Паганскае кола

Дарафейчук Ірына


Песьня

ЗАЙЗДРАСЬЦЬ

Каб такія ўсьлед глядзелі вочы —
Можа й не сышла б я ў сполах ночы.
Каб такія цалавалі вусны —
Стала б я цнатлівай і распуснай.
Каб такія рукі абнялі —
Можа б сны цяплейшымі былі...


* * *
Зноў за вакном імжыць.
Ціха, як перад сконам…
Нам выпадае жыць
Не па сваіх законах.
Мроіць і варажыць,
Сетку падману плесьці –
Нам выдадае жыць
У неспагадным сьвеце.
На трапяткой мяжы
Шчасьця-спакою-болю
Нам выпадае жыць
Прывідна, як ніколі.
Несьці свае крыжы,
Вогнішчам спальваць сэрца.
Нам выпадае жыць —
Ля нелюбімых грэцца…
Розум засьцеражы
Ад недасяжных даляў…
Нам выпадае жыць —
Дзякуй, што выпадае.


На выставе Я. Драздовіча

Нам так не хапае даверлівай радасьці
І шчырасьці чыстай, як ранішні сьнег...
На сьвеце павінна быць нешта сапраўднае –
Хоць возера на ільняным палатне.
І там на вадзе пад празрыстаю поўняю
Урэшце даўмеесься: ты – толькі госьць.
На сьвеце павінна быць нешта нязломнае –
Спакой, адзінота, сьвятло – Прыгажосьць.


* * *
Мы вечныя дзеці сівых старажытных муроў...
На вуліцах тлумных лаўлю дарагія абліччы.
За кожнага кожны па кроплі гарачую кроў
Аддасьць назаўсёды і стратай вялікай ня лічыць.
Мы вечныя дзеці дарог, скрыжаваньняў, дуброў.
Мы верныя волі. Ад сну нават мёртвых абудзіць
За кожнага кожны. І ўспыхне гарачая кроў
І сэрцы запаліць. І стратай дарэмнай ня будзе.


КАЛЫХАНКА

Не глядзі на белы сьвет з-пад рукі –
Сонца мала...
Вусны дакраналіся да шчакі –
Цалавала,
Словы дакраналіся да душы –
Не адгоніш...
Варажы на шчасьце мне, варажы
Па далоні.
Кожны з нас шчасьлівы па-рознаму
Ці спакойны...
Сьпі, мой бог, дарослы мой, грозны мой,
Мой бяззбройны...


* * *
Проста ў птушкі незямной песьня незямная...
Як спакойна ты ляціш у далёкі шлях.
Проста я цябе люблю, вось і не трымаю,
Птушка дзіўная мая, сьнег у валасах...

Можа, на тваім шляху шэры дождж цярусіць
І халодныя вятры выстудзяць душу...
Проста я цябе люблю, за цябе баюся,
Ўсіх вядомых мне багоў за цябе прашу.

Не сустрэнь жа на шляху ні ліхога зьвера,
Ні ў ліхога чалавека вострага ляза.
Проста я цябе люблю і бязьмежна веру,
І чакаю так, што ты вернесься назад...


* * *
Мяне за маё каханьне
Ня людзі – дык Бог асудзіць,
Бо там, дзе цябе ня стане,
Ужо і мяне ня будзе.

Але – на мяжы растаньня –
Прарочце сваё прадвесьне,
Бо там, дзе мяне ня стане,
Мая застанецца песьня.

Наўмысна ці выпадкова –
Апошняю сэрцу ўцехай –
Як скончацца ў песьні словы,
Прачнецца над лесам рэха.

А сьціхне яно, гукнуўшы –
Адкажуць яму, ня змоўчаць,
Дубы ў Белавежскай Пушчы,
Ушацкіх крыніц званочкі.

І там, дзе цябе ня стане,
Мой голас яшчэ чаруе...
Тады мне маё каханьне
Ня людзі – дык Бог даруе...


* * *
За лесам сонца дагарае
Ў барвовым вогнішчы... Згарэла...
Пах трыццаць сёмага над краем –
Пах стрэлаў.

Ноч апускаецца павольна –
Прыдумак у начы багата.
Цень трыццаць сёмага над воляй –
Цень кратаў.

А ў кожным з нас – аднагалоса! –
Яшчэ дзядоўскі! – страх скуголіць.
Крык трыццаць сёмага над лёсам –
Крык болю.

А заўтра... Заўтра сонца ўстане,
Начныя крыкі, пахі, цені
Сваім даверлівым дыханьнем
Адменіць...

А заўтра... Кожны з нас прачнуўся,
І ўжо няма нікому справы:
Сон з трыццаць сёмага вярнуўся
Ці ява…


* * *
На полі купальскім
Над чыстай вадой
Раскладваю вогнішча –
Я не чарую.
Распальваю вогнішча
Горкай бядой.
Спалю на ім слабасьць
І сілу
Старую.

Замоўкнуць на небе
Сузор'і.
І дзень
Адвернецца,
Каб не сурочыць чаканьня.
Прыпыніцца ноч.
Па празрыстай вадзе
Далёка чуваць
Нават думак дыханьне.

На полі купальскім
Агонь палыхне,
I Сонца
Спакойна узыдзе
І строга.
І,
Не запытаўшыся,
Спаліць мяне
Купальскай ахвярай
Галоўнаму богу


* * *
Мой сьвет ламаецца ад дотыку.
Так сьнег з галінак асыпаецца,
Ці зь яблыні пялёсткі белыя.

Мой сьвет ламаецца ад дотыку.
Так, у вадзе адлюстраваная,
Крыла крананьнем б'ецца ластаўка.

Мой сьвет ламаецца ад дотыку.
Так сон аб яву разьбіваецца,
Калі раптоўна прачынаесься.

І кожны дзень, хвіліну кожную
Мой сьвет ламаецца ад дотыку...
І я будую новы сьвет...