Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


ВКЛ

ВКЛ... Мне ўвесь час здаецца, што Княства просiцца да жыцьця. Вялiзная iржавая калёша адляжала на дне свае чыгунныя бакi. Яна зноў хоча быць Залатым Караблём, усплысьцi з водаў зiхоткiм эўрапейскiм фрэгатам, абсыпаным зорамi.

Усе нашыя пярэчаньнi, абставiны, якiя "склалiся", нашыя жыцьцi -- мiзэрныя й неапраўданыя. Божа, хiба мы... пражылi... ня ў iм?

Абрэвiятура "ВКЛ" -- як скарот на выключальнiку. Нацiсьнiце кнопку, павярнiце ручку, апусьцiце рубiльнiк. Зрабiце "вкл."! Нiшто ня можа апраўдаць тое пахаваньне жыўцом, якое мы называем сваёй бiяграфiяй.

200 гадоў, як нехта нацiснуў "выкл.". 200 гадоў мы выключаныя. У выключанай краiне мы пражываем сваё выключанае жыцьцё.