У барвах зямлі

Вершы

Бутрым Венанцы


IV частка

***
Зноў у садзе сiнiц галасы,
кожны лiст ювелiры чаканiлi.
Тым, пунсовым, мне плашч прыбяры –
заўтра з дому iду на свiтаннi.

I да ночы мяне не чакай –
дзень малы абысцi ўсе разлогi.
Парадзеў мой асiнавы гай,
сцеле хрусткую чырвань пад ногi...

Россып верасу, склаўшы зарок,
сiнiм полымем клiча здалёк...

Як жа быльнiк счарнеў!.. Таварняк
грукацiць,перагоны глынае...
Не магу iх пакiнуць нiяк,
хоць і ведаю – доўга чакаеш.


***
Я быў малы. Йшла па зямлi вайна –
жанчына юная з сiвою галавою.
На бруку вулачкi, апафеозам бою,
ляжаў варожы труп асмалкам бервяна.

У грудзi бiўся страх i роспачы навала.
Адрына збурана, агню смяротны хрып.
I местачковы журавель вымучваў скрып –
вады на галавешкi не хапала.

На небе злыя шнары праляглi.
Пакутамi брыняў след плямiстай змяi.
О верасень, мой месяц сiнявокi,
купаюся ў зычлiвасцi тваёй!
Плывуць няведама куды суцiшныя аблокi,
сцiраюць след штыка над галавой...


***
Днём даўжэзным намуляўшы ногi,
прытамiўшы i думкi i зрок,
дабiваю астатак дарогi.
Недалёка ўжо. Спорыцца крок.

- - -
Ночы верасня! Дужы сусвет
хмары збыў i спакой рассылае.
Зор шляхi i арбiты планет
завяршаюцца нам... небакраем!..

Недзе гусi крычаць... Не, хутчэй
пераклiк цеплавозаў далёкi.
Пiльны позiрк бяздонных вачэй...
Проблiск дробных агнёў адзiнокiх.

- - -
Прахалоду спагадай нясе,
лоб кранае вiльготным павевам.
I па кроплi губляеш сябе,
як лiстоту нябачнае дрэва.

Суразмерыўся крок, павяла
каляiна, як колiшнiм трактам.
Тут спынiся, дарог больш няма!
Што было – ўсё паглынута раптам!

- - -
Ты – адзiн, на бязмежнай гары.
Толькi рух, каб адным намаганнем
дакрануцца касмiчнай зары,
перакрэслiць усе iснаваннi!..

Ды плыве ад халоднай зямлi,
у прадоннi прасторы сабраны,
пах надоечы ўзнятай раллi –
боль старой, незагойнае раны...

- - -
Хай узняўся, ляцiш ўсё вышэй,
усё лепшай шукаючы долi –
не сыходзяць упарта з вачэй
луг бацькоўскi i матчына поле...


***
Ўсё туды, ў непадробную сiнь
так спакуслiва цягнецца зрок!
Зразумець – i надзею пакiнь
што знайшоў праз будзённасць дарог.

Выбягаюць асiны наўпрост –
галiзна i лiняласць кары;
на атлас i крамнёвасць бяроз
сонца нiзкае позняй пары;
перасвiст развiтальны шпакоў –
непазбежнага радасць i сум.
I аддаць ўсё, што маеш, гатоў
за звычайны пад лесам валун...

– Прыпынi, брат. Нiколi яшчэ
тут, убаку ад гравiйкi, не быў...


***

Б.І.

Чысты кобальт прамытага неба –
трое сутак iшлi ўжо дажджы.
Гонiць, гонiць – пазбыцца, знаць, трэба,–
друз аблокаў да нейкай мяжы.

I табе было неяк маркотна –
ўсё крадком паглядала ў акно:
след на шыбе ад кроплi самотнай
так знiкомы!.. Прапаў – заплыло...

А скажу я табе: неаднойчы
яшчэ будзе прычына тузе!
Хмар прыгнаў буйны вецер-малойчык –
зноў iмжыць i гняце пакрысе...

Дык бярэм хоць на сёння з сабой
гэты белы на сiнiм прыбой!


