Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Чалавек без галавы

Год назад я ўчынiў страшнае злачынства. Ня буду пра яго расказваць, менш жорсткага вы ўсё адно ня ўявiце. Словам, суд прысудзiў мяне да найвышэйшае меры. А неўзабаве мяне пакаралi -- адсеклi галаву. I цяпер я, пакараны, пiшу гэтыя радкi, бо мне ёсьць што сказаць.

Я йду па вулiцы, усе сьмяюцца, жахаюцца й тыцкаюць у мяне пальцамi. Я заходжу ў кавярню, сядаю за столiк, выпростваю ногi й раптам адчуваю ўсю сваю недарэчнасьць. Я заходжу ў мэтро, i людзi адступаюцца ад мяне -- гэткi невыносны пах тлену. Але я не магу пакiнуць iх, не магу не йснаваць -- я нясу сваю кару.

Магчыма, вы думаеце, што мяне няма, што мяне папросту ня можа быць без галавы, што я памёр. Але ж я ня проста памёр цi быў забiты, я быў пакараны.

Цi ня праўда, можна жыць без рукi, з выкалатымi вачыма, у няволi, быць пачвараю або жабраком? Можна жыць. I не самое гэтае зьнявечанае жыцьцё, не самыя гэтыя калецтвы, але ўсьведамленьне iх, усьведамленьне свае заганнасьцi сярод iншых -- кара для чалавека. Можна, нарэшце, i памерцi, здохнуць, але каб пры гэтым усьведамляць, што ты -- пакараны. Ды толькi так не бывае. Якраз каб усьведамляць, трэба жыць. Вось чаму я йсную без галавы.

Каб паверыць мне, пачытайце наш крымiнальны кодэкс, якi прадпiсвае мне -- жыць, а вам -- верыць у маё йснаваньне.

Такiм чынам, я йсную. Я нясу сваю бязьмерную кару й сваё бязьмернае жаданьне пераканаць вас у тым, што сьмерць -- гэта не пакараньне. Як i жыцьцё -- не ўзнагарода. Гэта абсалютныя рэчы. Вяршыць iх можа толькi прырода. I толькi яна мае такое права. Калi нiхто з нас ня можа ўзнагародзiць мёртвага жыцьцём, дык нiхто ня можа й адабраць жыцьцё ў жывога. Гэта, памiж iншым, адзiн з трох аргумэнтаў працiўнiка сьмяротнае кары Альбэра Камю. Калi дзяржава ня можа абсалютна ўзнагародзiць, значыць, яна ня можа й абсалютна пакараць.

Другi аргумэнт Камю -- людзi, якiя прысуджваюць, нiколi не бываюць сьвятымi. Але вiдавочна, што права на прысуд да абсалютнага пакараньня (скрайняе меры) павiнны мець толькi абсалютна бязгрэшныя людзi, якiя з абсалютных пазыцыяў вызначаць, цi абсалютнае ўчыненае злачынства. Але такiх людзей, пазыцыяў i злачынстваў -- проста не бывае. I кожны суд можа памылiцца. I нi ў якiм кодэксе немагчыма раскласьцi ўсё нашае жыцьцё па палiцах. Мiж iншым, для стварэньня такога абсалютнага кодэксу зноў жа спатрэбiлiся б абсалютныя людзi.

I потым -- з-за чаго ўзьнiкаюць злачынствы? Можа, з-за таго, што жорсткасьць, тупасьць i хiтрасьць, страх, прага забойства й гвалту -- гэта вызначальныя рысы чалавека? Напэўна, не. Напэўна, нiводзiн чалавек не нараджаецца злодзеем. Злодзеем яго робяць абставiны, увесь лад грамадзкага жыцьця, адказнасьць за якi нясе дзяржава. Тым больш не даводзiцца казаць пра бязгрэшнасьць i абсалютныя правы дзяржавы -- як бачым, паўнамоцнага саўдзельнiка ёю ж караных злачынцаў.

