Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Сэзон паветраных шароў

Ёсьць здарэньнi, якiя ня можна ўсьвядомiць. Мы iх толькi апiсваем. Гэта як апiсальны пераклад. Слова вырай выпроствае iстоту з ног да галавы, як бы вырастае ў табе, яно стала часткай твае сутнасьцi. Па-расейску яго можна перакласьцi толькi апiсальна: теплые края, перелетные птицы, время отлета...

Вайдас Даўнiс загiнуў у вiленскiм Нагорным парку на сьвяце паветраплаваньня. Ён не пасьпеў забрацца ў кошык, калi шар сарвала зь месца. Ён толькi зачапiўся й вiсеў на руках. Калi вышыня стала ўжо невыратоўная, за сто мэтраў, калега схапiў яго за куртку. Вайдас адпусьцiў рукi й высьлiзнуў з адзежы... Засталося ў яго пяцёра дзяцей.

Так выглядае "апiсальны пераклад" таго, што здарылася ўлетку, але што не даецца ўсьведамленьню. Нехта назваў ягоную сьмерць недарэчнай, нехта -- артыстычнай. Што да мяне, дык я так i не паверыў. I не таму, што ня быў тады ў парку. Проста бываюць рэчы, усьведамляць якiя няма анi сэнсу, анi тым больш жаданьня. Адразу пачынаеш разважаць: хто гэтым усiм кiруе? А такiя развагi нi да чаго не прыводзяць.

Мусiць, добра быць акуратным каталiком-лiтоўцам. Яны ведаюць, дзе аднялося, а дзе прыбыло, i куды мы ўсе йдзем. А я ня ведаю. I што нi кажы, гэтае няведаньне -- маё. Я ведаю, што нiколi ня буду верыць. Мне проста няўтульна, быццам аднялася нейкая здольнасьць. Як бы горш стаў бачыць, чуць, рухацца, а прычыны -- няма.

На саракавы дзень пасьля гiбелi Даўнiса нас, супрацоўнiкаў "Нашай Нівы", запрасiлi ў вiленскую Малую Залю Барока на вечар памяцi нашага калегi й раўналетка. У Лiтве Даўнiс займаўся прыблiзна тым, чым мы займаемся ў Беларусi -- пiсаў i выдаваў лiтаратуру. Нехта назваў яго домам культуры ў адной асобе. А фiлёзаф Шлёгерыс сказаў, што сьмерць Даўнiса на працёртым палатне сучаснай лiтоўскай культуры сталася вялiзнаю дзiркай, i яго няма кiм замянiць.

Мы слухалi Баха, i кожны, напэўна, думаў пра чалавека на маленечкiм здымку, што стаяў на аргане.

Даўнiс быў зьвязам адноўленае "НН" зь Лiтвою, зь лiтоўшчынай. Як для мяне, дык -- самы трывалы й надзейны зьвяз, стары сябра. Мне заўсёды здавалася, што я пачуваю сябе зь iм як крыху больш гарачай пароды чалавек, гэткi "парывiсты славянiн", Мiця Карамазаў. Як гэта растлумачыць?.. Больш шырокiя й нязграбныя рухi й думкi... Гэтага нельга было схаваць цi ўтаймаваць, бо гэта ў крывi. У ягонай i ў маёй.

Але зараз я злавiў сябе на думцы, што, трапляючы ў асяродзьдзе маiх маскоўскiх калегаў, я заўсёды пачуваюся зь iмi ня кiм iншым, а менавiта Даўнiсом. I ўжо не магу анi адкрыцца, анi ўзбудзiцца болей, чым дадзена. I гэта ўжо яны пачуваюцца са мною Мiцямi Карамазавымi. А я -- Даўнiс. I калi яго сапраўды больш няма, то гэта ад яго ўва мне й застанецца назаўсёды. Нават калi я ня буду ведаць, як гэта назваць.

Старыя сябры не памiраюць. Яны, як сваякi й блiзкiя людзi, уваходзяць у нас самiх i застаюцца там, i ўжо разам з намi ўваходзяць у iншых. Магчыма, так памнажаецца сьвет...

***

Дзiўна, што з усiх маiх апiсаньняў мiнулага сэзону ягонымi знакамi застаюцца словы неўразумелая сьмерць i паветраны шар. Яны ўвесь час спалучаюцца мiж сабою (як i ў прыкладзе з амэрыканскiмi падарожнiкамi, якiх зьбiлi над Беларусяй), надаючы ўсяму, што адбываецца, нейкi камiчна-трагiчны зьмест. Што можа быць лепшаю антытэзаю сьмерцi, чым паветраны шар? Нiхто й блiзка ня думаў, што ў нас будуць забiваць амэрыканскiх спартоўцаў. Нiхто й блiзка не дапускаў, што можа памерцi Барыс Сачанка.

Пасьля такога здарэньня, якое зноў ня можна ўсьвядомiць, пачынаеш шукаць вачыма наўкола -- а хто ж застаўся? Да каго яшчэ можна прыйсьцi табе, цi то леваму, цi то праваму -- любому, i хто б не выстаўляўся перад табой уласнай пэрсонай, а думаў, як з тваiх жаданьняў вырабiць толк. Сачанка не павучаў, а даваў зразумець...

