Не жаль пражытага

Яновіч Сакрат


1971–1988

Пасля выгнання з партыі і „Нівы” я бегаў па Беластоку, як шалёны, у пошуках спагады ды паратунку. Спачуванне давалася даволі лёгка: „справа Яновіча” начаўпла шуму і знаёмыя людзі самі спыняліся на гутарку: што, як, чаму? Добра, калі слухалі маўкліва; іншы раз лаялі, але не Кірылюка ці Амільяновіча, толькі мяне самога як недастаткова вернага партыі і ўраду Польскай Народнай Рэспублікі. І ніхто столькі не даў мне дыхту, чымсьці свая фамілія, родныя. Тады я зразумеў, што беларусы нараджаюцца ўжо гатовымі камуністамі, бы тыя рускія адразу ў мундзірах ды пры ордэнах на грудзях... Мой былы шэф, Георгі Валкавыцкі, відавочна ні трохі не перажываў таго – удаўся чалавекам не любячым таварыства, нідзе не бываючым і таму не ведаючым, які гоман наўкола. Такім, можа, і трэба быць?

Адшукаўшы дыплом тэхніка-электрыка, а прыхаваўшы іншыя, задумаў дастацца на работу ў электроўні, спадзеючыся на важнага там Сяргея Плеву (спяваў ён у хоры БГКТ). Сяргей пасаромеўся гомтаць мяне, але, будучы ўзорным партыйцам, ні ў чым не дапамог.

У бюро пасрэдніцтва працы на Варшаўскай штораз выпісвалі мне на рукі накіраванні ў розныя фірмы. Не прымалі, аднак, глянуўшы на маё імя і прозвішча: кіраўнікі кадраў выводзіліся з тайных службаў (УБ) або былі прызначанымі камітэтамі. Хоць, калі захацеў бы каторы, змог бы паратаваць, як зрабіў гэта стары ўбовец, а мой астраўскі зямляк, Аляксандр Кунах, узяўшы мяне на рамонт транспартных скрыняў у беластоцкай дырэкцыі аптэк.

Я ў яго канцылярыі і „ўтапіў” тое пасведчанне працы ў „Ніве”, у якім пагрозліва зазначалася, што выкінулі мяне з партыі. Звальняючыся потым з рамонтніка я атрымаў ужо нармальнае пасведчанне, з якім была магчымасць дабіцца сяк-так нармальнай работы. Мела праблемы і мая Таня як жонка „ворага народнай улады”. Выбіраліся мы з бяды абое на лепшыя пасады, пільна зважаючы, каб не паказвацца ў значных прадпрыемствах, аб якіх усе ведалі, што знаходзяцца яны пад непасрэдным наглядам партыі і СБ. Найлепей было наймацца ў маргіналаў; цалкам бяспечна ва ўсякіх, паўбандыцкіх, арцелях, якія „адкрытым тэкстам” падкуплялі хабарамі начальніцкую сволач. Што праўда, у іх часта забівалі кагосьці, але, калі ты сам не лез у пятлю, ніхто цябе не чапіў ані гакнуў малатком па дурной булаве. Бандыт, бы змяя: не атакуе, калі ты сам не наступіш.

Аднойчы зацягнуў мяне да сябе на кватэру, на вуліцы Каліноўскага, заўсёды падпіўшы Барыс Нікіцюк, камітэцкі функцыянер і аўтар хаатычных артыкулаў пра рабочы рух. Выслухаўшы маю споведзь, заплакаў: – Jak ty mogłeś, Sokracie, wykręcić taki numer dla władzy ludu?! Przecież ta władza dała ci wszystko, nawet zeszyty i ołówek w dzieciństwie! Dzięki tej władzy masz mieszkanie, żonę, dzieci!!

Барыс настолькі жальна прычытаў, што мне самому пасыпаліся слёзы і я ўцёк да ўмывальні ва ўбікацыі, паўтараючы: Ашалею! Ашалею!!! - быццам у прыступ напаўзабытай эпілепсіі-валянтовы.

Некаторыя школьныя сябры з Электрычнага Тэхнікума зайшлі высока па службе і я пранюхваў у іх шанц вылезці з жыццёвага долу. Але яны, дабіўшыся ў нечым дабрабытнае кар’еры, вырабілі ў сабе інстынкт асцярожнасці. Надзвычай ветліва размаўлялі, участоўвалі салодкімі абяцанкамі. Не памятаю, каб да каго з іх дастаўся быў зноў другі раз, хоць і заходзіў у іхныя канцылярыі (з эратычнымі там сакратаркамі). Будучы наіўным мужычком з вышэйшай адукацыяй, мне, аднак, не падумалася, што механізм улады бязлітасны. Сама ўлада не існуе для людзей, толькі людзі для ўлады. Усё роўна якой, чырвонай ці белай. Не верце ідэалогіі!

Пазваніў Кастусь Майсеня. І як ён, канспіратыўнымі намёкамі даў зразумець, што я павінен з ім неадкладна пабачыцца. Дзеля непазнакі – у натоўпе чыгуначнага вакзала (Кастусь чамусьці не здагадваўся, што каля ўсялякіх вакзалаў найгусцей ад сышчыкаў). Робячы выгляд выпадковай сустрэчы, выпілі мы на пероне па кухлю піва пад будкаю і, як гэта з півашнікамі бывае, адышліся ў блізкія кусты, у якіх ён, усё азіраючыся, паведаміў, што можа мяне ўзяць у... дайлідскі склад дошак на работу грузчыкам. Трохі прыпазніўся з гэтай прапановаю: тым часам паўставаў перад маімі вачыма сталы заробак у Бакінах над Нарваю, у тутэйшай утылізацыйнай звалцы падла. Але, перад кімсьці я пахваліўся тым шчасцем і мне адмовілі ў бакінскай смярдзюхоўні. Пасля.

Мала не папаў быў у мясакамбінат; швагерка падбухторыла кілбаснымі дэпутатамі тамашнім працаўнікам, ну, і магчымасцямі крадзяжу кавалкаў мяса, схаваўшы пад шапкаю. Кадравік сімпатычна пацікавіўся кваліфікацыямі электрыка – папярэдні напіўся і яго забіла іскраю ў акумулятарні. Адстукаў на пішучай машынцы – не марудзячы – працоўную дамову і, удвух, пайшлі да начальніка. На маю радасць аказаўся ім сын Міцькі Шуткевіча з Крынак, які ўстанаўляў па вайне народную ўладу, бегаючы па мястэчку з пісталетам у руцэ. Малады Шуткевічык вельмі афіцыйна адрэкамендаваўся як сакратар рабочага партыйнага камітэта, часова выконваючым функцыі аднаго з дырэктараў. Пачуўшы такое, я не памыліўся ў чорных прадчуваннях: выйшаў з нічым.

Каталіцкі сябар з тэхнікума, Харашуха, надта жадаў уладкаваць мяне ў сваім прадпрыемстве электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, што знаходзілася недзе пад Старасельцамі. Перабраў усё ж меру: задумаў з месца паставіць на падстанцыі брыгадзірам, што патрабавала тады наменклатурнай акцэптацыі (Харашуха не спадзяваўся, што я „чарвівы”).

Здаралася выратавальная помач і ад „сваіх людзей”. Нехта ва ўладах надумаў дапячы мне мабілізацыяй у армейскую службу рэзервістаў (бралі, здаецца, на тры месяцы). У вайсковай рэкрутацыйнай камісіі сядзела лекарка, у якой я пазнаў беластачанку Веру Белабокую, а бацька якой з каторагасьці падкрынкаўскага Вострава. Белабокія сваячыліся з маімі цесцямі Хомчыкамі з Паўднёвага Вострава, і я не раз бачыў Веру ў жончыным доме на Сабескага. Цяпер яна абследавала мяне як рэкрута і сцвердзіла, што я... недачуваю, аўтаматычна дыскваліфікуючы ў польскія салдаты. Дзякуючы ёй і толькі ёй nie obuto mnie w kamasze, не пагналі з жалязякаю ў палігоннае поле. Але яна была мяшчанкай, г.зн. не так вернаю партыі і ўраду.

Як ні дзіўна – камунізм, таксама і ў Расіі, трымаўся на вяскаўні, як і сёння Лукашэнка.

Эдзік Бялецкі з Аўсянай, – родам з падбеластоцкіх Альмонтаў, – быў мужам Танінай сяброўкі Данусі. Гэты просты рамеснік меў нейкі істотны голас ў кіраўніцтве арцелі „Usługa”, якой старшыняваў Дударык, „хахлацкай” апарыцыі. Towarzysz Dudaryk, як звярталіся да яго арцельныя паўбандзюгі, смеючыся за вочы: Towarzysz Ten-Tego (ён да нікога не звяртаўся па імяні або прозвішчы, толькі: Panie ten-tego, chodź na pogadanie). Эдзік вёў карыслівыя гульні ў фірме, імкнуўся мець у ёй свайго чалавека, глядзеў на мяне з высокай павагаю, і рашуча падтрымаў podanie. Справа ў тым, што ў арцелях прымае на работу не адзін прэзас, а ўправа.

Referent Bezpieczeństwa i Higieny Pracy (BHP) – навучаны горкім вопытам, я гэтай пасадаю не хваліўся ў беластоцкім элегантным таварыстве і таму ні вытурылі з яе. Хутка выявілася, што мяне апазналі маладыя супрацоўнікі ў тым самым пакоі, віцэ-прэзас Любянецкі і кіраўнік заказаў Санюковіч. Першы быў сынам памерлага сакратара Ваяводскага Камітэта, а бацькам другога – ці тым часам не памерлы, сакратар у Гайнаўцы. Я абліўся халодным потам, але непатрэбна. Гэта былі непадобныя да сваіх бацькоў маладзёны з някепскай адукацыяй і зацікаўленыя добрым жыццём, замест сацыялістычнай утопіяй (Любянецкі чытаў па-ангельску). Я канчаў завочна Варшаўскі Універсітэт і ім тое моцна падабалася. Нешта чулі яны пра „справу Яновіча”, суцяшаючы мяне: Panie Sokracie, niech się Pan nie przejmuje tym gównem.

У арцельнай бранжы працавала нямала інтэлігентных людзей. Ненудна гаварылся з Пшыходнем, шэфам усіх бэгапоўцаў. Запрасіў мяне ў свой салон Пугаўка, прэзас усім прэзасам. Чалавек з яго досыць начытаны быў, з хатняю бібліятэкаю. Фасцынат літаратуры, м.інш. беларускай (далёкі знаёмы Танка). Неяк менш тут баяліся партыі. Ад Пугаўкі пачуў пра оргіі wojewódzkich towarzyszy, анімаваныя ў забеластоцкай леснічанцы. Хваліўся: Organizowałem nie tylko jemu, Јaszewiczowi, takie ponętne piździurki, aż się bałem, żeby nie wyzionął ducha na którejś pupci.... Instruowałem je, żeby zanadto nie podrzucały tyłkiem, bo staruszek może „kopnąć w kalendarz”...