ЧАТЫРЫ НАКIДЫ

1
Дзе ты, дзiўны час навальнiц?
Лiсце ў скрусе ўсцiлае дол.
Поўнi той не спаткае ноч,
ночы той нi шукаць, нi знайсцi...

2
За расчыненым насцеж акном
супакойваўся ўзбуджаны гром.

Кроплi з цёмнага скочваў лiста.
Адганяў – не жадала душа! –

мiтуслiвы, роспачны рой:
хай сумненнi ляцяць стараной!

Цi ж не бачаць? Нябёсаў агонь
хай iх спалiць, ратуючы ўстронь!

3
...Зразумець – не змагла! Назаўжды,
стрымгалоў, вужом пад лаўжы,

пад усмешкай – лязом зiхацiць! –
ўсё нямее i ў прорву ляцiць!

Пад насмешкай – ўжо словам сышла! –
чорнай роспачы выспець пара!..

Як жа будзе? Цi можна сцярпець?!
Бездань неба. Месяца медзь.

4
Сёння так спакойна аб тым,
што ў той час блюзнерствам было б!
Не спяшай прыняць варажбу
цёмнай ночы, поўнi, дажджу...


МІНІ-МАСТАЦТВА

Альфе

Перасыпана сінь паліняла
чысцінёй нечаканай аблокаў.
Дацягнуўся б рукою бязмала я,
а на справе – далёка-далёка!..

А на справе – зусім недасяжнае:
птушкі – плямкамі, ўзбуджаны вецер,
і шматтонных метал фюзеляжаў
проста дробнымі блешнямі свеціць...
Дзень пры дні. Усё прыстойна наўкола.
Усё як след і, лічы, бездакорна.
Дзень у дзень праварочвае кола
рэчаіснасць твая, рукатворная.
Усё размовы, размовы, размовы.
І – правалы. І ўздымы, і ўзлёты
экстра-інтэр-экзістэнц-асновы
з неадменным пушком пазалоты...
Толькі раптам – ужо не пакліча,
ўсё па-свойму жыццё спланавала.
І ідзе ён, цвяроза-трагічны,
ураўнаважаны... зломак бязмала...
А на справе – брыдзе, ужо атручаны,
ногі шлях паўтараюць прывычны...
– Што шукаеце вокам змучаным,
Homo sapiens... трагікамічны?
З ціхай зайздрасцю: – Сінь паліняла,
колер стрымана – гучны, бо вечны,
зразумеў бы ўсю сутнасць бязмала,
ды маячыць профіль там нечый...
Восень, чыстыя барвы не тоячы,
як чакала: пад ногі, на плечы...
Ды мільгае ўвесь дзень, як надоечы,
сілуэт так знаёмы, ужо нечы...
Ўсё аблокі – заўжды недаступныя,
на мяжы, на спрадвечным падзеле.
Што ж так, восень, спяшаешся, рупная,
а даверліва барвамі сцелеш?..


***
Чым жа свеціш, пажоўклае лісце?
Раз’яснеў змрачнаваты пакой...
Мы маўчым – гук адзін будзе лішні.
Твары нашы палоніць спакой.

Гэта водбліск зляцеўшых паводак?
Майскіх раніц бясконцы працяг
залаціцца – прыспела нагода! –
сарамлівасцю ў шэрых вачах?

Што сплыло пад чароўнай усмешкай,
тое у сэрцах стамлёных баліць.
Колькі б крокаў яшчэ па тых сцежках
і без іх ці дарог адхадзіць –
неба сіняга ветразь напяты.
А па ім – залатыя зярняты...


***

М.М.Ш.

Цякуць гады. I часу плынь нясе
ўсё новую вясну, як i мяне з табою.
Ты ведаеш, i я перад сабой не ўтою,
што наблiжаемся да мэты пакрысе.

Адным знайдзёнкаю, а iншым – горкай згубаю
ператасуецца часамi ўсё, нiбы калода карт:
з кахання – лёгкi цi нiкчэмны жарт
і недарэчны фарс – з работы любай.

Ды што! Вось жнiвень дабiвае днi,
і хутка астрам дацвiтаць на каранi...