I вось трэцi аргумэнт Камю: калi дзяржава ўчыняе справядлiвы акт, забiваючы злачынцу, дык няхай яна робiць гэта публiчна, няхай кат будзе папулярнай у народзе асобай, сымбалем справядлiвасьцi й непазьбежнасьцi пакараньня. Дык не ж. Калi мне адсякалi галаву, кат нацягнуў на твар маску, так, каб нават я ня мог пазнаць яго. Значыць, ён адчувае, што робiць нешта ня тое? Гэтаксама й дзяржава чамусьцi схавала нас двух у цёмным скляпеньнi, далей ад вачэй народу. Яна зрабiла гэта, як сапраўдны злачынца, таемна, крадком. А можа, дзяржава й кат думаюць, што я запомню iх у твар? Куды -- запомню? Выходзiць, яны насамрэч лiчаць, што я буду йснаваць i пасьля пакараньня?..

Такiм чынам, пакараньне сьмерцяй -- гэта зусiм не справядлiвае i не пакараньне. Але што гэта? Можа, помста? Каго й каму?

У сярэднявеччы кодэкс права Старабеларускае Дзяржавы -- Статут 1588 году -- сапраўды разглядаў сьмяротную кару як помсту сваякоў i блiзкiх пацярпелага. Вас маглi чацьвертаваць, спалiць на вогнiшчы, пасадзiць на кол, пакiнуць без галавы, павесiць (у залежнасьцi ад таго, якое вы ўчынiлi злачынства), але кату за паслугi заўсёды плацiлi сваякi пацярпелага. Дзяржава толькi судзiла й выносiла вырок. I каралi вас, помсьцiлi вам прылюдна, на плошчы.

Цяпер жа мы толькi й чуем, што сьмяротная кара -- гэта ня помста. Але што? Давайце глядзець, чые тут прысутнiчаюць iнтарэсы.

Ну, натуральна, не пакаранага. Можа, пацярпелага? Але караюць сьмерцю найчасьцей за забойства. Сваякi пацярпелага, калi й атрымлiваюць ад гэтага, дык толькi зусiм умоўную "маральную кампэнсацыю". Можа, тут iнтарэсы сьледзтва й суда? Але iм у прынцыпе ўсё адно, яны толькi выконваюць прадпiсанае. Можа -- крымiнальнага кодэксу? Гэтай вось кнiжэнцыi... А можа -- тых, хто прадпiсвае? Дзяржавы, якая iмкнецца прыбраць саўдзельнiка? Улады? А iнтарэсы ўлады -- палiтычныя. Яе iнтарэсы -- усё тое, што яе ўмацоўвае. Выходзiць, сьмяротнае пакараньне -- гэта ўсяго толькi палiтычная падпорка ўлады, калi яе аўтарытэт "на нулi".

Кепская ўлада... Але што тут цiкавае? Тое, як шчыльна сплялiся палiтыка ўлады i зьверства п'янога мужыка на ўласнай кухнi, i групавы гвалт у цёмным куце парку, i ўсё такое iншае. Нездарма, значыць, кажуць, што людзi самi заслугоўваюць тае ўлады, якую маюць.

Людзi -- гэты разьятраны натоўп, што прагным чырвоным ротам раве: сьмерцi! Страляць, вешаць, танкамi душыць! Наш народ -- прыхiльнiк пашырэньня сьмяротнай кары. Пра гэта сьведчаць апытаньнi, статыстыка.

Гэта яны тыцкаюць у мяне пальцамi, сьмяюцца зь мяне, жахаюцца ад мяне. Гэта яны пiшуць пра мяне ў газэтах, смакуючы дэталi злачынства, зноў i зноў выносяць мне прысуд у даўжэзных чэргах i ненавiдзяць. Гэта сябе яны ўва мне маюць на ўвазе, разглядаюць i ненавiдзяць. I я не магу пакiнуць iх ня толькi таму, што павiнен усьведамляць сваю пакаранасьць, але й таму, што я -- iхны дакор самiм сабе.

Аднойчы, калi я блукаў па вулiцах, мне сустрэўся мужчына. Ён абаўрэла глядзеў на мяне, а пасьля раптам спахапiўся й кiнуў мне ўсьлед камень.

"Што ты робiш! -- хацеў сказаць яму я. -- Я ж не Хрыстос! Я забойца. Разумееш?"

"Так, -- хацеў быў падумаць чалавек, -- але ж i я не бязгрэшны".

Ды толькi стаялi мы адзін насупраць аднаго моўчкi. Бо не было чым: яму -- падумаць, а мне -- сказаць.