І куды мяне чорт не насіў, каб збіцца на нейкую матэрыяльную нармалізацыю! Час-часом нехта казаў, што камітэцкая партыя надта раззлаваная на мяне за тое, што лезу ва ўсялякае працоўнае барахло, каб, такім чынам, нібы акампраметоўваць палітыку да інтэлігенцыі. Тады я рассеўся пісаць да ваяводскіх сакратароў просьбы аб дапамогу. Скутак ад таго быў такі, што адбывалі са мною гутаркі функцыянеры сярэдняй рукі, загадчыкі адпаведных аддзелаў „каву” (KW PZPR), пахваляючы: Bardzo dobrze, że towarzysz zwrócił się do partii... Словы Міхала Гнатоўскага, „гаспадара” беластоцкай культуры і навукі. З меншым фарысействам канфераваў Уладыслаў Залеўскі, мазавецкі „чырвоны” шляхцюк (не забуду ягоных зрэнак гадзюкі). Удалося прабіцца нават да самога Towarzysza Pierwszego (на смерць забыў яго прозвішча, Юшкевіч?). Даў ён мне класічны канцэрт аблуды. Dlaczego towarzysz tak późno się zwraca? Zaraz załatwimy to od ręki. Wiem, że nie jesteście w partii, ale dla mnie nadal jesteście towarzyszem... Ну, падумаў я, нарэшце скончыцца мая валакіта! А ён пазваніў віцэ-прэзідэнту Беластока, Садоўскаму, з наказам вынайсці мне акуратны штат. Выходзіў я з таго кабінету, бы анёл на крылах. Разоў пяць адкланяўся суровай канцылярыстцы ў гадах заслужанай камсамолкі.

Хадзіў па Беластоку цыбаты Зыгмунт Цясельскі, этнограф і люблінец па паходжанні, таму не беларусаед. Любіў жыць небанальнымі ініцыятывамі, якімі ашчасліўляў тупалобых etatowcуw w kulturze, у мнагалікіх у тыя гады дамах культуры, клубах, святліцах. Запусціў у рух Białostockie Aktualności Kulturalne (BAK), бадай штомесячную імпрэзу прысвечаную нашумеўшым з’явам у горадзе, на якую збягалася хмара інтэлігентнага люду, што цяжка пераносіў усеагульны маразм, шэрань жыцця. Зыгмунт абачліва запрашаў на BAK і камітэтчыкаў, побач аўтараў публікацыяў на беластоцкія тэмы на старонках цэнтральных газетаў, часопісаў. Асвячоная публіка валіла дзвярыма і вокнамі. На каторымсьці БАКу Цясельскі папрасіў у мяне інтэрв’ю; якраз Анджэеўскі ў „Літаратуры” Путраманта нешта прыкра нагадаў на мой конт у сваіх дзённіках (пра ананізм?), і ў нечым падпалі адначасова нашаму „каву” Орлась з Вяжбіцкім з тае путрамантаўкі. Прыехалі. Інтэрв’ю праходзіла досыць спакойна, я спалохана адказваў як трэба, ажно Цясельскі напрыканцы спытаў пра хобі. На мой адказ, што маім хобі ёсць здабыванне хлеба надзённага, аўдыторыя мала не пакацілася ад рогату (у прафсаюзнай кавярні гулкая акустыка). Варшавякі ў перапынак абступілі мяне і неўзабаве з’явіўся ў „Літаратуры” тэкст (-? Kawałek chleba) аб тым, як ганяюць па кутках пісьменніка Яновіча. Скандал! Towarzyszu Janowicz, jak wam nie wstyd kalać swoje gniazdo!? Przecież nikt wam jaj nie urwał, korzystacie z pełni praw obywatelskich, głosujecie na wyborach, a mogło być inaczej: towarzysz Kiryluk wybronił was potem przed prokuraturą i sądem, kiblowalibyście w pierdlu... Rozumiemy się?

* * *

Будучы абсабачаным роднымі беларусакамуністамі вясковай гадоўлі, што млелі ад шчасця жыць у горадзе, у беластоцкіх „блёках”, я хіліўся да палякаў. Яны не сукінсынілі. І нават дапамагалі ў нечым дробным. Найперш паглыбіўся я ва універсітэцкую адукацыю, закончыўшы яе ў 1973 годзе; абараніўшы на выдатна магістэрскую работу на тэму ўспрыняцця беларускай літаратуры ў Польшчы. Пад кіраўніцтвам прафесар Крыстыны Кулічкоўскай. Сімпатычным рэцэнзентам аказаўся праф. Базыль Белаказовіч з Польскай Акадэміі Навук. Гэты унікальны беларус угледзеў ува мне аж кандыдата на навуковую кар’еру, апублікаваўшы мой дыпломны тэкст у акадэмічным выданні. Можа і наважыўся б я на дактарат, але дзеля таго трэба было, хоць мінімальнай, матэрыяльнай стабільнасці сям’і. Калі, тым часам, здаралася праблема з купляю хлеба і малака, не кажучы пра нешта большае (масла, мяса).

Рабіў я магчымае і немагчымае, каб дзеці занадта не адчулі катастрафічнага становішча. Таня хварэла ад згрызоты, я круціўся па ўстановах, каб на вакацыі запэўніць сынам які-колечы летнік. Добрай памяццю ўспамінаю дырэктара беластоцкай гарбарні, паляка аднекуль з Карпатаў, які не пабаяўся ўзяць Яновічаў у аўгустоўскі асяродак адпачынку гарбароў. Па-славянску весялісты быў з яго фацэт, супакойваў афарызмам Nie przejmuj się swoją rolą, bo i tak ciebie wypierdolą. Спяваў горска-разбойніцкую баладу, у п’яную ноч з суботы на нядзелю:

Pojmali mnie guorce I na guore wiedo. Uoj, cosik mi sie zdaje, Ze mnie dupcyć bedo... (куплет дзяўчыны).

Пры нагодзе я даведаўся, што назва „гураль” штучная, прыдуманая адным з варшаўскіх лекараў (спецыяліст ад сухотаў). Аўтэнтычная саманазва: gorec, gorce.

Штораз бываючы ў Варшаве, яшчэ як студэнт-завочнік, вечарамі не вылазіў ад Віктара Варашыльскага або Ежы Літвінюка. Яны былі мне другім універсітэтам, сцісла літаратурным. І наладзілі выданне мае першае кніжкі ў польскім перакладзе (на падставе „Загонаў”) – „Wielkie miasto Białystok”, у тым жа семдзесят трэцім. Начальніцкі Беласток заціснуў зубы! На літаратурнай пустыні, якую ў тую пару ўяўляў сабою гэты мужыцкі горад, кніжку нельга было замаўчаць у тутэйшым друку, уключна з партыйнай газетаю. Усяляк пісалі, але пісалі!

Маральна, і час-часом стыпендыяльна, падтрымоўвала мяне прыналежнасць ад пачатку 1970 г. да Саюза Польскіх Літаратараў. Яраслаў Івашкевіч настойваў на ўзнагароджанні прэміяй імя Piętaka гэту польскамоўную кніжыцу. Аднак перагаласавалі старога аргументам, што я не належу вось польскай літаратуры. А чакаць прызнання ад савецкага Мінска мог хіба што адзін Барскі або безнадзейна наіўны які аўтар. „Wielkie miasto Białystok” у цяперашнюю эпоху праўдападобна не было б і краем вока заўважаным у друку. Салідарніцкім ваяводам ды чыноўнікам wszystko zwisa i powiewa; ім няважна, што аб іх думае народ. Так не рэагавалі колішнія сакратары партыі; марксісты чамусь па-хрысціянску верылі ў моц слова. Адсюль бралася залішняя апека ўладароў над пісьменнікамі, журналістамі. Творчыя арганізацыі мамантальна атрымоўвалі памяшканні, а прыезджыя літаратары – кватэры з вышэйшым камфортам. Адзін з іх, люблінец, запатрабаваў М-3 яшчэ і сваёй швагерцы... Улады цацкаліся з элітаю, якую сённячы трактуюць у стылі kopa w dupę.

Я, дастаўшы пісьменніцкую легітымацыю, быў у змозе неяк абараняцца, каб не затапталі як „ворага люду”. Польcкая кніжка адразу паставіла мяне ў рад беластоцкіх знакамітасцяў, хоць на аўтарскія сустрэчы – добра платныя, 600-800 зл. тады – баяліся запрашаць кіраўнікі клубаў ды святліц. Шчасціла пабыць на кніжных майскіх кірмашах па-за Беластокам, там, дзе не ведалі пра Janowicza z wilczym biletem. Памятаецца Візна з якімсьці святам – ludowym? – над Нарваю. Разам з Эдзькам Рэдлінскім (захавалася фота). Удалы выезд: Эдзік пазнаёміў з Веславам Мысьліўскім, вядомым ужо празаікам nurtu chłopskiego і адначасна намеснікам дырэктара Ludowej Spółdzielni Wydawniczej. Веслаў запрапанаваў мне падпісаць з ім выдавецкую дамову з высокім ганарарам, хоць і ведаў, што будзе гэта тэкст на беларускай мове і, каб выдаць яго, трэба перш перакласці. Хутка даслалі з Варшавы салідны задатак, роўны гадавому мінімальнаму заробку. Абавязаўся я стварыць раман на некалькі соцен старонак і, хоць кідала мяне ад гэтага ў дрыжыкі, засеў пісаць, маючы перад вачыма будучыя тысячы злотых, якія давалі шанц адчапіцца на год-другі ад безграшоўя. „Самасеем” назваў гэты твор пад канец тае пісьменніцкае работы вечар у вечар да паўночы праз цэлы год або і больш можа. Удзень працаваў на якойсьці хілай службе, не спамятаць яе.

Нехта падказаў быў перапісацца з натоўпістага Варшаўскага Аддзела Саюзу Польскіх Літаратараў у правінцыйны, у якім нармальна болей увагі да асобнага сябра. Альштынскі напрыклад – ментальна блізкі, не самі палякі ў ім, прычым малалікі, значыць: важны мясцовым уладам, у іхным раўнанні на сталіцу. Надумалі там арганізоўваць беластоцкі Літаратурны Клуб пры Альштынскім Аддзеле Саюзу, як зачатак Беластоцкага Аддзела калісьці. Аднаго мяне дзеля таго было мала, да ініцыятывы дапісаўся Ян Чыквін. Беларусы надалей знаходзіліся ў авангардзе літаратурнага руху ў Беластоку. На двары стаяў неспакойны 1976 год (забастоўкі).