Ўжо неба пачало хiлiцца долу,
твар месяца злiняў ад смутку i турбот –
быў сёння першы павуцiння лёт:
спакойна ўпэўнены, хаця яшчэ i кволы.


***
Двух дзён хапiла, каб страцiлi
лiпы свой далiкатны ўбор.
Мой ты верасень, мы ж пабрацiмы,
не глядзi спачувальна, ва ўпор.

Як у маi свет ўбачылi дзецi –
што ж, я радасць сваю не таiў.
Толькi зжыцца паспелi – аблецелi,
мiрыядамi жоўтых крыл.

Злосць людская каб долу iх кiнула –
дык уступiцца, хоць словам благiм!
Пад нагамi рака жаўтаплынная,
за плячыма – пражытага дым.
I нясе яго ветрам удаль,
назаўсёды. На жаль.

Л.I.П.

Досвiткi цiхiя, досвiткi ясныя,
песня прасторы без слоў!
Тыя сустрэчы вясёлыя, частыя...
Чым жа хвалюеце зноў?..

Вецер прыцiх немаўлём супакоеным –
Мацi-заранка ўсю чуласць яму...
Што ж я, у жыццi часам нечым раздвоены,
тут – усё цалкам прыму?

Шолахi дрэмлюць, лiст не зварушыцца
ў шчытных абдымках расы.
Слухаеш, нечым таемным узрушаны,
птушак, нясмелых яшчэ, галасы...

Дзень будзе доўгiм, стамляюча гучным.
Пройдзе наскрозь праз цябе.
Будзе няўтульна? Мо i нязручны
груз гэты раз пападзе.

Успомнiш, апалены крыўдай цi здрадаю,
неразуменнем намераў тваiх,
гэты пачатак бясхмарны i радасны,
свежасцю поўны уздых...

І непаўторнаму зноў паўтарыцца
воблiкам новым колiшнiх з’яў!
З пальцаў раскрытых зляцела сiнiца...
Хто ж непаседу i як пераняў?

А цi была яна? Мо падалося?
Сумна паклiкаў жораў з iмжы,
лета забраўшы, страсаючы восень
шэрым пяром на дарог вiражы?..

Досвiткi чыстыя, золакi ясныя,
рэха i явы i сноў!
Цi не расстаўся я з вамi заўчасна,
што ж так чаруеце зноў?


***
Крываўнiк, палын, лебяда.
Узмежак, расы павалока.
Ад вертыкалi слупа
удалеч, як кiнуць вокам,
колеру свежай iржы
цягнуць праз сiнь правады.

Кастрычнiк, апошнія з дат,
лiсткi на далонi маёй.
Апалi гракi чарадой –
крыклiвы на рунь лiстапад!
I цягне да цёплых краiн
маўклiвага выраю клiн...

Размыты адлегласцю крык
пакiнуў: “Бывайце!..” I занiк..


***
Апалi чакання аковы!
Заняты адным суцэла,
зноў цягнеш, вырай чарговы,
на Пiну, Басфор, Дарданелы...
...Унiзе поўня на ўсходзе
нырае ў тонкiя хмары.
Ды буйна зоры ўзыходзяць
над вамi ў чорным абшары...

На ўзлёт! I парывам, не тлумам,
і ўжо толькi смерць вас супынiць,
крылы павяжа самумам
ускрай Аравiйскай пустынi.
Не зважыць, што вы – жывыя,
на ўзгоркi бязводныя кiне.
I зноў пераможа стыхiя
ускрай чарговай пустынi...
Яшчэ раз – ужо каторы!–
вам, дробным, сiл не хапiла –
жывое змяла без разбору
сляпая варожая сiла.
Вiруе шэрае пер’е
над бурым каменнем бясконцым,
ды шэлест пясчанага зерня
пад бельмам засмяглага сонца...

А будуць чакаць пад Валожынам
палi ў красавiцкiх туманах.
I нехта штодзень заварожана
будзе вышукваць старанна
за Iслаччу, ў небе абноўленым,
аздобленым сонца каронай,
лёт дзiўна свабодны i роўны
ўпартых iстот не скароных...


***

М.М.Ш.

