Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Забойца

У нас, у Беларусi, яго называлi Зьмiцер, дома, у Нiжнiм Ноўгарадзе, -- Дзiма, а палякi ў Варшаве -- Мiт'я, нiбы наўмысна хочучы падкрэсьлiць ягонае расейскае паходжаньне. Мiж тым, у жылах у Мiт'i пароўну бегла расейская й польская кроў. З гэтага зьлiцьця і паўстала ягоная беларуская сьведамасьць.

У войску Мiт'я служыў у Расеi. Аднойчы зiмою позна ўвечары ён iшоў праз раку Волагду i насьвiстваў сваю любiмую песеньку. На мосьце стаялi дзьве дзяўчыны. Салдат, -- сказалi яны, -- там, у рацэ, тоне наша сяброўка. Мiт'я (не раздумваючы) кiнуўся з мосту ў ваду. Ён зрабiў гэта вельмi па-расейску. Ён рашуча ўзяў на сябе адказнасьць за жыцьцё тапелькi, i калi б ня выратаваў яе, то быў бы (па-расейску) забойцам.

Мiт'я ня выратаваў дзяўчыну. Ён пачаў тануць сам. Дакладней, ён спалохаўся, што патоне сам, кiнуў дзяўчыну i памкнуўся да берагу адзiн. Чаму не крычаў? Ён кажа, што не было людзей. (А тыя дзьве дзяўчыны, няўжо не засталiся паглядзець, што з усяго гэтага выйдзе?) Ён кажа, што калi падплываў да тапелькi, за некалькi мэтраў пачуў агiдны пах алькаголю. Ён кажа, што сьцюдзёная вада пачала скоўваць ягонае цела. Ён кажа, што ў цемры не было бачна берагу... У яго зашмат апраўданьняў, каб у iх можна было паверыць.

Мiт'я пакiнуў (сваю ахвяру?) тапельку i рвануўся да берагу. Ён не зрабiў i двух рухаў, як упёрся каленямi ў зямлю. Аказалася, што яны з тапелькаю валтузiлiся пад самым берагам. Але вяртацца да яе ён ня стаў. Ды я й не пытаўся, чаму. Напэўна, скажа, што скалеў. Подзьвiг ня ўдаўся.

Герой кiдаўся па-расейску, у вадзе запратэставала польская кроў, i ён адчуў сябе беларусам. Адназначны ўчынак рассыпаўся на тысячу "але". Набытая такiм чынам беларуская сьведамасьць дазваляе яму цяпер жыць спакойна i не пачувацца забойцам.

У той вечар перад здарэньнем Мiт'я iшоў праз мост у вайсковы шпiталь, дзе ляжаў ягоны прыяцель, i нёс прыяцелю апэльсын. Пасьля вымушанага купаньня ён зьмянiў маршрут i пабег да сваякоў грэцца пад гарачым душам, пiць гарэлку i распавядаць пра здарэньне.

Я забыўся спытацца ў Мiт'i пра тое, куды падзяваўся апэльсын? Напэўна, ён плыў у чорнай мерзлай вадзе начной Волагды сьледам за мёртвай дзяўчынай, ад якой патыхала алькаголем...