Быццам сонца заходзіла палітычная эпоха Герка; будаваў ён дабрабыт за пазычаныя ад Захаду мільярды даляраў. Цэны раптам забуялі і здарыліся бунты рабочага класа; славуты ў Радаме. Тым не менш у будзённым жыцці ўтрымліваўся шныт Польшчы як адной з найбагатых краінаў. Я з Янкам ездзілі рэйсавым аўтобусам у Альштын, на сходы тамачных літаратараў; віталі нас надзвычай прыязна. Адпала нам мноства праблемаў, якія надакучалі ў беластоцкай вашабойні. Друкаваліся лёгка ў мясцовых іхных выданнях, адчувалі мы партнёрскую павагу да сябе з боку Леанарда Туркоўскага, нязменнага старшыні альштынскай управы, чалавека унікальнай сумленнасці, хоць і партыйнага, але карэннага пазнанца. Завязалася між ім і намі нешта кшталтам дружбы. Альштын ачышчаў мяне з беластоцкага балота, у якім плёхкаліся чэрці нацыяналізму, апалонікі потайнага рэлігіянцтва, паўсюдна халопскай шчаслівасці „хама на паркетах”. Падумвалася, ці не пераехаць туды назусім. Туркоўскі акцэнтаваў усё ж місію цывілізавання ўсходняй маральнай пустэльні, паўдзікіх тубыльцаў, засеўшых кшталцонымі малпамі ў „блёках” ля Рынку Касцюшкі.

Амаль усе аўтарскія сустрэчы адбываліся не на Беласточчыне, а ў тых Прусах менавіта. У альштынскім замку, у Лідзбарку Вармінскім, Езяранах, Біскупцы; у міготка – прыазёрных мястэчках, старапрускія імёны якіх выветрыліся з галавы.

Аднойчы трапіў з Таняй у Голдап, дзе сваяк Лёва Кузьма, mając „gdzieś” Białostockie pierdolstwo, разрэкламаваў мяне на ўвесь павет і вайсковы гарнізон. Сотнямі сышліся жаўнеры ў гарнізоннае кіно і аніматар вечара, армейскі маёр, паўшэптам папрасіў: Więcej wierszy o babach, obywatelu poeto. O babach, to nie usną, bo są po całodziennym poligonie... Дарэмна намагаўся я, добрая палова спала, і маёр час ад часу наводзіў парадак выкрыкам: Baczność! Spocznij! Siad!

Літаратурны Клуб набраў размаху, дзякуючы спагаднасці незабыўнага Туркоўскага. Умудрыўся ён выкраіць невялікую, але пастаянную датацыю, на сродкі якой выдаваў я аўтарскія аркушы пад серыйнай назваю Kropelki, спецыяльна для дэбютантаў. Выйшаў інаўгурацыйны нумар невялікага перыёдыка „Rewers”, эдытарская канцэпцыя якога палягала ў друкаванні тутэйшых аўтараў – калі польскі, то ў беларускім перакладзе, і наадварот, беларускага па-польску. З дазволам на другі нумар цэнзар Янтас бязбожна марудзіў, пасля выклікалі мяне туды-сюды, дапытваліся, чаму так раблю (беларускі аспект). Урэшце падняўся фермент сярод маіх палякаў у Клубе, і ад некаторых з іх адназначна пачуў, што кіраваць гэтай арганізацыяй не павінен беларус, бо ж гэта творчы саюз польскіх літаратараў. Ужо бушавала „Салідарнасць”. Мне зрабілася страшэнна цяжка на сэрцы, і я пастараўся перадаць старшыняванне Веславу Казанэцкаму. Ведаючы Веська, яго антыарганізацыйны талент, думаў яму дапамагаць, выручаць, дзе трэба. Але бахнула ваеннае становішча ў Польшчы, і ўсё накрылася нагамі.

А потым я ўжо меў даволі ўсякага інтэрнацыяналізму ў заядла шавінізуючым Беластоку. А ці раз даляцела да маіх вушэй „інтэрнацыянальная” лаянка: Słuchaj, ch..ju ty: jesteś podłym nacjonalistą, bo nie chcesz zostać Polakiem.

На такім інтэлектуальным узроўні даводзілася выслухоўваць апанентаў, у тым ліку з доктарскімі тады тытуламі цяперашніх ужо прафесараў.

* * *

Я хваліўся. Бессаромна, што лепей мне як ніколі! Хвальба мела мэту: гасіць радасць у тых, хто таптаў мяне. Да „Нівы” былі ў мяне ж любоўныя адносіны, свету не бачыў па-за ёю! Гэта ж каханне!! Таму паводзіў я сябе, бы кавалер, які прыкідваецца, што гэта ён кінуў дзяўчыну-нарачоную, а не яна яго. Тлела сентыментальная надзея, што ўсё ж вярнуся ў разлюбую рэдакцыю. Ні разу не прасвятлела, што чарвіва там. Што сядзяць у ёй адны функцыянеры; не ідэйнікі, а ім, папраўдзе, усё роўна за што грошы браць (акрамя, лічу, Міхася Хмялеўскага). „Ніва” бачылася, даверліва, мною, як калектыў змагароў за беларускую справу. Калі б умеў я тады палітычна думаць, дык паставіў бы самому сабе элементарныя пытанні: – На халеру беларуская справа польскай дзяржаве?! – За чые грошы робяць „Ніву? За польскія, ці за якія іншыя? (– Чые грошы, таго і парабкі).

Толькі першае пытанне прадчуваў скурнай казыткаю, пішучы навыраст пра беларускую кветку ў слаўным вянку Польскай Народнай Рэспублікі або пра шчаслівае для Польшчы існаванне тут беларускай жывой мовы (падкрэсліваю: жывой). За гэта дастаў па гарбе не адзін я, справядліва кажучы, а яшчэ пару чалавек, што ўпераканаліся да маіх тэзаў. Нашколіўшыся ў марксісцка-ленінскай філасофіі палез у тэарэтыкі нацыянальнага пытання паводле Владимира Ильича ды Иосифа Виссарионовича, чым давёў да белай гарачкі сухіх практыкаў сацыялістычнага будаўніцтва ў Беластоку і ў прыналежных паветах. – Przyślij, Wołkowycki, do mnie tego Janowicza, to ja mu zaraz wstawię mózgi! – тэлефанаваў Зыгмунт Мікульскі, босы шляхцюк з мае Сакольшчыны, які даслужыўся ажно сакратара ваяводскага рангу.

Мая поза задаволенага новым лёсам, у сапраўднасці засраным, з’явілася не з якойсьці камбінацыі. Уплываў прыклад Эдзька Рэдлінскага, Валодзіка Паўлючука, Збышка Насядкі, а папярэдне Лешка Кажушкі, якім, прыблізна, гэтак жа ўгрэлі па скабах. Заганарыліся: – Co tam komitet partyjny?! Może mi on na ch... wskoczyć! Mam na widoku lepszą posadę, – што аказвалася няпраўдаю, бо ўсім лепшым мог надзяліць толькі камітэт.

Кажушка, здольны жартаўнік, апавядаў, чаму турнулі яго з партыйнай „Gazety Białostockiej”. – Za brodę, Sokratku, za brodę Marksa... Jak widzisz, zapuściłem sobie brodzisko, a w Komitecie Wojewódzkim te mendy pieprzą: towarzyszu Kożuszko, nie uchodzi członkowi partii być tak zarośniętym. A ja im na to: jak to nie uchodzi, a Karol Marks?! A oni z tej zawziętości: a Róża Luksemburg?!

Лешак чмыхануў у нейкую фабрычную газетку на крузе Вялікае Варшавы і яго ўжо не пабачыў. Эдзік падчапіўся пад варшаўскую „Культуру”, і зноўку наскандаліў, змяшчаючы ў ёй славуты артыкул – фельетон „Jakiś”, хоць без указкі імёнаў і месца ды, аднак, лёгка расшыфравальны. Банкеты, балі ў тадышніх элітах зводзіліся, як сказалі б у Крынках, да „водкі і поткі”. Збышак пакарыстаўся сваім харкаўска-ўкраінскім дыпломам інжынера-агранома і прысмактаўся да гміннага хлеба ў Заблудаве. Найсаладзей удалося Валодзіку (Паўлючуку), якому, як доктару рэлігіязнаўства, расчыніў дзверы Ягелонскі універсітэт, дзе здаўна расселіся клерыкалы і трэба было іх крыху падатэізаваць, а не мелі кім. Так разляцелася наша вераб’іная чародка, пакідаючы мяне аднаго ў жахотным Беластоку. На спажыву крумкачам. Час-часом паратоўвалі сталічныя інтэлектуалы, друкуючы маё на літаратурных палосах часопісаў „з Маршалкоўскай”. У такіх абставінах рунеў у Польшчы міф Яновіча як адзінага беларуса. Усталяваўся стэрэатып: „Беласток – гэта Яновіч”, а „Яновіч – гэта Беласток”. Чаго не ў сілах пазбавіцца гэты бедны Беласток, супер-каталіцкі, аж па сённяшні дзень. Нягледзячы на найшчырэйшую шчырасць у польскасці і на густое ў ім насельніцтва najprawdziwszych z prawdziwych Polaków.

Нехта надаў ахвоты пастарацца выдаць кніжку ў бальшавіцкім Мінску, што мела б нібы выратавальнае мне значэнне ў беластоцкім камітэце, ну, і салідны ганарар (даляр каштаваў у банку няцэлы рубель!). Я і паслухаўся, і ўсё йшло спраўна, пакуль якісьці затоены адраджэнец з мастакоўскага цэху не апрацаваў праект вокладкі з... Пагоняй! Узняўся скандал, узнікла пытанне: таварышы, хто такі Яновіч?! У выдавецтве „Мастацкая літаратура” шэфіў памяркоўны па-беларуску, пажылы Ткачоў (бадай, Мікола), перад якім я прызнаўся, што я не камуніст, і што схапілі мяне „за сраку” ды выкінулі вон з партыі, хаця і лісліва скавытаў, слязьмі заліваўся... Такую адкрытасць выклікаў ён згадкаю, што ёсць у беларускім ЦК данос на мяне з асяроддзя маіх „белавежскіх” сяброў у Польшчы. – І што цяпер будзе? – прастагняў я. – Нічога страшнага, пішы, брат, у нашай анкеце так як трэба: член партыі. Быў жа ў ёй, і зноў будзеш, адваюеш сваё права на гэта... А кніжку трэба ў друк аддаваць, не чакаць жа з ёю... – і шматзначна, цёпла ўсміхнуўся. Ён, пэўна, наогул не верыў, што польская партыя – камуністычная; важней яму было ўспамагчы беларуса адтуль. Прызнаў маю назву „Сярэбраны яздок”. Выдатна адрэдагаваў цэласць знакаміты Уладзімір Дамашэвіч. Пасляслоўем падтрымаў не абы-хто, а сам Янка Брыль, узыходзячая веліч нацыянальнай літаратуры.

„Сярэбраны яздок” пасля ўспрынялі ў зачырванелым Беластоку як прыкрую памылку towarzyszy radzieckich.