Лямеш, што каменем затоеным сарвала,
ужо зрудзеў – заложныя дажджы.
Тут новы ладзілі: дубца асмалак,
бляшанка чорная; і не злічыць сляды

грувасткіх ботаў. Засмужыла далёкі бор,
і нібы зганьбіла – раскоўзала дарогу.
Ды не ліняе каралеўскі твой убор:
каралямі рабін, шыпшыны, глогу

сям-там красуеш. (Яркі клёну ліст
нацешыў вока, склаў падзяку лету
і лёг, дрымотны, у сонную траву.)

Мой лістапад, мо іншы пейзажыст
дабавіць колераў твайму партрэту,
я упрыгожваць – не магу.


***
Над чорнай зямлёю чырвоных паходняў
такi ненадзейны заслон!
А вецер крапчае: ад мора, з заходняй
і золкай, паўночнай, старон.

Ад тундры прасцёртай, спрадвеку панылай,
з ахутаных снегам Хiбiн
імчыць, усё прутчэй напiнаючы крылы,
марозу i цемрадзi сын
не меранай сiлы парывам шалёным
з заходняй i золкай старон...
У лiстоце барвiстай узнёслыя клёны –
цi ж гэта надзейны заслон?
I моўчкi адзначым, што так павялося.
Ўсяго давядзецца зазнаць:
бывае ў жыццi i апошняя восень,
і дрэвы – жывыя! – гараць...

Дажджыць, але днее, ў рытмiчнасцi кропель.
I мы, як на службу, пайшлi
ўбачыць чырвоны усё яшчэ попел
на шэрай, халоднай зямлi...


***
Астры, дзецi восенi любай,
спадарожнiцы явы i сноў!..
Холад дзёрзка i шчытна на губы
пульсаваць падштурхоўвае кроў...
Ўсе жыццёвыя колкасцi спрэчак
у бяздонную прорву апалi.
Вашы ўсмешкi – апошняй сустрэчы...–
белай пенай на хвалi,
што нясе праз каменнi на строму.
Вы – усiм. Вы – нiкому.
Пад няўмольным мароза нажом
род увесь ваш знянацку загiне.
Сэрца чуе, сумуе цiшком.
Неба зорыцца, стромiцца, стыне...


***

С.Ж.

Царская карона,
жоўтая лiлея,
пругкiх шэсць пялёсткаў –
полымя вянок!
Свецiш апельсiнам,
журавiнай тлееш,
як заваражыла,
адганяеш змрок...
Вертыкаллю гордай
на сустрэчу сонцу
узнiмаеш келiх
чэрвеньскай расы.
Ноч – суцiшнай скрыпкай,
бубнам – дзень бясконцы:
рэха гаманкое,
птушак галасы...
Белую трымалi
у гербах магнаты,
неслi, паланiўшы,
на сваiх сцягах.
Ты – на вольнай волi:
ля ўбогай хаты,
мiж карчоў альховых,
на сямi вятрах...
Тварыкам дзiцячым
ля халоднай шыбы,
яркасцю прызыўнай
нечакана ў снах,
знакам пуцяводным
роднае сялiбы,
пад дажджом няўступлiвым,
на сямi вятрах...
Век зусiм кароткi:
ўжо халодны вецер
ладзiць пераборы
ў бадыллi сухiм.
Соннай мухай кружыць
успамiн аб леце...
Шэракрылым шэршнем
адгалосак зiм...


В О С Е Н Ь
Дз.Шчаснаму
1
Кастрычнiцкая яснасць!.. Як праз шкло
Прамытае не раз, ды таўшчынi належнай...
Iльецца створанае вечнасцю святло,
Сатканае з журбы i радасцi бязмежнай.
I песнi горнуцца, бы ветразi плывуць,
У словах, знойдзеных i сказаных другiмi.
I спее ўласнае. Збiрай, i не забудзь,
Што так пяецца толькi мiж сваiмi...

2
I пракрадзецца досвiткам туман нямы,
Абдыме былку кожную. I стан ялiны дужай...
Счакаўшы ранiцу, пад сонца пойдзем мы,
Зямляк i суайчыннiк – шчыры дружа,
Адчуць, як у гаi з бяроз, ляшчын, асiн
Страсаецца цiшком пад кiрзавыя боты
Начышчаная медзь, прынадлiвы кармiн,
Нейтральнасць блякласцi пры кроплях пазалоты.

