Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


У цішыні ночы

Позна ўначы не хадзеце па вулiцы! Там гуляе грубая сiла й гаспадарыць гвалт. Iх законы незразумелыя, а ўчынкi заўжды нечаканыя. Iх вочы тояць прыцягальны жах, падобны да вусьцiшы бяздоннага чорнага неба, а боязь сустрэцца зь iмi вабiць нiбы магнэс!

I таму я выходжу на вулiцу позна ўначы.

Мне здавалася, што я добра ведаю гэты горад, кожны будынак, кожную шыльду па-над вакном. Але цяпер усё выглядае iнакш. I ў гэтай нязнанасьцi я адчуваю злавесны сэнс.

Вулiчны страх спакваля падпаўзае да самага сэрца. Спачатку вас ахiнае змрок, пасьля вы заўважаеце, што на вулiцы пуста. Але гэта падманлiвая пустата, яна ўся працятая напружаным чаканьнем, якое даводзiць да панiкi, да iстэрыi!

Я iду па вулiцы Вежы -- памiж скрывуленых камянiц, што затаiлiся ў цемры -- да вежы. Недзе тут хаваецца грубая сiла. У цiшы я чую кожны рып маiх чаравiкаў. Больш няма анi гуку на гэтым шляху мiж зачыненых дзьвярэй i вакон. Толькi ў дварох чуваць пранiзьлiвыя кацiныя вiскi -- так падобныя да няўцешнага дзiцячага плачу. I гэта зусiм невыносна -- дзяцiныя крыкi ў пустым горадзе, якi сьпiць.

Я насьцярожваюся, я думаю: вось, зараз выйдуць яны i толькi зiрнуць на мяне -- я адразу страчу i голас, i рух. Я здранцьвею ўвесь i, вядома, нiчога ня здолею сказаць у адказ. Мне прасьцей было б напiсаць. Але ж яны не чытаюць нiчога й нiколi. Яны паводзяць сябе так, быццам усё тут належыць iм. Магчыма, мне трэба неяк абвергнуць iхную нахрапiстую пэўнасьць. Але як? Хай бы яны адразу пачыналi бiцца, -- я б паказаў iм, на што я здатны. Хай бы нават загiнуў. Але сам распачаць не змагу. I крычаць iм якiясь абразы -- так невыносна!

Сонная вулiца блiжэй да вежы робiцца ўсё больш напружанаю -- усё, што тут ёсьць, усё творыць гэты псыхоз: самотныя лiхтары адкiдаюць марнае сьветлiва, рэдкi дождж блiшчыць на каменьнi дзiкага бруку, крывыя муры ўсьмiхаюцца цi рагочуць цi крычаць чорнымi бяззубымi ратамi сваiх выгбаў, нiбы квазiмоды, -- iхны жах памнажае iхная старажытнасьць. Вусьцiш вечнага гораду зноў нагадвае мне сказ пра пачвару, што колiсь хавалася ў сутарэньнях пад вежай.

Пачвара забiвала людзей паглядам. I пагляд яе быў падобны да безданi чорнага неба -- прыцягальны й сьмяротны. Шмат людзей загiнула ад яе забойчых вачэй. Але аднойчы людзi паслалi ў сутарэньнi злачынцу-сьмяротнiка. Ён марудна iшоў цёмным каменным праходам. I калi пачвара выскачыла з-за павароткi, каб забiць яго сваiм жахлiвым паглядам, ён павярнуўся да яе сьпiнаю. А на сьпiне ў яго было прымацаванае люстэрка. Пачвара сустрэлася вачыма сама з сабою. Жудасны лямант разарваў цiшыню ночы. I ўсё скончылася...

Ад успамiну мяне працяла халодным потам. I тут у першым паверсе аднае з камянiц я ўбачыў асьветленае вакно. Лiшне казаць, як я гiдзiўся самога сябе, калi памкнуўся быў зазiрнуць усярэдзiну.

Зараз, -- думаў я, -- варта мне толькi наблiзiцца, як яны адчуюць i, апрануўшы свае мiлiтарныя фрэнчы, свае недарэчныя капелюхi, свае пухавiкi, -- выйдуць на вулiцу ў гэтую пустату, пад гэты дождж. I размашыстым крокам рушаць у цемру...

Мне стала халодна. Я зусiм прамок. Я адчуў гэта толькi цяпер, калi скончыўся дождж.

Магчыма, я прыйшоў сюды, каб зразумець сваю бездапаможнасьць? Але я ведаю, што ад разуменьня ня стане лягчэй. Ня сёньня дык заўтра яны наваляцца на мяне. Яны сядуць мне на галаву. Яны будуць кпiць зь мяне й абплёўваць усё, што маё. Не, яны не палезуць у бойку. У бойцы перамагае дужэйшы. А такiя перавялiся ў нашым горадзе. Прыцягальны жах касьмiчнае безданi перабраўся цяпер у вочы нiкчэмнасьцяў i дробных паскуднiкаў.

Недзе ў iншых умовах я сказаў бы, што я -- дасьледнiк, якi хоча зразумець свой страх. Але гэта ў iншых умовах, дзе мы заўсёды ўсё можам патлумачыць i зьiмправiзаваць сабе апраўданьне. I тыя, хто ў iншых умовах скiдае зь сябе аблiчча начнога маньяка, -- гатовыя выслухаць i зразумець нас i паверыць нам.

Божа, куды ўсё тое дзяецца на пустэльнай начной вулiцы! Мая пэўнасьць i iхнае разуменьне...

Я падкраўся да асьветленага вакна i, прыпаўшы да мокрай сьцяны будынка, асьцярожна зазiрнуў туды.