Цяперашнім часам тадышнія скандалы немагчымыя. Камунізуючыя ўлады страшэнна пераймаліся словамі, друкам. Газеты, кніжкі лічыліся магутнай палітыкай, не таварам. І самі функцыянеры рэдка каторы меў вышэйшую за падставовую адукацыю. Напрыканцы гамулкаўшчыны прымушалі камітэтнікаў хадзіць у вячэрнія сярэднія школы, у якіх трактавалі іх спецыяльна, каб сяк-так дасягнулі тую „матуру” (за вочы кпілі – „партыйны матурыст”).

У рэдакцыі „Нівы” бывалі перыяды, калі большасць журналістаў у ёй не перавышала інтэлігентнасці вясковых сямікласнікаў. Беласточчына ўяўляла сабою нешта кшталтам афрыканскага бантустану і таму даволі было, што з’явілася групка таленавітых і вучоных маладзёнаў з нейкімі некамітэцкімі ідэямі, каб задрыжэла ад таго дзяржаўна-партыйная канструкцыя ў рэгіёне. Адзін Эдвард Рэдлінскі з магістэрскім дыпломам чаго толькі не начоўп! Будучы хутчэй рэпартажыстам, чым пісьменнікам, ён мамантальна вырас у легенду, дзякуючы, вядома, не столькі таленту, колькі адносінам да яго. У выніку – ягоныя кніжкі не залежваліся ў кнігарнях. Выбухала публіцыстычная сенсацыя; іх сёння ўжо цяжка чытаць. Хто ж цікавіцца Рэдлінскім у 2001 годзе?

Не наракаў на папулярнасць і я, а яна ж трымалася не на артыстычнасці напісаных твораў, але на інтрыгуючым погаласе „справы Яновіча”. У маім выпадку так і засталося, па той звычайнай прычыне, што час для публіцыстыкі Рэдлінскага скончыўся, а для мае яшчэ не. Ні ён і ні я, не мы выбудоўвалі сабе „імідж”, але ўладныя антаганісты, што шумелі супроць нас, нашых поглядаў. Нас паслаўлялі ворагі, не мы самі.

Сучаснаму начальству, некамуняцкаму ўжо, лянота хаця б напляваць на Рэдлінскага, яны яго проста насмерць замаўчалі. А маё як бы шчасце ў тым, што ўсё коле ў сраку kacykom мая беларускасць, ад якое нястрымна ляцяць у мой бок плявок за пляўком. Што пры гэтым не можа тое не зацікаўляць грамадства і чэрнь. Будзь я другім Рэдлінскім, дык pies z kulawą nogą by dzisiaj nie warknął na mnie ani nie podniósłby nogi... Шматзначным жартам кажучы: Рэдлінскаму застаўся толькі адзін шанц аднавіць сваю колішнюю папулярнасць – гэта раптам апавясціць сябе... беларусам! Рэшту авантуры выканае тады за яго тлумная нацыяналістычная частка беластоцкіх палякаў.

* * *

Прыкра ўспамінаючы, як падкідалі мяне нагамі пасля „справы Яновіча”, я павінен аб’ектыўна зазначыць, што гэта – пры маім упартым характары – моцна загартоўвала. Нармальны чалавек ужо кленчыў бы або звар’яцеў бы! Нажыўшы сям’ю – сыноў, жонку – было неганарова з’анучыцца; у падобных сітуацыях бачыў я не адзін бяссэнсавы развод, драму маладых.

Зразу не скеміў, што пры такой сістэме ўлады адсутнічае альтэрнатыва. Зямляцкі Аляксандр Кунах, пасляўбоўскі персанальнік тае Беластоцкае дырэкцыі аптэк, нямала рызыкаваў, прымаючы мяне на чарнарабочага ў падземных складах. З яго мутных рэплік вынікала, што забяспечыўся ён згодаю на тое партыйных органаў, абавязваючыся перад імі падпільноўваць мяне. Яму хапала маралі не чыніць перада мною з сябе майго заступніка. – Значыць так, Яновічык: пабудзь ціха пару лет, і знайду чысцейшую работу... Не паслухаеш, капец табе. Дзяцей пашкадуй!

Нешта падобнае тумачыў мой прамотар варшаўскага магістэрыума, намаўляючы на дактарат. – W Warszawie, posłuchaj mnie, władza nie jest taka dzika, wielkie to jednak miasto i stolica państwa. Przy twoich talentach zostaniesz profesorem i wtedy mogą ciebie w dupę pocałować w tym zapyziałym wsiowym Białymstoku. Będziesz już dlań niedotykalnym! Pod ochroną wyższego prawa... Czy ty wiesz, że niemal każdy dziennikarz sekretnie „pracuje”, bo musi, dla... Spółdzielni „Ucho”?

Няма і не будзе такое ўлады, якой не прыдасца сякі-такі вораг. Уся далікатнасць з ім у тым, каб не аказаўся ён занадта моцным. А такім погразным прывідна падаўся ваяводскаму начальству менавіта Рэдлінскі, якога ўгледзелі ў ролі міжвольнага камандоса фракцыі ЦК непрыхільнай экіпе „нашых хлопцаў” тав. Аркадзя Лашэвіча. Як не замахваліся прыдворныя Аркадзіка, менавіта на вяртлявага Эдзька, усенька канчалася ім промахам. Хлопец знаходзіўся пад пратэктаратам экспанентаў polskiej drogi do socjalizmu, кшталтам літаратара Рамана Братнага ці лібералаў з тыднёвіка „Polityka”. Сам Эдзько не прападаў за камунізмам, не лез абцэсам у партыю. Быў тыпам такога паляка, які лагічна ўспрыняў непазбежнасць „гістарычнага працэсу” і камбінаваў, як паратаваць, хоць крыху, Польшчу ў „чырвоным” багне. Цынікам гэткага чалавека не назавеш, хутчэй ідэалістычным актывістам. Спрабаваў прыдаць сацыялізму людскасці, успамагаючы вострым пяром потым геркаўскіх намеснікаў (Куроўскага тут).

Не раз падумаецца: нічога з мяне не было б, калі б парадаксальна не загналі ў клетку бязвыйсця. Прымусілі кідацца ва ўсе бакі, праціскацца між нябачных кратаў. Польшча, вядома, не Савецкі Саюз, клетка тая аказалася хісткая; малая, усяго на Беласток з ваколіцамі, бо ў Ломжы ці Сувалках як бы не існавала, не гайдалася туды... Найцяжэй там, дзе ўплывы беларусаў, не мазуроў.

Іначай я надалей шчаслівеў бы ў блокавай кватэрцы з двух пакояў і лазенкі ды з газавай плітою ў куханьцы. Трэба было нямнога тады, пільнавацца галоўнае ўмовы: не высоўвацца заўзята з беларускім патрыятызмам. Не здолеў, аднак. утаймаваць гэту сваю шалёнасць, вырастала яна звыш маіх сілаў, часам кіраваных на прыстасаванства. Што ў чыста жыццёвых праблемах шкодзіла і шкодзіць. Беларусаў цярпець не можа народ, а прытым самі беларусы – беларусаў у гаўне ўтапілі б!

Вымушана множачы знаёмствы з палякамі, бо свае людкове дулю пад нос тыцкалі, я апынуўся ў зусім непадобным свеце, да якога па добрай волі не імкнуўся, нагадваючы сабою перыферыйнага нацыяналіста. Ажываў душою, запрошаны ў Прусію; углыб Польшчы. З ваяводскіх гарадоў – не ў Кельцы і Жэшаў не таму, што варагавалі; нічога істотнага там не адбывалася. Сярод польскіх інтэлектуалаў, успамагаючых маральна і нават матэрыяльна іншы раз, засталіся ў маёй удзячнай памяці не адны Варашыльскі, Гушча, Літвінюк, Дравіч, але і Ежы Пахлёўскі ў Шчэціне, Анджэй Васькевіч у Гданьску, Ян Адамскі ў Кракаве, таксама Багуміла Бэрдыхоўская з Любліна, Мацей Канановіч і Ян Гушча з Лодзі; Станіслаў Срокаўскі і Ян Куравіцкі, Ян Чопік-Лежахоўскі, усе трое з Уроцлава, не кажучы пра спадарства Святлану і Эрвіна Крукоў ды Леанарда Туркоўскага з Альштына. Былі ў мяне спагадныя анёлы і ў Пазнані, і ў Быдгашчы; на Шлёнску. Цэлая эстафета сабралася з поклічам: nie damy zadeptać niesowieckiego Białorusina. Салідарнасць тых, каму сардэчна абрыд чырвоны фашызм, хоць нікому з іх ні трохі не здавалася, што тадышні сярмяжны рэжым нядоўга патрымаецца (час паказаў, што не болей 10-15 гадоў). Шкада тае атмасферы, клімату, паўлегальнай падпольшчыны, стыхійнага сяброўства, маральнай змовы „усе за аднаго, адзін за ўсіх”. Удзел у ёй катэгарычна выштурхоўваў мяне з „кацапскай” супольнасці тутэйшых, афіцыйна бэгэкатоўскай і, адначасна, блізка-сваяцкай. У іх вачах зрабіўся вырадкам! Не лепей адносілася да мяне і польска-каталіцкая маса, беластоцкі тлум. Нібы свой уяўляўся я яму антысаветчык, але чаму – Białorusin?! У іх паняцці беларус і савет – гэта тое самае. Больш таго – беларус заўважаўся імі як найсавецкі з савецкіх савет! На сто два з гакам!

Чаго крывіцца на пакутлівыя роздумы пра самазніштажэнне беларускай мовы? Пра яе ўсенародную заглухласць. Наша слова душыць нянавісць да яго – савецкая і масава – польская плюс свая, родная. Аганальная вось стадыя – трэба цуду, каб прадаць цяпер некалькі дзесяткаў беларускамоўных кніжак! Бытуе самазабойчая тэорыя аб працягу беларускай літаратуры і, шырэй, культуры ўжо на мовах былых каланізатараў Беларусі. Лупаты афрыканізм.

Што значыць пераняць чыюсьці мову, учыніць яе сваёю? Амаль усё – гэта страціць беларускае светабачанне, гэта і беларускі менталітэт згубіць, беларускую перспектыву. На практыцы стацца расейцам або – у нас – rozparzonym палякам. Вырачыся карэннай нацыянальнай свядомасці. Пераўтварыцца ў зацюканых правінцыялаў суседніх культураў. Дбаць старанліва пра варшаўскі акцэнт (у Мінску пра маскоўскі). Гэтак жа і пра штодзённы слоўнік, асцерагаючы яго ад „трасянкі”. Праз тры-чатыры пакаленні асіміляваныя тэрыторыі застаюцца напэўна непрадуктыўнымі і не творчымі па той простай прычыне, што перастаюць удзельнічаць у сусветным жыцці, дэградуючы з аўтэнтычнай і непадробнай важнасці ў бок чужой ускраіннасці без істотнага значэння ў кагосьці. З гэтым, як са стратаю незалежнасці дзяржаваю, якую глытанула з патрахамі і ператравіла іншая.