3
Спакой i цiшыня – не маюць меж i мер.
Ахейцы сiнявы такой не сустракалi!
Халаднаваты клiмат... Быў бы свой Гамер,
Калi яны Руна яшчэ i не шукалi...
А нам – элегii, санеты. Конь сiвы,
Барвовым захадам ружова фарбаваны...
I гэты вось кастрычнiк! Залаты,
Да дробязей знаёмы, зноў жа – нечаканы...

4
Быў млын калiсь... Праз рэшткi паляў лье
У нiзкiх берагах рака струмень халодны.
Спрамляюць рэчышча. Чакае тут яе
Бетонная труба. Над ёю – мост выгодны.
Падыдзем? Пастаiм, каб лепей ацанiць
Прыкметы навiзны, наканаванай часам.
Цякла – як сонная, тут – пенiцца, бурлiць!
I зноў спакойная – пакiнулi сам-насам!

5
Зусiм як чалавек! Ды праз матора гук
Ён нашых разважанняў не пачуе:
З навюткiм кошыкам лазовым паляшук
З-пад Пiнска на Наваградак шыбуе!
Да тых грыбкоў, што ў кошыку ляжаць,
Зяць прынясе што-кольвечы з сяльмага...
Без кроплi ж той – нi быць, нi гасцяваць:
Адолее, замучыць тая смага...

6
Ах, колькi ж iх было: тых кропель, баразён,
Крывавых мазалёў, крыжа здранцвення, поту,
Дажджоў заложных, каб буяў драсён,
I тых чаканых, ссунутых на потым!
Шчаслiва, дзядзька! Ўнукаў падтрымай,
Хай доля мачыхай нiколi iм не будзе!
А розных там хвароб, нястач – о непачаты край!–
Адолеем, усю іх плойму збудзем!

7
Зноў цiшыня. А шэранькi бiплан
За хмару лепiцца ледзь бачнаю стракозкай...


***

Ветер всхлипывал, словно дитя,
за углом почерневшего дома.
Н.Рубцов

Не зачакалiся восенi...
Запар каторы дзень
вецер ў кватэру просiцца,
ўпарта па шыбах вядзе
далонямi мокрымi, шэрымi:
– Будзь чалавекам, пусцi!..
А мы – даражым кватэрамi,
як самым надзейным ў жыццi.

Зручна. Утульна. О не, не вонкавы
сiнтэтычны, дыхтоўны лоск:
у вазе крыштальнай рабiна гронкамi,
набыты ў Лейпцыгу Босх.
Скардзiцца нехта? Гэта ж далёка,
той жа вецер за моцнай сцяной.
З цыферблата-табло электроннае вока
аглядае наш слаўны пакой.

Усмешку вясны цi заўважылi?
Някiдкi жаночы твар...
I вецер, яшчэ нехлямяжны,
таўчэцца мiж кронаў i хмар,
I сквер той i голы i мокры,
і ў сэрцы зiмовы спакой
надзейна бароняць шырокiя вокны
шкляной дубальтовай бранёй.

Не ацанiлi звончатасць лета?
Як та – прайшло стараной?
Чырванню гронкi душа падагрэта.
Вецер-жабрак – за сцяной.
Соку паўднёвай лазы памяркоўна
ў тонкае, чыстае шкло.
Не замутнёны сон будзе роўным,
і заўтра ўжо сёння прыйшло.


***
Толькі сонца, сонца і неба.
І роўны вецер з паўдня.
Колас аддаўшы, да новага хлеба
ў роздум запала зямля.

Цягліцы ўзрэзаных гоняў –
ворыва, рунь ці папар –
лена чакаюць сутоння,
сумам настоеных хмар.

Ды грэе. І ясніцца пожня,
на лёгкасць настройвае крок.
І позірк валошкі апошняй
заўважыш, ацэніш здалёк...

І спеў навакол такі чысты,
што ў небе шукаеш выток.
А там – толькі сінь і празрыстасць
стамляюць разгублены зрок...

