Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Пэрсанажы й аўтары

Калi людзi й сапраўды падзяляюцца на пэрсанажаў i аўтараў, то сёньня час аўтараў застаўся ззаду i надыйшоў час пэрсанажаў, дзейных асобаў, герояў. Драма гэтага часу -- у скасаваньнi лiтаратурнае ўмоўнасьцi. Дзюймовачка выпадае з свае шкарлупiны ў брудную балотную ваду. Добра сябе пачуваюць дзейныя асобы, кепска -- iх выканаўцы. Артыст у трагедыi знаходзiць цiхi прыстанак пасьля вялiкае сцэны, дзе падманваюць, забiваюць i вымагаюць геройства ўжо ня ўмоўнага. Людзi наракаюць, што вымушаныя рабiць неўласьцiвыя iм рэчы, жыць так, як раней жылi толькi кнiжныя героi. I хлiпкi дзядзечка-пiсьменьнiк, якi ўчора складаў вершы пра мужнага бальшавiка-тэрарыста, сёньня сам мусiць узяць у рукi гранату.

Але ён ня прагне нiкому рабiць блага, у яго дрыжаць рукi й прападае голас, яму хочацца лепш памерцi самому. Ён усёй сваёй iстотаю працiвiцца таму, каб увайсьцi ва ўласную кнiжку й зажыць па сабою ж прыдуманых законах. У яго сям'я, кватэра, лысiна...

Раней якiя праблемы хвалявалi сэрца? Узяў траяк i не аддаў. Вынесьлi сямейны развод на прафсаюзны сход. Не зусiм тое й не зусiм так некаму сказаў... Патрабавалася ў прынцыпе зусiм няшмат сумленьня, маралi, надзейнасьцi, каб лiчыцца прыстойным чалавекам. Людзi прывыклi, адаптавалiся да гэтага. I вось прыйшоў час, якi запатрабаваў усяго сумленьня, усёй маралi i ўсёй надзейнасьцi, -- усяго або нiчога. А дзе ўзяць, калi прывык да малога?

I пачалося. Першае памерла сяброўства, бо якое сяброўства ў пэрсанажа, а тым больш -- у непэрсанажа? Шэрагi сяброў скарачаюцца на колькасьць тых, якiя вышэй за ўсё паставiлi грошы, i тых, якiя ня здолелi супрацьстаяць падману, ня здолелi стаць пэрсанажамi. Лiтаратура крытычнага рэалiзму страчвае цiкавасьць, бо "такога поўна ў жыцьцi". Зь вялiзнае iлюзii дабра засталiся крохi, якiя штодня трэба вышукваць з павелiчальным шклом, i не заўсёды гэта ўдаецца. Затое гэтыя крохi ўжо не iлюзорныя, iх можна намацаць.

У гэты час пытаесься ў сябе: а чым, уласна, адрозьнiваецца дзейная асоба ад выканаўцы? Мабыць, толькi адказнасьцю. З пэрсанажа не спытаеш, аўтар жа нясе адказнасьць за свае ўчынкi i паводле гэтага заслугоўвае найменьне прыстойнага або непрыстойнага чалавека.

Адказнасьць -- другi бок свабоды. I пэрсанаж ня можа быць свабодны ад уласных заганаў: ад прагi грошай i сьвербу славы.

Сьнежаньскi вецер нясе гэтае лiсьце кнiжных старонак без кiрунку й бяз мэты. Гамлеты, Мiколкi-паравозы, Блюмы, Мiцi Карамазавы, японскiя iмпэратары... Яшчэ ўчора падначаленыя аўтарскай волi, яны разьмяшчалiся ў нейкiм парадку, на сваiх месцах. Але сёньня й самi аўтары -- недзе сярод iх, такiя ж бязвольныя, безадказныя й бязмэтныя. I ўсё за ўсiх вырашае вецер. Такi ж безадказны. Такi ж бязмэтны...