Асіміляцыя – раўназначная катастрофе, найперш культурнай, а следам за ёю гаспадарчай, што нарэшце ўцямілі на Захадзе, ратуючы яшчэ жывыя нацыянальныя, этнічныя рэгіёны. Узвышаючы іх мовы да ўзроўню другіх дзяржаўных, лакальна (напр. фрызійскую ў Каралеўстве Нідэрланды). Нацыя не ёсць фанабэрыяй, але Божай з’явай!

Каб даспець да тых думак, спатрэбілася жыцця. У крутлявыя сямідзесятыя і здалёк не пахла татальнай ліквідацыяй вёсак, мястэчак; у тэмпе набудоўвалі школаў, крамаў, усякіх базаў, якія сённячы ў руіне, накшталт якіхсьці недаломкаў антычнасці. Па беларускім народзе прайшоўся Атыла Усходні, вяртаючыся Атылам Заходнім як быццам. Там, дзе пабываў Атыла, мог расці толькі лес, а не дзеці. І вось зарастаем. Згалела бацькаўшчына. Бабы і тыя не любяць, у каго свішча вецер у кішэні. Хоць такі хабель не хваліцца тым, прыкідваючыся панам, але яны, харашухі, маюць на тое непадменны нюх.

Пайшла-пабегла мода на заможнасць, на „малюха” пад вокнамі і на пасаду кіраўніка; абавязкова pod krawatką. Пачутае: – Spójrz, jak to nasze chłopstwo się poprzebierało. I co rusz, wokoło sami panowie kierownicy. Przed wojną tak nie było, cham znał wtedy swoje miejsce. З усіх мегафонаў ды газет бухала рабоча-сялянскім саюзам, чырвонасцяжнай уладаю простых людзей. Але чамусьці ніхто не хацеў заставацца тым рабочым і селянінам, кожны стругаў з сябе прошапана, беларучку. Учарашнія вяскоўцы перазмяніліся ў горадзе на вяскаўню, што ганьбуе ўласным радаводам. Вазьмі назаві такога synem chłopskim, który dzięki władzy ludowej został inżynierem – за гэта ў вочы ён табе наплюе! Гэты „здабытак” рэвалюцыі.

Мой ураджай на кніжкі ўражваў палякаў як людзей часцей чым мы культурнейшых, далікатнейшых. Запамяталася: аднойчы пазваніў на хатні тэлефон Здзіслаў Куроўскі, які тым часам змяніў на першасакратарстве насупоненага зноў беларусападобенца пасля Лашэвіча, пярэваратня Юшкевіча. Нічога асаблівага не сказаў, от, пагаманілі, як кажуць, пра пагоду і здароўе... Самы факт аднак жа заклапочанасці мною т а к о г а партыйнага боса навеяў стан блізкі эйфарыі! Надзеі на выратаванне.

Культуру курыраваў надалей той Залеўскі, несумненны, як я ўжо ўстанавіў, шляхцюк аднекуль з ломжынскіх дворыкаў (мяркуючы па шыплівым маўленні). Час ад часу прымаў ён мяне на гутаркі, чынячы нямёкі на пошукі якога-небудзь вартага майго таленту месца ў каторымсьці доме культуры (пра маё вяртанне ў рэдакцыю: zespół redakcyjny nie zgodzi się, towarzyszu). Безрэзультатыўна міналі тыдні, месяцы. Я паніжаў цану з поўнага штату да паўштату або і „чвэрткі”.

Кінуўшы ў наўкрымінальнай арцелі „Usługa” бэгапоўскую работу спеца ад рукавіц, камбінезонаў і чаравікаў слесарам, механікам і рознай сволачы, я з палёгкаю апынуўся нарэшце ў Гарадской культурна-асветнай парадні, што размяшчалася ў былой жыдоўскай бажніцы на вуліцы Пекнай. Трапіў пад мяккае па-жаночаму кіраўніцтва спадарыні Галіны Халадоўскай, асобы начытанай, усёразумеючай. У наладжанні імпрэзаў супрацоўнічаў з ёю акурат Зыгмунт Цясельскі, аб чым я з радасцю ўведаў. Гэта аблягчыла мне акліматызацыю ў новым асяроддзі. Працаваў у памерах паўштата, атрымаўшы дзялянку папулярызацыі літаратуры. Ад энтузіязму душа мая пяяла гімны!

* * *

У люблінца Франка Пянткоўскага, загадчыка ваяводскага аддзела культуры ў Беластоку на вуліцы Міцкевіча 3, здаў я (на выдатна) экзамен асветнага інструктара вышэйшага класа, што мацавала маё становішча ў Гарадской культурна-асветнай парадні. Такі ход нараіла Халадоўская, мая шэфіха, якая, па патрэбе службы круцячыся ў закуліссі ўладных структураў, была лепей за мяне асвядомленая. Перастаў кантактаваць я з беларусамі і адразу палягчэў у выніку праслед мяне, пацішэла.

Пачатак размовы з „кацапам”:

– Wiesz, nie mogę ci w niczym pomóc, bo sam bym oberwał po jajach.

Пачатак размовы з палякам:

– Cześć, Sokrat! Dobrze, że ciebie widzę: jest chałtura do wzięcia. Będzie jeszcze.

Калі гэта бедны беднаму дапамог, беларускі галыш беларускаму галышу?! Хутчэй паляк дапаможа, бо ў яго не той лёс, ён не з чорнай краіны Задрыпонія. Я маю на ўвазе не тутэйшых палякаў, а палякаў з глыбі Польшчы. Тутэйшы Polak – гэта такая ж беларуская халера і вош, толькі не прызнаецца да беларускасці! Таму ўсе мае сябры палякі не беластоцкай гадоўлі. Не з крэсавай паскуды. З прэтэнзіямі на шляхту przy kontuszu.

Надумаў аўтарскія сустрэчы Анджэю Дравічу, Віктару Варашыльскаму, Яну Гушчу. Не ўсведамляў сабе, хто яны напраўду на палітычным гарызонце Польшчы. Кожны з іх выдатная фігура ў літаратурным жыцці, успамагалі мяне перакладамі, і гэта было найважнае мне. За сустрэчы плацілі клубы і дамы культуры неблагія стаўкі, вартавала аддзячыць такімі грашыма тым добрым душам.

З Дравічам пайшло гладка: сімпатычны лях з рэдкай у іх закаханасцю ў Расію, з жартамі дзе трэба; займальны бяседнік, і, што істотнае, без злосці на аўтарытарны рэжым. Пабыў, пасустракаўся, паехаў. Усе задаволеныя, і я.

Драматычна далося гасцяванне Варашыльскага. Хоць апланаваных сустрэчаў з ім ніхто не перапыняў, бо ўсё ж не Савецкі тут Саюз, але запамяталася адна з іх, у цэнтральна размешчаным у Беластоку клубе гандлёвікаў „Hermes”, што месціўся над „Дэлікатэсамі”. Кіраўнічка Аліцыя Балтык як культурная дама не дала лішне адчуць, што „імпрэза смярдзіць”. Po co peszyć gościa? Выходжу я, вось, з Варашыльскім на публіку, а ў ёй бачу знячэйку ці не пад палову кіраўніцтва Гарадскога Камітэту партыі! Ёсць і таварышка Леакадзія Зіневіч, upierdliwa змагарка за чысціню сацыялізму. Госпадзе Усявышні! Будзе што будзе?! Туфлі ўмакрэлі ад сцякаючага па лытках поту... Пані Аліцыя выказала ненатуральным голасам звычаёвае прывітанне ды знікла (пасля перадавалі: яе, бедную, схапіў панос). А я, здаецца, стругаў з сябе рыцара, нічога не кажучы паважанаму Віктару пра сітуацыю. Але ён, відаць, нервамі адчуў нешта брыдкае, мяркуючы па магільнай цішы ў клубе... Прачытаў, нядаўна надрукаваныя – з дазволу цэнзуры – апавяданні свае ў якімсьці каталіцкім штомесячніку; адно пра непадкупнага паэта ў Іспаніі пад дыктатураю генерала Франко. Без воплескаў, ні слова рэагавання. Муміі.

І на сёння няясна, чаго хацелі сытыя таварышы з порсткай таварышкаю: угледзець сваймі вачыма, звягліва аплёўванага ў газетах, варшаўскага паэта, ці, звычайна, прыпалохаць яго? „Народная ўлада” толькі потым дадумалася ладзіць на „рэвізіяністаў” напады ды пабоі.

Затое слаўна прамінула паэтычнае турнэ Гушчы. Журналісты кагалам бралі ў яго інтэрв’ю; асаблівую старанлівасць праяўляў Стась Пазнанскі з радыёвяшчання – ажно абрыд госцю і той адпугнуў Стася ад сябе (у гатэлі „Cristal”). Старшыня БГ-КТ тав. Мікалай Самоцік асабіста дапільнаваў аўтарскі вечар у святліцы на Варшаўскай 11. Мікалай Гайдук з „Нівы” – а можа Віктар Рудчык? – падрыхтаваў адпаведныя запыты, каб не даць шанцаў магчымым правакатарам ад беларускіх нацыяналістаў, што любілі плакаць над спляжанай беларушчынай. На заканчэнне – ганарыстыя аніматары падзеі пасталі да памятнага фота.

Ян Гушча ўздзейнічаў на мяне, бы славуты бальзам. Выпівалі штораз на кватэры таго Пугаўкі са звонкім наборам кан’якоў; абодва яны рэпатрыянцкія, сардэчныя знаёмцы з Віленшчыны. Я ўпершыню дастаў свярбячкі ад непраўдападобнага камфорту прэзасавай кватэры ў цалкам некамфортным „блёку” на Алеі 1 Мая. Парафразуючы радасць дробнага мешчаніна ў вершы Тувіма – пасядзеў на мармуровым сэдэсе, папіў з крыштальных чарак, абапёрся аб французскі ўмывальнік і аб фінскую камоду з карэльскай бярозы; прыгледзеўся да сябе ў венэцыянскім люстры на паўсцяны, з пугаўкавымі параметрамі на вышыню ды шырыню голае бабы... Вось што мне ўпадабалася: Гушча не трапястаўся ў апазіцыю, высокі і дастойны гаварыў мала, але цэльна. – Pisarze Białoruscy... Z wyjątkiem kilku, jak Bryl, Karatkiewicz, Tank, reszta to debile. Pytam u jednego: Biblię czytaliście, pisarzu? A on, wiecie, z pyskiem na mnie! To ja mu na to: Jesteś Pan wobec tego chuj, a nie pisarz!