Я пачынаю новае апiсаньне, хоць сэнс ня ў гэтым. Сэнс у тым -- для мяне асабiста -- што гэта быў адзiны чалавек з старэйшага пакаленьня, зь якiм мяне не лучыла нiчога, акрамя мовы. I нiчога, акрамя мовы, не было iстотнае ў гэтай лучнасьцi. Анi там характар, анi рэгалii, анi ўзрост з досьведам. Магчыма, таму Барыс Сачанка быў для мяне сябрам? Бо аднае мовы было дастаткова, каб зьявiлася патрэба гаварыць, сустракацца, даваць i атрымваць пачуцьцё адзiнства, надзейнасьцi, жыцьцёвасьцi тваiх вычытаных у кнiжках думак.

Да iншых старэйшых заўсёды цяжка было прабiцца. Гаворыш, а нiякае еднасьцi табе не перадаецца. Можа быць, маё пакаленьне так доўга бурапенiла й бурапенiць ад таго, што дагэтуль яно як бы не прызнанае, не прынятае, i цяпер ужо будзе прынятае й прызнанае толькi бiялягiчным парадкам. Ня стану дашуквацца, чый тут комплекс -- старэйшых цi наш. Мабыць, позна пра гэта гаварыць. I гаворыцца толькi дзеля таго, што ў Барыса Сачанкi такога комплексу не было. Якi-небудзь апальны студэнт iшоў да партыйнага й лiтаратурнага начальнiка i сустракаў на гэтай верхатуры афiцыёзнага жыцьця разуменьне сваiх беларускiх iдэй, мараў i страхаў. Наш студэнцiк пасьля гэтага выходзiў у людзi бяз страты сваiх перакананьняў i прынцыпаў. Бо тут знаходзiўся такi шлях, на якiм такое было магчымае.

... Нiчога ня буду казаць пра "дзiрку ў працёртым палатне культуры". Сьмерць правакуе на прыгожыя словы. Але гэтая прыгажосьць дзеля суцяшэньня сама ведае, што не суцешыць. Бо замены Сачанку -- нi ў якой яго iпастасi -- няма.

***

I я вяртаюся ў Лiтву, каб распавесьцi пра яшчэ адзiн паветраны шар гэтага сэзону.

Лiтва, нiбы адмыслова дзеля Беларусi, стварае хрэстаматыйныя iлюстрацыi -- узоры быту нацыянальнай дзяржавы. Лiтва -- выдатнiца ў школе постсавецкiх народаў, акуратная й старанная, прагная да вучобы, яна пераходзiць з клясы ў клясу, павялiчваючы адлегласьць ад трэцягоднiцы-Беларусi, якая прагульвае ўрокi, як прагульвае iх неахайная дзяўчынка ў заношанай школьнай форме -- прагульвае не дзеля кiно цi нейкiх iншых забаваў, а дзеля самога прагульваньня. I гэтаксама, як дзяўчынка-трэцягоднiца, Беларусь недалюбвае Лiтву, пазьбягае гэтай стараньнiцы, якая марыць паступiць ва ўнiвэрсытэт аб'яднанай Эўропы, бо сама Беларусь ня марыць нi пра што.

Нашая тоеснасьць -- у мiнуўшчыне.

У музэi бурштыну ў Паланзе -- чысьцiня й парадак. Бурштынавая нацыя стварыла музэй пра ўвесь бурштын сьвету -- Амэрыка, Афрыка, Сiбiр... Лiтоўцы ведаюць, чым могуць узяць. Баскетбол, бэкон, бурштын... А знаходзiцца музэй у добра адрэстаўраваным палацы графа Фэлiкса Тышкевiча (з нашых, лагойскiх Тышкевiчаў). У мэмарыяльным пакоi графскае сям'i сярод здымкаў i асабiстых рэчаў старажытны палiфон, працiнаючы душу й будзячы генную памяць, вызвоньвае палянэз Агiнскага. Таго самага Агiнскага, чый падобны палац у Залесьсi каля Смаргонi занядбаны ў нiшто.

Адзiн лёс у дваранства Вялiкага Княства Лiтоўскага -- "Разьвiтаньне з радзiмай". А вось у палацаў у iхных лёс розны. Калiсьцi пад наступам узбуджанага люмпэну элiты пакiнулi край. Але куды ж без элiтаў? I цяпер мы маем элiты зь люмпэну.

Калi ў верасьнi ў Вiльнi Купалаўскi тэатар паказваў сваю "Iдылiю", там была заключная сцэна, калi дваранства пакiдае Беларусь. Заля здранцьвела. У мёртвай цiшынi пачулiся гукi палiфону. Зразумела, гэта быў палянэз Агiнскага. Дэкарацыi на сцэне ператварылiся ў... паветраны шар i ў кошык, куды паселi нашы iдылiчныя паны. Усё неверагодна прыгожае -- аж мароз па скуры. (У гэтым выпадку прыгажосьць ня мела на мэце суцяшэньня i таму выклiкала ня роспач, а "праведны гнеў".) Iдылiя скончылася. Паны ўзьнясьлiся. А хто ж застаўся?..

Перад палацам Тышкевiча ў Паланзе стаiць скульптура Мiласэрнага. Ягоныя рукi раскрытыя, нiбы абдымаюць увесь гэты край. Тут -- ягоная краiна, ягоныя людзi, ягоны музэй бурштыну. За Тышкевiчавым паркам чуваць, як шумiць цёплае мора...