І слухаеш, нібыта рэха
святочных дзяцінства званоў.
Адтуль назаўсёды ад’ехаў,
ды неяк вяртаешся зноў

да сонечных плям на падлозе –
пачатку бязвоблачных дзён...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Астаткі саломы вывозяць
праз павуціння заслон.


***
Высокія дрэвы.
Паніклыя травы.
А ты – паміж імі,
упрэжаны ў справы:
ў пачаткі, фіналы,
падлікі, вынікі –
як Шыва трохрукі
ў натоўпе стоногім!..
І трэлі ў кронах,
і цягне чаборам,
і рытмы, і пахі,
і час, і прастора,
і гукі, і ноты,
і фарбы, і колер.
І сплаў абавязкаў,
і... ветру сваволя!..
Гадзінаю шарай
адчуць і ўбачыць
усё, што знаёма,
ярчэй ды іначай!
Апоўначы ўгледзець,
як у сонцы, натхнёна,
віруе ў танцы
рой дробных падзёнак.
Апоўдні заўважыць,
як ў месячным ззянні
іскрыцца на вейках
адбітак кахання...
І тэме спрадвечнай
даць воблік сучасны,
ды... рыфмы прывычныя
губяць заўчасна!
Лістота і кветкі,
птушыныя спевы
раскіданы смела
і ўправа і ўлева!..
А ты – пад уплывам
стандартных паняццяў,
стабільных прыёмаў,
як у рамках закляццяў...
А ты ў завядзёнках
снуеш без спачынку
між знакаў дарожных,
між знакаў прыпынку,
між Сцылы з Харыбдай
у трывалым чаканні
знайсці спалучэнне
дазволу з жаданнем...


***

А.Бакачу

...у нячуты павер запавет,
палюбi непазнаную мэту...
А.Разанаў

За пасмам бору – ўжо за даляглядам!..–
па лапiнах iржышча, па раллi
калi i кiм пасеяна прынада?
Чые зярняты рунню узышлi?

Не быў нiколi там... А, мусiць, i не буду –
што не сабраць, а дзе i не дайсцi:
сплываюць днi без нашага прысуду
у хуткаплынным ручаi – жыццi...

Няўмольны час гадзiну за гадзiнай
зрывае з дрэва iснасцi тваёй.
I толькi хмар i ветру безупынны
пралёт i перасвiст над галавой...

А там... такая позняя ўжо восень,
што лiстапад, яе апошнi сын,
у сонца нават промня не папросiць
для схаладалых, голых арабiн.

I гнецца вецце!.. I парывам новым
страсае гронкi, бы жывую кроў,
на незаменную нiчым аснову
халоднай глiны, мокрых верасоў.

А ўжо i прыцемкi – наканавана.
I цемра цяжкая лягла на ўсё.
А заўтра? Сонцам мо спавiты ранак,
такi, якi адзін за ўсё жыццё

каб нехта ўбачыў – слаўны мiг удачы!..–
не слотай змучаны, здранцвелы лог,
а рай зямны для ўсiх – i не iначай! –
ступiўшы там, дзе я прайсцi не змог.


***
Ночка хмурыла хмар брыво,
сон з павекамi стрэцца не мог.
Трэцi певень перасцярог...
I адразу адхмарваць пайшло,
ўміг суцiшылася – Маўчун
мяккi палец да губ прыклаў...
I з нацягнутых срэбных струн
чыстай думкаю – шэрань лягла
пры народзiнах шчырага дня.

Хто нi пройдзе, стары цi дзiця,
колькi хочаш ззяння бяры...
Дарагая мая зямля!
Сонца шар залаты!


***
Лiсця – гурбы. Падае, падае –
завяршаецца цыкл.
Цвiллю пахне, як здрадаю.
Глохне ветра язык.

Крок мiжвольна тут замарудзiш...
А думкi – хутчэй, хутчэй:
не заўважаеце, людзi!
I што вам подых начэй!..


Млечны Шлях зiхацiць, рассыпае
зорным пылам – яшчэ i яшчэ!
I голле без вас адмiрае,
і мроiва колеры тчэ... `