Мае абавязкі літаратурнага прапагандыста ў Гарадской культурна-асветнай парадні ўскладніліся, калі адышлі на павышэнне Цясельскі з Халадоўскаю. На месца спадарыні Галіны накіравана Аліцыю Янкоўскую; характарызавалася лялечнай пекнатою і разумовай тупасцю. Любіла, як разводніца, мужчын і прытым слаўных людзей дзеля шпаны, што ў нічым не паблажыла майму становішчу ў фірме. Беданька ў тым, што яна мяне пабойвалася, па палітычных здагадках, будучы несарыентаванай ў апякунстве нада мною towarzyszy z KW i z SB. Праводзіла працяглыя гутаркі – нібы наконт планаў Парадні, а ў сапраўднасці, каб высветліць, што з мяне за „птушка”. Ці не хачу з часам заняць яе пасаду?

Я дапусціў тактычную памылку: трэба было трымаць харашуху ў няпэўнасці, замест упераканаць, урэшце, што нішто ёй на пагражае, ад чаго яна набралася хітрасці ўзвальваць на мяне дадатковыя заданні, аблягчаючы сабе цяжар сваіх кампетэнцыяў. Убачыла баязлівага фраера дзеля чорнай работы. Фраерства, зрэшты, клеілася і клеіцца да мяне, несамастойнага ўсё жыццё. Усё за кагосьці раблю нешта, калі не ў імя беларускай справы, дык сяброўства або якога абгрунтавання са слоўніка ліслівых, слізкіх гультаёў з функцыямі.

Давялося аранжаваць пабыўку двум літоўскім літаратарам з Каўнаса. Праблема з імі зводзілася да таго, што яны ні трохі не разумелі польскай мовы. Янкоўская: – Masz, Sokracie, po rusku z nimi zagadywać i natychmiast tłumaczyć mi po polsku, coś im powiedział.... Jeśli coś nie tak brzękniesz, to ciężko potem tego pożałujesz! Jaja ci powyrywam! Ma być socjalistycznie i w interesie Polski Ludowej...

Дарэчы будзе зазначыць, што гэткае парабкаванне адначасна і абараняла мяне. Не бывала так, каб у нечым не смальнуў я быў глупства, за якое ахвотна пазбыліся б мяне. Тады Аліцыя выступала ў ролі гожай заступніцы з ружовымі шчокамі, перш „выспавядаўшы” мяне нецэнзурнымі эпітэтамі. Уступная фраза: Co ty sobie wyobrażasz, dupku jeden!.. Каштоўны я ёй уяўляўся не як эвентуальны палюбоўнік, але як вол рабочы. Дзе яна такога дурня знайшла б?! Іншы раз дазваляў я сабе распусціць язык. Неяк з’яўляецца яна вось на службе ў свежай крэацыі, у сукенцы з чырвона-зялёнымі колерамі. Быццам уся ў сцягу Беларускай ССР рыхтык абгорнутая. Я яе за гэта пахваліў, а яна кінулася ў дзверы, да стаянкі таксі насупроць, пад „Старамейскім” рэстаранам. І хутка дахаты – змяніць туалет, вышпурнуць тую хамска-беларускую сцяганоснасць. Polka jestem! – ганьбуючы беларускім лахманствам.

Дзякуючы адпаведнаму мне паўштату я працавіта перазнаёміўся з літаратурнай Польшчай. Вымучыўся з маўклівым Эрвінам Крукам, якому ў Альштыне прышылі як аўтахтону латку „мазурскага сепаратыста”. З Зыгмунтам Тжышкам, які не меў адбою ад спелых дзевак. Ад Кжыся Гансяроўскага зацярпеў, блішчэлі яму вочы на від чарак. Не горш за яго дзяжыў Пётрык Кунцэвіч, тады яшчэ не прэзас Саюза Польскіх Пісьменнікаў. І надакучлівы прапаведнік Эдвард Стахура. Ніколі не цверазеючы Бруна-Мільчэўскі... Марудна пералічваць. Кожны ўрэзаўся ў маю памяць чымсьці не столькі асаблівым, колькі менавіта ўтомным. Я не вытрымліваў іх знішчальнага спосабу быту (зусім катастрафічна паводзіў сябе Станіслаў Грахавяк: гарэлка, паэтэсы, папяросы, ночы навылёт!).

Трыццаць гадоў назад: твары, твары, твары... Нябожчыкі; некаторыя самагубцы. Іх смерці не вырозніваюцца натуральнасцю. Якіясьці лермантаўска-пушкінскія. Наканаваныя. Вельмі ўсходнія, як ні казаць. Не польскія, бо ў польскіх традыцыях – акрамя вайсковых – няма „шукальнікаў пагібелі”. Гэта расійская спецыяльнасць, відавочна прышчэпленая, страціўшай рацыянальнасць Народнай Польшчай, мінулай кандыдатцы на... семнаццатую рэспубліку СССР. – Выхожу один я на дорогу...

Цягаўся я з той Варшаваю паэтаў, з Альштынам празаікаў, з Гданскам крытыкаў, з Уроцлавам мастацкіх філосафаў (Куравіцкі!). Пакуль не пакідала здароўе. Гарачыя выпадковыя каханні палохалі прастытуцтвам; праспіся з адною-другою, то потым заробкаў тваіх не хопіць на ciąg dalszy, а сямейны спакой пераўтворыцца ў гатэльную рамантыку з танцавальным аркестрам у бальнай амфілядзе на партэры. Гэта праўда, што літаратурнаму жыццю спадарожнічаюць алкаголь і жанчыны, тое і тое, аднак, з паталагічным фіналам. Першае – даводзіць да дэгенерацыі страўніка, другое – да псіхічнай анамаліі. А творчасці трэба ж смачнага апетыту і нармальнай галавы. Кіньце – зноўку прашу – слухаць байкі пра геніяў-псіхапатаў ды натхнёных сіфілітыкаў. Міфы ўсё гэта, у якія вераць графаманы ды сексуальна абуджаныя панны-шаснастоўкі (старэйшыя верабейкі, нябось, не дзюбаюць тую мякіну).

Быццам старуткі тынк, абсыпалася тым часам Народная Польшча. І хоць пыліла ўжо на галовы, мала каму было гэта бачнае. Адвечная загадка чалавечае думкі: розум не апераджае, а пляцецца ззаду, ахае-охае, бы дзіця, якому бацька ўгрэў, не шкадуючы, дзягаю па азадках.

* * *

У мужчыны апагей фізічнае кандыцыі ў пяцьдзесят. Я, здаецца, шчыра святкаваў тое сваё паўвечча, зручна маючы падвойна зграбныя даты – народжаны ў трыццаць шостым, літаратурны дэбют у пяцьдзесят шостым, у дваццацігадовым узросце. Юбілеі падбіваюць амбіцыі, таму пяцідзесяцігоддзе падалося аказіяй, каб вылезці з абрыдлых завулкаў „справы Яновіча” на шырокую дарогу жыцця. Чарговая наіўнасць! Чым часцей падтыкаў я ўсім пад нос свае мастацкія ўдачы, тым заядлей мяне ненавідзілі, абляпіўшы балотам „ворага народу” (сёння тую ж памылку падтыквання дапускае Лёнік Тарасэвіч). Убачылі канкурэнта да ганораў, ордэнаў... На гэта ў нас падкія, як п’яніцы на чарку!

З таго пяцідзесяцігоддзя застаўся драўляны зубр, уручаны мне ад імя Прэзідыума Галоўнага праўлення БГКТ сакратаром Віталем Лубаю ў працяг аўтарскага тады вечара ў Ваяводскім доме культуры; неразборлівае рэха мармытлівых віншаванняў польскіх ураднікаў апошняга рангу п/с культуры. У канцавіну ваеннага становішча было ў мяне трох сяброў з круга неадноўленага Літаратурнага клуба – Ян Чыквін, Ян Леанчук, Вальдэмар Смашч. Запрасіў іх у родавыя Крынкі; Чыквін, як гэта ён, марудзіў, прымушаючы маліць яго. Дом Яновічаў меў выгляд запушчанага, цямнеючага ў паваленых платах; спраўная тады маці ўвіхалася з абедам „паном”, а мы, сялянскае панства, навюткае, шпацыравалі па краевіднай ваколіцы. Напэўна наведалі маянтковы парк з векавымі ліпамі, але ў памяці асляпляе сонцам наша знаходжанне на калямогільнікавай гары Шубельніца (Шыбеніца). Паднябесны відавок адтуль, цудная панарама мястэчка і лясоў не паўплывала энтузіязмам на сяброўскую вескаўню, узвычаеную да варагавання з прыродаю. Кінуўся ў скокі радасці ды качацца па палынах адзін Вальдзё Смашч, сын Пазнаншчыны і горада, гадунец арганістага па манументальных касцёлах: яму стыхія ўяўлялася шчасцем існавання, як нам такім жа шчасцем было нюхаць фабрычныя смуроды, жаданага лахманамі, Беластока.

Дзесяццю гадамі назад нікому ў змрочных снах не моргаў двухзначна чорцік „Салідарнасці”, хоць клялі-напракліналіся застрайкаваўшых рабочых Радама. З фашыстоўскай дысцыплінаванасцю ішлі тады бясконцыя калоны працоўных Беластока, з катэгарычнымі лозунгамі і пад „кумачом” штандараў кіруючыся на цэнтральнагарадскі стадыён ля Юравецкай. Хорам крычалі зняважлівыя фразы, напісаныя парт-штурманамі на картках для паўпісьменных перадавікоў вытворчасці (дзьмутых, як пасля вядома). Беластоцка-беларускі люд жыў у райскай свабодзе, толькі некаторых білі ў міліцыі, судзілі, піхалі ў турмы. Трэба верыць, што, калі хто сядзеў ціха, „паеў і ў хлеў”, – то і чуць не чуваў пра Службу Бяспекі. Ішоў глухі погалас пра КОR ды Лятучы Універсітэт; рэжым, аднак, адчувальна абмяк, баючыся павышаць цэны на прадукты, да якіх дзяржаўная казна ўсё болей даплачвала.

А што мела рабіць?! – хоць капціла гаспадарчаю катастрофаю. Rząd się jakoś wyżywi.

Партыйцы, счапіўшыся з рыма-каталіцкім рабочым класам – праваслаўныя спявалі ў цэрквах асанны „властям” – да юбілейнага мне ’86 нажылі большых клопатаў, чымсьці тузаць абасранага Яновіча і яму падобных. Вакол маёй асобы настала ціш і тады найбольш я напісаў, выдаў кніжак. А ў тым жніўні 1980 г. я з Таняй знаходзіўся na wczasach у Мікалайках. Ва ўгрэтых закуццях азёраў чырванелі рабіны. На сініх прасторах бялелі па-лебядзінаму ветразі яхтаў. На пяску дзікага пляжу, пад пакрыўленымі ветравеямі соснамі неяк асабліва глядзелася на тое мястэчка, што на супрацьлеглым берагоўі. Яно з неславянскай маляўнічасцю, з утульнасцю муроў на карцінах Сэзана; міготкія Мікалайкі са шпіляй кірхі. У адвячоркі, яшчэ да вячэры ў сталоўцы, мы цікавіліся цераз расчыненае акно, як тутэйшыя мазуры-евангелікі будуюць вось дом – чыста на месцы працы, твары майстроў паголеныя штодзень, гутаркі ў іх мала і ні слова пагромнай лаянкі, рытм выканання спакойны, цэгла пакладзена так, што не трэба яе засланяць тынкам, цалюткая... Нібы славяне яны, але працуюць не па-славянску, з любоўю да работы, а не да піва. Гультайства ў іх, пэўна, лічыцца хваробаю, не хвалебным тытулам: Nic nie robię i biorę pieniądze. Якая ж тады вартасць тых грошай такога народу гультаёў?!