За шыбамi безь фiранак я ўбачыў дваiх. Маладая жанчына з татарскiм тварам, седзячы на ложку, цыравала шкарпэтку. А лысаваты мужчына абапёрся задам на край стала i, гледзячы перад сабой, жаваў пустым ротам, пэўна, пасьля вячэры. "Дзiбiлы, -- сказаў ён нязлосна й прыўзьнята, -- я iх ненавiжу!" "Самец", -- падумалася мне. На iм былi чырвоныя спартовыя нагавiцы й такая ж пажарная саколка. Пульхны твар пакрывала шчацьцё, а на тлустым чале адбiвалася сьвятло незацененай лямпы. Я ўслухаўся ў iхную гаману.

-- Ты панiмаеш, адна мыша папалась сразу, -- казаў мужчына. -- Я толькi паставiў. Мышалоўка перабiла ёй морду, блiн... Сразу. Бац i ўсё!.. А кiлбасы няма. Ты панiмаеш? Я дажа сам нi знаю. Яна не пасьпела б сажраць!.. Дзiбiлка.

Гаворачы, ён распаляўся ў нейкiм нянавiсным захапленьнi.

-- Не-е, я iм больш кiлбасы ня дам! Iдзiоты. Я iх нагамi душыць буду. Так хоць выкiнуў i ўсё, блiн. А тут яшчэ выкалупывай з мышалоўкi ейные мазгi.

-- Пачакай, -- сказала жанчына. -- Можа гэтую ўбiла сразу, а пакуль тое, прыхадзiла другая ды зьела.

Нейкi час у iхнай размове цягнецца пярэрва.

-- У мёртвай сажрала! Дзiбiлы, я iх ненавiжу! -- крыва ўсьмiхаецца мужчына, гледзячы проста на мяне.

Мабыць, на якуюсь хвiлiну я скамянеў. Аж пакуль не адчуў за сьпiнаю нечае частае дыханьне. Патроены вулiчны жах скалануў мяне. Я рэзка азiрнуўся. Твар у твар зь вясёлай нянавiсьцю ў шкляных вачох на мяне пазiраў чалавек.

-- Ты што, блiн! -- кажа ён гучна i ўладарна. I я адчуваю, як кожнае гэтае слова сьцiрае ў нiшто маю iснасьць.

Што я магу адказаць яму?! Магчыма, я мушу адразу ўдарыць яго па твары цi крыкнуць яму ў вочы штосьцi яшчэ больш зьнiшчальнае. I я магу! Я магу зрабiць гэта, сьцяўшы ў кулак сваю знэрваванасьць, перасiлiўшы свой страх.

Другое выйсьце -- ўцякаць. I дзеля яго я таксама мушу перасiлiць сябе. Дзьве перасiлы змагаюцца ўва мне ў сваёй агiднасьцi -- i нiводная ня можа перамагчы.

Гэты чалавек -- той, у чырвоных нагавiцах. Ён глядзiць на мяне непрыступна й абыякава -- бяз думкi цi пачуцьця ўваччу.

Хутчэй за ўсё я выглядаю перад iм вiнавата й спалохана, недзе ў глыбiнi сэрца разумеючы, што гэтым толькi распальваю ягоную нянавiсьць. О, як мне хочацца быць абыякавым -- дэманстратыўна больш абыякавым за яго, перамагчы яго ў абыякавасьцi! Але я не магу. Я засынаю.

Сон цягнецца сэкунду, ня болей. На сэкунду я бачу вялiзны, запоўнены людзямi стадыён. Я стаю пасярод стадыёну перад мiкрафонам, я мушу нешта казаць, але язык ня слухаецца мяне. I калi неверагоднымi намаганьнямi ўсё ж разяўляю рот -- раздаецца бляяньне, жывёльны рык.

Афэкт такi моцны, што я адразу прачынаюся. I нейкi час не магу паварушыць нi нагой, нi рукой. Я нiбы адляжаў сваю iснасьць. У мяне зьмярцьвелае сэрца.

Гэты стан падобны да стану зомбi. Цi -- да iмiтацыi сьмерцi ў якiх-небудзь мятлiкаў, калi яны заўважылi драпежнiка.

-- Ты што, блiн! -- паўтарае мужчына сваiмi мокрымi губамi.

Цяпер мне трэба зрабiць самае галоўнае, дзеля чаго я йшоў сюды й так мучыў сябе. Божа! Хай гэта будзе астатнi гвалт, якi я зраблю над сабою! I я рэзка адварочваюся, падставiўшы яму сваю сьпiну.

Усё, што мне застаецца, -- глядзець у люстраную вiтрыну нейкае крамы насупраць. А там...

Гэта самае неверагоднае й жахлiвае, што я толькi бачыў у жыцьцi. У вялiкiм люстры вiтрыны памiж нейкiх капелюшоў i стужак я бачыў -- самое ўбоства, самую нiкчэмнасьць, стакроць зацёртае й зьнiшчанае жывёльным страхам чалавечае "я". I гэтае "я", гэтае нiшто было мною!

Я нiчога не магу зрабiць. Я не магу зьмянiць гэтае адлюстраваньне, якое забiвае мяне напавал. Я, здаецца, толькi крычу, лямантую на ўсю вулiцу ад роспачы й нязбыўнага расчараваньня. Мяне, здаецца, трасе й курчыць, пакуль я зусiм ня страчваю прытомнасьць.

Мужчына ў чырвоных нагавiцах пералякаўся. Нiжняя няголеная скiвiца, адвалiўшыся, так i засталася вiсець. Але ў круглых вачох не было анi ценю думкi. Нарэшце ён сьцепануў плячыма, сказаў сваё "дзiбiл, ненавiжу" i пайшоў у дом.