Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Эцюды аб сьмерці

Перад сьмерцю трэба ўсё прывесьцi ў парадак. Але гэта ня тычыцца сьмерцi мараў, якiя звычайна й памiраюць ад жаданьня навесьцi парадак (не ад парадку!).

***

Ты можаш панiчна баяцца сьмерцi або сустракаць яе з годна ўзьнятаю галавою, або падрыхтавацца да яе, асэнсоўваючы яе, -- канец усё адно адзiн. I ён не залежыць ад цябе. Калi жыцьцё -- права, дык сьмерць -- бяспраўнасьць. Усе людзi аднолькава бяспраўныя перад ёю. I прававая дзяржава -- гэта сфэра вынiкаў, гэта iмкненьне стварыць хоць нейкую iлюзiю права, калi крынiца бяспраўя, ягоная першапрычына -- сьмерць -- недаступная, недасяжная...

***

Трэба яшчэ разабрацца, што страшней -- сьмерць цi вечнае жыцьцё. У канцы дарогi для падарожнiка сэнс вандроўкi, у канцы тэрмiну -- сэнс вучобы, працы, службы. Канечнасьць неабходная, сэнсоўная, а бясконцасьць -- бязглуздая й страшная. Канечнасьць -- апiрышча, бясконцасьць -- прорва.

Але ў тым i рэч, што канец, тэрмiн ягоны -- ня вызначаны. Ён можа настаць праз хвiлiну, а можа праз сто гадоў, а можа... (нiколi?). Таму выбар -- што страшней -- пралягае памiж вечнасьцю й невядомасьцю. I ў першым (бясконцасьцi) i ў другiм чалавек пачуваецца абсалютна залежным. Сьмерць як канечнасьць, як апiрышча, -- ня менш iлюзорная за вечнае жыцьцё. Сьмерць -- адзiнае, што ў цябе па-сапраўднаму ёсьць, але ты ня ведаеш, што гэта такое.