Хто ўмеў слухаць „Вольную Еўропу”, углушаную механічным лязгатам млына ці цэху тонкасуконнага камбіната, казаў здогадамі, што ў Гданску завіравала бяда. І ў Шчэціне, можа і горай!.. Па тэлебачанні нешта наплёў нованазначаны летам прэм’ер Бабюх, мёртваю моваю складзенай яму прамовы. Нічога толкам, але і дурню зрабілася ясна, што ў Польшчы закруцілася-завярцелася. У Беласток вярнуліся мы абое з поўным вядром надзвычай буйных рабінаў з-над Бэлдані і з салодкай сцішанасцю ў сэрцы: навейвала спагадны нам клімат часу, вызваленне. Рупіла забегчы ў партыйны камітэт і па-смаркацку крыкнуць тым у ім дагледжаным пысам з саланіністымі шчокамі: – Дагуляліся! Неўзабаве зашугаў фестываль „Салідарнасці”, як быццам выходзячы з тэлевізараў на тратуары. Газеты публікавалі славутыя дваццаць адзін пунктаў Гданскіх Паразуменняў. З’явіўся якісьці Валэнса.

Заехаў пад восень з Лодзі гайнаўскі Мікола Д. Ахапіла яго эмоцыя фатаграфаваць надмагільныя надпісы, камплектаваць, і мы абодва з’ехалі ў залацістыя Крынкі. Аблазілі прыходскія могільнікі, вышукаўшы эпітафіяў тыпу „Трагически погиб от рук банд АК”. Ішлі дахаты якраз з Грыбоўшчыны, запыніліся каля настаўленых ля гасцінца фэстмэтраў пахучых смалою плашак на дровы – канчаўся малады лес, налева вынырала гушчавіна Азерскіх, патанаючыя ў лістоце хаты. Мікола неяк пранізліва паглядзеў мне ў вочы і сказаў, што варта ўзяцца выдаваць падпольныя беларускія друкі, у прыклад з палякаў. Я ўвесь схаладнеў ад сказанага ім, хоць было спякотна і бясхмарна. Яму лёгка гаварылася аб гэтым, бо на яго долю выпаў зусім іншы лёс – не выкідвалі Міколу з работы, не арыштоўвалі і не рэвідавалі, не кляймілі і не аплёўвалі. Нішто не пагражала ягонаму прафесарскаму быту.

Я адказаў: трэба грунтоўна перадумаць. Да зімы. І з такім уколам думкі давялося – абсалютна нечакана! – прыняць удзел у польскай літаратурнай дэлегацыі ў Маскву. З Залескім, Вітальдам (?), і з якімсьці трэцім (Капроўскім?). Тыповы выезд у гасціну, без абавязкаў. Прызначылі саветы перакладчыцу, якая чамусьці давала зразумець, што яна не ад... КГБ. Вадзіла па рэстаранах; дэгуставалі віна, каньякі, азіяцкія гаручкі (у азербайджанскім прыбытку весялістасці я не адолеў каўкнуць бараніну ў густым з чымсьці лоі). Адпрасіўся на трохі ў Мінск, моў, да сваякоў. Не было праблемы, „пожалуйста, товарищ поляк!” Едучы з Беларускага вакзала ў мяккім купэ з інтэлігентным русаком, уведаў, што рускім беларусаў няма і не будзе. Ну і чорт з вамі! – раззлаваўся я. Схамянуўся ў задуме, што ў бачаных з вагона вёсках не відаць платоў ды агародаў, аж тут паявіліся яны, і платы і агароды. Расіяк патлумачыў: „Видите ли, поезд уже пересек границу из России в Белоруссию”.

У ваеннае становішча, што настала потым у Польшчы, думкі ў маёй галаве беглі якімсьці адваротным фільмам, быццам у шпітальнае ляжанне. Усё выразней узнікаў перад вачыма той снегавейны поранак у нядзелю 13 снежня 1981 г., калі пагарбелым выйшаў я з нашай беластоцкай кватэры на Складоўскай 6 за малаком і кайзэркамі на снеданне. Насунуўся на Барыса Нікіцюка, спачуваючага мне функцыянера з развальнага ўжо KW PZPR, які, амаль шэптам, перадаў неверагодную навіну: вайна!! Невядома, што будзе?! І я ў момант адчуў, што ў мазгах усё пайшло калейдаскопам, важнае зблыталася з няважным, страшнае са смешным, далёкае з блізкім. Вечарам Валя Ласкевіч не пусціла мяне са студэнтамі ў святліцу Беларускага таварыства на Варшаўскай: нельга, забаронены ўсякія зборы, на вуліцы не можа быць разам больш чым тры чалавекі!!! Мы, можа быць каля дваццаці нас, пайшлі ў мой Літаратурны клуб на Пададворнага 12 і там адбылі загадзёў дамоўленую нараду. Вельмі імпанавала для мяне, што, вось, прыходзяць у нацыянальны рух маладыя інтэлігенты (прыеліся галасістыя бабулі ды дзядзькі ў фальклорных хорыках). Сітуацыя ў маладабеларусаў нагадвала разаграваны матор перад доўгаю яздою. Мацаваліся арганізацыйныя структуры, удала кальпартавана свежапершы нумар „Беларускіх дакумэнтаў”, з’яўляліся немаведама адкуль лістоўкі, нягледзячы на мой манаполь на беларускамоўную друкарскую патаемшчыну.

З далягляду дваццаці гадоў дзівуюся цяпер нямала: мелася гарачасць кіпець у маладабеларускім руху, калі, тым часам, равесніцкае мне актывісцкае наваколле знікла, бы зайцы ў каласуючым аўсе (відаць аднаго Юрку Туронка яшчэ). Часам дабягаў да моладзі Мікола Гайдук, усё нешта хітруючы, што проста струменіла ад ягонай празмернай ветлівасці (далі Міколу мянушку: Сахар Мядовіч). І на гэтым уся заслуга пакалення бацькоў з паказною беларушчынай, бы тая царкоўна-слявянская мова ў бацечкі, а на ўлонні сям’і заскемлівага паланізатара.

Бушаваў, быццам кітайскі хунвэйбін за часамі Мао, Янка Зянюк, погразна размахваючы крамольнымі яму „Беларускімі дакумэнтамі”. Хто мог падумаць, што са сконам камунізму нырне ён у праваслаўную тэалогію?! Выскачыўшы з марксізма-ленінізма. Затое спадцішна шыбаваў Генік Чыквін у ролі лаяльнага перад атэістычнай партыяй хрысціяніна. Ахвоча кляйміў хорам „беларускіх нацыяналістаў”, ні на ёту не пастараўшыся культурна засвоіць хоць адну з усходнеславянскіх моваў (ад яго жаргону бяруць мяне наваніты!). Сённячы Г. Чыквін – абаронца нацыі беларусаў, калі тых беларусаў – gatunek na wymarciu – ужо ўтапталі ў зямлю, з партыйнай ды, таксама, царкоўнай дапамогаю. Ён і яны чамусьці вераць, што зніштожаную нацыянальную культуру магчыма ў любы момант цяпер аднавіць. От і забаўка z Białorusinami-nacjonalistami: to przytopimy, to wyciągniemy za włosy i damy łyknąć powietrza. Праз дваццаць гадоў пасля палівання брудам беларускіх патрыётаў, даюць, вось, дыхнуць ім, утопленікам. І крывадушна лапочуць, куды гэта падзелася наша нацыя? Чаму ўся яна ўяўляе ўжо сабою polskich przyjaciół Białoruskiej kultury. Сябры, вядома, патрэбны, але не яны ствараюць тое, што называецца нацыяй.

Чаму баюся я ў родных сваіх Крынках публічна азвацца па- беларуску, каб зубы не павыбівалі? І, мабыць, не столькі католікі замахнуліся б, але праваслаўныя менавіта (да апошняга заўзяцейшыя яны ад ксяндза палякі).

Царква, на вялікі жаль, не ў стане прыгалубіць уласных інтэлектуалістаў, людзей папулярных, утвараючы з іх уплывовае lobby. Не ў стане. А быў жа час, калі спрабоўвалі таго ў нас не адзін Лёнік Т. Бракавала, мякка кажучы, партнёрства. Інтэлектуальнага найперш.

Бяруць верх у грамадскім жыцці такія Генікі, Янкі, Міколкі. Яны наша класіка нацыянальнай няспеласці. Недаросласці! Афарызм ім: то ў боб, то ў гарох!

* * *

Наступ часу, бурлівыя змены рэдка хто вытрымаў на ўсю даўжыню чалавечага жыцця. З людзей, з якімі я нешта рабіў у мінулым, дзейнічаў, жывуць пакуль – можа быць – адзін з дзесяці.

А тыя статыстычныя дзевяць сталі нябожчыкамі не ў сярэдніх гадах, але маладзейшымі. Я маю на ўвазе мужчынаў, вядома. Напрыклад з круга памятанай мною колішняй „Нівы” бабы, дзякаваць Богу, не выміраюць; з мужыкоў жа засталіся ў жывых усяго трох нас: шэф Валкавыцкі, сакратар партыі Хмялеўскі, і я, назначаны ў дысыдэнты. Рэшта ад гэтай сіметрычнай тройцы – у вечным спачыне на выгодаўскіх могілках або ў гміннай правінцыі.

Дваццатае стагоддзе вынішчала народ войнамі ды не менш і цывілізацыйнымі рэвалюцыямі. Ніколі чагосьці такога дагэтуль не бывала, каб старасвецкія дзяды перажывалі мадэрных унукаў.

Юрка Геніюш перажыў сваю маці ўсяго на пару гадоў. Яго пагібель у 1985 г. была пачаткам адыходу літаратурнай „Белавежы” ў гісторыю; пачасцелі смерці паэтаў, празаікаў (думаю пра прызнаных, не эпізодных у альманахах). Хавалі іх тады ў здзіўленні, настолькі маладымі мы сябе адчувалі.

