Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць

Брэхт Бэртальт


Пралог

Перад занавес выходзiць З а к л i к а ч. На заслоне вялiкiя афiшы: "Новае пра скандал у доках", "Барацьба за тастамант i прызнаннi старога Догсбара", "Сенсацыя на працэсе аб пажары на складзе", "Забойства гангстэра Эрнэста Рома ягонымi сябрамi", "Шантаж i забойства Iгнацiя Дольфiта", "Захоп гангстэрамi горада Цыцэра". За заслонаю аркестр ударных.

З а к л i к а ч
Шаноўная публiка, сёння ў нас пойдзе гаворка...
Эй, цiхаце вы там, галёрка!
I вы, мадам, здымiце свой капялюшык,--
Ага ж!... сёння мы вас крыху разварушым
Сканадальна-актуальным-- за гэтым разам--
Гiсторыка-гангстэрскiм паказам:
Пра будаўнiцтва прычалаў i пра крэдыты,
Якiмi займалiся ў Чыкага бандыты.
Пасля вам раскажуць нашы акторы
Пра завяшчанне сумленнага старца Дагсбора.
Пра пажар на складзе з судовым разборам,
Пра забойства Дольфiта, Ромы Эрнэста,
Пра росквiт славутага Капуснага трэста,
Пра тое, як Цыцэра i горад Чыкага
Апанавала гангстэрская шарага.
Тут пройдуць кар'ера Артура Уi -- бандыта,
Вяршкi мафiёзнага свету, яго элiта,
Убачыце мёртвых, жывых i прысных
Любiмых у народзе i ненавiсных,
Народжаных, узнесеных з разборам,--
Напрыклад вось, старац сумленны, добры Дагсбора.

Стары Д о г с б а р а з'яўляецца перад заслонай.

Душа твая чорная, галава сiвая, не лысы,
Ну, кланяйся i тупай сабе за кулiсы!

Стары Догсбара кляняецца, выходзiць.

А зараз... Ён сам. Наш Джывола рахманы--
Прадае кветкi i розныя там iкэбаны,
Ану ж, кульгавенькi, сей мамэнт
Пакажыся публiцы на камплiмэнт!

Д ж ы в o л а з'яўляецца перад заслонай.

У яго на сiнтэтычным палiве пашча,
Не суйцеся,-- з'есць i сыты калi, i нашча!
Ногi ў хлуснi кароткiя, а як у Джыволы?--
Ён толькі з выгляду кульгавы i кволы.

Джывола, кульгаючы, выходзiць.

Наш Гiры Эмануэле, супер-клоўн!
Славуты, вядомы! I ты, выходзь на паклон.

Перад заслонай з'яўляецца Г i р ы, i махае рукою, вiтаючы публiку.

Найвялiкшы забойца, заплечны майстар!
Правальвай!

Раззлаваны Гiры выходзiць.

А вось з гангстэраў гангстэр!
Ён пеклам пасланы караць грахi i заганы,--
Перад iм нямеюць усе вядомыя нам паханы.
Вось ён -- выходзiць, глядзiць панура
Усемагутны i неўмiручы Уi Артура.

Перад заслонай з'яўляецца А р т у р а У i i павольна праходзiць паўз рампы.

Прыгледзьцеся, гэта ж вам другi Рычард Трэцi:
Другога такога не знойдзеце нават у смеццi!
З часу войнаў чырвонай i белай ружаў
Не было столькi слёз, як ад гэтага мужа!
Шаноўная публiка, з улiкам таго, што вам мiла
Дырэкцыя нашая пастанавiла:
Не шкадуючы тратаў i мускульнай сiлы
Паказаць гэту драму ў высокiм стылi.
Але папярэджу: ўсё будзе паводле праўды суровай,
Усё, што пабачыце, зусiм не нова,--
Не выдумана, не штукавана акторскай дрэсурай,
Не выпетрана, не вылегчана цэнзурай --
Усё, што пакажам -- суцэльная шчырасць сэрца,
I хай разуменнем у вас яна адзавецца.

Музыка гучыць гучней i гучней, з ёю злiваецца трэск кулямётных чэргаў;
Заклiкач выходзiць за заслону.