэта мы падумалi.

Д о г с б а р а
А Шыт?

Ф л э й к
Ён будзе узначальваць гандаль пiвам.

Б а т ч э р
Ну што, дык згода?

Д о г с б а р а
Гм, а параходствы
За так не аддаюць.

Ф л э й к
Не бойся, дружа!
Вядома, дваццаць тысяч нам таксама
Не лiшнiя цяпер, калi з пазыкай
Так прагарэла ў нас.

Б а т ч э р
Пакеты акцый
Пускаць на рынак -- не зусiм выгода.

Д о г с б а р а
Ну, гэта ўжо на праўду больш падобна.
Што ж, справа неблагая, калi толькi
Асобых там умоў...

Ф л э й к
Умоў нiякiх.

Д о г с б а р а
Дык кажаце вы, дваццаць...

Ф л э й к
Гэта многа?

Д о г с б а р а
Не, не... Няўжо вось гэта параходства,
Дзе я тракцiршчыкам служыў... Ну, што ж,
Калi нiякiх тут ашукаў... Што,
Вы адмаўляецеся ад пазыкi?

Ф л э й к
Так.

Д о г с б а р а
Ну, тады вядома... Сынку мой,
Ну вось табе... А я падумаў быў,
Што вас пакрыўдзiў... Аж такая справа!
Глядзi, сынок, здараецца, што часам
I за сумленнасць плацяць. Праўда ваша:
Ён можа ўспадкаваць маё iмя,
Iмя сумленнае, i больш нiчога,
А колькi ад галечы зла!..

Б а т ч э р
Прымi
Дарунак наш, i знiкне непамысны
Той прысмак ад нягеглай прапановы!
Тады i мы свабодна па парады
Прыходзiць будзем, i навучыш нас,
Што нам рабiць, каб гонару не страцiць,
I каб сумленнасцю не паступiцца.
Тады ты будзеш наш -- душой i целам,
Бо будзеш звязаны агульнай справай
I станеш сябрам трэста. Ну, дык згода?

Д о г с б а р а (хапае яго за руку)
Батчэр, Флэйк, бяру.

Д о г с б а р а-с ы н
Згадзiўся бацька.

З'яўляецца надпiс.