Роля Юркі ў маім лёсе значная. Кантакт з ім быў цікавы, інтэлектуальны ў бяседзе. Як адзіны ў „белавежскім” асяроддзі інтэлігенцкі сын, адрозніваўся ён начытанасцю і асабістай культурай (тармазы пускалі ў яго, калі напіўся з хамцамі). Гэтае дзіця ссыльнай беларускай паэткі запрасілі былі ў Англію эмігранты, Скарынінскі цэнтр, пакарыстаўшыся, чарговай у Польшчы, палітычнаю адлігай, без якое толькі сніўся замежны пашпарт; хоць былі такія, што ездзілі туды даўно і свабодна: калі хацелі і колькі хацелі. Аб чым у вялікім сакрэце распавёў мне пасля Юрка, вярнуўшыся адтуль. І наколькі дакладная памяць, ён гэта парэкамендаваў мяне ў той Альбіён. Партыя і ўлада хісталіся ўжо ў разводдзе „Салідарнасці”, і я паляцеў у 1980 г. у Лондан польскім самалётам з Варшавы, напоўнены неспакоем, як мне там будзе быць. Маё сацыялістычнае выхаванне дыктавала страх ад знаёмства з чалавекам Захаду; дрыжыкі шпіёнаманіі. Здавалася, разведкі англа-амерыканскага імперыялізму не маюць лепшай работы, чымсьці слепацець за мною!.. Асабліва польская контрвыведка.

Сваё знаходжанне ў Англіі апісаў я ў „Ніве” тае вальнейшае пары, што выклікала некаторую сенсацыю: чытачы і не падазравалі, што жывуць там беларусы, ніхто з папярэдніх візітантаў з Беластока-Варшавы, хаця б паўсловам не пікнуў на гэту тэму, такія былі з іх нібы адчайныя арлы!.. Ну, а што я прывёз назад у цяжорных, адрываючых рукі, сакваяжах? У першую чаргу – пад пуд забароненых кніжак, ксераксаў крамольных тэкстаў, бляшанак з друкарскай фарбай, горбу класных матрыцаў – усё дзеля пуску ў дзеянне ўтворанага ў падполлі Беларускага Незалежнага Выдавецтва. І сто даляраў на аплату тэхнічнай працы (жылося за дваццаць пяць у месяц). Кантроль на варшаўскім Акэнці аказаўся сімвалічны, і я акрыяў. А валок, гэтаксама, рэчы смешныя, маларазумныя дарункі, як ад небагатых выгнаннікаў – кілбасы тамтому, апельсіны гэтаму, рулеты пятаму-дзесятаму, іх сваякам; перад адлётам з Гітраў даганілі яшчэ з бутэлькамі віскі сяму-таму. Зусім без сэнсу; плата за надвагу багажу выйшла большай, чым былі вартыя таго навалены ў торбы смачноты чужым (прычым, цалкам даступныя за валюту ў беластоцкім PEWEX). Божа, эмігранты ні трохі не палепшалі на чужыне, засталіся тымі ж жміндаватымі дзядзькамі і цёткамі без паняцця пра шырокі свет!

Выдаванне „Беларускіх Дакумэнтаў” выпала на гады ваеннага становішча (акрамя першага нумара). Прабівацца з імі на захад дзеля атрымання нейкага ўспамажэння адтуль стала магчымым дзякуючы, сябруючым са мною, палякам (падзяка паэту В. Казанэцкаму, што ляцеў у Амерыку). „Нашы хлопцы”, якім давалі пашпарты, паказалі сябе лапатлівымі сярунамі. Ніхто і нічога з „бібулы” не ўзяў ад мяне ў свой далёкі ваяж, хоць у вяртанне бессаромна заходзілі, каб прамарудзіць вечар у мяне хвальбою атлантычнай ўдачы. Я ў душы прабачаў ім гэты цынізм, тлумачачы сабе, што ад беднасці яны такія лайдакі, і толькі бяруцца, вось, дарастаць да нацыянальнасці. Гэта была мая маральная памылка, нельга такое курвельства дараваць, трэба было казаць ім у вочы, чаму напраўду недастойныя і чым усё кончыцца ім у такім галадранскім эгаізме. Сялянскія дзеці ў нас этычна пачварныя. Нявыхаваныя. Прыяцельства з імі прарочыць правал або і небяспеку.

Дэкада васьмідзесятых падалася цудам нацыянальнага адраджэння! Канспіравалі групы моладзі. Пакаленне гэтае было народжанае ў шасцідзесятыя гады, агульна кажучы: у росквіт актыўнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое, склеразеючы, выракалася яго. У натуральны ў грамадскай прыродзе канфлікт на лініі „бацькі – дзеці”. Пад уздзеяннем магутнага польскага антыкамуністычнага падполля з’яўлялася хмара беларускіх эфемерыдаў, з якіх засталіся ва ўспамінах студэнцкія „Сустрэчы”, і з якіх вырас паслейшы „Часопіс”. У эратычным падтэксце ўсякіх згуртаванняў, летніх лагераў ды патрыятычных паходаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі падбіраліся будучыя шлюбныя пары.

У маёй мужчынскай памяці немалы іканастас чароўных нацыяналістак, што расплыліся ў серабрыстых туманах жыццёвых далечыняў. Выходзілі замуж, знікалі. З іх нараджаецца цяпер наступнае пакаленне патрыётаў, што патроху ўжо відаць у выглядзе Зьвязу Беларускай Моладзі, дзяцей крыху забытага Беларускага Аб’яднання Студэнтаў. У натуры няма пусткі. Існуе ж прастора нацыянальнага руху, таму проста фізічна не можа быць, каб ушчэнт апусцела яна.

Усё ў свеце звязана; нішто не адбываецца без прычыны. Па-старэчаму памарнелае тое БГКТ трэба лічыць дзядулем-бабуляй маладабеларускім структурам канца веку.

Дваццаць гадоў назад няпроста здаралася стацца беларусам, не вельмі што было пачытаць для ўласнае свядомасці. Цяперашнім жа часам наадварот, трэба быць страшэнным гультаём або дэбілем, каб не быць беларусам. На працягу дэкады дзевяностых узнікла цэлая бібліятэка беларусістыкі. Мая кніжыца „Białoruś, Białoruś”, за якою стаялі чэргі на беластоцкім кніжным кірмашы ў восемдзесят сёмым, сённячы здаецца нявартай узяць яе ў рукі. Калі гэта бывала так, каб на працягу дзесяці-пятнаццаці гадоў змянілася ў нас эпоха?!

У аксамітны тэрор рэжыму ген. Ярузэльскага – без растрэлаў! – спела выбуховая сітуацыя фіналу дваццацівечча. Міф пра маю апазіцыйнасць рос насуперак мае волі, як той жывот згвалтаванай жанчыны. Гэта сведчыць аб тым, што тае апазіцыі ў Беластоку было, што кот наплакаў. Сярод фацэтаў з шумным імем я адзіны, якога назусім з часам пазбавілі штатнай работы; слаўныя тым часам калегі рассядаліся на двух або і трох гнёздах з падвойна даходнай платаю, што потым, у „Салідарнасць”, ні трохі не перашкаджала ім клясці „чырвоных”. Добра пажыўшы пры тым жа „чырвоным” двары.

Старшыня Ваяводскай Рады Нарадовай праф. Мар’ян Шаматовіч запрасіў мяне прыняць удзел у Кансультатыўным Канвэнце пры ім, у якім цырымонна згуртавана элітны круг з грамадскім аўтарытэтам, але абавязкова нязгодны з афіцыйнымі поглядамі. Шаматовіч быў чалавекам навукі еўрапейскага фармату, меў свой гонар і не кланяўся занізка перад моцным начальствам. Валодаючы ўсё ж не абы-якімі правамі шэфа ўстаноўчага органа дзяржаўнай адміністрацыі ў рэгіёне. Служба Бяспекі не дазваляла выдаць мне замежны пашпарт па запрашэнні з Амерыкі ў гэты раз, пры чым паводзіла тая тайнота сябе камічна: жонцы Тані давалі! Гэта не ў жарт узлавала прафесара. Сказаў: Mistrzu drogi, proszę być spokojnym: nie trzeba nigdzie chodzić, w zębach przyniosą Mistrzowi paszport do domu!

Валя Жэшка выконвала карэктуру „Нівы” з адначасным абавязкам тэхнічнага нагляду яе друку, што ў тадышняй тэхналогіі, родам з міжваеннай індустрыі, прычыняла нервовых турботаў. Дамагалася затым памочніка ёй у памерах чвэрці штата і я з яе набухтору выплакаў у шэфа рэдакцыі гэтую паўпасаду. Ён, зрэшты, адразу даў згоду. Месячны заробак высіўся на ўзроўні аплаты вечаровай прыбіральшчыцы бюра, няшмат зрэшты ніжэйшы, чым у Парадні, у якой ужо вышукоўвалі супроць мяне т.зв. гак. Там уз’елася грыжа за грошы ў сувязі з рэарганізацыяй Парадні ў Гарадскі Дом Культуры. Я, нарэшце, вось вярнуўся ў каханую „Ніву” і – побач з тэхнічным рэдактарствам – апрацоўваў дзеля публікацыі пісьмы карэспандэнтаў, за што атрымоўваў асобны ганарар. Справа ў тым, што гэтая дзялянка рэдакцыйнай працы была запушчанай, ніхто з журналістаў не паквапіўся на такое „смецце”, цэлячыся ў важкую публіцыстыку. Маё тое шчасце цягнулася б, перасталі да мяне чапляцца цывільныя паручнікі ды капітаны, занятыя слежкаю ад цямна да цямна за падпольнымі салідарнікамі. Ідылія мне абарвалася, аднак, напрыканцы васьмідзесятых – прыкацілася чарговая рэдукцыя штатаў у Польшчы, крызіс якісьці, мус ашчаднасці, і я зразумеў, што трэба зноў пакінуць „Ніву”, але настолькі іначай, што па-добраму, без „каленам у сраку”.

Больш не шукаў казённага занятку. Абрыдла, пастарэў. Наймаўся „вольным стралком” у нейкіх рубрыках, напр. у радыё „Свабода” (плацілі к. 50 злоты за тэкст). У арганізаванне Беластоцкага Аддзелу Саюза Польскіх Літаратараў прычапілі на грудзі аж Сярэбраны Крыж Заслугі (так намаглася сп. Маранда, мілая дырэктар ваяводскага аддзелу культуры, упярэдадзень ліквідацыі Польскай Народнай Рэспублікі).

Як апошні акорд Народнай – бяспамятная эйфарыя маладабеларусаў! Мора ім па калені! Прыязджае на роварчыку з інтэрнатаў на Звярынецкай шаленаваты студэнт Палітэхнікі, старарускай пароды Сцёпка Базылюк, якому галоўны рэдактар „Нівы” несумненны здраднік беларускае справы, і рэжа ў вочы: – Каму вы, Валкавыцкі, гарбату салодзіце?! І пад каго лягаеце?

Прыходзілі такія моманты ў мой настрой, што я баяўся ўзнікнення каманды тэрарыстаў, страляючых з „калашнікаў” па ордэнаносным актыве БГКТ! Канспіратыўныя сходкі ў блёкавай кватэры ля Сеннага рынку і на Пясках. Эмісары з Польшчы.